Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў
Шрифт:
Падзеі ж разгарнуліся такім чынам.
Батальёнам даручана было выбіць белапалякаў з аднаго сяла. Пачалося наступленне. Некалькім ротам удалося хутка заняць акраіны сяла, агароды, прыгуменні. У гэты час і трапіў Мішка ў прыгоды. Трапіўшы на агароды, ён напароўся на пеўня і, прызнаўшы, відаць, яго за цецерука, кінуўся спрытна лавіць, ганяючыся за пеўнем па ўсіх агародах і ломячы платы. У гэтым сур'ёзным занятку Мішку актыўна дапамагаў Барадаты, хоць ён і лепш ад Мішкі разбіраўся ў пеўнях і не меў у іх якога-небудзь вялікага асабістага інтарэсу. Ну, што для казла певень? Хіба ён смак у ім адчувае? Але як бы там ні было, Барадаты шчыра хацеў падсабіць свайму таварышу злавіць наравістую птушку і старанна бегаў і скакаў за пеўнем, імкнучыся забегчы яму наперад, каб адрэзаць усякія шляхі да адступлення.
Толькі гэтая акалічнасць і адратавала потым Мішку пры далейшым разглядзе яго справы і вызначэнні патрэбнае кары за яго і Барадатага злачынствы. Мішка так і не злавіў пеўня. Той спрытна ўзляцеў перад самым Мішкавым носам і, сеўшы на высокай ігрушы, завёў такое гучнае і непераможнае «ку-ка-рэ-э-ку-у-у-у!», што Мішку засталося толькі аблізвацца ды сарамліва лыпаць вачыма. Барадаты і той прабляяў нешта збянтэжана, а што - разбірайся з яго мовай.
На гэтым і кончыліся б Мішкавы злачынствы, каб, ганяючыся за пеўнем, не натрапіў ён на пасеку. Але, як толькі ўчуў пчаліны дух, страціў Мішка ўсякі розум. Забыўся на ўсе свае ганаровыя абавязкі і, нядоўга думаючы, пачаў драць вулей. Сунуўся быў і казёл у пчаліную справу, але хутка, апанаваны пчоламі, густа пасеўшымі на кудлатую бараду, кінуўся ашалелы з пасекі, не пераводзячы дух, маланкай пранёсся ў батальён, нагнаўшы перапуду і жаху на мірнага Жука.
А на пасецы ўсё стараўся Мішка. Ён і так і гэтак намагаўся ўзарваць невялічкія дзверцы ў пчалінай калодзе, каб прасунуць лапу да мёду. Але дзверцы былі моцна прымайстраваны, і ўсе намаганні Мішкі канчаліся яўнай няўдачай. Мішка злаваўся, біў лапамі па вуллі, грыз зубамі дзверцы - нічога не дапамагала. Пчолы заўзята абаранялі сваё жыллё, сляпілі Мішку вочы, кусалі ноздры, язык, лезлі ў кудлатую поўсць. Пах мёду кружыў Мішку галаву, і ён не думаў адступаць, не паспытаўшы салодкага. І калі ўбачыў, што ўсе яго намаганні ні да чаго не прыводзяць, тады прыйшла яму ў галаву геніяльная думка. І без лішніх разваг ухапіў Мішка аберуч вулей і кінуўся з ім наўцёкі, туды, дзе стаяў яго трэці батальён. Жука і Барадатага як вадой змыла - уцяклі ў кусты ад пчол. Урэшце здаўся і сам Мішка. Апанаваны пчоламі, ён кінуўся бегчы ў рэчку і толькі там пазбавіўся ад іх нападу, крыху ачухаўся ад сваіх злачынных прыгод.
Тут і злавілі чырвонаармейцы Мішку, каб пакараць яго за ўсе злачынствы: і за пеўня і за пчол. Пчаліны вулей, крыху падкурыўшы яго дымам, каб не дужа кусаліся пчолы, аднеслі назад на пасеку і паставілі на месца. А Мішку прыцягнулі да суровага адказу разам з актыўным саўдзельнікам злачынных спраў - Барадатым. Доўга ўшчувалі яны Мішку за ўсе ягоныя правіннасці, якія ўскладняліся яшчэ тым, што Мішка ўцягнуў у злачынства маладога і маласвядомага Барадатага. І парашылі чырвонаармейцы: за ўсе ганебныя ўчынкі пазбавіць Мішку і Барадатага іх артыстычнае годнасці і прагнаць з палка...
Мішка сядзеў ні жывы ні мёртвы і толькі соп, пачосваючы пакусаныя пчоламі месцы. Пыса ў яго ўся распухла ад пчаліных пакусаў. Запухлі вочы і нос, і ўвесь ён быў змізарнелы, разгублены, укачаны ў саломенную пацяруху і рэп'і - нахапаўся, ганяючыся за пеўнем. Барадаты ад страху не ведаў, дзе прылегчы, і ўсё трос барадой, намагаючыся сказаць нейкае слова ў сваё апраўданне, але яно ніяк не выходзіла ў яго. І толькі можна было разабраць аднастайнае, палахлівае:
– Бе-бе-бе-бе...
Жук прыслухоўваўся да справы з філасофскім спакоем: ён заўсёды паважаў закон і парадак.
Паглядзелі чырвонаармейцы на сваіх актораў, пашкадавалі. Як-ніяк Мішка і Барадаты зрабілі свае правіннасці па выключнай сваёй несвядомасці. Гэта - раз. А па-другое, правіннасці гэтыя змякчаліся і тым, што акторы, ганяючыся за пеўнем, здорава напалохалі ворагаў, белапалякаў. І чырвонаармейцы палічылі магчымым пакараць абодвух вінаватых умоўна і пакінуць іх і надалей у палку: «Няхай, моў, выпраўляюцца ды на справе пакажуць стараннасць сваю».
Тут ужо не вытрымаў і Жук. Ён кінуўся з усіх ног да вінаватых, лізнуў аднаго ў распухлы нос, другога ў тытунёвую бараду, і хутка ўсе трое бегалі і скакалі на сваю і агульную радасць. Іх віталі, мякка
– Дык глядзіце ж, чэрці паласатыя, каб болей не падкачалі!
Так закончылася справа з вялікімі Мішкавымі злачынствамі, якія ён так легкадумна зрабіў. І тут жа нашы артысты неадкладна прыступілі да свае справы, да паказу «сусветнай гідры». «Гідра», якую паказваў сам Мішка, мела сапраўды ў гэты дзень такі сумны і смешны выгляд, што ўсе чырвонаармейцы качаліся са смеху. І сапраўды, як было не смяяцца, калі сам Мішка быў так забінтаваны ад пчаліных пакусаў, так перамазаны ёдам, што быў падобны на агароднае пудзіла, якое ставяць ад вераб'ёў. Выгляд меў далёка не ваяцкі.
Але ж справа не ў выглядзе. Справа ў натхненні. А Мішка ў гэты дзень граў з выключным натхненнем, з вялікай шчырасцю і любоўю.
Іначай і быць не магло пасля такіх хвалюючых перажыванняў. Даліся ў знакі Мішку гэты няшчасны певень і пчолы. І доўга потым абыходзіў ён за вярсту тыя месцы, дзе пахла мёдам ці пеўнямі.
Як мы ўжо ведаем, Мішку навучылі быць спецыялістам па пяхотнай справе. Добра ведаў маршыроўку, некалькі нумароў з вінтоўкай: узяць на каравул, на рамень, на плячо, умеў падносіць патроны да кулямётаў. Але на гэтым і канчаліся яго веды. І вось здарылася так, што Мішка ледзь не трапіў у лётчыкі, а пасля зрабіўся нават на некаторы час нядрэнным кавалерыстам.
Усё гэта адбылося так.
Аднае раніцы чырвонаармейцы заўважылі над сабою белапольскі самалёт. Ён лятаў зусім нізка, вось-вось, здаецца, зачэпіць крылом за вершаліны елак і хвой, за саламяныя стрэхі недалёкай вёскі. Відаць было па ўсім, што лётчык нібы нечага шукае або выглядае.
«Відаць, на разведку прыляцеў», - думалі чырвонаармейцы і хаваліся па лесе, па абочынах дарог, каб не быць заўважанымі з самалёта, бо адтуль маглі паляцець і бомбы, як гэта часта здаралася. Але ні бомб, ні кулямётнага агню з самалёта не было чуваць. Паспрабавалі абстраляць самалёт, і той хутка знік дзесьці над ляском, знік і не вяртаўся.
«Няйначай, паляцеў да сваіх», - падумалі чырвонаармейцы і забыліся на самалёт.
У Мішкі ж быў надзвычайны нюх. І павёўшы некалькі раз носам у паветры, Мішка заўважыў нешта для сябе незвычайнае. Хутка падаўся ў напрамку да пахаў, якія даносіліся з лесу. Праз якія дзвесце - трыста крокаў Мішка выйшаў на вялікую паляну, недалёка ад свайго батальёна. І тое, што заўважыў ён там, прымусіла яго насцярожыцца і доўга пазіраць з кустоў, хаваючыся за іх лісцем. На палянцы стаяла машына, якую ніколі Мішка не бачыў поблізу. І каля машыны завіхаўся чалавек у нейкай чужой, незнаёмай для Мішкі форме. Доўга стаяў у кустах наш артыст, але ўрэшце не вытрымаў і наважыўся пазнаёміцца бліжэй і з машынай і з невядомым чалавекам. І паціхеньку, хаваючыся за асобнымі кусцікамі, Мішка падыходзіў бліжэй і бліжэй да машыны, не спускаючы вока з чалавека, які вазіўся з нейкімі бляшанкамі, нешта пераліваў з вядра, узабраўшыся на крыло машыны (гэта быў самалёт). Каб ямчэй працаваць ля матора, чалавек скінуў мундзір і папружку з рэвальверам. Улучыўшы хвіліну, Мішка сцягнуў мундзір і пачаў за хвастом самалёта паціхеньку апранацца ў яго. Як мы ведаем, Мішка нічога не меў супраць мундзіраў: яны не заміналі ў хадзьбе, з імі было зручней у дождж. Ад старога ж генеральскага мундзіра астаўся адзін каўнер ды рукавы. Таму і надумаўся Мішка аднавіць амуніцыю. Папружку з рэвальверам ён адкінуў далёка ўбок, бо не разбіраўся добра ў прызначэнні таго і другога. Чалавек жа так заюшыўся каля матора і так, відаць, спяшаўся, што зусім не заўважыў Мішкавых доследаў і яго прысутнасці. Чалавек папраўляў сапсуты самалёт, вымушаны сесці на нашай тэрыторыі. Мішка ж так асмялеў, што абмацаў добра хвост самалёта, потым смела ўзабраўся на самалёт і ўтульна ўлёгся ў задняй кабінцы. Там ён знайшоў некалькі пачак пячэння і надумаўся трохі падмацаваць свае сілы, бо ніколі не адмаўляўся, калі выпадала зручная хвіліна, перакусіць чаго-небудзь, падкінуць што-небудзь на зуб, як казалі чырвонаармейцы. І толькі гэта Мішка распатрашыў пачку пячэння, як на паляне падняўся такі гвалт, такія крыкі, што Мішка аж прыгнуўся, схаваўшыся з галавой у кабіну.