Шрифт:
Генрык Сянкевіч
Quo Vadis
Раман
Henryk Sienkiewicz
Quo Vadis
Пераклад з польскай мовы ксяндза Пятра Татарыновіча
La Parrocchia dei santi Protomartiri Romani in Roma `e lieta di poter collaborare con il Comitato editoriale «SAFIJA» della Parrocchia Greco-Cattolica di Polack, all’edizione in lingua bielorussa del libro «Quo vadis».
Che questo libro di grande portata culturale, il quale presenta una testimonianza indelebile del martirio dei primi cristiani, possa servire da invito per tutti і cristiani e per tutti gli uomini di buona volontа in Bielorussia, per rivalorizzare la testimonianza perenne di tutti і martiri bielorussi degli ultimi decenni.
Il nostro augurio `e che questa edizione in cirillico della traduzione fatta a Roma, giunga alle mani dei lettori in Patria e contribuisca al rafforzamento della lingua e della cultura bielorussa.
Парафія святых Рымскіх Першапакутнікаў у Рыме разам з выдавецтвам «САФІЯ» Грэка-Каталіцкай Парафіі ў Полацку з радасцю супрацоўнічае ў выданні кнігі «Quo vadis» па-беларуску.
Спадзяемся, што гэтая каштоўная ў плане культуры кніга, якая прыносіць сведчанне пакутніцтва першых хрысціянаў, зможа заахвоціць усіх вернікаў і ўсіх людзей добрай волі ў Беларусі асэнсаваць каштоўнасць сведчання ўсіх беларускіх пакутнікаў апошніх дзесяцігоддзяў.
Нам хацелася б, каб гэтае кірылічнае выданне перакладу, зробленага ў Рыме, трапіла ў рукі чытачоў на Бацькаўшчыне ды спрычынілася да ўмацавання беларускай мовы ды культуры.
ББК 84 (4 Пол) С 99 УДК 884
Г. Сянкевіч
Quo Vadis
Пераклад з польскай мовы ксяндза П. Татарыновіча Прадмова, каментары, транслітарацыя лацінічнага тэксту ў кірылічны і рэдагаванне Вітаўта Мартыненкі Публікацыя падрыхтаваная паводле выдання: Henryk Siаnkievic «Quo Vadis» выдавецтва «'Znic»
Рым, 1956 — 476
Ініцыятар выдання Вітаўт Мартыненка сардэчна дзякуе грамадскім структурам «БМАgroup» (Віталь Супрановіч), «Дыярыюш» (Ларыса Андросік) за прад’юсарскую апеку і тэхнічную падтрымку гэтай працы, дзякуючы якім праз дзесяцігоддзе блуканняў па выдавецкіх структурах Беларусі яна нарэшце выходзіць у свет.
Адмысловая падзяка выдавецтву «Сафія» з Полацку ды Парафіі святых Рымскіх Першапакутнікаў у Рыме, без дапамогі якіх гэтая кніга не змагла б пабачыць свет.
СВОЙ СЯРОД ЧУЖЫХ
Рым. Амаль 50 гадоў таму выдавецтва «Зніч», заснаванае ў Вечным горадзе беларускімі эмігрантамі, выдае грунтоўную творчую працу ксяндза Пятра Татарыновіча — беларускі пераклад аднаго з найпапулярнейшых раманаў Г. Сянкевіча «Quo Vadis». Працу, якою сын Палескіх пушчаў хацеў дасягнуць замірэння сваіх думак аб радзіме з адчуваннямі жыцця эмігранта, «свайго сярод чужых»… Чаму менавіта «Quo Vadis»?
Бадай, гістарычны раман аб кароткім перыядзе прадчування развалу вялікай Рымскай імперыі — гэта раман не толькі з рымскай гісторыі; гістарычны раман аб першых кроках нікім не прызнаваных «нефармальных суполак» хрысціян — гэта раман не толькі з гісторыі хрысціянства.
Ініцыятары першага беларускага (Рым, 1956) выдання невыпадкова зазначылі ў рэдакцыйнай прадмове: «Чаму спаміж гэтулькі іншых пякучых літаратурных неабходнасцяў мы выбралі іменна гэтую? Шмат злажылася на гэта матываў ды імператываў, але ўспомнім толькі аб найгалаўнейшым, аб той удараючай аналагічнасці, а праз тое й актуальнасці ды павучальнасці ейнай узрушлівай эпізодыкі да сянняшніх, у многім так падобных, падзеяў».
Пільнае сэрца адчуе, што павучальнасць гэтай эпізодыкі ў нашыя дні не толькі не аслабела, але выявілася яшчэ больш выразна. А тое, што над беларускім перакладам рамана працаваў каталіцкі святар — Пётр Татарыновіч, пакінула і пэўны гістарычны адбітак. Узяць хоць бы факт, што беларускае рымскае выданне гэтага свецкага твору — адно з нешматлікіх у свеце, выпушчаных пад афіцыйным грыфам «З дазволу Духоўных Уладаў», што робіць кнігу ў пэўным сэнсе больш важкім аргументам для тых, хто шукае разумення хрысціянскае маралі. І разам з тым беларускі пераклад нічым не абмежаваны ў параўнанні з іншымі вядомымі тэкстамі гэтага выдатнага твора мастацкай літаратуры, і перш за ўсё ў параўнанні з арыгіналам.
Адным словам, прэлат Пётр Татарыновіч зрабіў цудоўны падарунак усім беларусам — і католікам, і праваслаўным, і атэістам… — данёсшы да іх твор сусветнай класікі на роднай мове. Ды вось бяда — амаль 50 гадоў доступ да плёну гэтай творчай працы мелі ўсе беларусы, акрамя тых, што жылі ў самой Беларусі: раскіданая па свеце беларуская дыяспара ў Італіі і Нямеччыне, Вялікабрытаніі і Бельгіі, Аргентыне і Аўстраліі… добра і даўно ведае гэты зграбны белы томік з аскетычнай двухколернай аздобай, у якую ўключана выява старажытных румовішчаў. Паспелі ўжо скончыцца й спрэчкі вакол вартасцяў ды недахопаў беларускага перакладу. Але тут такая знакамітая праца дагэтуль была невядомая зусім.
Мне асабіста давялося пазнаёміцца з кнігай у 1990 годзе, калі творчыя сцяжынкі завялі мяне ў далёкую Канаду. Больш таго, таронцкі беларускі пісьменнік Кастусь Акула прэзентаваў мне сапраўдны рарытэт — томік з аўтографам самога перакладчыка. Ягонай рукою на пажоўклай ад часу паперы фронтыспіса накрэслена: «Вельмі паважанаму і дарагому спадару Кастусю Акулу на адудзячную памятку. П. Татарыновіч».
Кастусь Акула казаў тады: «Жыццё не вечнае, таму не хачу, каб гэты рэлікт прапаў разам са мною. У вас, ёсць надзея, ужо не прападзе».
Так, ужо не прападзе. А былі ж часіны, калі падобныя кнігі пільна вылоўліваліся сеткамі мытных цэрбераў савецкай сістэмы. Зразумела, табу было накладзена не на сусветную класіку, а на працу, зробленую беларускімі эмігрантамі, якая яўна замінала правядзенню савецкай так званай «інтэрнацыянальнай» палітыкі. Дый самі асобы эмігранцкіх дзеячаў былі ахутаны злавеснай сеткай плётак і домыслаў.
А што ж у сапраўднасці?
Звестак пра ксяндза П. Татарыновіча да нас дайшло няшмат (нарадзіўся ў 1896 годзе ў вёсцы Гайнін на гераічнай Случчыне, у 1919 годзе высвячаны на святара лацінскага абраду, на мяжы 40 — 50-х гадоў плённа дзейнічае ў Рыме на ніве стварэння беларускай праграмы «Радыё Ватыкан», у 60-х гадох пад псеўданімам В. Карасевіч з’яўляюцца ягоныя гістарычныя артыкулы ў чыкагскім навуковым беларускім часопісе ‘’Litva’’, памёр у Рыме ў 1978 годзе), але ўсе яны сведчаць аб палымяным патрыёце, галоўная думка якога была пра Беларусь. Ці не пераканаўчае сведчанне памкненняў шчырага сэрца — і беларускі пераклад гэтага сусветнавядомага раману.
Трэба сказаць, што праца ксяндза П. Татарыновіча выйшла ў свет крыху незвычайна — па-беларуску, але не кірылічным шрыфтам, а лацінічным.
Незвычайна для нас, але звычайна для тых, хто выхоўваўся на двухварыянтнай «Нашай ніве», хто чытаў выдаваныя і кірылічным, і лацінічным шрыфтам творы Ф. Багушэвіча, Я. Коласа… І беларускі «Quo Vadis» выйшаў лацінкай не таму, што ў Рыме не знайшлося кірылічнай друкарні (там нават у свой час выдаваўся кірыліцай часопіс «Хрысціянскія навіны»), а таму, што так апрацаваў кнігу перакладчык, якому лацінка была бліжэйшая. Пётр Татарыновіч і свой пераклад «Бібліі» ды нават згаданы вышэй аўтограф пісаў лацінкаю.
Каб прапанаваць працу ксяндза П. Татарыновіча айчыннаму масаваму чытачу, давялося ўсё ж зрабіць транслітарацыю тэкста. У выніку сучаснай моўнай палітыкі лацінка істотна была адсунута ад масавага чытача, таму падобныя ранейшыя выданні захоўваюцца цяпер хіба як адметы часу і, мабыць, са спадзевай, што інтэлект адукаванага беларуса калі-небудзь вернецца да свабоднага валодання абодвума варыянтамі графічнага афармлення нашае мовы.
Трэба хіба зазначыць, што транслітарацыя рабілася без інтэрвенцыі ў стылістычную стыхію перакладчыка. Адно, што адчула змены, — гэта граматыка, бо лацінка паводле нормаў Б. Тарашкевіча трансфармавалася ў кірыліцу не «тарашкевіцкую».
Прапануемае выданне рыхтавалася з улікам бытуючых цяпер нормаў правапісу: гэта і графічна не выяўленая мяккасць зычных (не жыцьцё, пацьвярджэньне, а жыццё, пацвярджэнне), і іншая форма дапасавання разнастайных моўных марфем (па-добраму, быў бы замест падобраму, быўбы).
Разам з тым трэба зазначыць, што ў беларускім тэксце Татарыновіча нярэдка сустракаюцца відочныя паланізмы, русізмы (эвентуальна, быстрэйшая, зыск). Дзеля захавання стылістыкі аўтара мы пакідалі іх, але ў выпадках, калі ён ужывае побач з барбарызмамі і словы іставетна беларускія, захоўваючы стыль, мы рабілі ўшчыльненне беларускай стыхіі за кошт арсеналу выяўленчых сродкаў самога перакладчыка (скажам, у большасці выпадкаў, хоць не ўва ўсіх , быстрэйшая заменена на хутчэйшую).
Так што Татарыновічава праца ў гэтым выданні засталася працай менавіта Татарыновіча, у якой паўстае выразна адметная беларуская моўная стыхія. Зразумела, можна было б зрабіць дасканала бясспрэчны пераклад, і такі мо яшчэ з’явіцца на беларускіх кніжных даляглядах, як з’яўляліся па-беларуску «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча (у двух поўных перакладах), «Песня пра зубра» М. Гусоўскага (у трох перакладах), «Гамлет» У. Шэкспіра (у двух перакладах) і г.д. Але цяперашні выхад у свет працы менавіта гэтай разам з падставамі для спрэчак нясе ў сабе і процьму адкрыццяў, цэлую скарбонку моўных перлінаў, якія без П. Татарыновіча маглі б проста згубіцца, збедніўшы наш інтэлектуальны патэнцыял.
Скажам, слова харавод, аказваецца, не абавязкова патрабуе замены на карагод, бо па-беларуску можа абазначаць зусім іншае паняцце — кіраўнік хору, дырыжор. А вось яшчэ яскравы прыклад: здавалася, ужо зусім трывала прапісаліся ў беларускай мове, асабліва цераз прэсу, такія ўварванцы-чужынцы, як мядуза, вустрыца, бахрама. Нават калькаванне іх адбываецца самым барбарскім спосабам — без істотных адаптацыяў у нашай мове. П. Татарыновіч жа знаходзіць сапраўдныя дыяменты, якія зусім не патрабуюць для беларуса чужынскіх запазычанняў: мядузу ён называе красамоўным словам лямпрыска, для вустрыцы адшукаў выразны беларускі адпаведнік астрыга, а няпэўная ў нашай мове бахрама ў яго прыгожа называецца фрэндзлямі.
Мова П. Татарыновіча, нягледзячы на прысутнасць пэўнай долі варварызмаў (ці барбарызмаў), нясе ў сабе не толькі фрагментарнае адчуванне іставетнай беларускасці ў асобных удалых словах, але і выяўляе цэлую структуру, нават сістэму структур, хай сабе новую, татарыновіцкую, але глыбока беларускую. Да прыкладу, ён не скажа «закаханы ў Крэсыду», робячы з беларускіх словаў расейскія моўныя канструкцыі, а шукае непаўторнага гучання па-беларуску ўсяго паняцця, і жывая моўная практыка падказвае яму — «закаханы ў Крэсыдзе». Нават вядомыя ўжо ў практыцы беларускай мовы паняцці ў Татарыновіча знаходзяць новыя формы выяўлення: скажам, пра паважную, мерную гутарку аднаго з персанажаў раману ён зазначае, што той «гаварыў зпавагу», а «нарожны
Калі зноў жа звярнуць увагу на барбарызмы ў лексіцы перакладу П. Татарыновіча, дык нельга не адзначыць відочнае імкненне беларусізаваць тыя чужародныя запазычанні, з-за чаго часам паўстаюць цікавыя і выразныя неалагізмы. Скажам, польскае na razie (у гэты момант, пакуль) у яго ператварылася ў беларускае нараз. І гэта, бадай, больш натуральна ўжываецца ў структуру беларускае мовы, чым грувасткая шматслоўнасць у гэты момант. Напрыклад: «Нараз устаў, скінуў з сябе тогу…»
Па шчырасці, гарманічнасць структуры мовы П. Татарыновіча настолькі моцна ўплывае на чытача, што, прынамсі, у мяне асабіста, тройчы прачытаўшага гэтую кнігу, ужо не павернецца язык сядравы дзень назваць звыкла халодным, пасербаў — пасынкамі, пажогу — абпаленым матэрыялам. Нават калі даводзіцца клясціся ўсімі святымі, я скажу проста, па-татарыновіцку: «На ўсіх святых!»
Асобна трэба звярнуць увагу на тое ў мове перакладчыка, што перакладу не падлягае: на імёны і назвы. У гэтым пытанні і ў свеце не выпрацавана адзінай пазіцыі.
Асаблівую цяжкасць складаюць старажытнагрэцкія й старажытнарымскія імёны.
Скажам, беларускі перакладчык-элініст Ян Пятроўскі, што жыве на Фларыдзе, ужывае формы Сакратэс, Пратагорас, Пармэнідэс. Гэтыя імёны сустракаюцца і ў «Quo Vadis», але гучаць ужо іначай: Сакрат, Пратагор, Пармэнід. У каго тут памылка?
Цікава, што па выхадзе беларускіх перакладаў Яна Пятроўскага прыгаданы вышэй пісьменнік Кастусь Акула адгукнуўся нават эпіграмай:
…Адзін наш доктар-тэалог
Пастанавіць ніяк не мог:
Пісаць Сакратэс? Сакратус?
Людзей загнаў тым у канфуз…
І хоць эпіграма тая не беспадстаўная, наўрад ці пытанне трэба ставіць гэтак катэгарычна. У гэтай кнізе чытач таксама сустрэне персанажы, якіх называюць то Хілон Хіланід — то Хілон Хіланідэс, то Сэнэцый — то Сэнэцыён, якога пры тым трэба не зблытаць з Сэнэкам. Мо і Татарыновіч «пастанавіць ніяк не мог»? Ды наўрад ці трэба тут шукаць уніформаў ды абвінавачваць у памылковасці. Бо й самі героі раману абмяркоўваюць гэтыя праблемы, турбуючыся, чаму Рымская імперыя дазваляе грэкам перайначваць рымскія імёны… Дык што дзівіцца, калі Геракл праз Гераклеса лёгка становіцца Геркулесам? Рымская імперыя жыла шматмоўем, набліжаным да трасянкі, чым і тлумачацца розначытанні ў тэксце раману, да выяўлення якіх імкнуўся яўна не кожны перакладчык. Мімаволі ці свядома ў перакладзе Татарыновіча адбілася рэальная моўная сітуацыя старажытнага Рыму, які паступова страціў не толькі сваё светаўладства, але і сваю мову.
Ну а такія разыходжанні ў напісанні назваў, як Гішпанія — Іспанія, сцыты — скіфы і г. д., выкліканы папросту суб’ектывізмам кожнага народу ў асэнсаванні пэўных гукавых спалучэнняў ды яшчэ ў рознай графічнай афарбоўцы, дзе адзінства апрыёры не можа быць. Варта зазначыць хіба, што ў выбары адпаведных варыянтаў з гэтага шырокага спектру П. Татарыновіч спыніўся на тых, якія найбольш блізка адпавядаюць фанетыцы беларускай мовы.
Такім чынам, перад чытачом кніга, якая з’яўляецца скарбам шматкротна памножанай каштоўнасці: яна бо знаёміць з скарбам сусветнай літаратуры, дэманструе моц творчай скарбонкі нашай нацыянальнай дыяспары ў свеце, пашырае скарбніцу нашага гістарычнага светаўяўлення і фармуе гэта сродкамі, якія ўзбагачаюць наш нацыянальны моўны скарб. Беларусы разам з усім светам святкуюць юбілеі гэтага скарбу — дзесяцігоддзі, стагоддзі, тысячагоддзі… але далучаюцца да яго ўпершыню шырокай аўдыторыяй. Дык далучаймася!
Вітаўт МАРТЫНЕНКА
Генрык Сянкевіч
Quo Vadis
Памяці дарагіх братоў у Хрысце і змагароў-мучанікаў за родна-рэлігійнае адраджэнне Бацькаўшчыны прысвячаю.
Henryk Sienkiewicz
Пераклад з польскай мовы ксяндза Пятра Татарыновіча
Транслітарацыя лацінічнага тэксту ў кірылічны і рэдагаванне Вітаўта Мартыненкі
I
Пятроні прачнуўся аж каля паўдня і, як заўсёды, надта знябыты. Надоечы быў на банкеце ў Нэрона, які працягнуўся аж да позняе ночы.
Апошнім часам ягонае здароўе пачало падупадаць. Сам казаў, што прачынаўся раніцамі нейкі адранцвелы, з лянівымі думкамі. Але ранняя купель і масажы спраўных нявольнікаў разбуджалі быстрэйшую цыркуляцыю крыві, разбурхвалі яго, чуцілі, вярталі сілы так, што з олеотокіюм, г. зн. з апошняга купальнага аддзелу, выходзіў шчэ як бы ўскрослы, з вачыма, разыгранымі вясёласцю, адмаладзелы, жыццярадасны, стройны, недасціглы, што і сам Атон не мог бы з ім зраўняцца — існы, як яго звалі, «arbiter elegantiarum» [1] .
1
Арбітр вытанчанасці (лац.).
У публічных лазнях бываў рэдка, хіба здарыўся які годны подзіву рэтор, акрычаны ў горадзе, або сенсацыйныя баруканні ў эфебах. Дый меў у сваёй «інсулі» [2] собскія купальні, якія слаўны супольнік Сявера, Цэлер, расшырыў яму, перабудаваў і ўладзіў з такім незвычайным смакам, што сам Нэрон прызнаваў іх лепшыню над цэзаравымі, хоць гэныя былі абшырнейшыя ды непараўнальна пышней уладжаныя.
Пасля гэнага вось банкету, на якім, знудзіўшыся чаўпнёю Ватынія, удзельнічаў поспал з Нэронам, Люканам і Сэнэцыем у дыятрыбе: «Ці жанчына мае душу» — позна ўстаўшы, раскашаваўся, як абыдна, купеллю. Два велізарныя бальнеатары разлажылі яго на цыпрысавай «мэнсе» [3] , накрытай снежным егіпскім быссам, і намочанымі ў аліве далонямі пачалі націраць яго стройнае цела, а ён, заплюшчыўшы вочы, чакаў, пакуль цяпло ляконікум ды цяпло іхніх рук увойдзе ў яго ды разжане немарасць. Незабаўна пачаў гутарыць, расплюшчыў вочы і давай распытваць аб пагодзе, аб гэммах, якія залатар Ідумен абяцаў яму прыслаць на сяння да агляду. Аказалася, што пагода харошая з лёгкім подыхам ад Альбанскіх гор, а гэммы не прыйшлі.
2
Тут: маёнтак, асабняк, гняздо (лац.).
3
Стол (лац.).
Пятроні зноў зачыніў вочы і выдаў загад перанясціся ў тэпідарыюм, аж тут з па-за котары выхіляецца «nomenclator» [4] і звяшчае, што малады Марк Вініць, прыбылы нядаўна з Малой Азіі, прыйшоў яго адведаць.
Пятроні загадаў прасіць гасця ў тэпідарыюм, куды й сам перанёсся. Вініць быў сынам ягонай старэйшай сястры, што выйшла за Марка Вініція, консула з часаў Тыбэрыевых. Маладзён служыў цяпер пад камандай Карбулона проці Партаў і па вайне вяртаўся ось дамоў. Пятроні чуў да яго пэўную слабасць, ледзь не прывязанасць. Бо Марк быў прыстойны і атлетычны юнак ды меў пэўную эстэтычную меру ў балаўстве, што Пятроні надусё цаніў.
4
Тут: паслугач (лац.).
— Прывет Пятронію, — адазваўся малады ваяк, уваходзячы бадзёра ў тэпідарыюм, — ды спагад багоў, злашча Асклепіёса і Кіпрыды, пад апекай якіх нічога благога табе не станецца.
— Вітаю цябе ў Рыме, хай жа супачынак па вайне салодкім табе будзе, — адказаў Пятроні, выцягаючы рукі з-пад мяккае карбасовае тканіны, якою быў ахінуты, — што чуваць у Арменіі, ды ці, будучы ў Азіі, не заязджаў у Бітынію?
Пятроні быў калісь загадчыкам Бітыніі й сапраўды гаспадарыў там энергічна й справядліва. Гэта было супярэчным з характарам чалавека ажанчэлага й распешчанага роскашамі — таму так любіў успаміны тых часоў, яны бо паказвалі, чым бы ён мог быць, каб захацеў.
— Здарылася мне пабываць у Гераклеі, — адказаў Вініць. — Выслаў мяне туды Карбулон на пошукі падмогі.
— Ах, Гераклея! Знаў я там адну дзяўчыну з Калхіды, за якую аддаў бы ўсе тутэйшыя разводкі, не вылучаючы й Папеі. Але гэта даўнейшыя дзеі. Кажы лепш, што чуваць з партаўскага боку. Нудзяць мяне, праўду кажучы, гэныя ўсе Валохесы, Тырыдаты, Тыгрынэсы ды ўся тая барбарыя, што дома ў сябе поўзае шчэ ракам, як той Арулан казаў, а толькі перад намі строіць людзей. Але цяпер многа аб іх у Рыме гутаркі, можа й дзеля таго, што аб чым іншым не надта й бяспечна гутарыць.
— Дрэнна вядзецца гэта вайна: каб не Карбулон, магла б змяніцца ў катастрофу.
— Карбулон! На Бакха! Гэта сапраўды бог вайны, істны Марс: вялікі ваяк, адначасна ж закатны, чэсны й дурны. Люблю яго хоць бы й дзеля таго, што Нэрон яго баіцца.
— Карбулон не ёсць чалавекам дурньм.
— Можа й праўду кажаш, хоць усё адно. Дурната, як кажа Пырон, нічым не горша ад мудрасці ды нічым ад яе не розніцца.
Вініць пачаў расказваць пра вайну, але як Пятроні прыплюшчыў вочы, юнак, бачачы яго немарасць і зблажанне твару, змяніў гутарку й давай распытваць пра здароўе.