Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Быкаў Васіль

Шрифт:

Адзінокае жыццё прывучыла яе многа думаць, пільна прыглядацца да людскіх адносін і спраў. Часта ёй здавалася, што людзі бываюць несправядлівыя да саміх сябе, не цэняць, не бачаць тое вялікае ў жыцці, што так цаніла і чаго доўгія гады прагнула яна.

З ёй разам працавала вахцёркай Драздова — сярдзітая, знерваваная, абсыпаная дзецьмі нестарая яшчэ кабета. Заўжды яна была незадаволеная, раздражненая, лаяла ўвесь свет і асабліва свайго мужа Арцёма, маўклівага падатлівага цесляра з будтрэста. Зрэшты, гэтак жа груба ставілася яна і да дзяцей — усё крычала і скардзілася, што гэтая сям’я спарахніла яе маладосць. Фрузына, бываючы часам ва ўстанове ў яе дзяжурства,

моўчкі без спачування слухала яе нараканні на шматлікія турботы жыцця і думала, што гэтая жанчына проста не бачыць свайго вялікага неацэннага шчасця. Нават маленькая частачка з таго, што гэтак дапякала Драздовай, магла б ашчаслівіць Фрузыну. Яна ніколі не лаяла б мужа за тое, што той з палучкі прапіў з таварышамі якую дзесятку, што ён шмат курыць ці часам запозніцца з працы. Яна не сварылася б на дзяцей, маленькіх пяцісямігадовых карапузаў, калі тыя, несучы маці на працу сняданак, зазяваюцца на вуліцах і астудзяць ежу. Яна вельмі б даражыла гэтым ціхім маленькім шчасцем, калі б толькі яно было ў яе. Але ішлі гады, і ніхто яшчэ не сказаў ёй ніводнага слова пяшчоты, усе былі заняты сваімі справамі, сем’ямі, і радасць толькі мроілася ў яе далёкіх, недасяжных марах.

Яна часта казала людзям і самой сабе: кожнаму сваё, што каму на раду напісана, таго не мінеш. I яна пакрысе прывыкла да адзінокага лёсу немаладой бабылкі, цешыла сябе людскім шчасцем, радавалася чужой радасцю і бедавала з чужых бедаў. Свайго — ні добрага, ні благога, ні асаблівых трывог — у яе не было.

Так яна пражыла б да канца сваіх дзён, каб не тыя акалічнасці лёсу, што нарыхтавалі нечаканы паварот на яе сцяжыне жыцця.

Аднойчы ўжо глыбокай снежнай зімою, седзячы ля тых вялікіх дзвярэй, яна запрыкмеціла, як у адным месцы рассохліся старыя філёнкі, утварылася шчыліна, у якую прадзімае вецер. Жанчына прыбрала з прыпола клубок з недавязанай рукавіцай і праз чорны ход пад лесвіцай выйшла на панадворак. Тут быў гараж, у вялізных адчыненых варотах стаялі машыны, і Фрузына хацела ўбачыць каго са знаёмых шафёраў, каб папрасіць пакулля.

Аднак знаёмых нідзе не было. Параскіданыя ля гаража на ўтаптаным, заплямленым снезе валяліся цяжкія скаты, скрынкі, бочкі. Гарластая шаферская братва падалася, відаць, у сталоўку, толькі ў апошніх дзвярах чуўся бразгат жалеза. Схаваўшы ў кішэнькі ватоўкі астылыя на марозе рукі, Фрузына нясмела падышла да гэтых дзвярэй і спынілася. У машыне з задраным угору капотам, перагнуўшыся цераз радыятар, калупаўся незнаёмы, нядаўна прыняты на працу шафёр, і яна звярнулася да яго з нясмелай сваёй просьбай.

Шафёр не адразу адказаў ёй, спярша прыкруціў у маторы нейкую трубку, пасля выпрастаўся, узняў да яё немалады ўжо, не дужа часта голены, замурзаны твар, выцер ватнім рукавом успацелы лоб і спытаўся:

— Гэта куды? А, да дзвярэй. А што, некаму паправіць? А заўхоз дзе?

Ён казаў гэта грубавата, як чалавек, якому замінаюць, у якога безліч сваіх пільных спраў, і яна ўжо пашкадавала, што звярнулася да гэтага малазнаёмага шафёра. Але затым ён саскочыў з высокага буфера, узяў нешта ў кабіне і, упэўнена ступаючы шырокімі падэшвамі падшытых валёнак, накіраваўся ў будынак.

— Ану, дзе, паказвай.

Яна наказала тое месца, шафёр, усё нічога не гаворачы, нешта прыстукнуў, нешта прыціснуў, забіў цвік і напаследак грукнуў кулаком у счарнелыя філёнкі.

— Ну вось, парадак. Цяпер не прадзьме.

Яна стала дзякаваць яму, ды за адным разам паскардзілася, што пад акном падцякае батарэя, надакучыла ўжо выціраць анучай, што колькі ўжо прасіла заўхоза, але таму не даходзіць, усё болей

швэндаецца па піўных, без ста грамаў не падступішся. Дастаючы закурку, шафёр слухаў, глядзеў на яе сур’ёзным няласкавым позіркам і, зацягнуўшыся разы два, паабяцаў:

— Ладна, паправім. Цяпер няма калі, а пасля абеду папраўлю. Напомніш, цётка.

Напаследак ён, здаецца, усміхнуўся ледзь-ледзь, аднымі толькі куточкамі вачэй і, пакінуўшы ў вестыбюлі моцны, непрывычны тут пах махоркі, выйшаў. Ёй чамусьці адразу зрабілася вельмі самотна адной і захацелася яшчэ зірнуць у акно, як ён, няспешна тупаючы па снезе, ішоў да сваёй машыны.

Батарэю ён адрамантаваў, праўда, не пасля абеду, а на другі дзень і зноў, закурваючы, спыніўся ля Фрузыны, пазіраючы, як спрытна мільгаюць у яе руках сталёвыя пруткі і ўвачавідкі даўжэе, расце рукавіца.

— Ладныя рукавіцы будуць, — сказаў ён і, злёгку ўсміхаючыся, з цыгаркай у руцэ, быццам ад сцюжы, пацёр свае шырокія парэпаныя далоні.

Фрузына вязала рукавіцы на рынак, дзе патроху прадавала ў нядзелю, і цяпер адчула, што за ягоны клопат нечым абавязана гэтаму чалавеку.

— А што, падабаюцца? — спытала яна і нясмела ўзняла вочы. — Можа, звязаць вам, калі не маеце?

— Не, дзякуй, — сказаў шафёр. — Што толку з іх — на адзін рэйс. Каб тут якія скураныя і то — на тыдзень, не болей.

Яны зноў разышліся, і зноў Фрузыне стала ніякавата адной — хацелася яшчэ пагаманіць з гэтым зважлівым чалавекам, але жанчына ведала, што яна нецікавая, дык ці будзе ён бавіцца з ёю?

Можа, праз тыдзень ці болей пасля гэтай размовы Фрузына ўжо ўпрыцемкі вярталася з працы дадому. Яна жыла на самым ускрайку горада, ля шашы, у цесным кутнім пакойчыку дашчанага, пракуранага вугальным дымам барака. Каб дабрацца сюды з цэнтра, ад яе ўстановы, трэба было, два разы перасаджваючыся, ехаць аж на трох аўтобусах, а пасля яшчэ з кіламетр абходзіць пустку. Зімой, праўда, можна было сцяжынкай перайсці цераз роў з замёрзлаю ручаінай і такім чынам зрэзаць добры крук дарогі.

Яна ўжо выбралася з рова, выйшла на агароды і набліжалася да шашы, цесна атуленай дамамі гэтай ускраіннай вуліцы.

Тым часам добра сцямнела, чорнае, без зорак неба мяккім змрочным полагам вісела ўгары, на снезе, у нясмелых паўзмроках чарнелі навокал будынкі, дрэвы, невыразныя плямы зямлі. Снег быў мяккі, мароз адпусціў нанач, бралася на адлігу, і было золка.

Жанчына зранку не была дома і цяпер спяшалася — на сконе дня прывычна вабіла хатняе цяпло, спакой і адпачынак. У кірзавай чорнай сумцы яна несла з сабою небагаты харч — хлеб, селядзец, кілаграм круп і ўсё гадала, каб як абысціся гэтым якіх два ці тры дні і зэканоміць на дровы.

На шашы яе асляпіла святлом фараў, абдало грукатам і лязгам імклівых аўтамабіляў. Якраз у тым месцы, дзе яна заўсёды зварочвала з дарогі на сцяжынку да свайго дома, нерухома стаяла машына. Фрузына не стала звяртаць на яе асаблівай увагі — ці мала машын спыняецца на шашы — пастаяць, шафёры зробяць што трэба і паедуць далей. Жанчына ўвайшла ў сенцы, намацала ў кішэні ватоўкі ключ, адамкнула дзверы. У пакойчыку было холадна — ужо два дні яна не паліла грубкі, пахла нечым неабжытым і пакінутым. Чагосьці тут не хапала ў гэтай кватэры, хоць і было ўсё прыбрана — і вузкі ложак з высока падбітай падушкай і лебедзямі на танным дыванку на сцяне, і вымытая падлога, засланая наўскасяк палавічком, і накрыты марляю посуд на невялічкім століку. Яна прыслухалася — суседзяў штось не чуваць было. Распрануўшыся, жанчына адчула холад і падумала, што трэба было б прапаліць у грубцы, каб былі насечаны дровы.

Поделиться:
Популярные книги

Мастер Разума V

Кронос Александр
5. Мастер Разума
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Мастер Разума V

Темный Лекарь 9

Токсик Саша
9. Темный Лекарь
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Темный Лекарь 9

Попаданка в деле, или Ваш любимый доктор

Марей Соня
1. Попаданка в деле, или Ваш любимый доктор
Фантастика:
фэнтези
5.50
рейтинг книги
Попаданка в деле, или Ваш любимый доктор

Идеальный мир для Лекаря 23

Сапфир Олег
23. Лекарь
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 23

Ермак. Телохранитель

Валериев Игорь
2. Ермак
Фантастика:
альтернативная история
7.00
рейтинг книги
Ермак. Телохранитель

Часограмма

Щерба Наталья Васильевна
5. Часодеи
Детские:
детская фантастика
9.43
рейтинг книги
Часограмма

Прометей: Неандерталец

Рави Ивар
4. Прометей
Фантастика:
героическая фантастика
альтернативная история
7.88
рейтинг книги
Прометей: Неандерталец

Хроники странного королевства. Возвращение (Дилогия)

Панкеева Оксана Петровна
Хроники странного королевства
Фантастика:
фэнтези
9.30
рейтинг книги
Хроники странного королевства. Возвращение (Дилогия)

Дурная жена неверного дракона

Ганова Алиса
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Дурная жена неверного дракона

Венецианский купец

Распопов Дмитрий Викторович
1. Венецианский купец
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
альтернативная история
7.31
рейтинг книги
Венецианский купец

Кодекс Крови. Книга ХVI

Борзых М.
16. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга ХVI

Идеальный мир для Лекаря 5

Сапфир Олег
5. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 5

Бастард Императора. Том 2

Орлов Андрей Юрьевич
2. Бастард Императора
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Бастард Императора. Том 2

Под маской, или Страшилка в академии магии

Цвик Катерина Александровна
Фантастика:
юмористическая фантастика
7.78
рейтинг книги
Под маской, или Страшилка в академии магии