Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Шрифт:
Хлопец трохі пасунуўся на край, побач адразу моцна запахла аўчынай і духмянасцю папяроснага дыму. Зблізку Юзіку добра відаць чалавекаў твар — паголены, ужо немалады, пасівераны і скуласты — рухавы твар бойкага, недурнога чалавека.
— Ведаеш, я нават атарапеў крыху. Думаю, мо’ які недагляд, непаразуменне, вельмі ўжо крута ўсё. Была жонка, баба, значыць, ну там даярка — гэта зразумела, як і мае быць. А цяпер — хто ведае што? I як усё атрымалася — падумаць толькі! — Ён з задавальненнем смяецца і рухава ляпае сябе па сцягне рукавіцай. — Мая Фроська — і на табе: ардэнаносец — раз, герой — два, кандыдат — тры! Во як.
У словах чалавека — здзіўленне, павага і нястрымная, няўрымслівая радасць, — тая светлая добрая радасць за жонку, якая часцяком хаваецца ў мужчын за зухаватай знешняй грубаватасцю. Але радасць — не гора, яе не схаваеш у душы, радасць імкнецца к людзям.
Юзік сціпла ўсміхаецца ў паўзмроку ночы, але незнаёмец не бачыць таго. Адкінуўшыся на локаць, ён патыхае ў марознае паветра пахучым дымком і ўсё апавядае пра тое,
— Ведаеш, я і сам не які-небудзь доўбень. У вайну ў войску служыў — вярнуўся з ордэнам і трыма медалямі. Вярнуўся — дома пашана і павага. Усе, ведаеш, з роспытамі: што і як? Многа ў каго ў вачах — сам бачу — завідкі гараць, усё мае ўзнагароды мацаюць. Ну, гарэлкі папілі, значыць, павесяліліся — трэба і за працу брацца. А ў калгасе, брат, блага — ні коней, ні хлеба, паўвёскі спалена. Кажуць прыяцелі: што ты тут будзеш пэцкацца — ты ж заслужаны чалавек, гэта мы ўжо нікудыкі, дзе дзявацца? I праўда, думаю, хіба я раўня гэтым дамаседам: Берлін браў, паранены, узнагароджаны. Ну, і падаўся я ў МТС, па тэхнічнай, значыць, лініі. МТС недалёка, вярсты тры. Кожнага ранку сняданак у кішэню — і на працу. Кіцель з медалямі на відным месцы ў хаце павесіў, каб бачна было, што за гаспадар тут. А дома маці адна старая. Цяжка ёй, вядома. Кажа аднойчы: жаніўся б — пара ўжо. Думаю: сапраўды пара. Але вось толькі з кім тут ажэнішся? Дзевак-то многа, а адной, той самай, якой трэба, і няма. Але ўжо, як кажуць, калі парупіць, дык мусіш. Прыгледзеўся я — у эмтээсе ў нас рахункаводка Жэня, зграбная такая дзеўка, і апрануцца і язык пачасаць — во якая хвацкая. Ну і ў вёсцы яшчэ была ў мяне, да вайны калісь вадзіліся трохі — Фрося. Гэта, брат ты мой, якраз супраціўніца той, эмтээсаўскай. Такая сарамяжная, ціхманая, у калгасе робіць, і больш нічога аб ёй не скажаш. Думаў я, думаў і не ўцямлю, да якой больш сэрца цягне. Хацеў ужо быў да Жэні прыставаць — байчэйшыя яны хутчэй галаву ачмураць. Ды гляджу аднойчы — наш Сёмка-шафёр неяк дужа блізка ля яе круціцца, і яна яму, увакурат, як і мне, вочкі закочвае. Узяла мяне злосць — я ж табе пакажу. Раз-два з Фроськай згаварыўся, і акурат на Дзень танкістаў — у загс, распісаліся.
Над заснежанымі палямі ў зорным мігатлівым небе аднекуль з’явіўся ўжо вузенькі сярпок месяца. Ён не свеціць, а толькі пазірае ў цьмянае зімовае наваколле і ўсё бяжыць, бяжыць кудысьці навыперадкі з двума фурманкамі на дарозе, нібы таксама слухае, зацікаўлены разважнай чужой радасцю. Юзік усё маўчыць, але слухае чуйна — яго сэрца вунь як убірае ў сябе тыя незнаёмыя справы чалавека.
— Давай закурым, — зноў прапануе сядок, шчоўкаючы ў руках самаробным дзюралевым партабакам. — Не курыш? Ну, ты, браце, зусім як дзеўка. Дык слухай тады, спатрэбіцца можа…
Ён прыкурвае з прыгаршчаў, асвяціўшы пасівераны нос і натапыраныя бровы, гойкае на свайго коніка, які трохі адстаў ад саней, і смачна зацягваецца.
— I вось, браце, стаў я, значыць, жанатым чалавекам. Спачатку дзіўна гэта з непрывычкі — жанатым зрабіцца. На працы — нейкая новая сур’ёзнасць, бы гадоў прыбавілася ці на пасадзе павысілі. Жонка здаецца гэткай ладнай, добрай, успамінаеш што-кольвечы, ну і марыш пра рознае. Але зноў жа і нязручнасць — дзеўкі ўжо без увагі да цябе, бы ты які вышчарблены стаў. Пажартуеш ці ўшчыпнеш там — адразу адвод — не для цябе, кажуць: жонка ёсць. I вось прыйдзеш дадому, а там — новы чалавек у хаце, глядзіш, цікавішся: што, як. Дагэтуль жа не бачыў так зблізку ў жыцці, ды мо’ не звяртаў увагі, а цяпер у адной хаце ўсё відно. А трэба табе сказаць, чалавек я не злосны, але строгасць паважаю. Бацька быў строгі, потым сам я ў войску сяржантам служыў, там ужо камандзірская строгасць у кроў уелася — не люблю зважаць. Ну, і да жонкі я таксама без паблажкі. Што дзе не так — кажу напрамкі: вучыся, слухай — на тое й муж, каб дагаджаць яму. Спачатку яна — слязу на вочы, а потым нішто, прывыкла. Вядома ж, хто яна? Вясковае дзяўчо, а я ўсё ж аўтаслесар, тэхнічны чалавек, дый на людзях пабыў, пабачыў сёе-тое.
Так і жывём. Нарадзілася дачка Нюрка, пахаваў маці. Я ўсё ў МТС, а жонка пад восень на ферму даяркай уладкавалася. Гляджу — дрэнь справа. I днюе, і начуе там, а тут прыбяжыш з працы — на дзвярах замок. Вячэры няма, дачка ў суседзяў ці ў цешчы. А ведаеш, як гэта прыкра, калі ў дом позна вернешся, а жонкі няма. Гэта, браце, адна злосць ды нерваванне. Бегай па вёсцы, як пабіраха, збірай сям’ю, палі ў печы. Надакучыла мне гэта, уз’еўся я на Фросю, кажу: кінь к сабакам тую ферму — мне жонка патрэбна, гаспадыня, а не даярка. Дрэнь жывецца, а тут яшчэ радня, асабліва цётка Яналіха — ведзьма-баба, скажу табе, — шапоча ўсё пры сустрэчы: на каго ты падобны стаў, рубашка брудная, схуднеў, навошта, браў такую — негаспадарлівая, неруплівая, каровіна паслугачка. ЦІ такая табе трэба, сам мужык такі відны, — муціць чорт душу. Ужо хацеў быў кінуць, развясціся, ды дачка ўтрымала. Іншы раз сваруся, сваруся, кулаком аб стол грымну, якую міску жалезную аб падлогу бразну, а жонка ўсё маўчыць — хоць ёй што. Маўчыць, а потым, нібы нічога і не чула, гэтак спакойна: «А Красаўка сёння ацялілася — бычок во які ладны». Эх, ты, гора сяміногае, думаю, што ты з ёй зробіш? Калі б хоць яна сварылася, даказвала, ужо я даў бы ёй, а то ціхманая такая, маўклівая. Ну і адлегла пакрысе маё сэрца. Прывык. Кінуў у яе справы мяшацца, стаў і печ паліць, і сняданак сабе гатаваць, а болей без снедання абыходзіцца. Думаю: хай! ві свае жылы, можа, сама сабе
— Ну, а як жа тады: кахалі яе ці не? — стрымана запытаўся Юзік. Сядок, не чакаючы, відаць, гэтага пытання, памаўчаў крыху, бы ўспамінаючы штосьці.
— Ды ну: кахаў… Не ведаю, ці кахаў, ці не. Так, шкадаваў, гэта было. Як пагляджу на яе рукі, распухлыя, парэпаныя, гэткія балгочыя, шкада робіцца. Аднойчы ўвечары мыла яна бялізну, а я ўсё бурчаў, бурчаў ды не вытрымаў. Ці ведаеш, адабраў у яе начоўкі ды ўзяўся сам. Не рукі, а гора адно. Не жарты — дзесяць кароў і дагледзець, і накарміць, і выдаіць — і ўсё ў макраце, у холадзе — немінучы раматус. Ды яшчэ з гэткім яе характарам — сябе не пашкадуе, здароўе паложыць, а зробіць як трэба. I зрабіла. Спачатку на Дошцы гонару апынулася, потым — на выстаўцы ў Маскве. Ну, думаю: давай, давай, баба. А сам, папраўдзе, гляджу на гэтыя яе поспехі, як на забаўку якую. Падумаеш там — за малако медаль нейкі бронзавы. У людзей срэбных ды залатых колькі, ды за якія справы! Пасля сталі да яе з вобласці ездзіць — усё на ферме глядзелі нешта, выпытвалі, вымяралі. Яна ўсё расказвае, часам дома каго прымае, якога карэспандэнта. Я не звяртаю ўвагі. Аддзяліўся, так сказаць, ад яе службы — свая шыю пілуе.
Над дарогай плыве зорная, мігатлівая ноч. Маладзічок усё лезе на неба вышэй і вышэй, у полі панурыліся, сціхлі заснежаныя дрэвы, хмызняк. Хоць і ноч, а відно далёка, ледзь не да самага краявіду. Гасцінец бяжыць роўны, доўгі і далёка наперадзе, бы агромністы полаз, загінаецца на ўзгорак. Раптам над тым узгоркам бліснулі і ўперліся ў неба стромкія промні сустрэчнай машыны. Праз момант, стрыгануўшы ў густой нябеснай сіні, яны падаюць ніжэй і ўрэшце бліскучай плямай кладуцца на дарогу. Машына хутка набліжаецца, асляпляе седакоў, залівае дарогу густым святлом фар.
Незнаёмец хуценька саскаквае з саней, каб скіраваць убок свой вазок, Юзік прытрымлівае каня, углядаючыся з-пад далоні ў грукатлівы рухавы сілуэт. Нехта адтуль, з машыны, гучна крычыць:
— Прывет, Нядзвецкі! Віншаванне! Заўтра твая ў нас выступае…
Юзіка абдае снежнай віхурай, і машына мінае іх. Спадарожнік бліжэй падганяе свайго каня і зноў валіцца ў Юзікавы сані.
— Андрэй з «Кастрычніка», — паведамляе ён. — Ваявалі разам. Пазнаў, глядзі. А ўжо даўно не бачыліся. I пра жонку ведае, — з усмешкай кажа чалавек і з хвіліну задуменна пазірае на дарогу, дзе яшчэ гудзе машына.
— Гэта, брат, так, — кажа ён далей хлопцу. — Другая жонка за мужавай спіной, як за печчу, жыве, а мая вось, як бачыш, на мяне сваю славу наводзіць. Вось табе і баба… Дык дзе гэта мы спыніліся? Ага, значыць, прышылася мая Фроська да фермы, як гузік да світкі. Там бы і спала, і ела, калі б сям’і не было. Мала што ўвесь дзень працуе, яшчэ розных кніжак напрыносіла — чытае ўсё па вечарах, нешта выпісвае ў сшытак. Тут ужо я зноў не ўтрываў, кажу: не дужа зарывайся, не лезь на чужое седала. Робіш, ну і рабі сабе, а навошта па начах яшчэ сляпіцца? Прызнацца, я да кніжак не дужа ахвочы. Ну там «Дапаможнік аўтамеханіку» ці «Кіраўніцтва па рамонце» — гэта вартыя кніжкі. А другія там што — лухта адна. I вось прачнуся сярод ночы — святло гарыць, і яна над сталом гнецца. Я тады ўстану ды кніжку — у кут, і лямпу патушу. Патушу, а яна запаліць, зноў патушу — зноў запаліць. I маўчыць, не сварыцца, але ўпартая, як той мядзведзь ля вулля. Кажа: без навукі і карову не падоіш. Ну і сядзіць да другіх пеўняў, вылічвае на паперцы тыя свае рацыёны. I праўда, ці ад таго, ці па якой іншай прычыне, а кароўкі яе болей сталі малака даваць. Адна дык нават па пяцьдзесят літраў у дзень давала — во як! Ферме — слава, калгасу — пашана, і даяркам, вядома, добрае слова. Тут ужо я трохі змякчэў, стаў прыглядацца да свае жонкі. Што, думаю, за такая: дзесяць год жыву, а што ў яе душы — толкам не ведаю. Гляджу калі — гэткая невялічкая і не надта прыгожая з аздобы — пастарэла ўжо — нос кірпаты, нічога няма ў ёй — звычайная баба. Адкуль, думаю, упартасць тая? I ведаеш, даўмеўся. Аднойчы ўжо засынаю ўначы, думаю ўсё. Яна за сталом сядзіць над паперамі, і мне раптам стукнула ў голаў: ад працы ўсё ў яе, бо змалку яна смак да працы мае. Сапраўды: навукі не дужа многа — сем класаў, і ўсё жыццё — у працы. Вось так мазалём і дайшла да плёну. I слухай, брат, самае галоўнае вось будзе.
Аднойчы пасля новага года прыходжу з МТС — на дзвярах замок. Ну гэта справа не новая, — дастаў з-за шула ключ, адчыняю. У хаце ўсё прыбрана, вячэра згатавана і на стале — запіска. Сэрца ў мяне так і ёкнула — першы раз за ўсё жыццё. Думаю, ці не кінула часам, аж злякаўся. Чытаю: дарагі Хвядоска, паехала ў Мінск на нараду. Скараспешна выклікалі. Есці — там і там, Нюрка — у бабы. Вось, думаю, і дачакаўся. I тады ўпершыню, браце, зразумеў я, што мая Фрося пераскочыла мяне, перарасла неўзаметку, цесна ўжо ёй у мужавай хаце. А хіба стрымаеш? Не стрымаеш. I я, ведаеш, прыціх і скарыўся. Ну вось і вяртаецца — і што думаеш? З Залатой Зоркай і ордэнам Леніна. У калгасе дзіва, людзей поўна хата, прыязджаюць, прыходзяць, адбою няма. Роспыты, віншаванні. Аказваецца, сам таварыш Хрушчоў уручыў тую ўзнагароду і руку паціснуў і казаў штось маёй Фросьцы, толькі яна ўжо не памятае што — з радасці забылася ўсё чыста. Паглядзеў я на гэтую справу ды і зняў са сцяны свой вайсковы кіцель з медалямі: павесіў у шафу. Якія ўжо там медалі, калі такая ўзнагарода ў хаце завялася — і ў каго, падумаць, — у маёй ціхманай жонкі Фросі. Вось, брат, як выйшла! А цяпер яшчэ і кандыдатам у Вярхоўны Савет вылучылі, афішы расклеілі з партрэтамі і біяграфіяй. Вунь выступаць будзе, паехала ў вобласць.