Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Шрифт:
5
Не, ён не загінуў — ён жыў, але навакольны свет даходзіў да яго свядомасці праз пякельную нясцерпнасць пакут. Спачатку было такое ўражанне, нібы ён дзесьці сцяты, сціснуты, бы ў якой зубатай пашчы, і страшны боль пранізвае ўсё яго цела. Асабліва балела галава; нешта там, у самым нутры мозгу, торгала, калола, рэзала, варухнуцца не было сілы, і было вельмі пакутна. Яшчэ больш балела спіна. Ад гэтага болю ў адно з праясненняў свядомасці Валоку здалося, што ён раздзеты ляжыць на ржышчы, калючкі якога разам з калючкамі асоту ўпіваюцца ў яго цела. Ён хоча крыкнуць, пазваць суседа Трахіма, які жне побач на коннай жняярцы, але ніяк не можа выдавіць з сябе таго крыку. Праз хвіліну, аднак, ён бачыць жняяра; толькі гэта чамусьці не Трахім, а немец — той Фрыц, з якім ён спаткаўся куды пазней, на вайне, і ў яго аўтамат, — аднаруч ён тузае лейцы, а другой прытрымлівае на каленях зброю. Немец чамусьці гаворыць па-беларуску. Валока заходзіцца ад страху, бо ведае, што жняяр Фрыц зараз спыніць коней і застрэліць
Наступным яго адчуваннем было далікатнае, лагоднае казытанне на барадзе, на шыі; здавалася, нейкая жывая істота паўзла за каўнер, на грудзі, толькі на вуснах і ў роце стала лепш і нешта жалезна-цвёрдае дробненька стукала аб зубы. Валока расплюшчыў вочы — у зрок ударыла рассыпчатая яркасць іскраў; яны гойдаліся, скакалі на адным месцы ля самага яго твару, але не пяклі. Пасля ён сцяміў, што ўсё гэта адбівалася ў вадзе. Аднекуль здалёк да слыху даходзілі словы:
— Трынкен, Іван! Трынкен!
Ён глытаў доўга, многа, зубы ўсё ляскалі аб край нейкай пасудзіны, а ў свядомасці коратка і выразна бліснула ява — ён згадаў, дзе ён і хто з ім. «Немец! Фрыц!» На момант адарваўшыся ад вады, ён зірнуў угору, — над ім мільгала ў кулаку запальнічка і расплываўся ў нейкай недарэчнай ухмылцы страшны, тупы ад таго, што быў незвычайна падсветлены знізу, твар з вялікімі і валасатымі ноздрамі, брывастым ілбом, пад якім лыпалі выпуклыя жаўтлявыя бялкі вачэй. Вочы, аднак, таілі ў сабе лагоду і спагадлівасць, і гэта супакоіла байца.
— Трынкен, Іван. Трынкен…
Ён зноў апусціў голаў да пасудзіны; у глыбіні яе, у вадзе, гойдаўся агеньчык ад запальнічкі. Чамусьці Валоку зрабілася блага — ён хіснуўся ад вады, Фрыц штосьці сказаў, пабурчаў і прыбраў ваду ўбок.
Баец сцішыўся ў доле, так яму стала лягчэй — спякотны жар уняўся, толькі галава, плечы і нешта ўсярэдзіне тупа балелі. Ён зноў заплюшчыў вочы, аддаючыся спакою, і раптам прахапіўся ад думкі — дзе аўтамат? Чалавек ірвануўся з долу — немцавы рукі адразу прытрымалі яго, настойліва паклалі назад, і Валока ў нейкім раптоўным прасвятленні здзівіўся з самога сябе: было ад чаго палохацца, калі цяпер ён у поўнай уладзе гэтага немца. I ён адчуў нейкую сталую прыязнасць да яго, быццам яны знаёмы былі ўвесь век і цяпер сталі самыя найбліжэйшыя адзін аднаму і самыя патрэбныя. I таму — прэч усе падазрэнні, засцярожлівасць, недавер! Усё, што стала над іх чалавечаю сутнасцю, — усё, наслоенае іх нацыянальнаю рознасцю, палітычнай варожасцю, вайной, — усе гэта, аддзеленае ад іх магільнаю тоўшчай руін, засталося там, наверсе, у беззваротным мінулым. Два гэтыя пажылыя, труднага лёсу працаўнікі былі тут людзі і толькі дбалі пра тое, як абодвум застацца жывымі дзеля іх сем’яў, мірнае справы, дзеля самых звычайных і незаменных чалавечых радасцей.
Валока памацаў рукой немцава калена побач іслаба паціснуў
Пасля баец сціх і забыўся. Клопат яго знік, боль крыху прыціх, але нейкія ўнутраныя пакуты працягваліся. Невядома, ці гэта быў сон, ці трызненне хворага, толькі пакутныя здані і прывіды доўгі час не пакідалі яго.
Неяк ён убачыў сябе ў Брэслау, на гарадской ускраіне ў садку, дзе з тыдзень да наступлення перафарміроўваўся іх полк. I быццам яшчэ не было гэтага наступлення, але ўжо ўсё, што здарылася цяпер з ім, стала мінулым, і Валока не стараўся зразумець, чаму гэта так. I быццам быў жывы камбат Папрэнка, забіты яшчэ пад Оршай; ён выклікаў Валоку ў штаб, і баец з цяжкім сэрцам прыйшоў у бліндаж, хоць ведаў, што ў Брэслау штаб батальёна змяшчаўся ў ладным катэджы з балконамі, а не ў бліндажы. Але ў бліндажы чамусьці аказаўся не камбат Папрэнка, а капітан Воранаў. «Ну што, нямецкі шпіён?» Такім папрокам сустрэў ён Валоку, хапіў яго за плечы, здзёр пагоны, потым пачаў настаўляць пісталет у кружочкі медаляў на ягоных грудзях. «Немца хаваў? Ворага тытунём частаваў? Чаму не забіў?»
Валока вельмі хацеў вытлумачыць, што і як сталася з ім у гэтым склепе, але мову ў яго адняло, і ён адчуваў, што зараз будзе пагібель. I сапраўды, Воранаў стрэліў, але болю Валока не адчуў і тады здагадаўся: медалі. Медалі яго ўратавалі ад кулі. Але ў той жа час у Воранава замест пісталета апынулася супрацьтанкавае ружжо — гэта ўжо была пэўная смерць.
«Здраднік! Пракурыў Радзіму? Вышэйшую меру табе!» — гучалі страшныя словы, і Валока азірнуўся ў пошуках выйсця. Але раптам аказалася, што ззаду роўнае поле, Воранаў некуды знік, і ён, Валока, як у даўнія, даваенныя часы, сядзіць у вясновы дзень на краі баразны, паставіўшы босыя ногі на мяккі вільготны глей. Побач шнурком сядзяць калгаснікі, яго аднавяскоўцы, у барознах адпачываюць коні, а ззаду, па раллі, клюючы вялікіх белых чарвякоў, скачуць гракі. Усе кураць, жартуюць, снедаюць тым, што папрыносілі ім дзеці і жонкі, п’юць квас. Валоку таксама вельмі хочацца піць, але сняданка яму ніхто не нясе, бо яго дом чамусьці далека адсюль. Ён адзін тут вайсковец, на ім салдацкія галіфэ і гімнасцёрка, толькі яна без дзягі, якая разам з аўтаматам і скаткай ляжыць воддаль на раллі, і на скатцы сядзіць вялікі, нейкі нерухомы чорны грак. Усе смяюцца і кураць, а Валока ведае, што яму ўжо сняданка не будзе, бо ён асуджаны да смяротнае кары, і што ўсё тое, што ляжыць пад граком, ужо здадзена старшыні, які зняў яго і са сталавання.
Пасля таго коні, людзі і гракі знікаюць, толькі той, нерухавы, усё сядзіць на скатцы і крумкае. Аказваецца, гэта воран. Валока палохаецца настойлівай загадкавай птушкі, прабуе ўскочыць, тузаецца і ачынаецца.
6
За пакутную ноч памутнела яго свядомасць, і Валока не адразу ўцяміў, дзе ён і што з ім сталася.
Перш-наперш яго здзівіла блізкая, устрывожаная страляніна. Недзе таропка патрэсквалі аўтаматныя чэргі, бахалі вінтоўкі. Аднойчы нават данёсся крык, але Валока не зразумеў, у якім баку ён раздаўся. Перамагаючы санлівую аслабеласць, баец расплюшчыў вочы.
У склепе было светлавата. па — над сцяной, дзе яны выдзіралі зломак, ляжала новая куча друзу, — відаць, тая, што абрынулася на яго, — і над ею яркім дзённым святлом блішчала дзірка. Валоку адразу скаланула радаснае імкненне, ён тузануўся ў доле, сеў, але боль у галаве прымусіў яго пакутна схіліцца набок.
Як-колечы ён, аднак, утрымаўся, перамог слабасць, трошкі аддыхаўся і паварушыў у ботах адубелыя ад сцюжы ногі. Пасля ён усе ж сеў і паволі падняў галаву, абкручаную нейкай анучай, шкумат якой звісаў каля вуха. Валока асцярожна памацаў гэты скрываўлены турбан і тады, ураз прыпамятаўшы, што з ім сталася, з удзячнасцю падумаў пра немца.
Фрыц Хагеман сядзеў побач, прысланіўшыся спіной да пагнутае бэлькі, і спаў. Галава яго звесілася на плячо, валасы растрапаліся, ніжняя губа адтапырылася. Шчацінне на яго шчоках за ноч пабольшала, і ўвесь ён выглядаў вельмі стомленым, пажылым чалавекам. Ля яго ног стаяла каска з рэштаю вады. Валока адразу памкнуўся за ёю, але, узяўшы ў рукі, зноў апусціў на зямлю. Вада дужа смярдзела потам, і байца ледзь не зблажыла. Гэта была нямецкая салдацкая каска, сотні якіх валяліся на месцах баёў; хлопцы іх заўжды адкідвалі з-пад ног ботамі, — тым больш што трапляліся акрываўленыя, прастрэленыя, усякія. Каска адразу напомніла байцу пра варожае і агіднае.
Валока паморшчыўся, зноў прыслухаўся і агледзеўся. У куце за прыступкамі, на закіданай друзам падлозе, цямнела вільготная пляма, і чуваць было, як мерна капае недзе вада: кап-кап-кап. З трубы, пэўна, падумаў Валока і зноў паглядзеў на немца. Відаць, прытаміўшыся за ноч, той моцна спаў, і баец стаў напружана думаць у цішы, што яму рабіць далей.
Трэба вылазіць. Здаецца, ён здолеў бы сам як-небудзь выкараскацца адсюль — дзірка ёсць, — што яму цяпер немец! Хай спіць, а прачнецца — хай сам дбае; без яго Валоку спакайней, ды і бяды менш будзе. Толькі… Толькі хто там, наверсе? Страляніна, здавалася, яшчэ болей пашырылася — чутна стала і ў адным баку, і ў другім, раз за разам непадалёк гахнулі тры выбухі. Хто гэта? Нашы? А калі немцы? Калі немцы — яму будзе кепска з яго праламанаю галавой, а калі нашы — пападзе немцу. Нарвецца на якога аўтаматчыка, не паспее і рук падняць, як той прашые яго чаргой. Хлопцы ёсць бязлітасныя, у многіх свежыя раны ў сэрцы — усё можа стацца.