Салавей
Шрифт:
Гэтак ідзе ў іх час ужо шмат гадоў.
Калі іхнія дзеці, гуляючы разам, зусім аб «розніцы» забываюць, дык бацькі сваімі пастаяннымі святочнымі жартамі напамінаюць і ім аб гэтым. Тады дзеці пачынаюць гуляць у «гоя» і «жыда». Гулянкі і забавы канчаюцца часта незвычайна сумна.
Мендэлька, старэйшы хлопчык Меера, з плачам бяжыць да бацькі і скардзіцца:
— Тата! Юрка даў мне трэфнай лыжкай па носе…
А Юрка, Міхалкаў сынок, таксама адплату мае за гэта. І ён плача перад сваім бацькам:
— Татачка! Мендаль мазануў мне кугалем па губах…
Бацькі
Кожны з іх рад у душы, што і дзеці «розніцу» адчуваюць.
«Так і павінна быць!» — думае кожны.
Кожны з іх уяўляе, што каб было іначай, каб не было «розніцы», дык мо свет перавярнуўся б…
Певень і курыца лагодна спацыруюць каля хат, капаюцца ў снезе, ціха балбочуць між сабой на незразумелай мове. Суседзі, Меер і Міхалка, таксама гутараць. Раптам яны пачынаюць прыслухоўвацца, наставіўшы вушы ў бок лесу, куды вядзе сцежка да маёнтка пана Вашамірскага.
— Мне здаецца, што конскі тупат чуваць, — кажа Міхалка.
— І мне здаецца, — згаджаецца Меер.
Абодва яны навастрылі слых. У гэта глухое месца рэдка хто паказваўся.
Вось з лесу замільгала нешта чорнае. Чалавек на кані з кожнай хвілінай усё больш вырастаў. Ён ехаў конна па полі якраз сюды, да гэтых хатак. За ім гналася трое паляўнічых сабак.
— Дваровы! — казаў Міхалка.
— А як жа! Відаць, ад пана нехта, — здзівіўся Меер.
Сабакі пусціліся наперад і з гучным брэхам накінуліся на пеўня і курыцу. Тыя ледзь выратаваліся ад іх, ускочыўшы на плот, а адтуль — на нізкі дах Міхалкавай хаты.
Чалавек на кані засопся ад хуткай язды, расчырванеўся і ледзь спыніў разгарачанага каня.
Міхалка і Меер пакланіліся панскаму ганцу.
— З чым Бог нясе? — запытаўся Міхалка.
— Пан загадаў на гэты тыдзень усю рыбу прынесці ў двор! — казаў панскі ганец.
— Ды я і лавіць гэтымі днямі не думаю, — артачыўся Міхалка.
— Ну, не хітры, ліха табе! — строга сказаў панскі ганец. — Пан цябе, хамулу, за кудлы павесіць, калі не паслухаеш. У пана вялікі баль на тым тыдні.
— Добра! — хмура сказаў Міхалка.
Меер палез пальцамі ў бараду, пачаў круціць валасы ў пярсцёнкі, як бы забаўляўся імі, захваціў канец іх сабе ў рот і пачаў злосна кусаць, нібы барада ва ўсім вінавата.
Панскі ганец зноў сцебануў каня па баках і панёсся назад у бок лесу. За ім уперагонку пусціліся сабакі.
З кожнай хвілінай ганец аддаляўся ад хатак, драбнеў на снежным полі, пакуль схаваўся ў лесе.
— Згарыць няхай пан з усімі панянятамі! — казаў Міхалка ад усяго сэрца.
— Ліха няхай яго забярэ! — адгукнуўся і Меер. Яны абодва азірнуліся ва ўсе бакі — можа, хто падслухаў іхнія словы…
Снежная бель мітусілася ў вачах.
— Цьфу! — плюнуў Міхалка.
— Цьфу! — нібы водгалас, пачуўся шчыры плявок Меера.
10. Каты і пані Вашамірская
Старая пані Вашамірская, маці маладога паніча, ужо некалькі год жыве асобна ў другім маёнтку нябожчыка мужа. Яна вельмі
Але ці людзі разумеюць яе так, як яна сама сябе разумее? Ці людзі могуць ацаніць усю яе дабрату, яе бязмерна чулае, кволае сэрца?
Не! Ніхто, толькі яна сама сябе можа ацаніць. Яна і Пан Буг! Для сябе пані жыць не хоча і не можа — жыве для іншых. Аднак дзеля таго, што людзі яе не разумеюць і, наогул, людзі — стварэнні грэшныя, недастойныя яе ўвагі і дабраты, яна ўсе свае клопаты аддае не ім. Яна вельмі любіць катоў. Калісьці, пры мужу, яна любіла сабак. Але людзі памыляюцца — памылілася тады і яна. Цяпер пані выправіла сваю памылку — замяніла сабак на катоў. Бог накіраваў яе на святы шлях.
Котка — прыгожае, лагоднае і далікатнае стварэнне. Котка больш шляхотная за сабаку.
З вялікім захапленнем старая пані Вашамірская палюбіла катоў.
Каля сваёй спальні яна мае два пакоі для катоў. У адным пакоі — здаровыя, у другім хворыя. Пры катах ёсць лекар, кухарка і некалькі нянек. Кожная котка мае аксамітную падушачку, коўдрачку, пасцель і наогул поўны гардэроб. Пад наглядам пані варыцца для іх ежа. Яна сама назначае дыету для хворых, ведаючы густ і капрызы кожнай паасобку. Сама купае іх, мые дарагім мылам і абрызгвае замежнай парфумай. Сама ўбірае катоў у стужкі, трымае іх на каленях і каля хворых часам сядзіць цэлымі начамі. Аднаго разу, як здохла такая котка, дык пані выклікала ксяндза (пані ўпэўнена, што каты — каталіцкай веры), наладзіла пышнае пахаванне ў садзе і цэлы месяц хадзіла ў жалобе.
Яна памізарнела за гэты час, пасівела. Лекару ўсыпалі тады бізуноў за тое, што недагледзеў, а нянька засталася без касы — пані загадала адрэзаць. Пані — строгая і добрая — нікому не дасць пакрыўдзіць сваіх котак.
Пані мае затое і вялікую ўцеху.
Каты таксама яе любяць. Спяць з ёю, ходзяць за ёю стадам, лезуць ёй на калені, калі па імені пакліча. Яны не такія няўдзячныя, як людзі. І пані Вашамірская мае ад іх заслужоную духоўную ўзнагароду.
Яна любіць катоў не толькі свайго пансіёна. Часам гатова палашчыць і мужыцкага ката. Яна яшчэ больш шкадуе такога: далікатная, шляхотная істота, а ў хамулы-мужыка мышэй ловіць, прыгон адбывае. Пані нават думае забараніць сваім прыгонным трымаць катоў.
Яе захапленне катамі пераходзіць усякія межы, ды іначай быць не можа, іначай пані была б недастойна іх. Яна да таго глыбока пранікнута кашачай псіхікай, іхнімі пачуццямі, што адчувае вялікую натхнёнасць у часы кашачых канцэртаў на даху вясной. Грубыя людзі не разумеюць хараства іхняга мяўкання, вушы свае недастойныя затыкаюць. А пані ўсім імпэтам далікатнай чулай душы ўпіваецца ў гэту музыку. Наслухаўшыся да хмельнай асалоды кашачай сімфоніі, пані Вашамірская ўспамінае сваю моладасць, сваё каханне… Успаміны паўстаюць перад ёю жывой плоймай рухавых катоў. Аглядае сябе — яна яшчэ цяпер, маючы пяцьдзесят гадоў, досыць цікавая, стройная, вёрткая.