Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Падлюга!

— Усё ж прарваліся мы ў тую ноч, хоць і не ўсе, вядома. Шумак прапаў недзе, уначы не дужа што ўбачыш, можа, забіла, а можа, і… Ва ўсякім разе пасля яго ўжо не было з намі. Выйшлі на Буг — не Заходні, а Паўднёвы — там пераправа, але і немцы па пятах насядаюць. Нас, чалавек дваццаць, кінулі на абслугоўванне пантонаў, астатнім зноў трымаць абарону паўкругам. Пераправу бамбяць, войскі, абозы напіраюць, пробкі ўвесь час, жах, што робіцца. У паўдзён, памятаю, шасцёрка «хейнкеляў» пакарэжала сярэдні пантон, разбіла насціл, рух спыніўся. Мы, вядома, кінуліся ратаваць пераправу, пантон ужо тануў, пачалі лапіць дзіркі, пайшлі ў ход барты ад кузавоў, вяроўкі, тэлефонны кабель. І тут на ўсходнім беразе з’яўляецца нейкая «эмка». Запыленая, з разбітым ветравым шклом, абдрыпаная — страхоцце. З «эмкі» вылязае вайсковец у сініх штанах, з партфелем пад пахай. Рэгуліроўшчык яго спыніў, тлумачыць, што праехаць нельга,

а ён, бачым, па абломках лезе на гэты бок да каменданта. А камендант пераправы, сапёрны капітан, вядома, ля нашага пантона ўсё падганяе нас, каб хутчэй. І, ведаеш, пералез гэты вайсковец, з’яўляецца мокры да пояса, такі стараваты ўжо, у акулярах. Пантон задраўся адным канцом, другі ў вадзе, я ваду вычэрпваю і ўсё чую, што яны побач гамоняць. «Прашу прапусціць мой аўтамабіль на заходні бераг». — «А вы хто такі?» — «Ваенюрыст трэцяга рангу Саломін. Камандзіраваны ў вайсковую часць…» і называе нумар нашага палка. Я выпрастаўся — цікава, слухаю далей. Аказваецца, ён з Масквы, гэты юрыст, ледзьве дабраўся кружнымі дарогамі, шэсць разоў трапляў пад бамбёжкі і едзе да нас па справе Андрукевіча.

— Вам сюды? На бульвар? Ну, я праводжу. А пасля вярнуся. Ну, ну? Цікава…

— Што за дзіва, думаю, там яшчэ з гэтым Андрукевічам. Мы ўжо і забыліся, дзе яго пахавалі, а тут усё тыя патроны. Ці не здурнеў гэты юрыст? Побач налезла камандзіраў, ды і камендант глядзіць на чалавека, як на вар’ята, ніяк зразумець не можа: «Якія патроны?». «Пятнаццаць вінтовачных патронаў калібру сем цэлых шэсцьдзесят дзве сотых міліметра, згубленых у часе нясення гарнізоннай службы», — рэжа юрыст. «Вашы дакументы!» — кажа камендант. Юрыст расшпільвае партфель, паказвае паперы, камандзіровачнае прадпісанне. Усе глядзяць, маўчаць, мусіць, дакументы правільныя. Не шпіён, значыць, а сапраўды ваенюрыст трэцяга рангу Саломін, камандзіраваны з Масквы. На прадпісанні генеральскі подпіс, пячатка, як і належыць, і дата. А дата, аказваецца, дваццаць першае чэрвеня сорак першага года. Камендант як згледзеў гэта ды як зарагоча. «Вы чаму смеяцеся?» — холадна так пытаецца ваенюрыст, а сам аж пабялеў. Камендант перастаў смяяцца і кажа: «Вас не кантузіла ў дарозе?» — «Не, не кантузіла, к вашаму сведзенію». — «Тады вы дурань, хоць і юрыст, — кажа камендант. — Мы трыццаць гарадоў здалі, а вы пра пятнаццаць патронаў турбуецеся!» — «Не мае значэння, — кажа юрыст. — Страта або крадзеж патронаў разглядаецца як нанясенне шкоды боегатоўнасці і падлягае пад Указ аб ахове сацыялістычнай уласнасці. Вы чулі пра такі Указ?». Камендант яму і кажа: «Цяпер мне ўсё ясна — вы закончаны дурань. Пень!» — «Не вашая справа, хто я, — кажа юрыст. — Я прашу прапусціць мой аўтамабіль. Я праехаў на ім пяць тысяч кіламетраў і павінен разабрацца на месцы». І тут, ведаеш, я не вытрымаў і кажу: «Андрукевіча даўно ўжо няма ў нашай часці». Ваенюрыст гэты лып-лып на мяне вачмі. «Як гэта няма? А дзе ён знаходзіцца ў гэты момант?» — «У брацкай магіле, — кажу. — На хутары Мікалаеўка». Гляджу, ён трохі сумеўся, акуляры паправіў і раптам успомніў: «А чырвонаармеец Шумак?» — «Загінуў, — кажу, — у апошнім прарыве». Гэта, відаць, на хвіліну збянтэжыла яго, глядзіць на мяне, аж рот разявіў. «Чуеце, — кажа камендант пераправы, — усе вашы абвінавачваемыя ўжо цю-цю. Так што вяртайцеся назад!» Але юрыст гэты — не чалавек, а дзіва, тут жа да каменданта: «Гэта не доказ. Калі ўсе загінулі, мне трэба аб тым афіцыйная даведка. Вы можаце мне яе даць?». Вядома, камендант не мог даць такой даведкі, але і прапусціць ягонае «эмкі» таксама нельга было. Тады ваенюрыст трэцяга рангу Саломін казырае і, зацяўшы пад пахаю свой партфельчык, лезе на абрыў.

Тут якраз пачаўся артабстрэл. На абрыве, на тым беразе і ў рацэ адразу тры выбухі. Я ледзьве ўтрымаўся за парэнчу, вадой усяго запляскала. Расплюшчыў вочы, — ну, думаю, канцы ваенюрысту трэцяга рангу. Але дзе там! Гляджу, вылез на абрыў і, знаеш, гэтак па-гарадскому абтрэпвае калені — галіфэ, значыць, запэцкаў. Пасля падабраў свой партфелік і бягом за пагорак.

Праўда, мы хутка на яго забыліся, зноў наляцелі пікіроўшчыкі, пераправу раскалашмацілі ўшчэнт, каменданта, бедалагу, бомбай разарвала, і шматка не засталася. Перапраўляліся ў наступную ноч кіламетраў праз дзесяць ніжэй, на калгасным пароме. Праўда, і там насунуліся немцы, паспелі толькі ўратаваць параненых ды што — колечы з абозаў. Артылерыя амаль уся на заходнім беразе засталася. І вось зноў ідзем калонай, пяхота і разам фурманкі з параненымі. Сонца ўзышло, сухата, пыл над дарогай на тры вярсты. Чакаем зноў гасцінца з-пад неба. І тут, бачу, знаёмыя галіфэ ў возе. Прыгледзеўся — наш учарашні ваенюрыст трэцяга рангу! Сядзіць, звесіўшы ногі, панылы такі, акуляры ўжо з адным шкельцам, рука на падвязцы. Ні партфеля, ні «эмкі», толькі наган на баку. Цікава мне стала, падышоў, пытаюся: «Ну як, узялі даведку?».

Паглядзеў на мяне гэтак, як, бывала, строгі настаўнік у школе, бровы аж на лоб ад здзіўлення: «А як жа! Безумоўна! Гэта мой абавязак!». Я тады, ведаеш, змоўчаў. Проста не мог яго зразумець. Толькі праз шмат год, калі пасталеў, жыццё набіла бакі, пачаў нешта кумекаць. Вось, ну, як гісторыя?

— Як вам сказаць? Не ведаю нават. Падумаць трэба.

— Падумай. Гэта карысна. У жыцці заўжды знойдзецца такое, над чым варта падумаць. Толькі часам не дужа хочацца. Лянота.

— Не думаць лягчэй.

— Вось іменна. Асабліва калі на футболе. Мазгі выключаюцца поўнасцю. Адны вочы…

— Ды горла.

— А пасля — абмыць. Калі выйгрыш — на радасці. Пройгрыш — з гора. Ва ўсякім выпадку выгадна.

— Ну.

— Табе ж назад, Лёня. Ну то дзякуй за кампанію. Прагуляліся.

— Дарэчы, а вы болей не сустракалі ваенюрыста гэтага?

— Го! І нават колькі разоў! Водзяцца яшчэ. І Саломіны, і Шумакі. Андрукевічаў тольк! меней стала.

— І праўда, меней.

— Пэўна, таму ёсць нейкая прычына. Таксама варта разважыць.

— Варта, ага. Ну дзякуй вам, Іван Нічыпаравіч. Да заўтра.

— Бывай, Лёня. І не перажывай. Не варта турбот. Пабачыш, Лагун заўтра зусім іншы будзе. Памірыцеся.

— Што ж, паглядзім.

— Я табе кажу. Ну, да пабачэння.

— Усяго добрага, Іван Нічыпаравіч. Шчасліва вам.

1965 г.

Салдацкі лёс

— Гэй, цесля, перакур!

— Перакур, кажу. Пашкадуй сякеру!

— А-а! А я і не пазнаў. Гляджу, думаю, хто такі? Ну чакай, зараз злезу.

— Памагчы мо?

— Ну што ты? Я сам… Прывык, так што… Здалёку ідзеш?

— Ды з раёна. Чую, цюк-цюк. Гляджу, знаёмая галава тырчыць. Думаю, зазірну на хвіліну.

— Ну здароў! Калі так…

— Здароў! Глядзі, ладная дамоўка. З трысценам?

— З трысценам. Хай на яго. Трэба! Старая саўсём ужо струхлела, думаю, хоць на старасці ў новай пажыць. Ды і сын…

— Што, можа, ажаніўся?

— Не яшчэ, але, знаеш, збіраецца. Дзейсцвіцельную адслужыў жа. У сіле дзяцюк.

— Глядзі ты! А памятаю, нядаўна во такі быў.

— Яно здаецца — нядаўна. А гады ідуць.

— Ды ўжо ж.

— Дык сядзем. Калі перакур, кажаш. Не спяшаешся ж? Во на бервяно гэта. Гладкае. Курыш?

— Можа, маіх? Свежанькіх?

— Гэта якія? А, балгарскія. Не, я свае, памірскія. Ад іх, кажуць, крэпасць у нагах.

— Праўда? Не чуў. А ты чаго кульбу не зменіш? Цяпер жа пратэзы робяць — лепш за ўласныя.

— Ат, прывык. Ды і не збяруся. Пастройка гэтая… Усе жылы выцягнула.

— Аднаму — жах! Як гэта ты адважыўся? Рызыковы чалавек. Хаця ваяка ж!

— Рызыковы — не рызыковы, а што зробіш? Праўда, не хачу хлусіць — зрубіць сын памог. Браў водпуск. Дый сябрук адзін — з вайны яшчэ — памог. Мікалаіхі, што з Асавіння, брат. Мо ведаеш?

— Ну, калі сябрукі не забываюць, то паўбяды.

— Як табе сказаць? Папрасіў — памог. Выхадных са тры падзёўбалі. Самшылі. А ў цябе ж — новая?

— Дзе там — новая! У старой жыву. Перакрыў толькі тым летам.

— Шыфер?

— Не, які шыфер! Дранкай.

— А ў нас дык многія шыфер падаставалі. Фёдар — брыгадзір і Тэклін прымак гэты, што з трактарам у азярко зваліўся. Не чуў такую сабыцію?

— Гэта вясной?

— Ну. Дастаюць недзе, халеры.

— Канешне, дастаюць. Тыя, хто талент маюць, як кажа наш дзед Лявон…

— Глядзі, жывы яшчэ?

— Жыве. Што яму. Нас з табой перажыве. Дык, кажа, талент трэба. Кожнаму ў жыцці выпадае па яго таленту. Што зрабіў — тое і палучай.

— Ну, не кажы! Тут я не згодны. Талент — талентам, а і лёс не мінай. Ці там случай. Ён тожа, брат, многа значыць. Часам, што чорт з шапкі выме, тое і будзе. У цябе вунь двайня, а ў мяне во, бач, кульба. Дзерава! Думаеш, яна мала мяне памучыла? Ого! Двойчы рэзалі. Як пілуюць — не чутно, бо ўсыпляюць. Затое пасля — хоць на сцяну лезь. А Краўчонак вунь гойсае на дзвюх ды яшчэ з ордэнам. А разам, у адной роце, ваявалі.

— Гэта які Краўчонак? З Замошша?

— Ну а які ж! Ордэн Леніна атрымаў. За Кішынёў. А бывала, трусаваты быў. Яшчэ я падганяў усё. Зямляк жа.

— Ну, мусіць, гэта ты загібаеш. Каб трусаваты, не далі б.

— Не верыш? Яй-богу, не хлушу. Далі — было за што, гэта праўда. Але тут, браце, болей чорт ці выпадак паспрыяў. Я ж ведаю. На маіх вачах усё было.

— Гэты ці не ў Ясса-Кішынёўскую?

— Ну! Узводны паслаў трох — сяржанта Дзянісава, мяне і гэтага Краўчонка. Лінію зматвалі. Якраз цераз лес дарожка ішла. Лес, скажу табе, спрэс дубовы, мацнецкі лясок. Дубы аж да неба і падлесак ладны. Ідзем. Дзянісаў наперадзе, слаўны такі хлапец, сібірак, малады яшчэ, а геройскі, два ордэны меў, камандзірам быў лінейнага аддзялення. За ім я — кручу на шпульку, а шпулька старая, халера на яе, усё заядае, шасцяронка спрацаваная.

Поделиться:
Популярные книги

Кодекс Крови. Книга Х

Борзых М.
10. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга Х

Имперец. Земли Итреи

Игнатов Михаил Павлович
11. Путь
Фантастика:
героическая фантастика
боевая фантастика
5.25
рейтинг книги
Имперец. Земли Итреи

Газлайтер. Том 6

Володин Григорий
6. История Телепата
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Газлайтер. Том 6

Деспот

Шагаева Наталья
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
5.00
рейтинг книги
Деспот

Мымра!

Фад Диана
1. Мымрики
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Мымра!

Сердце Дракона. Том 11

Клеванский Кирилл Сергеевич
11. Сердце дракона
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
боевая фантастика
6.50
рейтинг книги
Сердце Дракона. Том 11

Крестоносец

Ланцов Михаил Алексеевич
7. Помещик
Фантастика:
героическая фантастика
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Крестоносец

Контракт с подонком

Рам Янка
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Контракт с подонком

Имперский Курьер. Том 3

Бо Вова
3. Запечатанный мир
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Имперский Курьер. Том 3

Законы Рода. Том 11

Андрей Мельник
11. Граф Берестьев
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Законы Рода. Том 11

Мне обещали жениха

Кистяева Марина
3. Однолюбы. Таежный роман
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
5.00
рейтинг книги
Мне обещали жениха

Имя нам Легион. Том 8

Дорничев Дмитрий
8. Меж двух миров
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Имя нам Легион. Том 8

Замуж второй раз, или Ещё посмотрим, кто из нас попал!

Вудворт Франциска
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Замуж второй раз, или Ещё посмотрим, кто из нас попал!

Товарищ "Чума" 5

lanpirot
5. Товарищ "Чума"
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Товарищ Чума 5