Сабачае сэрца
Шрифт:
Трэба адзначыць, што за гэтых 6 дзён хірург умудрыўся разоў з 8 пасварыцца са сваім выхаванцам. І таму атмасфера ў абухаўскіх пакоях была душная.
— Ну, і мяне тады таксама гэтак, імя і імя па бацьку, называйце! — зусім рэзонна адказаў Шарыкаў.
— Не! — загрымеў з дзвярэй Піліп Піліпавіч. — Гэтакім імем і імем па бацьку я не дазволю вас называць. Калі хочаце, каб вас перасталі фамільярна клікаць «Шарыкаў», я і доктар Барменталь будзем зваць вас «пан Шарыкаў».
— Я не пан, паны ў Парыжы! — адбрахаўся Шарыкаў.
— Швондзерава работа! — крычаў Піліп Піліпавіч. — Ну, няхай, разлічуся
— Найшлі дурня, які з'едзе адсюль, — зусім цвёрда адказаў Шарыкаў.
— Як гэта? — спытаўся Піліп Піліпавіч і гэтак перамяніўся з твару, што Барменталь падляцеў да яго і пяшчотна і трывожна ўзяў за рукаў.
— Ведаеце, вы не набірайцеся нахабства, мсье Шарыкаў! — Барменталь закрычаў. Шарыкаў адступіў і дастаў з кішэні паперы: зялёную, жоўтую, белую, тыцкаў у іх пальцам і гаварыў:
— Вось. Член жыллёвага таварыства, і плошча мне належыць канкрэтна ў кватэры нумар 5 у адказнага ўладальніка Праабражэнскага памерам 16 квадратных аршынаў. — Шарыкаў падумаў і дадаў слова, якое Барменталь машынальна адзначыў як новае — майце ласку.
Піліп Піліпавіч прыкусіў губу і праз яе неасцярожна прамовіў:
— Клянуся, што гэтага Швондзера я ўрэшце застрэлю.
Шарыкаў надзвычай востра і ўважліва ўспрыняў гэтыя словы, гэта відаць было па ягоных вачах.
— Піліп Піліпавіч, vorsichtig*… — перасцярог Барменталь.
* Асцярожна (ням.).
— Ну, ведаеце… Калі ўжо гэтакую подласць! — ускрыкнуў Піліп Піліпавіч па-расейску. — Майце на ўвазе, Шарыкаў… пан, што я, калі вы яшчэ раз дазволіце сабе хоць адну нахабную выхадку, я пазбаўлю вас абеду і наогул харчавання ў маім доме. 16 аршынаў — цудоўна, але ж я не абавязаны карміць вас па гэтай жабінай паперыне!
Тут Шарыкаў спалохаўся і прыадкрыў рот.
— Без ежы я аставацца не магу, — замармытаў ён, — дзе ж я буду карміцца?
— Тады і паводзьце сябе як след! — уголас заявілі абодва эскулапы.
Шарыкаў відавочна прыціх і ў той дзень не нарабіў нікому ніякай шкоды, акрамя самога сябе: скарыстаў момант, калі адлучыўся Барменталь, узяў брытву і распаласаваў сабе шчаку гэтак, што Піліп Піліпавіч і Барменталь накладвалі яму швы, з-за чаго Шарыкаў доўга выў і абліваўся слязамі.
Наступную ноч у кабінеце Піліпа Піліпавіча сядзелі двое — Піліп Піліпавіч і верны, адданы яму Барменталь. У доме ўжо спалі. Піліп Піліпавіч быў у сваім блакітнага колеру халаце і чырвоных тапачках, а Барменталь у рубашцы і пры сініх падцяжках. Між дактарамі на круглым стале побач з пульхным альбомам стаялі бутэлька каньяку, сподачак з лімонам і скрыначка з цыгарамі. Вучоныя накурылі цэлы пакой і горача абмяркоўвалі апошнюю навіну: гэтага вечара Шарыкаў прысвоіў у кабінеце Піліпа Піліпавіча два чырвонцы, якія ляжалі пад прэс-пап'е, знік з кватэры, вярнуўся позна і зусім п'яны. Мала гэтага. З ім з'явіліся дзве невядомыя асобы, якія паднялі шум на лесвіцы і хацелі пераначаваць у гасцях у Шарыкава. Зніклі гэтыя асобы толькі пасля таго, як Фёдар, які прысутнічаў у час гэтай дзеі ў асеннім паліто паверх бялізны, пазваніў у сорак пяты аддзел
— Хто яны такія? — наступаў Піліп Піліпавіч на Шарыкава і сціскаў кулакі.
Той хістаўся, прыліпаў да футраў, мармытаў нешта пра тое, што асобьі гэтыя яму невядомыя, але што яны не сучыя дзеці, а — добрыя.
— Самае дзіўнае, што яны ж абодва п'яныя… Як жа яны ўмудрыліся? — здзіўляўся Піліп Піліпавіч, глядзеў на тое месца, дзе захоўвалася памяць пра юбілей.
— Спецыялісты, — растлумачыў Фёдар і пайшоў спаць з рублём у кішэні.
Ад двух чырвонцаў Шарыкаў адхрысціўся адразу ж катэгарычна і мармытаў у гэты час, што, маўляў, не адзін ён у кватэры.
— Ага, тады, можа, гэта доктар Барменталь свіснуў чырвонцы? — запытаўся Піліп Піліпавіч ціхім, але страшным голасам.
Шарыкаў пахіснуўся, расплюшчыў зусім асалавелыя вочы і сказаў пра сваё меркаванне:
— Можа, Зінка ўзяла…
— Што такое?.. — Зіна з'явілася ў дзвярах, быццам прывід, і прыкрывала на грудзях расшпіленую кофтачку далонню. — Ды як ён…
Шыя ў Піліпа Піліпавіча стала чырвонага колеру.
— Спакойна, Зінуша, — сказаў ён і працягнуў руку, — не хвалюйся, усё будзе нармальна.
Зіна адразу ж зараўла, распусціла губы, і далонь заскакала ў яе па ключыцы.
— Зіна, як вам не сорамна? Хто ж можа гэтак падумаць? Фу, ганьба якая! — загаварыў разгублена Барменталь.
— Ну, Зіна, ты проста дурніца, даруй мне божа, — пачаў быў Піліп Піліпавіч.
Але тут Зінін плач спыніўся сам сабой, і ўсе замоўклі. Шарыкаву зрабілася дрэнна. Ён стукнуўся галавой аб сцяну, з яго вырвалася — не то «і», не то «е» — быццам «эээ!». Твар збялеў, сутаргава заварушыліся сківіцы.
— Вядро яму, нягодніку, з аглядальні даць!
І ўсе забегалі: пачалі даглядаць хворага Шарыкава. Калі яго вялі спаць, ён хістаўся ў руках у Барменталя, пяшчотна і меладычна лаяўся брыдкімі словамі і вымаўляў іх з цяжкасцю.
Уся гэтая гісторыя здарылася гадзін у дзве, а цяпер было 3 гадзіны ночы, але двое ў кабінеце не спалі, падагрэтыя каньяком і лімонам. Накурылі яны гэтак, што дым вісеў густымі палосамі і нават не пакалыхваўся.
Доктар Барменталь, белы, з рашучымі вачыма, падняў кілішак на тоненькай ножцы.
— Піліп Піліпавіч, — прачула сказаў ён, — я ніколі не забуду, як я амаль галодным студэнтам з'явіўся да вас і вы прытулілі мяне на кафедры. Паверце, Піліп Піліпавіч, вы для мяне намнога больш чым прафесар, настаўнік… Мая бясконцая павага да вас… Дазвольце пацалаваць вас, дарагі Піліп Піліпавіч.
— Галубок мой… — разгублена абазваўся Піліп Піліпавіч і ўстаў насустрач.
Барменталь яго абняў і пацалаваў у пушыстыя, моцна пракураныя вусы.
— Дальбог, Піліп Пілі…
— Гэтак расчулілі, гэтак расчулілі… Дзякуй вам, — гаварыў Піліп Піліпавіч, — галубок, я часам крычу на вас у час аперацыі. Прабачце мне за старэчую нястрыманасць. Па сутнасці, я ж зусім адзінокі… Ад Севільі да Грэнады…