Пугачоўскі цырульнік
Шрифт:
Янушкевічы і Брыль
12.12.2010. Родная сястра Антона Янушкевіча Ліда замужам за адным з пляменнікаў Янкі Брыля. Цяпер яны жывуць у Польшчы. Неяк сам Іван Антонавіч, прыйшоўшы ў «ЛіМ», калі я там працаваў, распытваўся ў мяне пра Ліду з Антонам і пра ўсіх нашых сваякоў. Пагаварылі, як сваякі…
Гейф
12.12.2010. На другім курсе Мінскага архітэктурнабудаўнічага тэхнікума я жыў у інтэрнаце, што на вуліцы Змітрака Бядулі. У пакоі было чатыры чалавекі: мае аднакурснікі Сашка Старавойтаў, Коля Мігай і студэнт з Егіпта Гейф. Усё было добра, але неяк вечарам, калі Гейф яшчэ недзе бадзяўся па горадзе, да нас у пакой зайшлі старшакурснікі і пачалі збіраць грошы на выпіўку. Назбіралі па рублю з кожнага. Я спачатку не даваў, дык мне старшакурснікі падбілі вока.
Янушкевіч і Новы год
13.12.2010. Хутка Новы год. Антон Янушкевіч у Пугачоўскай школе, калі я там вучыўся, заўсёды на гэтае свята быў Дзедам Марозам. І яно праходзіла весела, шумна і надоўга запаміналася. У пачатковых класах я не пазнаваў пераапранутага сваяка і верыў, што да нас у школу прыехаў на кані, запрэжаным у сані, сапраўдны Дзед Мароз. І сёння раптам падумалася, што Антон Мікалаевіч пайшоў у той свет таму, што там ужо сабралася шмат яго вучняў, якім захацелася весела сустрэць Новы год…
Янушкевіч і вяселле
14.12.2010. Калі мая сястра Валя выходзіла замуж, а вяселле было ў вёсцы, сабралася шмат народу. У большасці нашы сваякі — людзі спакойныя і не «гунуровыя». Хапала ўсім і выпіць, і закусіць. На другі дзень вяселля, калі ўсе прытаміліся сядзець за сталамі і танцаваць, было вырашана прайсціся з маладымі па вёсцы і пафатаграфавацца. І, як толькі пафатаграфаваліся, Антон Янушкевіч запрасіў усіх да сябе, каб паказаць сваю новую хату. І толькі мы выйшлі на вуліцу, як Антон закрычаў: «Вясееелле! Вясеееелле!» І потым усю дарогу туды і назад ён не маўчаў. І цяпер я нічога не магу ўспомніць, пра што два дні гаварыў са сваімі сваякамі, але і праз дваццаць пяць гадоў чую даўні крык Антона Янушкевіча: «Вясеееелле!»
Мае продкі
14.12.2010. Перабіраючы старыя паперы, знайшоў сшытак з запісам успамінаў майго бацькі пра нашых прадзедаў і прабабак: «У мяне была прабабка Аленка. Яна жыла ў Бакштах. Пражыла больш, чым 140 гадоў. Яе французы ў 1812 годзе душылі, але яна ўцякла. Дачка яе Магдуля — гэта маёй маткі Параскі (27.06.1909—24.06.1992) матка. Калі я адыходзіў у вой ска Магдуля ляжала, хварэла. Калі я год праслужыў, а служыў я спачатку ў Новасібірску (1951—1954 гады) пры кацюшы, яна памерла. Магдуля была Бабровіч. Відаць, і Аленка была Бабровіч. Аленка пахавана ў Пажарышчах. Калі я быў малым (нарадзіўся бацька ў 1931 годзе), Аленка ўсё на печы ляжала. У дзеда Андрэя прозвішча было Сарока. Пахаваны ў Дубровах на старых могілках бліжэй да капліцы. Прабабка Аленка помніла французаў, калі яны душылі людзей лавай. Усіх задушылі, а яна ўцякла. Ёй тады было 10 гадоў. Так расказваў дзед Андрэй, які памёр у 1951 годзе. Прабабка памерла ў 1942 годзе. Яна ўсё жыццё бачыла добра. Я яе памятаю. Магдуля пахавана ў Дубровах. Яна пражыла больш, чым сто гадоў. Аленка расказвала, што французы надта спявалі ў Пугачах, а потым мерзлі ў каноплях. Рабінка расла каля дарогі, каля яе былі і пахаваны французы. У Магдулі былі дзве каровы, конь, авечкі. Каля Ракава жыў пан Здзяхоўскі, і да яго з Пугачоў людзі хадзілі ў заработкі. Быў пан Гурскі. А ў Пугачах быў пан Мароз. Маёнтак стаяў у Хмарышках. Мароз іграў у Варшаве на музычных інструментах. Гурскі быў у Бакачах. Хапала жабракоў, якія сядзелі пад цэрквамі. Лягезы — гэта футар. Палякі выганялі людзей на футары. А Саветы гналі ў вёскі. Твайго дзеда Юзі маці звалі Крыстынка. Яна вучыла дзяцей. У дзеда было 8 гектараў зямлі. У Аляхновічах жывуць мае траюрадныя браты — Федаровічы Віця, Янка і Валодзя. Янка рабіў на цягніку качагарам….» А далей я нічога не запісаў. Трэба неяк у бацькі распытаць паболей, пакуль ён памятае…
Вылічылі ананімшчыка
15.12.2010. Сёння з «ЛіМа» да мяне ў выдавецтва прыходзіў Віктар Гардзей з лістамі ад ананімшчыка, які ўжо некалькі месяцаў кожны тыдзень пасля выхаду штотыднёвіка дасылае ў рэдакцыю спісаную заўвагамі і размаляваную рознакаляровымі фламастарамі старонку газеты з вершамі. Выдавецтва было б ні пры чым, калі б на канверце адваротны адрас быў іншы, а не наш. Віктар прыйшоў да мяне, бо ананім пазначыў нумар майго кабінета, дзе нібыта ён і сядзіць. Пачалі разбірацца, перабіраць рукапісы
* * *
15.12.2010. Усё замецена. І я іду па рыпучым снезе, як па рыпучых дошках у вялікім белым палацы апошняга беларускага князя Зімы…
Упала сняжынка…
16.12.2010. Упала сняжынка. А за ёй другая, трэцяя, чацвёртая… А снежнай лавіны ўсё няма і няма. Чаму? А таму, што ў нас гор няма…
Бацька і агонь
16.12.2010. Зімой кожны вечар бацька паліў печку. Напачатку выносіў з яе ранейшы попел, а вяртаючыся ў хату браў ахапак дроў і вядро брыкету. А потым, стаўшы на калені перад печкай, распальваў газетамі паленцы. Часам, калі дровы былі сырыя і не хацелі гарэць, абліваў іх газай. Нярэдка, пакуль агонь разгараўся, у хату з печкі ішоў дым. Мы, дзеці, стараліся не перашкаджаць бацьку. І ён, моўчкі распаліўшы дровы, садзіўся на свой ложак каля печкі і, зачыніўшы ў ёй дзверцы, закурваў цыгарэту. А праз хвілін дзесяць у печцы агонь аж гудзеў. Потым бацька адчыняў у печцы дзверцы, каб цяпло пайшло ў пакой, і я з братам і сястрой, стаўшы на калені перад печкай, глядзелі, прыжмурыўшыся, на агонь, як на сонца…
Пра кніжнікаў і кнігі
18.12.2010. Атрымаў з Маладзечна ад Міхася Казлоўскага ягоную новую кнігу «Пра кніжнікаў і кнігі», якая ўпершыню ў гісторыі Беларусі прысвечана пытанням айчыннага бібліяфільства. У анатацыі напісана: «На яе старонках распавядаецца пра дзейнасць Беларускага таварыства бібліяфілаў, якое існавала на тэрыторыі Савецкай Беларусі ў другой палове 20х гадоў ХХ стагоддзя, згадваюцца імёны і кнігі забытых пісьменнікаў, даецца характарыстыка бібліятэкам і бібліяфілам мінулага. Не засталіся паза аўтарскай увагай і такія цікавыя і маладаследаваныя тэмы, як гісторыя беларускага экслібрыса, перыядычнага друку, прасочваюцца лёсы мастакоўафарміцеляў, архіваў, музеяў, аўтографаў, вывучаюцца малафарматныя і мініяцюрныя выданні. Асобная, часта невядомая старонка чалавечых узаемадачыненняў раскрываецца ў багатай эпісталярнай спадчыне вядомых пісьменнікаў і дзеячаў нацыянальнай культуры». Кніжка выйшла ў «Кнігазборы» накладам, на жаль, у 100 асобнікаў. Магло быць і болей, але ніхто фінансава не паспрыяў Міхасю…
Зусім сумна…
28.12.2010. Другі тыдзень дома, як у лазарэце. Гэтай ноччу ў Веранікі была высокая тэмпература. Амаль ніхто не спаў. Сярод ночы аднекуль самі прыйшлі радкі:
Калі забіваюць паэта, Паэт не спыняецца жыць, Бо права ён мае на гэта Не менш, чым Хрыстос на крыжы. І вершы яго, як малітвы, Трапляючы ў нашую кроў, Вяртаюць да нас забітых, Нібыта здымаюць з крыжоў…Ранкам зазірнуў у інтэрнэт. Загінула Таццяна Сапач…
2011
Бадлер і Цяслёнак
12.01.2011. Працягваю купляць альбомную серыю «Великие художники». Учора займеў Анры Маціса. У тэксце пра мастака напаткаў чутае ад старога, у якога я кватараваў у 80я гады:
Голубка моя,
Умчимся в края,
Где все, как и ты, совершенство,
И будем мы там
Делить пополам
И жизнь, и любовь, и блаженство…
Толькі цяпер даведаўся, што гэты верш напісаны Шарлем Бадлерам і перакладзены Дзмітрыем Меражкоўскім. А колькі яшчэ цудоўных вершаў, якіх не было ў тагачасных кніжках, я пачуў ад старога! Словам, не проста дзіваком, як здавалася мне тады, жыў Мацвей Сцяпанавіч Цяслёнак, які пасля вайны быў арыштаваны і сасланы ў Сібір на залатыя прыіскі…