Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Шрифт:
— Ой, завошта!!! Завошта!!! Ён хлусіць! Маёр хлусіць! Не білі мы нікога, не бачылі…
Афіцэр скамандаваў нешта, і валтузня навокал спынілася. Валодзькін аднак усё курчыўся на снезе ад балючага ўдару ў жывот.
— Что ві хацель сказаць? — звярнуўся пласкагруды перакладчык да паваленага Івашова. Той нязграбна ўзняўся і хуценька, нібы баючыся, што яго не выслухаюць як трэба, загаварыў акулярыстаму афіцэру.
— Пан афіцэр… пан афіцэр… Няпраўда. Маёр знарок. Ён выдумляе… Не бачылі мы ніякага оберштурмбанфюрара… Мы ледзь жывыя, а ён… камандзір…
Валодзькіну здалося, што ён трызніць. Спачатку ён здзівіўся ад тых Івашовых слоў, але неўзабаве неспатольная злосць на таварыша ўзбунтавала
— Няпраўда! Гэта ён хлусіць! Ён трус! — тыцкаў ён пальцам у Івашова, які, выціраючы ад снегу твар, усё казаў нешта. Перакладчык, афіцэры, салдаты азірнуліся на яго і змоўклі, пэўна, не ведаючы, як іх разумець. А Валодзькін на здзіўленне ім кінуў новыя словы — кінуў цвёрда і з перакананнем сваёй праўдзівасці, з годнасцю чалавека, далёкага ад хлусні.
— Не слухайце яго! Ён сам страляў у вашага обера.
Плоскі немец пераклаў тое, афіцэр недаверліва паглядзеў на Івашова, затым на Валодзькіна, зірнуў на гадзіннік у рукаве і прамовіў нейкі загад. Ён, відаць, паспакайнеў ад першай сваёй злосці і цяпер распараджаўся дзелавіта і роўна.
Салдаты, нешта гамонячы, падаліся да сваіх машын, ля палонных засталіся трое. Яны знялі з-за плячэй карабіны, і кастлявы яфрэйтар з халоднымі, асалавелымі ад строгасці вачыма голасна крыкнуў:
— Маршырэн, думес фі! [1]
1
Марш, быдла!
Ён балюча тыцнуў Валодзькіна прыкладам у спіну, даючы тым самым зразумець, куды трэба ісці, штурхнуў у каршэнь Івашова і з тым жа апантаным крыкам ударыў абцасам нерухомага маёра. Аднак зацярушаны снегам маёр ляжаў сцішаны, строгі і маўклівы.
Валодзькін праглынуў тугі горкі камяк у горле, прыжмурыў вочы ад прыліву слабасці і жалю. Але хлопца зноў штурхнулі і пагналі ў той бок, адкуль прыйшлі машыны. Ён абочынай мінуў іх і паціху пайшоў далей па перамеценай завеяй дарозе.
Пакрысе аднак Валодзькін спакайнеў. Ён прывыкаў ужо да непазбежнасці свайго лёсу, усё болей раставала ў душы недасяжная мара — жыць. Заклаўшы рукі назад, як таго дамагаліся канваіры, ён аднак затаіў у сабе нескароную ўпартасць і ўжо амаль верыў у тыя маёравы словы, што так збянтэжылі гітлераўцаў. І хоць не ўдалося яшчэ небараку Валодзькіну нарабіць асаблівай шкоды фашыстам, ад таго, што ворагі бачылі ў ім нейкага змагара, было болей рашучасці і болей сілы ў душы. Ён не спадзяваўся на іхнюю літасць, ведаў — заб’юць, і не шкадаваў сябе, а ўсё болей уваходзіў у ролю таго, каго бачылі ў ім немцы. Ён вышэй узняў сваю галаву, азірнуўся на насцярожаных канваіраў — іх празмерная пільнасць здалася яму нават прыемнай.
4
На шэрым засмужаным небасхіле з’явілася сіратлівае няяркае сонца. Яно разы два бліснула невясёлай усмешкай і, бяспромнае і маркотнае, сціснулася ў маленькую жоўтую плямку ўгары. Завея тым часам паменшала, упрыгожанае снегавымі выкрутасамі, ціха ляжала застылае поле.
Старшы трох канвойных — яфрэйтар з доўгім, кастлявым, бы конскім, тварам — не зводзіў халоднага позірку з двух згорбленых знясіленых постацей. Ён часцей за іншых крычаў «шнэльІ» і часцей штурхаў прыкладам Івашова і Валодзькіна. Другі канвойны — нізкарослы ўкормлены немец з свінячым выразам белабрысага зашчаціненага твару — усё нешта жаваў, дастаючы з кішэні. Ён, відаць па ўсім, быў лянівы на рухі і словы,
Валодзькін не вельмі цікавіўся варожымі справамі, іх салдацкай балбатнёй — яго асабісты лёс быў ясны. Праўда, да палоннага даляцела некалькі зразумелых фраз, і ён даведаўся, што іх вядуць у горад, дзе павінны здаць у штаб нейкай зондэркаманды. Што там чакала яго, ён ведаў пэўна, бо за паўгода палону добра засвоіў фашысцкую завядзёнку распраўляцца з вінаватымі.
У нейкай невялічкай лагчыне, дзе дарога больш за іншыя месцы была завалена снегам, Івашоў спатыкнуўся і ўпаў. Ля яго адразу спыніўся ўкормлены і, ганяючы сківіцамі жаўлакі, абыякава, без злосці, ударыў ботам у бок.
— Штэе аўф, абер шнэль! [2]
Івашоў скрывіўся ад болю, узняўся на адну руку і зноў заплакаў, як плакаў пад тым пагоркам у полі. Канвойныя спыніліся на дарозе, Валодзькін таксама стаў зводдаль.
— Паночак, камарад, завошта? Мы ж нявінныя… Злітуйцеся, пусціце мяне… Пусціце…
— Гэ, чаго захацеў, — буркнуў Валодзькін. — Не ламайся, не ўпросіш.
Але Івашоў прасіў. Ён, пэўна, адчуў, што сілы яго ўжо невялікія, што многа ён не пройдзе, і чалавек слязьмі і просьбамі думаў вымаліць сабе паратунак.
2
Паднiмайся, жыва!
Укормлены праглынуў сваю жованку і запытальна зірнуў на яфрэйтара. Той нешта гыркнуў гучным ад лютасці голасам і зняў з пляча карабін.
— Аўфштэен! Форвэртс! [3]
Ён наставіў карабін у голаў палоннага і злінялымі сваімі вачыма з хвіліну свідраваў яго. Цяжка варушачыся, Івашоў устаў, але ногі яго бяссільна запляталіся, і ён няўпэўнена ступіў некалькі разоў. Валодзькін гідліва плюнуў на дарогу — ён не шкадаваў былога таварыша, не мучыў сябе дакорамі, што той быў доўгі час блізкі яму, гідлівасць зацяніла ў ім усе пачуцці да гэтага чалавека.
3
Устаць! Наперад!
Праз нейкі час Валодзькін зноў спыніўся ад крыкаў ззаду — Івашоў, распластаны, ніцма ляжаў на снезе, голасна екатаў нешта і плакаў. Валодзькіну стала вельмі прыкра і горка ад усяго гэтага, і ён адвярнуўся. Захінаючыся ад сцюдзёнага ветру, з хвіліну ён слухаў то роспачны лямант зняможанага Івашова, то разлютаваны крык старшага канваіра. Затым нечакана грымнуў стрэл, і крыкі сціхлі. Калі Валодзькін азірнуўся, яфрэйтар, лязгаючы затворам, выкідаў з карабіна гільзу — на зямлі ляжала скурчанае нерухомае цела Івашова.
Ад прыкрасці Валодзькін толькі ўздыхнуў — ні жалю, ні самага маленькага спачування не засталося ўжо да гэтага недарэчнага таварыша. Ён хацеў ісці далей, але канваіры паклікалі яго да забітага, загадалі адцягнуць труп з дарогі. Хлопец пачакаў, пакуль укормлены абшукаў кішэні дзіравае світкі нябожчыка, і потым зрабіў тое, чаго патрабавалі ворагі.
Глухая, малаезджаная дарога ўсё вілася і вілася між пералескаў, пагоркаў, балацявін. Побач не відаць было ніводнае вёскі, і невядома, дзе быў той горад, куды вялі дваццатага ўцекача.