Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
Шрифт:
Як адказаць яму? Што ані не страшна, што зусім не спалохаўся? Не паверыць. Дый ці добра крывіць душой?
— Крышку спалохаўся. Неспадзявана выйшла. Назіралі за адным, а з'явіўся другі.
— Антон, не бойся гэтага агароднага пудзіла.
— Лічыш, што Чорная Накідка (так я стаў называць незнаёмага) — агароднае пудзіла?
Васіль стукнуў сябе кулаком у грудзі.
— Вылітае агароднае пудзіла!
Вядома, Васіль і сам спалохаўся. Нездарма здранцвеў, не мог ні слова вымавіць. Але, я гэта добра адчуваў, яму хацелася супакоіць і сябе, і мяне, каб не наганяць страху.
— Па-твойму, Чорная Накідка — агароднае пудзіла? Але ж агароднае пудзіла не пабегла б. Ног не мае. У Васіля аж твар выцягнуўся, як пачуў гэткае.
— Я не ў прамым сэнсе сказаў, а ў пераносным. Чорная Накідка падобны на агароднае пудзіла. Знарок так апрануўся. Каб людзей пасмяшыць. Бываюць такія.
Я зноў не пагадзіўся:
— У лесе так не смешаць. У лесе ад такіх смешак можна заікам стаць. Хіба не праўда?
— Праўда, — мусіў пагадзіцца Васіль. — Але ж ён ад нас уцякаў. Выходзіць, баіцца нас.
Я вырашыў спыніць спрэчку. Чаго дарма язык аб зубы часаць?
— Васіль, расхацелася мне па лесе блукаць. Дома лепей.
У Васіля, як пачуў гэта, кроў прыліла да твару.
— Мы дамовіліся, што будзем сачыць за Піліпам Макаравічам. Дамовіліся, што ўсё-ўсё разгадаем. Ты што? Спалохаўся?
Вось упарты! Нездарма кожную раніцу стары гадзіннік рамантуе, цешыць сябе надзеяю, што заспявае, як салоўка. У такога не хочучы заспявае. Баішся… Неяк няёмка. Васіль страху не паказвае, а я хіба горшы за яго?
— Дзе наша ні прападала! Пойдзем, калі табе так хочацца.
І мы з Васілём пасунуліся ў самы гушчар, туды, куды пайшоў Піліп Макаравіч. Ішлі як вады ў рот набраўшы. Здавалася, скажы слова — на ўвесь лес прагучыць. А дзесьці непадалёку Чорная Накідка… Можа, натапырыў вушы, слухае…
Чорная Накідка… Хто ж ён такі? Што яму трэба ў нашым лесе? Па суніцы прыйшоў? Не. У руках нічога не было. Ні збанка, ні вядзерца. А калі ён сябрук Піліпа Макаравіча, калі разам у палатцы жывуць? Магчыма такое? Магчыма. У палатцы мы не былі, хто і што там, не бачылі. Піліп Макаравіч дзівак. І гэты дзівак. Таму і водзяць дружбу.
— Васіль, мне здаецца, што Піліп Макаравіч і Чорная Накідка заадно, — парушыў я нясцерпнае маўчанне.
А Васіль нечакана:
— Антон, запіска!
Запіска — невялікі аркуш паперы ў клетачку — ляжала на елачцы, на лапцы, быццам знарок, каб мы ўбачылі. Васіль падбег да елачкі, схапіў лісток, спяшаючыся стаў чытаць:
— «Каб зберагчы ў горадзе Пецярбургу драўляныя маставыя, Пётар Першы абнародаваў такі Указ…»
Я падумаў, што ён кепікі строіць, што знарок абы-што чытае.
— Васіль, чытай, як напісана. Пётар Першы…
— Сам чытай, калі мне не верыш.
Я зірнуў на аркуш паперы. Але, чорным па беламу: «Каб зберагчы ў горадзе Пецярбургу драўляныя маставыя…»
Я махнуў рукою.
— Чытай далей.
Васіль зноў пачаў чытаць:
— «Каб з гэтага часу ў далейшым скобамі і цвікамі, чым боты мужчынскія і жаночыя падбівалі, ніхто не гандляваў і ў сябе іх не меў, таксама і ніхто, якога б чыну хто ні быў, з такіх падбоеў ботаў і чаравікаў не насіў, а калі ў каго такія з'явяцца, тыя без літасці будуць аштрафаваны, а купецкія людзі, якія такія скобы і цвікі трымаць будуць, сасланы будуць на катаргу».
— На катаргу? — пытаюся. — Усё? Канец?
— Не. Тут яшчэ з чырвонага радка напісана, — прагаварыў Васіль. — Прачытаць?
— Чытай.
Мне было ўсё роўна, што слухаць. Я быў як аглушаны. Млявасць агарнула ўсё цела. Калі б раптам Чорная Накідка з'явіўся, то, напэўна, з месца не скрануўся б. Я амаль не ўспрымаў таго, што вакол адбывалася. Разгубіўся, ці што?
— «Горад, дзе за год было больш чым сто семдзесят дажджлівых дзён і мноства разліваў,— быццам здалёку даносіўся голас Васіля, — да таго ж пабудаваны на балоце, існаваць без драўляных маставых проста не мог».
— Усё?
— Усё, — сказаў Васіль, як цяжар скінуўшы. — Нейкі дзівак напісаў.
Я ўстрапянуўся. Пра якога дзівака ён кажа? Няўжо і трэці дзівак з'явіўся ў лесе? Два ёсць: Піліп Макаравіч і Чорная Накідка.
— Не хапала нам яшчэ і трэцяга! — уголас прамовіў я.
— Пра каго ты? — не зразумеў Васіль.
— Пра трэцяга дзівака. Лічыш, што і трэці дзесьці па лесе брэндаецца, рознае глупства піша?
— Хто яго ведае, — прагаварыў Васіль. — Трэба далей ісці. Не след на паўдарозе спыняцца.
Прайшлі метраў трыццаць — новая запіска. Калі першую я назваў бы «Указ цара Пятра Першага», то другую так: «Жывыя компасы». Не зусім зразумелая назва? Тады паспрабую пераказаць змест гэтай запіскі.
У самым пачатку дзівак-дабрадзей паведамляў (нам з Васілём ці яшчэ каму), што сама прырода дапамагае арыентавацца ў лесе без компаса. Напрыклад, у цёплы сонечны дзень на ствалах соснаў выступае смала. Найбольш яе з паўднёвага боку. Нават кара там танчэйшая і святлейшая. Цікавы, скажу вам, арыенцір. Быццам той, хто заблудзіцца, заўважыць, дзе кара танчэйшая.
Яшчэ незнаёмы пісаў, што суніцы, брусніцы пачынаюць спець з паўднёвага боку, а з паўночнага яны зеленаватыя. Добрым арыенцірам назваў ён і муравейнікі. Маўляў, мураўі любяць сонца і стараюцца пабудаваць сваё жыллё так, каб яно знаходзілася з паўднёвага боку дрэва, куста альбо пня. Поўнач і поўдзень рэкамендаваў вызначаць і па форме муравейніка. Як? Напісаў, што паўднёвы бок пахілы, а паўночны — стромкі.
Вось табе і на! Шукалі Піліпа Макаравіча, а знайшлі запіскі. У гэтых запісках, калі так сказаць, і гісторыя, і геаграфія. Хочаш — Указ цара Пятра вывучай, хочаш — з прыроднымі арыенцірамі знаёмся. Калі б знайшлі яшчэ дзве запіскі (адну з вершамі, а другую з прыкладамі ці задачай), то цэлы навуковы букет сабралі б.