Пугачоўскі цырульнік
Шрифт:
Прыязджаючы ў Пугачы
28.11.2010. Пасля школы, прыязджаючы ў вёску, калі не было спраў каля хаты, заўсёды бадзяўся па палях і глядзеў, дзе што змянілася і што засталося, як было. Мама напачатку злавалася: «Не цягайся ты па палях! Людзі будуць смяяцца!», а потым яна перастала мяне вучыць, як трэба сябе паводзіць у роднай вёсцы. А я хадзіў па палях і адзін, і з братам Вовам, і са сваёй Людмілай, і дзецьмі, і заўсёды, вярнуўшыся дамоў, адчуваў сябе хоць і стомленым, але задаволеным, нібыта, ходзячы за вёскай, шукаў і знаходзіў сябе самога…
Фільм «Ушедшие»
28.11.2010. Учора з Людмілай глядзеў харошы японскі фільм «Ушедшие», дзе стары, які спальвае памерлых, сказаў: «Смерць — гэта вароты ў іншы свет…» Праўда, нічога ў гэтых словах новага няма, але…
Канчаецца
28.11.2010. Канчаецца год… І чорныя дрэвы за маім акном, як уздубыраныя галавешкі на вялікім вогнішчы нашага жыцця…
* * *
28.11.2010. На вуліцы цёмна. Жоўтыя квадраты акон, як соты, напоўненыя мёдам жыцця…
Бэла Ахмадуліна
1.12.2010. У час вучобы ў Літінстытуце некалькі разоў слухаў Бэлу Ахмадуліну на паэтычных вечарынах у ЦДЛе. Яна чытала творы, як спявала…
Натхненне і шэсць пальцаў
2.12.2010. Мастачка прынесла афармленне казак. Гляджу яго разам са сваімі супрацоўнікамі. Усе хваляць. Малюнкі сапраўды цудоўныя. І раптам бачу ў аднаго казачнага героя на руцэ шэсць пальцаў. Хачу запытацца: «Гэта памылка ці так па тэксце?», але маўчу, бо няёмка прызнацца, што казак, якія будуць у новай кніжцы, пакуль што не чытаў. І ўсё ж праз пару хвілін цікаўлюся ў прысутных: «Што намалявана не правільна?» Усе глядзяць і маўчаць. І тады кажу: «Ці бываюць людзі з шасцю пальцамі?» І чую ў адказ: «Бываюць».— «А тут намалявана правільна ці не?» — пытаюся далей. «Няправільна!» — ускрыквае мастачка, якая, калі малявала, так захапілася працай, што забылася, колькі ў людзей на руках пальцаў…
* * *
3.12.2010. Снежная роўнядзь, на якой адзінокі куст з неапалым чырвонажоўтым лісцем, нібыта падпалены вялікі аркуш паперы…
Дома
3.12.2010. Дома халаднавата. На вуліцы марозна. На працы холадна. І ўсё ж дома добра. Дома мама…
У школу…
3.12.2010. Збіраюся ў школу на бацькоўскі сход, нібыта збіраюся ісці ўпершыню ў рэстаран. Бяру паболей грошай і думаю: «Хаця б хапіла…»
* * *
4.12.2010. Пасля начнога снегападу ў скверы на ўсіх дрэвах на ствалах і галінах прымерзлы снег. І ўсе дрэвы, як бярозы…
Сны пра Літінстытут
4.12.2010. Вельмі часта мне сняцца сны, у якіх збіраюся ехаць у Маскву на вучобу ў Літінстытут. Часам прыязджаю і хаджу па Маскве, не могучы знайсці будынак, дзе вучуся. Часам засяляюся ў інтэрнат і не хаджу з усімі на заняткі, бо чакаю, пакуль прыедзе з Мінска мая Людміла. Часам еду ў метро і не магу выйсці з цягніка. Словам, сняцца нейкія праблемы, якіх у мяне падчас вучобы і блізка не было. І ўсё бачыцца ў сне і перажываецца, як і ў жыцці. І прачнуўшыся, шкадую, што сон перарваўся на самым цікавым месцы…
Белы кот і снег
4.12.2010. З пад’езда выйшаў белы кот. Пастаяўшы нейкую хвіліну на ганку і паглядзеўшы на сумёт на лаўцы, на якой яшчэ тыдзень назад любіў падрамаць пад восеньскім сонцам, жаласна мяўкнуў і, задзёршы трубой хвост, пабег назад у пад’езд…
* * *
5.12.2010. Машыны ў двары засыпаныя снегам, як кучы смецця…
* * *
5.12.2010. Нягледзячы на мароз, нейкі мужык ужо цэлую гадзіну швэндае ў двары пад маімі вокнамі з дзіцячай каляскай. На маім месцы некаторыя ўжо б заявілі, што за імі сочаць…
* * *
6.12.2010. Ноч была доўгая і марозная. І за ноч у двары ўсе дрэвы і машыны пакрыліся шэранню, нібыта абраслі белым мохам…
Звязаны Сыс
7.12.2010. Ганна Кандрацюк з Беластоку перадала новую кніжку «Дзядоўскае турнэ з Анатолем С.», у якой апісвае вандроўку з Мірай Лукша на радзіму Анатоля Сыса ў вёску Гарошкаў. Атрымаўшы кніжку, пачаў адразу чытаць. На старонцы 52 спыніўся і перачытаў вось гэтыя радкі некалькі разоў: «У момант, калі намерыліся апускаць дамавіну ў дол, пачуўся жаночы плач: «Яго там няма ўсярэдзіне!» — загаласіла сястра. І, наспуперак грамадзе, заўпарцілася, каб адкрыць труну. Публіка ўскалыхнулася, людзі крычалі, адмаўлялі. Цела даставілі ў Гарошкаў 10 траўня ў шчыльна зашрубаванай труне. Ды сама Валянціна не магла сумнявацца ў смерці Анатоля. Труп брата яна пабачыла ў яго мінскай кватэры, праз два дні пасля ягонай смерці (4 траўня 2005 г.). Раней яна была вымушана прыехаць з Брэста,
* * *
8.12.2010. Бог любіць дзяцей, дурняў і п’яніц. Я не дзіця і не п’яніца. Даводзіцца быць дурнем…
Антон Янушкевіч
11.12.2010. Патэлефанаваў Анатоль Блашчытын і паведаміў, што ўчора вечарам недзе ў гадзін дзесяць загарэлася хата Антона Янушкевіча, у якой загінуў сам гаспадар. Антон быў маім траюрадным братам. Калі я пайшоў у другі клас, Антон вярнуўся з войска. У той жа дзень я пабег да яго ў госці і ён мне падарыў сваю вайсковую шапку і некалькі значкоў, якімі я потым доўга хваліўся перад сябрамі. Антон у школе выкладаў нямецкую мову і батаніку. Часам ён сваіх вучняў вадзіў дамоў, каб паглядзець па тэлевізары фільмы пра прыроду. І калі Антон даведаўся, што я, васьмікласнік, пішу вершы, запрасіў мяне да сябе ў госці і чытаў Уладзіміра Караткевіча, гаворачы: «Вось, браток, так трэба пісаць!» І ўсё ў нас было пабрацку, пароднаму. Потым, калі ўжо ў мяне выйшла некалькі кніжак і я вярнуўся з Літінстытута, Антон пачаў звяртацца да мяне на «вы» і мае ўсе просьбы, каб ён так болей не казаў, не дзейнічалі на яго. Нейкі час у Пугачоўскай школе Антон працаваў дырэктарам. І ўсё жыццё цікавіўся і любіў беларускую літаратуру. Антону Янушкевічу было 62 гады…
Настаўнік Антон Янушкевіч
12.12.2010. На ўроках батанікі Антона Янушкевіча было цікава. Ад яго школьнікі даведваліся не толькі як размнажаюцца інфузорыі, але і людзі. Настаўнікам Антон Мікалаевіч быў строгім, а пасля ўрокаў мог гуляць з дзецьмі ў футбол і даваць прыпаліць хлопцам цыгарэту. Памятаю, калі я закончыў школу і пачаў друкавацца ў газетах, Антон неяк паклікаў мяне да сябе, каб пачаставаць самаробным віном і паслухаць мае новыя творы. Тады ж ён зачапіўся за слова «вятрыска» ў маіх вершах і параіў мне яго радзей ужываць, бо «вятрыска» — гэта ласкавы вецер, а вецер у нас ласкавым бывае рэдка. Мы сядзелі доўга. Успаміналі сваіх сваякоў. І тады ж мне Антон паказаў, як пішацца паанглійску Шніп, разгарнуўшы замежны часопіс, у якім была публікацыя нашага брата Шуркі, які працаваў у Акадэміі навук. Антон верыў, што ёсць жыццё на іншых планетах. Папярэджваў мяне, што старая Руткевічыха — баптыстка і з ёй не трэба вадзіцца. Многія ў вёсцы Антона лічылі дзіваком, бо ён, як і я, мог адзін бадзяцца па палях і лясах, нібыта шукаючы ўчарашні дзень. Сёння Антона Янушкевіча пахавалі ў Дубровах, дзе спачываюць яго вучні, продкі і сын…
Антон Янушкевіч і мялкашка
12.12.2010. У восьмым класе вясной Антон Янушкевіч вучыў нас страляць з мялкашкі. Сярод маіх аднакласнікаў трапнасцю вылучыўся Сашка Балотнік. Астатнія стралялі кепска. Пакінуўшы стрэльбішча, Сашка прапанаваў Антону Мікалаевічу, паказваючы далёка на варону, што сядзела на дрэве: «Давайце паспрачаемся, што я траплю ў варону, а вы не!» Антон Мікалаевіч, доўга не думаючы, даў Сашку стрэліць. Варона на дрэве не варухнулася. І тады стрэліў Антон Мікалаевіч. І варона ўпала. На пытанне настаўніка, які паказаў на галубоў, што сядзелі на страсе зернясклада: «Хто яшчэ хоча пастраляць?», ніхто не адгукнуўся. А Сашку болей страляць Антон Мікалаевіч не даў…