Quo Vadis
Шрифт:
Чаму ён так не зрабіў? Быў жа гатовы. А цяпер няма яе, і можа не знайсці, а калі б і знайшоў, можа згубіць, дый хоць не згубіў бы, не захочуць яго ні Аўлы, ні яна. Тут гнеў пачаў яму зноў падымаць на галаве валасы, але цяпер гневаўся не на Аўлаў ды Лігію, толькі на Пятронія. Ён усяму вінаваты. Каб не ён, Лігія не патрабавала б хавацца, была б ягонай сужаніцай, і ніякая небяспека не вісела б над ейнай галавою. А цяпер сталася, і позна папраўляць бяду, яна не дасца направіць.
— Запозна!
Здавалася яму, процьма адкрылася пад ягонымі нагамі. Сам не ведаў, што рабіць, як паступаць, куды
І, закруціўшыся машынальна ў тогу, думаў адыйсці, не развітваючыся з Актэ, аж тут заслона, дзелячая сені ад атрыюма, адхіляецца, і бачыць воміг перад сабою асобу Пампоніі Грэцыны.
І яна, мабыць, даведалася ўжо аб прапажы Лігіі і, спадзеючыся, што ёй схадней будзе, чым Аўлу, спаткацца з Актэ, прыйшла да яе па весткі.
Прыкмеціўшы Вініція, звярнулася да яго і сказала: — Марк, хай Бог табе даруе крыўду, якую ты зрабіў нам і Лігіі.
А ён стаяў, звесіўшы голаў, з пачуццём няшчасця й віны, не разумеючы, які Бог меўся ды мог яму дараваць, і чаму Пампонія гаварыла аб дараванні тады, калі павінна была б казаць аб помсце.
І ўрэшце выйшаў з галавою бязраднай, поўнай цяжкіх думак, турботы й недаўмення.
На дзядзінцы і пад галярэяй стаялі неспакойныя грамады людзей. Між палацавымі нявольнікамі відны былі рыцары й сенатары, што прыйшлі даведацца пра здароўе малое аўгусты, а адначасна паказацца ў палацы ды даць доказ свае спагаднасці хоць бы й перад нявольнікамі цэзара. Вестка аб хваробе «багіні», відаць, разыйшлася борзда, бо ў браме з’яўляліся штораз новыя асобы, а праз атворыну луку бачны быў цэлы натаўп. Некаторыя з прыйшоўшых, бачачы Вініція, выходзячага з палацу, пыталі яго пра навіны, але ён, нічога не адказваючы, ішоў уперад, пакуль Пятроні, прыспеўшы таксама ўжо па навіны, амаль не здырыўся з ім грудзьмі ды не затрымаў.
Вініць быў бы няйначай загарэўся, убачыўшы яго, ды дапусціўся б якога бяспраўя ў палацы цэзара, каб не тое, што ад Актэ выйшаў, як зламаны, так зняможаны ды прыгнечаны, што на пару аціхла ў ім гарачая жорсць. Адапхнуў, аднак, Пятронія й хацеў прайсці, але той затрымаў яго амаль сілком.
— Як маецца боская? — спытаў.
Гэтае наставанне зноў раздражніла Вініція ды ўзбурыла яго ў адной хвіліне.
— Хай процьма глыне яе разам з усім гэтым домам! — выцадзіў праз зубы.
— Маўчы, самагубца! — перасцерагае Пятроні і, агледзеўшыся навокал, хуценька дасказвае: — Хочаш даведацца што аб Лігіі, дык хадзі са мною. Не! Тут не скажу нічога! Хадзі са мною, падзялюся сваімі здагадкамі аб лектыцы.
І, абняўшы юнака, вывеў яго як мага хутчэй з палацу.
Пра гэта яму галоўна расходзілася, бо навін ніякіх не меў. Будучы дасцейлівым чалавекам і маючы, паміма ўчарашняга абурэння, шмат спагады да Вініція дый пачуваючыся да адказнасці за ўсё, што сталася, быў ужо нешта надумаў і, як селі ў лектыку, кажа: — Паставіў я маіх нявольнікаў цікаваць пры кожнай браме, даўшы ім дакладную характарыстыку выгляду дзяўчыны й таго вялігура, што вынес яе ад цэзара з банкету, няма бо сумніваў, што гэта ён яе адабраў. Слухай мяне! Быць можа, Аўлюсы маняцца схаваць
— Аўлюсы не ведаюць, дзе яна, — адказаў Вініць.
— Ты пэўны, што так ёсць?
— Бачыўся я з Пампоніяй. Яны шукаюць яе таксама.
— Учора не магла выйсці з места, бо ноччу замкнёныя брамы… Двух маіх вартаўнікоў сочаць ля кажнае брамы. Адзін маецца йсці ўслед за Лігіяй і асілкам, другі зараз мне падасць вестку. Калі яна ў горадзе, знойдзем яе, бо таго ліга лёгка пазнаць па росце й плечуках. Шчасце тваё, што не схапіў яе цэзар, а магу цябе ўпэўніць, што не, бо на Палатыне няма для мяне тайніц.
Вініція шчэ больш ахапіў жаль, чым гнеў, і дрыготным голасам пачаў расказваць Пятронію, што гаварыла яму Актэ і якія новыя небяспекі навіслі над Лігіяй, так страшныя, што трэ будзе, знайшоўшы яе, укрываць ад Папеі. Пасля пачаў горка наракаць на рады Пятроніевы. Каб не ён, усё было б інакш. Лігія жыла б у Аўлюса, а ён, Вініць, мог бы з ёю спатыкацца штодзень і быў бы шчаслівейшы за цэзара. І чым больш гаварыў, тым больш абураўся, аж пачалі крапаць з вачэй слёзы жальбы ды злосці.
А Пятроні, які проста не спадзяваўся, каб малады юнак мог пажадаць і кахаць да такой ступені, бачачы гэныя слёзы роспачы, казаў сабе, у душы дзівячыся: — О, магутная валадарыня Цыпру, ты адна пануеш над багамі й людзьмі!
XII
Калі выселі перад домам Пятронія, загадчык атрыюма далажыў, што ніводзін нявольнік з высланых яшчэ не вярнуўся. Атрыенсіс загадаў аднесці ім харчу ды новы загад, каб пад пагрозай розаг пільнавалі ўсіх выходзячых з гораду.
— Бачыш, — кажа Пятроні, — без сумнення, яны дасюль яшчэ ў горадзе, дык знойдзем іх. Загадай, аднак, і сваім людзям вартаваць пры брамах, лепш тым, якіх пасылаў па Лігію, бо яны лёгка яе распазнаюць.
— Я паразганяў іх на вёскі ў эргастулы, — адказвае Вініць, — але зараз адклічу, хай ідуць да брамаў.
І, напісаўшы некалькі слоў на васкаванай таблічцы, аддаў яе Пятронію, які даручыў яе воміг аднесці да дому Вініція.
Ды перайшлі да нутранога портыку і, пасеўшы на мармуровай лаве, пачалі гутарку.
Залатавалосая Эўніка й Ірас падсунулі ім пад ногі бронзавыя столячкі ды, прыставіўшы да лаўкі столік, пачалі ім наліваць у чашы віно з прыгожых вузкашыястых збанкоў, вырабленых у Валатэры й Цэрэ.
— Ці ведае хто з тваіх людзей таго вялізарнага ліга? — пытае Пятроні.
— Ведалі яго Атацын і Гул. Але Атацын забіты ўчора пры лектыцы, а Гула забіў я.
— Шкада мне яго, — бедаваў Пятроні. — Ён насіў на руках не толькі цябе, але й мяне.
— Я маніўся яго нат вызваліць, — тлумачыцца Вініць, — але досыць таго.
Гаворам аб Лігіі. Рым — гэта мора… — Перлы ловяць менавіта ў моры… Пэўна, не знойдзем яе сяння або заўтра, але знойдзем немінуча. Ты цяпер вінаваціш мяне, што падсунуў табе гэты спосаб. Дык спосаб сам па сабе быў не дрэнны, ён стаўся пахібным толькі тады, калі быў кепска выкіраваны. Ты ж чуў ад самога Аўла, што маніцца з усёй сям’ёй пераносіцца на Сіцылію. Такім чынам, дзяўчына і так была б ад цябе далёка.