Quo Vadis
Шрифт:
Пятроні глянуў на яго казаў бы з нейкай зайздрасцяй.
— Шчаслівы, — кажа. — Хоць бы свет і жыццё было найгоршае, адно ў іх астанецца вечна добрае — маладосць!
А па хвіліне спытаў: — І не прагаварыў да яе?
— Прагаварыў пасля. Апрытомнеўшы крыху, сказаў, што вяртаюся з Азіі, што выбіў руку на прадмесці й вельмі балела, але ў хвіліне, калі мне пакідаць прыходзіцца гэты гасцінны дом, бачу, што боль у ім больш варты, чым дзе інакш роскаш, хвароба — больш, чым дзе здароўе. Яна слухала мяне таксама ўзварушаная, спусціўшы галованьку ды нешта грымзолячы трасцінаю на пяску. Пасля падняла вочы, шчэ раз зірнула на тыя накрэсленыя знакі, а потым на мяне, якбы хацела штось спытаць — і ўцякла неспадзявана, як гамадрыяда ад дурнаватага фаўна.
— Павінна мець чароўныя вочы.
— Як мора. І ўтануў я ў іх, бы
— О Афіна! — адазваўся Пятроні. — Здымі гэтаму хлопцу з вачэй заслону, якую завязаў Эрос, інакш бо голаў сабе расквасіць аб калумну святыні Венеры.
Пасля звяртаецца да Вініця: — О ты, веснавы пупышак на дрэве жыцця, першазелень ты вінаградная! Мусяў бы замест да Плаўтаў загадаць несці цябе ў дом Гелоцыя, у дом нежыццясведамых хлапцоў.
— Чаго ты смяешся з мяне?
— А што ж рысавала на пяску? Ці не імя Амура, ці не пранізанае стралою сэрца ягонае, або нешта, з чаго мог бы здагадацца, што сатыры ўжо розныя тайны жыцця шапталі гэнай німфе? Як жа можна было не пацікавіцца гэным знакам!
— Перш я ўбачыў тогу, чым табе здаецца, — бароніцца Вініць, — і пакуль прыбег малы Аўл, разглядаў я гэныя знакі. Ведаю бо, што і ў Грэцыі, і ў Рыме дзяўчаты не раз рысуюць на пяску вызнанні, якіх не адважваюцца вымавіць іх вусны. Але згадай, што нарысавала?
— Калі не тое, што я думаў, то не згадаю.
— Рыбу.
— Што?
— Рыбу, кажу. Ці мела гэта азначаць, што ў ейных жылах дагэтуль плыве халодная кроў — не ведаю! Але ты, што абазваў мяне веснавою зеленню жыцця, пэўна лепш патрапіш гэны знак зразумець.
— Царысімэ! Пра такія рэчы спытай Плінія. Ён знаецца на рыбах. Калі б стары Апіць шчэ жыў, можа б таксама меў бы табе нешта сказаць, бо з’еў у жыцці рыбы больш, чым можа яе адразу змясціць Неапалітанская затока.
Але далейшая гутарка перарвалася, уняслі бо іх на ройныя вуліцы, дзе ўсё заглушаў людскі гоман. Праз Вікус Апалонус звярнулі на Рымскі Форум, дзе пагоднымі днямі перад заходам сонца збіраліся грамады абібокаў, каб пашвэндацца між калюмнаў, падзяліцца навінамі, паразяўляцца на лектыкі важных людзей, а ўрэшце заглядаць у залатарні, кнігарні, размяняльні грошай, мануфактурныя крамы, бранзоўні ды ўсялякія іншыя, каторых поўна было ў дамох проці Капітолю. Палавіна Форума, што межавала тут жа з замкам, была ўжо ў цяні, толькі калюмны вышэйшых святынь залаціліся ў сонцы на асноведзі блакіту. Ніжэйшыя кідалі даўгія цені на мармуровыя пліты, — а ўсюды так было іх поўна, што губілася вока сярод іх, бы ў лесе. Выглядала, якбы тым будоўлям і калюмнам цесна было побач з сабою. Таўпіліся адны над другімі, беглі ўправа і ўлева, успіналіся на ўзгор’і, туліліся да замкавых муроў або адны да другіх, на падобу большых і меншых, грубейшых і танчэйшых, залатавых і белых галамнёў, то расквечаных пад архітравамі кветкай аканту, то пазавіваных йонскімі рагамі, то завершаных простым дарыйскім квадратам. Над гэным лесам блішчалі каляровыя трыгліфы, з тымпанаў выхіляліся рэзьбяныя постаці багоў, з шчытоў аскрыдляныя залатыя квадрыгі казаў бы рваліся вылецець у паветра, у той блакіт, што спакойна звісаў над гэным збітым местам святым.
Пасярэдзіне рынку ды па берагох плыла людская рака: грамады прахаджаліся пад люкамі базылікі Юлія Цэзара, грамады сядзелі на сходах святыні Кастара і Палукса й круціліся ля святліцы Весты, падобныя на гэнай вялікай мармуровай асноведзі да рознаколерных матылёў ці жукоў. З гары, праз вялікія ступяні, ад стараны святыні «Jovi optimo maximo» [14] наплывалі новыя хвалі; пры Рострах слухалі нейкіх прынагодных моўцаў; тут і там чутны былі заклікі гандляроў, прадаючых садавіну, віно або ваду з фігавым сокам; круцялёў з цудоўнымі лякарствамі, варажбітаў, адгадчыкаў укрытых скарбаў, разгадчыкаў сноў.
14
«Ёвішу (Юпітэру) Найпершаму Найвялікшаму» (лац.).
Дзе-нідзе з гоманам гутарак, заклікаў мяшаліся зыкі сістры, егіпскай самбукі або грэцкіх флейтаў. Дзе-нідзе хворыя пабожныя або стурбаваныя няслі ў
Вініць, які даўно не быў у горадзе, прыглядаўся з пэўнай цікавасцяй на тое раявішча людзей ды на той Рымскі Форум, адначасна й пануючае над хваляю свету й залітае ёю, і, адгадаўшы думкі таварыша, назваў яго гняздом Квірытаў — без Квірытаў. Іставетна тубыльчы род амаль гінуў у гэнай суталацы розных расаў, народаў. Тут відаць было этыёпаў, відаць было вялігурных яснавалосых людзей з далёкай поўначы, брытанаў, галаў і германаў, касавокіх жыхароў Сэрыкума, людзей з-над Эўфрату ды з-над Інду, з маляванымі на цэглясты колер бародамі; сірыйцаў з берагоў Аронту, з чорнымі салодкімі вачыма; як косць сухіх жыхароў арабскае пустыні, жыдоў з запаўшымі грудзьмі; егіпцянаў з вечна ўсмехненым тварам, і нумідаў, і афраў; грэкаў з Гэлады, што нароўні з рымлянамі валадалі народам, але йшчэ валадалі ведай, мастацтвам, розумам і круцельствам; грэкаў з Архіпелагу й Малой Азіі, і з Егіпту, і з Італіі, і з Нарбонскае Галіі. У натоўпе нявольнікаў з падзіраўленымі вушамі нямала было й вольнае галайстры, якую цэзар забаўляў, карміў, а нат адзяваў, — вольных прыбышоў, каторых у вялікі горад звабіў лёгкі хлеб і перспектывы фартуны; былі й святары Серапіса з пальмавымі галінкамі ў рукох, і святары Ізыды, на алтар якое зносілі больш ахвяр, чым у святыню Ёвіша капітолінскага, — і святары Кібеллі з залатымі кісцямі рысу, і святары вандроўных бостваў, і танцоркі ўсходнія ў далёкапрыкметных мітрах, і прадаўцы амулетаў, і халдэйскія магі, урэшце людзі без ніякага занятку, якія штотыдзень прыходзілі да надтыбранскіх сверняў па збожжа, біліся за латарэйныя білеты ў цырках, праводзілі ночы ў западаючых дамох затыбранскага кварталу, а сонечныя і цёплыя дні ў крыптапортыках, у няхлуйных гаркухнях Субуры, на мосце Мільвійскім або перад «інсулямі» багатых, дзе ім час ад часу выкідалі недаедкі са стала нявольнікаў.
Пятронія добра зналі гэтыя грамады. Да вушэй Вініціевых далятала ўсцяж: «Ніс еst!» — «То ён». Любілі яго за шчодрасць, а асабліва папулярнасць яго ўзрасла ад таго часу, як сталася ведамай ягоная прамова перад цэзарам у абароне асуджанай на смерць цэлай фаміліі, г. зн.: усіх без розніцы плоці і веку нявольнікаў прэфекта Пэданія Сэкунда за тое, што адзін з іх забіў гэнага людаеда ў часіну роспачы. Пятроні, праўда, выразна адцемліваў, што для яго было гэта абыякава, і прамаўляў да цэзара толькі прыватна, як арбітэр элеганцярум, якога пачуццё эстэтычнае абурала такая рэзь, годная якіх сцытаў (скіфаў), а не рымлян. Усё ж такі народ, узбураны гэнай рэззю, любіў ад тае пары Пятронія.
Але ён пра тое не дбаў. Не забыў, што гэты народ любіў таксама і Брытаніка, якога Нэрон звёў із свету, і Агрыпіну, якую загадаў замардаваць той жа Нэрон, і Актавію, якую задушылі на Пандатарыі, падрэзаўшы ёй жылы ў гарачай пары, і Рэбелія Плаўта, што быў выгнаны, і Трэзэя, якому кажнае заўтра магло прынесці смяротны прысуд. Паважанне людское магло быць уважаным хутчэй за дрэнны прагностык, а скептычны Пятроні быў адначасна забабонны. Натоўпу не любіў падвойна: і як арыстакрат, і як эстэт. Людзі з запахамі пражанага бобу ў запазусе, а пры тым вечна ахрыплыя й спацелыя ад ігры ў мору на рагох вуліц ды перыстылях, не заслужвалі ў яго на назову людзей.
Дык зусім не звяртаючы ўвагі на авацыі, ані на пасыланыя стуль ці ссюль цалункі, расказваў Марку справу Пэданія і кпіў пры тым з нясталасці вулічнае галайстры, якая назаўтра пасля грознага абурэння віватавала Нэрону, як праязджаў у святыню Ёвіша Статара. Але перад кнігарняй Авірануса казаў затрымацца і, высеўшы, купіў аздобны рукапіс, каторы аддаў Вініцію.
— Гэта падарунак табе, — сказаў.
— Дзякую! — адказаў Вініць і, зірнуўшы на загаловак, спытаў: — «Сатырыкон»? Гэта нешта новае. Чыё гэта?