Райскія яблычкі
Шрифт:
— Нам патрэбны станоўчы герой, ні паліцай ці зубровец, а сапраўдны герой нашага часу! Амонавец, які не даў разгарнуць незарэгістраваны сцяг, які парваў партрэты ў руках, скруціў ў бараноў рог і — у варанок! Які кайданкамі карыстаецца віртуозна як фокуснік! А дубінкай — адпачывайце ўсе Брусы Лі! Зухавы, спартовы, за якім дзеўкі табунамі! У крапавым берэце.
— Ёсць прапанова: цяпер усе бяруць адстаючы калгас, фермерскую гаспадарку — банкі, установы. Трэба пупавінай з народам злучыцца. Будзе тады ў пісьменніцкай сталоўцы і сваё малачко, і шніцаль з эскалопам.
— Так яшчэ сталоўкі ніякай няма, я, шчыра кажучы, за рэстаран або
— Я наконт пагонаў нібы нашых. Яны здзекуюцца: пагоны зробім, званні, зорачкі, аксельбанты. Брахня! У нас будзе дэмакратычна: іерархія згодна працоўным дасягненням — хто колькі напісаў, колькі выдаў. Канечне і падлік абавязковы: колькасць старонак, колькі тамоў, тыраж, само сабой. Працоўныя нормы, працадні, каб ні дня без радка. Каб кожнаму паводле высілкаў. Хто не працуе — той не ясі! Калі што — можна і на вагу. А то сёй-той брашурку зробіць і ходзіць гогалем.
— А на вагу — увесь тыраж, ці кожнай кніжкі па адной?
— Гэта пакуль невядома.
— Лаканічны адказ.
— Нам патрэбна не толькі станоўчага героя адрадзіць, трэба выкрываць ненадзейных. Я памятаю раманы лаўрэатаў: у адным машыністка-шкодніца рассылала па рэдакцыях адмоўныя лісты на раман Леаніда Ільіча, падрабляючыся пад чытачоў, пад голас народа, была выкрыта органамі і змешчана ў псіхіятрычны шпіталь. Далей, паэт Артур Бяссмертны ў іншым рамане сціляжнічаў, слухаў джаз, пісаў пра каханне ды пра віно, і скончылася тым, што ў рэстаране скраў пашпарт з грашыма. Нам трэба і сёння выкрываць адмоўных герояў — у рэчышчы нашай багатай раманнай традыцыі, заклікаю!
— Я таксама толькі “за”! Хопіць, апрыклі, астачарцелі кількі ў тамаце! Хай самі ліверку каціную жуюць! Я таксама акулы мяса хачу, ананасы, прабачце, у “Напалеоне” пакаштаваць нарэшце! Дайце мне цэлага індыка, гуся! Ездзяць па замежжах, па фуршэтах! На якія грошы? А нам non grata! Хіба справядліва? Гульні ў эміграцыю, спектакль! Уладу не любяць, не паважаюць!
— Папрашу без эмоцый. Будзе усім і кофэ, і какава з чаем, пачакайце да банкета. У нас ёсць калектыўныя заяўкі ў нашую арцель пісьменніцкую. Перш літаратурны гурток пры газеце “Слава Богу Вайны”, усе добра ведаюць “Варашылаўскіх стралкоў” палкоўніка Сцечкіна. Дэлегаты атрымалі бясплатна новы раман нашага калегі пра палюбоўніцу амерыканскага прэзідэнта, у ім выкрываюцца язвы заакіянскага ладу жыцця. Нам сёння не хапае часам вайсковага гарту: байцы трымаюцца заўжды да апошняга патрона, пішуць салдацкай мовай — “так точна!”, “ёсць!”, “нікак нет!” — без рэверансаў, без саладжавых “калі ласка!”, “дзякуй!”, без ніякага “спадарства”, а толькі “таварыш” —“таварыш маёр!” — старшыня сходу знянацку ўстаў, рэзка адсунуўшы крэсла, з цвіка зляцела дубальтоўка, бразнуўшыся аб маснічыны, але стрэлу ніхто не пачуў.
Палкоўніка аднадушна прызначылі назіраць за літаратурным працэсам, уручыўшы першы лаўравы вянок “кола неўміручых” новага пісьменніцкага таварыства, да яго сшыхавалася чарга падпісваць раман. Ён служыў на бронецягніках, запрасіў дэлегатаў у творчую паездку ў памежны Горад-цытадэль: пакруцім гарматамі-кулямётамі, паказычам рулямі нервы НАТО! Пісьменнікі акрыялі, кожны выдумляў сабе месца за бранёй — хто ў вежы, хто на назіральным пункце, а нехта ў вагоне-рэстаране, хаця, як высветліцца на месцы, існаваў толькі вагон-салдацкая кухня-сталоўка.
2006
ЯНЫЧАРСКАЯ
Апавяданне пра дружбу народаў
Краінка нашая называлася раней інакш, а цяпер мае назву Рэспубліка Славянскі Базар. Рэферэндум быў, усе прагаласавалі “за”, як заўсёды. Народ наш заўжды галасуе, як начальства кажа. А начальству карцела дужа заявіць: “Мы — гэта СССР сёння”, яшчэ больш узвялічыўшы ўседзяржаўнае свята дружбы народаў, а якраз слова “базар” мела на ўвазе кірмашовы саган, дзе гатуецца інтэрнацыянальная страва.
Статую на плошчы, ля якой мелі віраваць гапакі і лезгінкі, аздобілі стужкамі і шарыкамі, на кепку надзелі купальскі вянок. Навокал рыхтавалі жароўні — смажыць агульнанародную страву шашлык — для адных са свініны, для другіх з курачкі і гэтак далей. Пад паветкамі раскладалі і развешвалі на круках каўбасы, шынкі, кумпякі. Пагулянка абяцалася знакамітая. Улада разам з дружбай народаў святкавала свой поспех з пераназваннем дзяржаўкі. Яна любіла падкрэсліваць, што памеры ў нас зусім невялікія, а народаў — процьма і штогод болей, і ўсім хапае квадратных кіламетраў, панажоўшчыны, вендэты няма, усе сябруюць, разам п’юць пушчанку, гарэлку з баабаба ды больш экзатычныя гарачыя напоі, мацуючы дружбу.
Першай над галовамі праплыла птушка, бусел, якая прыклад адданасці нашай РСБ: колькі не ўцякае у вырай, заўжды вяртаецца на папас, у буслянкі — на дахах, дрэвах, слупах і воданапорных вежах. Следам неслі кола, аздобленае рознакаляровымі стужкамі. Кола, яно — са слупа сярод купальскага вогнішча, і кола — аснова, спод буслінага гнязда. Публіка на тратуарах, уздоўж якіх калідорам вуліц крочыла рознанароднае шэсце, радавалася кожнаму новаму народу, якіх ад свята да свята рабілася ўсё больш, а іхняя калона — даўжэйшай… Цяпер за колам шыбаваў самы свежы народ, які трапіў на карнавал упершыню, — янычары.
Янычары крочылі з какафанічнай музыкай, з тулумбасамі, з аграмаднымі турэцкімі барабанамі, у якія рытмоўна ўпервалі, малацілі іх сваімі палкамі, самі незвычайна шараварныя, голыя вышэй нагавіц. У гледачоў міжволі прачынаўся генетычны страх да злавеснага і бязлітаснага янычарскага войска. Аднак афіцыйныя рупары падавалі янычараў як інтэрнацыяналістаў, якія перамаглі ў сабе моўныя забабоны, комплекс местачковай адметнасці, адасобленасці. За янычарамі рухаўся а-ля гарэм — маскарадныя наложніцы ў празрыстых шатах з бліскучай мішурой, з бразготкамі ў руках, яны прытанцоўвалі, дэманструючы танец жывата ў руху. У “Голасе Славянскага Базару” тлумачылася, што гарэм быў міжнацыянальным утварэннем, а гарэмныя выхаванкі нараджалі дзяцей розных народаў.
Новае — грунтоўна прызабытае старое. Адкрыццё Амерыкі, можна сказаць, адбылося ў нас паўторна. Калісьці пры каралях, асабліва пры апошнім, пры Вітольдзе Далікатным, якраз мода існавала на янычарскую музыку, на крывыя ятаганы, атласныя шаравары, турэцкія чубы, моцначырвоныя фескі і розныя тулумбасы. А таксама на каву, якую тады напачатку называлі якраз на турэцкі лад кахвай або кафай. Прыемна было панству часам пасмакаваць чорна-смалісты дымка-гарачы напой на балкончыку замкавага палаца на высокім ды стромым нёманскім беразе, усведамляючы, што самі, голыя ад шаравараў, раз’юшаныя янычары пакуль яшчэ не дабраліся да тваіх вышыняў, дзе замкавы пагорак рэгулярна засыпае белымі глыбокімі сумётамі на некалькі месяцаў, а рака сцінаецца ад сцюжы.