Пугачоўскі цырульнік
Шрифт:
У Дуброўскай школе
23.05.2010. Пасля царквы Леанід Жыткевіч павёз мяне і Анатоля Блашчытына ў Дуброўскую школу. Нас ужо чакалі дзве настаўніцы, якія правялі экскурсію па кабінетах і школьным музеі. На калідорах і ў класах ціха — у суботу дзеці не вучацца. Гадоў пятнаццаць назад тут было каля 400 вучняў. Дзеці хадзілі не толькі з Дуброў, але і з далёкіх вёсак. Да маіх Пугачоў сем кіламетраў. Мог тут канчаць дзесяцігодку і я, калі б пасля васьмі класаў Пугачоўскай школы не паступіў у Мінскі архітэктурнабудаўнічы тэхнікум. Цяпер у школе 66 вучняў. У свой час у школе працаваў паэт Вячаслаў Міхасёнак, які сябраваў з Уладзімірам Караткевічам і які шмат разоў бываў у Дубровах. Уладзімір Караткевіч з Адамам Мальдзісам бывалі і ў маіх Пугачах — хадзілі ў госці да свайго сябра Паўла Дзюбайлы, які ў нас працаваў настаўнікам. Анатоль Блашчытын загарэўся жаданнем зрабіць адпаведную шыльду і прымацаваць яе на будынак Пугачоўскай школы. Харошая ідэя. Трэба будзе неяк яе ажыццявіць.
Мастачка з Пугачоў
23.05.2010. У маіх Пугачах 3 ліпеня 1928 года нарадзілася мастачка Яўгенія Мікалаеўна Васілеўская. Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, яна паступіла на завочнае аддзяленне Маскоўскага мастацкага ўніверсітэта, дзе вучылася пяць з паловай гадоў. Пасля заканчэння ўніверсітэта 12 гадоў працавала настаўніцай малявання ў Дуброўскай школе. Потым была лабаранткай у калгасе. Выйшаўшы на пенсію, працягвае па сённяшні дзень маляваць. Яе карціны ўпрыгожваюць школу, ёсць у дамах аднавяскоўцаў і ў царкве вёскі Дубровы. Я хацеў пазнаёміцца з мастачкай, але, на жаль, мне сказалі, што яе якраз сёння няма дома…
Дубровенская рымскакаталіцкая парафія
23.05.2010. Упершыню Дуброва ўпамінаецца ў летапісах у 1453 годзе, калі тут Глябовічамі быў фундаваны касцёл. У 1576 годзе на месцы старога касцёла Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка ўзвёў новы касцёл і надзяліў святыню новым фундушам. У 1625 годзе тут знаходзіўся кляштар ордэна бернардзінцаў. У 1670 годзе сур’ёзна пашкоджаны ў час вайны Расіі з Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай (1654—1667 гг.) касцёл адрэстаўравала на свае сродкі Марцыбяліна Глябовіч. У 1770 годзе святыня зноў была адрэстаўравана Матэвушам Марцынкевічам і асвечана пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны і святых апекуноў Мацвея Апостала і Станіслава Біскупа. Драўляны, пабудаваны ў выглядзе крыжа, пакрыты гонтаю касцёл завяршаўся купалам па цэнтры і чатырма вежамі — адной маленькай над вялікім алтаром і трыма большымі над бабінцам (прытворам). Пры касцёле была адкрыта школа для шляхты і мяшчан. У 1787 годзе касцёл згарэў. Ролю святыні часова выконвала шопа з бруса, з крыжамі над крухтай і прэзбітэрыем, з закрыстыяй. У алтары быў змешчаны абраз Найсвяцейшай Марыі Панны з Дзіцяткам на руках. Адам Хмара, тайны саветнік і ваявода мінскі, розных польскіх і расійскіх ордэнаў кавалер, які з 1791 года стаў новым уладаром мястэчка Дуброва, у 1796 годзе заснаваў на месцы раней існуючых драўляных касцёлаў, на пагорку, што дамінуе над мястэчкам, новую мураваную святыню ў стылі класіцызму пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны. У 1805 годзе Храм быў асвечаны. У тым жа годзе Адам Хмара памёр і быў пахаваны, як фундатар, у сутарэннях касцёла. Скляпы святыні сталі радавой пахавальніцай і для ўсіх пакаленняў яго нашчадкаў. Гэта была прыгожая каменная святыня даўжынёй 48,5 аршынаў, шырынёй 33,5 і вышынёй 22 аршыны, пабеленая звонку і ўнутры. У 1842 годзе ў Дубровенскай парафіі налічвалася 2326 каталікоў. Пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў касцёл быў зачынены, а дубровенскія каталікі былі адпісаны да Ракаўскай парафіі. У 1868 годзе касцёл перабудавалі пад праваслаўную царкву. Пасля царскага маніфеста 1905 года аб свабодзе сумлення каталікам дазволілі ў Дуброве ўзвесці драўляную капліцу. За аснову быў узяты будынак, што стаяў за 20 сажняў ад панскага дома Льва Львовіча Ваньковіча. У ім зрабілі алтар, а над уваходам узвялі невялікую вежу са звонам. Капліцу асвяцілі 28 снежня 1906 года. У 1919 годзе будынак святыні вярнулі каталікам. У 1926—1929 гадах ён быў рэстаўраваны і зноў набыў аблічча касцёла. Перад пачаткам Другой сусветнай вайны колькасць парафіян перавышала 2 тысячы чалавек. У чэрвені 1948 года пасля арышту ксяндза Яна Казіміравіча Татарскага (нарадзіўся ў 1890 годзе, працаваў у Дуброве з 25 лістапада 1943 года), касцёл зачынілі, а ў 1949 годзе ён перададзены Дуброўскаму спіртзаводу пад склад і з часам ператварыўся ў руіну. У верасні 1954 года ксёндз Я. Татарскі вярнуўся з турмы, але быць пробашчам касцёла ў Дубровах яму савецкія ўлады забаранілі. Стаў працаваць настаяцелем касцёла ў Ракаве. Па хадайніцтве вернікаў і пры дапамозе ксяндзадэкана Пралата ДаўгіловічаНавіцкага была адроджана Дубровенская парафія і зарэгістравана пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны і Святога Юрыя ў 1995 годзе. З восені таго ж года пачалі адбывацца богаслужэнні ў каплічцы, пад якую прыстасавана частка дома былой плябані. Душапастырства ў парафіі выконваецца святаром Красненскага касцёла. Дзесяць год пачэсна выконваў гэтую місію ксёндз Пётр Пятрога. З восені 2005 года гэтыя абавязкі даручаны ксяндзу Андрэю Яркаўцу. Пра ўсё гэта я даведаўся ў музеі Дуброўскай школы. Сцены касцёла і сёння стаяць на ўзгорку, як напамін пра тое, што яшчэ не ўсё страчана…
Бібліятэка на вуліцы Каліноўскага
23.05.2010. Дуброўская бібліятэка знаходзіцца на вуліцы Кастуся Каліноўскага. І тое, што ёсць такая вуліца ў вёсцы —
У бібліятэцы мяне і маіх сваякоў Леаніда і Анатоля чакалі і сустрэлі вельмі ветліва. Жанчыны адразу паскардзіліся, што кніжак у іх толькі шэсць тысяч. Тут жа ўспомнілася хатняя бібліятэка Янкі Сіпакова, у якой 10 тысяч тамоў. На стэндзе выстаўлены кнігі па гісторыі Беларусі. Сярод іх — маленькая танюсенькая кніжачка вершаў Вячаслава Міхасёнка. На самым бачным месцы «Дадзеныя ўзросту вёсак на 2010 год»: «Дубровы — 557 г., Еленка — 219 г., Бортнікі — 363 г., Навасёлкі — 219 г., Гойжава — 307 г., Кайцені — 259 г., Пазнякі — 210 г.». Думаю, што і маім Пугачам недзе пад 300 гадоў, а мо і болей. «А колькі кіламетраў ад вас да Еленкі?» — пацікавіўся я. «Кіламетры тры»,— адказала бібліятэкарша і тут жа дадала: «Я ведаю, што там нарадзілася ваша аднакласніца Зоя Шымель, пра якую вы ўзгадваеце ў сваіх творах пра каханне». «Так. А ці не ведаеце вы, дзе цяпер Зоя?» — запытаўся я. «Не ведаю. Але я распытаюся ў свайго сваяка, які жыве ў Еленцы»,— абяцала жанчына і прапанавала папіць гарбаты. Мы ветліва адмовіліся. І толькі пераступілі нагой за парог, як нас перастрэў на ровары загарэлы мужчына. Гэта спецыяльна прыехаў, каб пазнаёміцца са мной, аднакласнік Анатоля і Леаніда Косця Лёля, які да пенсіі быў адным з мясцовых начальнікаў…
Міліцыянер і шкілет
23.05.2010. У Дубровах жыве былы міліцыянер. Выйшаўшы на пенсію, ён пачаў запіваць. І, відаць, зусім адпіўшы мазгі, бо нармальны чалавек не будзе трывожыць памерлых, ён раскапаў сутарэнні касцёла, дзе былі пахаваны былы ўладар Дуброў Адам Хмара і яго нашчадкі. Знайшоўшы чалавечы шкілет, былы міліцыянер прынёс яго дамоў і паставіў сярод хаты. Вечарам вярнулася з працы жонка і, убачыўшы шкілет, так перапалохалася, што перастала гаварыць…
Хмарышкі
23.05.2010. Каля маіх Пугачоў ёсць мясціна, якая і па сённяшні дзень называецца Хмарышкі. Раней там быў маёнтак, дзе жыў пан Хмара. Яшчэ гадоў трыццаць назад там быў сад і зарослыя травой фундаменты вялікіх будынкаў. Па сённяшні дзень захавалася возера, у якім водзіцца рыба. І, відаць, гэты наш пан быў адным з нашчадкаў Адама Хмары, які ў Дубровах больш двухсот гадоў назад збудаваў касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны.
Польскія кашары
23.05.2010. У канцы ліпеня 1919 года Дубровы апынуліся пад панскай Польшчай. Потым палякі адступілі, і Дубровы былі заняты Чырвонай арміяй, але ненадоўга, і паводле Рыжскай дамовы ад 18 сакавіка 1921 года па 1939 год Дубровы сталі прыгранічным мястэчкам. У той час недалёка ад цэнтра вёскі Дубровы па правым баку дарогі ДубровыГарадок, на ўзгорку, дзе цяпер хаты Соф’і Салавей і Івана Салаўя, стаялі кашары. Так называлася польская пагранічная застава. Мяжа праходзіла паміж вёскамі Уша і Туркаўшчына, за 4 кіламетры ад Дуброў. У кашарах былі казарма, канюшня, лазня, сталоўка, скляпы і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Каб пракарміцца, салдаты для сябе гадавалі свіней і кароў. Пабудовы стаялі на моцных фундаментах. Некалькі фундаментаў захавалася да нашага часу, бо калі з хутароў пачалі ссяляць гаспадароў у вёску, то хутаране пабудавалі свае дамы на іх, а так усё было разбурана і знішчана...
Глафіра
23.05.2010. Пасля наведвання Дуброўскай бібліятэкі, Леанід Жыткевіч завёз мяне з Анатолем Блашчытыным да сябе ў Навасёлкі паабедаць. Нас сустрэла ветлівая гаспадыня, якая прадставілася «Глафіра», а я ці то ад стомы, ці проста недачуў, падпісваючы кніжкі, напісаў: «Шаноўным Леаніду і Графіні…» Праўда, тут жа паправіўся, а хаця б і мог пакінуць, як напісаў, бо Глафіра, сапраўды, крыху падобная да графіні…
Крыніца
23.05.2010. Ідучы па Навасёлкаўскай вуліцы да старых уніяцкіх могілак, я звярнуў увагу, што каля плота адной хаты месціцца невялічкая ўтравелая балаціна, ад якой прама па вуліцы метраў сто цячэ вада, а потым па пракапанай канавіне сцякае праз поле да рачулкі. Падумалася, што гэтая вада з прарванай водаправоднай трубы, да якой нікому няма справы, але Леанід Жыткевіч, нібы здагадаўшыся, пра што я думаю, сказаў: «Гэта крыніца. Яна цячэ круглы год…»
* * *
23.05.2010. Ад Навасёлкаўскіх уніяцкіх могілак застаўся зарослы кустамі пагорак. Праўда, месцамі з зямлі віднеюцца каля дзесяці помнікаў, па якіх можна даведацца, што яшчэ ў 1926 годзе тут хавалі людзей. І пра тое, што тут, на пагорку, могілкі нагадваюць касачы і кусты шыпшыны. Словам, яшчэ не прайшло і дзевяноста гадоў, а ўжо толькі такія дзівакі, як я са сваімі сваякамі Леанідам і Анатолем, якім дорага наша мінулае, прыходзяць да магіл нашых продкаў. Вяртаючыся назад у вёску, я выказаў меркаванне, што яшчэ пройдзе гадоў пяцьдзясят, а то і меней, як з пагорка пачнуць браць пясок для будоўляў і ніхто не спыніцца, натрапіўшы на чалавечыя чарапы і косці. Леанід і Анатоль не сталі мне пярэчыць…