Райскія яблычкі
Шрифт:
Я сам сябе прыгаломшваю, заганяю ў кут такімі беспярэчнымі сцверджаннямі, такой фатальнасцю, безвыходнасцю. Выбачайце. На мяне папросту паўплываў прыклад лёсу нашага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, ворагі якога вылучаліся надзвычайнай зацятасцю і таксама пладавітасцю, што да мемуараў. Самыя непрадузятыя звесткі, як ні дзіўна, пакінулі замежнікі, нават прадстаўнікі суседніх дзяржаў-драпежніц, у іх не было нянавісці да манарха Рэчы Паспалітай, яны проста сумленна выконвалі сваю ролю, місію, працу, ім не патрэбны былі плёткі пра караля, чуткі і чорна-белыя меркаванні яго праціўнікаў. У рэшце рэшт, не зважаючы на ўсю мемуарную пісаніну, нам дакладна вядома — калі, дзе і як адбылася каранацыя Станіслава Аўгуста, якія падзеі здарыліся пазней, і як ён быў дэтранізаваны, дзе, як і калі памёр. Апошнія мае думкі вяртаюць мне раўнавагу, якая была пахіснулася хвілёва.
Мае думкі пра караля пачынаюць прытупляць мой слых, ён змяншаецца і, каб адключыцца зусім, як бывае з радыё, больш дакладней — з тэлевізарам — вы яшчэ бачыце, але нічога не чуеце, і я не чуў, я
Варта толькі падумаць пра караля, пра тэатральную сцэну, пра дыялогі на паперы, якія ўзнікаюць часам з нічога і крок па кроку, паступова ператвараюцца ў спаборніцтва думак, меркаванняў, ацэнак і прысудаў, што броўнаўскі рух у маёй галаве спачатку нагадвае той навуковы булён першапачатковы, сусветны акіян у час нараджэння жыцця з хімічных рэчываў. Адчуванне змрочнага цяжкага неба, набрынялага вільгаццю, мяхі якога працінаюць гіганцкія маланкі, грымоты прыгаломшваюць — гэта не канец свету, а толькі пачатак, хаця катаклізмы нам, сённяшнім, могуць нагадаць якраз заканчэнне яго, апошнія дні ўсяго існага, аднак насамрэч гэта, наадварот, толькі паўстае жыццё, якое будзе наўслепа кідацца ўгору, у нечаканыя бакі, удол, ствараючы ад дробных павукоў да валатоўскіх яшчараў. Гэта тэатр, тэатр жыцця, а “Горадня” — назва толькі аднаго асобнага, адной тэатральнай сцэны, трупы, а я, спачатку проста глядач, разявака, які трапіў на прадстаўленне, святло раптам пагасла. Трапіў па контрмарцы ці, хутчэй, дзякуючы журналісцкай картцы, я спыняюся на хвілю, каб адаптаваць зрок, пачынаю намацваць падэшвамі падлогу, прыступкі глядацкага амфітэатра, напружваю міжволі вочы, нібы выкарыстоўваючы прыладу для начнога бачання. Так-так, сцэна мяне пакуль не цікавіць, мая справа — знайсці незанятае месца сярод гледачоў, хай нават прыстаўное крэсла, часова ўзятае з грымёркі, ці з рэжысёрскага пакоя.
Калі я гавару “тэатр”, а затым вымаўляю “кароль” і дадаю — “Станіслаў Аўгуст Панятоўскі”, адбываецца неверагоднае, думкі зачынаюць віраваць, чорнае неба знянацку спярэшчана метэорным дажджом, так-так, спачатку ў руках я трымаў крэсіва, звычайную нават скалку-крэмень і вось ужо ўсё ўваччу іскрыцца бенгальскімі агнямі, выбухае феерверкамі. Я стаю ў спалоху: што я нарабіў, што здарылася, ці не згарыць цэлы горад, як ў 1885-м і як раней здаралася неаднойчы? Так-так, я нічога не разумею, дакладней я купую думкі, парадкую як магу, спрабую засяродзіцца, я шукаю цвёрдай глебы, але гэта дрэнна атрымліваецца. Мяне адно крэпіць думка, што іскры — халодныя, што агонь — штучны і побач няма пораху ці сена і нават бензіну, бо войска забрала коньмі гарматы і пакінула гарадскія межы, тое, колішняе войска або войскі, бо пры Станіславе Аўгусце Панятоўскім іх таўклося, пся крэў, некалькі.
Так-так, наш кароль апошні да тэатральнага раствору — рэдкі дадатак, бо выклікае нечакана бурную рэакцыю, адчуваеш сябе нібы алхімікам, вучоным Ціха Браге, які пакінуў тэлескоп часова дзеля алембікаў, рэтортаў. Не-не, я не такі наіўны, мы жывем у сённяшнім часе, і на філасофскі камень ці на золата не разлічваю, але я ведаю, я папросту перакананы — тэатральны раствор здзівіць, уразіць чарадой пераўтварэнняў, рэзкімі колерамі, зменай станаў рэчыва, бачных выразна чалавецкаму воку, якімісь аблокамі зацвярдзелага дымнага бялка, што трапіў у кіпень скрозь сетніцу расколін у шкарлупінні яйка, ён крыху спалохае затым рэакцыяй імгненнага росту нібы-марскіх каралаў, дый мала чым яшчэ, хіба магчыма гэта ведаць наперад? Старадаўнія алхімікі ў чаканні цуду, нібы дзеці сёння, што прыглядаюцца хімічнай мазаіцы ў судзіне з тоўстага шкла, каб яна не выбухнула ад непрадбачнага спалучэння рэчываў ці праз выпадковы кірунак звычайна непрадказальнай ланцуговай рэакцыі. Вось такімі менавіта мне бачацца тэатральныя сцэны з эпохі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і яго асабістага жыцця, дзе віно, і порах, і яд.
Вам хочацца пачуць больш канкрэтыкі? Мне таксама карціць распавесці — што, якія сцэны, фабулы, назвы прыдумваліся ў мяне ў час гэтай зацягненай прэлюдыі. Адбывалася само сабой як з запісам на дзвюх сцежках магнітафоннай стужкі, толькі адно занатоўвала на паперы мая рука, другое адначасова ўзнікала ў галаве, і я машынальна стараўся запомніць яго. Перш ляжыць на паверхні гісторыя каваля ў кароне, тое, як мы да яе дакрануліся, называцца яна магла б прадметна — “Карона Станіслава Аўгуста, караля”. Што датычыць другой гісторыі, у мяне перад вачыма вядомая сцэнка дыспуту усходняга вучонага з заходнім, не прачытаная, убачаная на сцэне нашага тэатра Тызенгаўза. Вы разумееце — пра што мова. Дык вось, гэтым разам спрэчка не пра мужыка-беларуса, а пра вартасці і недахопы двух манархаў — Станіслава Аўгуста Панятоўскага і яго папярэдніка — Аўгуста ІІІ Саксонскага, я выразна бачу гэты дыспут і схаваю ў душы да часу жаданне, у галаве уяўныя кадры і ўрыўкавы запіс дыялогаў. Абедзьве
Караля выкрадаюць, гэта ў стылі Дзюма і “Фан-Фан Цюльпана”, прыгодніцкая гісторыя, словам. Выдатна надаецца да экранізацыі, на сцэне з ёю будзе горш, цяжэй захаваць дынамічнасць дзеі, авантурны дух. Але ці было гэта прыгодай або, калі было, то наколькі адпавядала жанру, ці не была гэта драма манарха, які ад самага пачатку апынуўся паміж двума агнямі: і гэты пячэ, і той паліць? Сам механізм, матывы, закулісныя гульні, яны не былі зразумелыя нават сучаснікам Станіслава Аўгуста, мы пагатоў не маем яснасці, а калі так, лепшага выпадку не прыдумаць, каб узяцца за п’есу, усякая версія можа прагучаць як ісціная. Кароль перашкаджаў канфедэратам, яны прагнулі выратаваць краіну, план быў просты: выкрасці з Варшавы і схаваць яго, стварыць штучна стан бескаралеўя, пачаць дыктаваць свае правілы гульні, выклікаць на перамовы моцныя краіны з левай часткі Еўропы. Так тлумачылі здарэнне, між іншых, ворагі караля, якія, аднак, не ўдзельнічалі, не мелі да яе дачынення. Але адзін амбасадар палічыў, што сваё выкраданне Станіслаў Аўгуст учыніў сам, каб сапхнуць на канфедэратаў і выклікаць абурэнне за мяжой гвалтоўнымі іх дзеяннямі, ледзьве не замахам на жыццё манарха. Нечуваны выпадак сапраўды спарадзіў незадаволенасць пры манаршых дварах. Атрымаўся бяскроўны маральны ўдар па канфедэратах, з якімі каралю не хацелася ваяваць, але супраць якіх ён мусіў высылаць войскі. Своеасаблівай стала рэакцыя Фрыдрыха ІІ, так-так, менавіта тады ён напісаў антыгераічную паэму пра іхнюю “рэвольту”. Існавала трэцяя версія: кароль зымітаваў сваё выкраданне, каб такім чынам далучыцца да саміх канфедэратаў, якія выступалі за незалежнасць. Хуткае вызва-ленне з палону прыхільнікі версіі тлумачылі празаічна, але досыць праўдзіва: пецярбургскі амбасадар прыгразіў Станіславу Аўгусту дэтранізацыяй… Якая, аднак, багатая сыравіна для твора, для сцэнічнай пастаноўкі! І пры гэтым сама дзея, як мне уяўляецца наперад, мусіць адбывацца з партызанскай, як называлі яе мемуарысты, вайной на заднім плане, за кулісамі: гарматныя выбухі, пошчак капытоў, пакеты з васковай пячаткай, газетныя паведамленні, можна таксама, нават пажадана — хмаркі парахавога дыму.
Салодкія загадкі гісторыі, яе таямніцы, схаваныя ў вінных склепах, у сутарэннях, без доступу святла піраміды бутэлек у футрах з пылу. Загадкі, падобныя шакаладу, дзе могуць разынкі трапіцца, але можа й чылі-перац ці нават чорны, гарошкавы, а не пашэнціць, можа і ў пачку кавы неядкія вугельчыкі, негатунковы раздроб, нейкія каменьчыкі, халера! Хаця шакалад з перцам — гэта, хіба, швейцарскі сучасны гатунак дэлікатэсны, так-так, для гурманаў, але ў ім штось турэцкае, янычарскае або, скажам, маўрскае, прысмак нееўропы, экзотыкі, але экзотыкі з дамешкам небяспекі, хаця якая экзотыка сапраўдная без падступнасці, без нябачных пагрозаў? У іншым разе яна — проста каляровая паштоўка. Экзотыка без перцу з імберцам — прэсная. Але таямніцы гісторыі, з імі ўсяляк здараецца, пакуль да іх дакапаюцца, ці натрапяць выпадкова. Віно выпала ў асадак, ператварылася у воцат, страціла не толькі смак і водар, але дазвання — свае ўласцівасці. І нічога не парадзіш. Мяхі з кавай, што спарахнела, збожжа, што абвуглілася. Зусім іншы прыклад — мяса мамантаў, захаванае ў вечнай мерзлаце…
Месяц травень, нечакана месяц узгадак пра караля, месяц квецені і начных прымаразкаў, гвалтоўных вятроў і першых дажджоў з градам, квецень змывае з белых купаў дрэў быццам шумавінне з пляжнага пяску, застаюцца рэшткі, на якія апошняя надзея. Так-так, гэта месяц караля і не толькі для мяне аднаго. Ён, гэты месяц, насычаны падзеямі, дзе так ці інакш закранаецца яго імя, яго чыны, яго час, нібыта закончылася бескаралеўе, замоўчванне, нябыт. Хай на некалькі дзён, у асобным месцы, для некалькіх асобаў, і сярод іх быў я і я паспрабую, хай не Гораду і Свету, але паведаміць, агучыць, звярнуць увагу…
Калі сам пра сябе брашуру ананімную зрабіў, значыцца самотны, значыцца без моцнай падтрымкі, не цалкам упэўнены ў сабе, бо перашкаджаў збег акалічнасцяў, зацятасць ворагаў, ланцуг падзеяў, абставіны, што абярнуліся супраць яго. Фіяска. І сёння ў нас здараюцца крушэнні надзеяў, краіна нашая, яшчэ не прызвычаіўшыся як мае быць да свайго рыцарскага заступніка, яшчэ не адчуўшы па-сапраўднаму волі, не навучыўшыся як след дыхаць напоўніцу, яна, прачнуўшыся аднойчы, убачыла на кані не шляхетнага рыцара, а боўдзіла з гумовым друком, адчула на сваім карку цяжар несвабоды. Ці няможна нам шукаць падабенства свайго становішча, свайго унутранага стану сёння, адчуванняў, спробаў дзеянняў з яго, каралеўскімі? Я не параўноўваю сябе з ім, як з каралеўскай асобай, у мяне няма намеру прыладкоўваць сабе ў думках карону, прымерваць плашч з гарнастаевай мантыяй, шаблю, я толькі магу зрабіць параўнанне як чалавека з чалавекам, як гарадзенца з гарадзенцам. Урэшце ён быў творчай асобай, аўтарам, рэдактарам, выдаўцом.