Райскія яблычкі
Шрифт:
Вёска сцялася, як людзі самі гаварылі. У каваля, успаміналі, бралі самагон не проста кавальскі, як спачатку быў, а “каралеўскі”, “каронны”, першае слова не вымаўлялася, можа толькі мелася на ўвазе, а “каронны самагон” — гэта гучала напраўду. Каму, як не кавалю, самагонны бровар вырабіць, саштукаваць, наладзіць латвей было? Яго напой усе любілі, цаніўся як наркамаўскі на фронце. І ўсе ведалі, а як не ведаць? Не ведаць немагчыма было. Ну, прыедуць часам дзеля блезіру, справаздачы, з “макарава” наробяць дзірак у ёмістасцях з думкай “не крыўдуй, Мартын, герой вайны ты наш, служба такая”. Зробіць новы, вырашалі міліцыянты, спусташаючы набойню, хто б сумняваўся?! Ніхто! Залатыя рукі чалавек быў, так, дакладна. Каб у іншых умовах, за мяжой, пры капіталізме, мог бы рабіць выдатныя гарэлачныя апараты
Але ж хітрун каваль! – дзівіўся непрыемна пракурор. Залатую недзе схаваў, сабе скляпаў звычайную, на кожны дзень. І дзе яе зараз каралеўскую сапраўдную, з чыстага золата шукаць? Закапаў дзесь, ці даўно збыў з рук, каб не пякла, каб не зайздросцілі, каб не скралі, каб не здаваць дзяржаве савецкай.
У труне — каралеўскай — дубовай, як хацеў, аказваецца, з медалём і ў кароне, з насоўкай і расчоскай ў кішэні пінжака, з алавянай лыжкай для крупені і кашы ў другой, з галяком таксама, з няроўным жалезным зліткам, са здымкамі і парай манет у партманетцы, кадры: на фоне рейхстага, другі — у кароне на фоне пуні, трэці — у кузні з абцугамі з напаленай нарыхтоўкай, на фоне самагоннага апарата, у сэнсе за работай — такога здымка не было, хоць ён таксама лагічна прасіўся да іншых, каб адлюстраваць працоўную біяграфію майстра жалезнай справы. Што там яшчэ было? Партабак з тандэтнай “Прымай”, запалкі. Следчы павінен быў усё агледзець, пералічыць, зрабіць пры пакліканых сведках вопіс дакладны з подпісамі прысутных, такі парадак.
А ляжаў каваль у труне каралеўскай нібы святы ў кароне, добра захаваўся, казалі на вёсцы.
Гаварылі за вочы некалі: нарабіў цэбраў бабам з каралеўскай труны жалезнай, зграбныя рукі меў, купіў ровар. Пазней набыў нават матацыкл! Гаварылі ўсе тады: на самагонцы. Але ж якая каму розніца? Пілі бо ўсе і са смакам. Аказалася: плявузгалі, што датычыць труны, захаваў труну каваль, меў павагу прафесійную да жалезных вырабаў, тым больш з паходжаннем. А цэбры, што цэбры? Ці мала жалеззя пасля вайны доўгай, калі ваявалі не штыхом, а тэхнікай, засталося? Колькі яго яшчэ часу потым збіралі ў наваколлі, вывозілі на металургічны завод? А матацыкл чалавеку з выплатай заробку купіць — справа лагічная, заслужыў. Праехацца па вёсцы на ўласным “Нёмане” з тарахценнем, з куродымам, ды ў жалезнай кароне замест кепкі тым больш прыемна. Гэта была карціна! Кіно дый годзе!
Каваля ў вёсцы бадай нават любілі, бо ўсім патрэбны чалавек і нябрыдкі, паважалі таксама даволі, бо ваяваў, кроў праліваў за перамогу, хаця часам кпілі, злавалі і кепікі строілі з яго дзівацтва.
Не было ніколі ў Пагранічнай людзей у каронах, не бачылі такіх на вуліцы, дый у кіно зусім рэдка. Можа калісь і прыязджаў кароль у карэце, але ніхто не мог памятаць, дый ці ў кароне ён падарожнічаў насамрэч, ніхто не ведаў. Аказалася хаця, што была ў труне каралеўскай карона, але нябачная раней вяскоўцам. Пагатоў нельга было сказаць, што на галаве яна была, бо галавы ніякай не знайшлі, нават чэрапа, проста труна з рэчмі, як вялізны чамадан дарагі, ці куфар. Костак, і тых не знайшлі, калі расчынілі, улезлі, корпаючы, перабіраючы-пераціраючы, нібы археолагі, каб хоць на штосьці вартае натрапіць: залатыя манеты, прыкладам, сыгнэт, ордэн каштоўны, ці хаця б якія зубныя каронкі на скрайні выпадак.
Пра карону і самагон успамінаюць, калі знянацку імя каваля ўсплыве ў размове, і пра спрытныя рукія ягоныя. Любяць таксама прыгадаць, як участковы і сельсавецкі старшыня бралі самагон у яго, звычайнай канспірацыяй карысталіся, цераз другія рукі. Ядлаўцовы, духмяны, для начальства таксама замаўлялі, якое на паляванне прыязджала ці на рыбалку, спынялася ў лясной хаце паляўнічай і якое, ясная рэч, змагалася зацята з самагонаварэннем.
Уласна кажучы, пра карону ўсе ведалі, але не надавалі завялікай увагі, прызвычаіліся хутка і ўспрымалі спакойна, амаль як штодзённую рэч, нават як непатрэбшчыну, ад якой ніякай карысці, ці зусім крыха, як ад школьнага глобуса. У пэўным сэнсе ўспрымалі як цацку,
Раней кавальства было заняткам калі не гераічным, дык бадай даволі высакародным, мужным, нават баявым. Кавалі рабілі перш мячы, латы, зброю, замкі і ключы, шасцярэньнкі для гадзіннікавых механізмаў, яны былі блізка або ператвараліся самі ў новых працаўнікоў, у збройнікаў, у людвісараў, робячы крок на прыступку вышэй, у жалезаплавільных майстэрнях дбалі пра ручніцы, гарматы, стваралі званы для храмаў. Раней кавалі лічыліся каралямі рамеснікаў. Цяпер каваль вырабляў пабытовыя рэчы, ужытковыя прылады, рабочыя інструменты, агародны інвентар. А карона? Карона — выбрык, а лёс яе — сымболь.
Калі рэжуць напалам, крояць па жывому, заўжды хтось прайграе, хтось набывае, мала таго, шмат хто спяшаецца ўсяляк апынуцца па жаданы для сябе бок новай мяжы, і не заўжды ўдала. Нямеччына — класічны прыклад, калі трапіць за Эльбу стараўся цэлы вермахт, бо ўсе разумелі які палон саладзейшы, што савецкі будзе ненашмат лепшы ад іхняга, нямецкага… Тут адрэзалі канчаткова па лініі будучай Керзана, кароль, ці тое, што па ім ацалела, апынуўся па некаралеўскі бок мяжы. Праўда, з другога боку мяжы з арла здзерлі карону, але гербам пакінулі, з часоў Пяста і Ляха што існаваў хіба. І тут яшчэ застаўся горад з каралеўскім палацам, з яго рэзідэнцыямі, які ён песціў-кунежыў, перадавую Галандыю з якога зрабіць патрапіў, і які затым саспелым плодам у чужыя рукі дастаўся. Месца ганьбы, апошняга прытулку, адмовы ад пасаду, месца скасавання краіны, хатняга арышту, здачы кароны ў гардэроб.
Горад зрываў з сябе гербы, як з мундзіра зоркі і шаўроны, зрываў крыжы і званы, ламаў статуі, здзіраў ляпніну, руйнаваў палацы, узрываў святыні. З песнямі і маршамі, з плакатамі, партрэтамі мітынговымі, з транспарантамі, з лічэбнымі дэманстрацыямі: стары свет разбурым, зруйнуем дашчэнту, а на падмурках збудуем сваё прыўкраснае заўтра, свой рай зямны — без багоў, без цароў-каралёў, без паноў і папоў! Горад змываў з аблічча грым, сціраў старанна былыя рысы, адмаўляўся ад галяка, ад мыла і ружовай вады, зрэшты, іх адразу пачало востра не хапаць. Адмаўляўся рашуча ад каляровых каснікоў у валасах, ад макіяжу, нават часамі ад пенснэ, у якіх стала з’яўляцца на вуліцах небяспечна, якія выклікалі падазронасць і раздражненне не менш ад чыстых рук, усвядомленых вачэй, далікатных твараў.
Калі краіна на скраю кантынента, калі яна адным бокам плёскаецца ў моры, яна можа шукаць заморскія тэрыторыі, пашырацца, калі мае не толькі рыбацкія фелюгі, калі мае фрэгаты. Але калі краіна застаецца цяжкім грузам у Старым свеце без ветразяў і яе лапік мора толькі для лоўлі селядцоў, яе пачынаюць рана ці позна сціскаць з бакоў, калі яна сама перастае рабіць выправы ў суседнія землі, калі засяроджваецца на ўласных унутраных патрэбах, на самадасканаленні, нават калі гэтыя патрэбы — развіццё мануфактураў, росквіт гандлёвы, прамысловы поступ, яна звяртае менш увагі на порах і гарматы і робіцца спакваля кволай аружна, робіцца ласым кавалкам для суседніх дзяржаў, што не прывыклі эканоміць на пораху, якія не здаволілі яшчэ сваіх апетытаў. Фрэгаты каштуюць дорага.
Кароль мусіў перажываць чужую вайну нібы падзеі асабістага жыцця, ён бачыў, як з цягам перамог над Турэччынай, са змяншэннем яе паўночных уладанняў, у імператрыцы-хаўрусніцы з’яўляецца рэчаіснае жаданне пашырыцца і на поўдні, і на захадзе. Існаванне Рэчы Паспалітай напрасткі залежала ад чужых перамог і паразаў, ад хісткага становішча Турэччыны, так шмат каму здавалася (за яго спінай пра гэта шапталіся), канфедэратам карцела спадзявацца на перамогі адсталай Асманскай імперыі, але кароль стараўся мысліць у станоўчым рэчышчы: каб яму дазволілі ўдзельнічаць у гэтай вайне, пазіцыі Рэчы Паспалітай умацаваліся б, балазе Турэччына, не здабываючы поспеху, хоць і ўпарта, адчайна спрабавала адстойваць захопленыя ёю калісьці абшары, але кленчыла адна фартэцыя за другой, у няўмольнай чарзе. І, на жаль, дайшоў чарод адкройваць цэлыя ваяводствы ад яе, Яго мосці караля, дзяржавы двух народаў. Малітвы ў гэтым разе не мелі карысці, Бог яго не чуў, ён спрыяў іншым, так здараецца.