Салавей
Шрифт:
Ён аглядаўся па баках і пільна прыслухоўваўся. Думаў аб Зосьцы: яна здзівілася, што ён зусім «панскі выгляд» мае. Мабыць, так яно і ёсць. На сваіх сябрах у студыі Салавей гэта даўно заўважаў, толькі не на сабе. Ва ўсіх сыходзілі мазалі з рук. Усе апрануты чыста. Ад жыцця ў панскіх палацах, ад старанных муштраванняў у працягу некалькі мссяцаў з твараў студыйцаў сышоў мужычы колер. Рухі ва ўсіх пазграбнелі, зрабіліся лёгкімі і спрытнымі. Нават выраз вачэй змяніўся: паглыбеў, іншы змест адсвечваецца ў іхнім бляску. Панскі гебаль адгабляваў людзей, адгаліфаваў. Усе яны ўжо былі не такімі,
Салавей пачаў сябе аглядаць-ашчупваць.
У першы раз за ўвесь час заўважыў, што сапраўды ён не той, якім быў хоць бы паўгода таму назад. Не дзіва, што Зоська не разумела яго некаторыя, як яна гаварыла, «панскія словы».
Вялікую змену ў сабе ён адчуваў толькі цяпер, калі аб гэтым яму казала Зоська. Таксама цяпер толькі прыкмеціў, што Зоська — простая, а маленькая ўбогая хатка душыць яго. Пасля вялікіх пышных панскіх палацаў (хоць ён іх ненавідзеў) простая хатка здавалася яму канураю, у якой нельга жыць не то што чалавеку, але і панскаму сабаку. Ранейшага захаплення Зоськай у яго ўжо не было. Тое імкненне бачыць яе, якое песціў у грудзях увесь час, як бы астыла.
Па голасу, па вачах Зоські, па ўсіх яе рухах Салавей адчуваў, што яна бачыць у ім гэту змену.
Жаль да Зоські агарнуў яго.
Сінь ночы атуляла яго з усіх бакоў. Сінім колерам была афарбавана і вёска Вашаміршчына, што ўпіралася сценамі ў густы хмызняк, і лес цёмна-сінім мурам маўкліва-грозна глядзеў у закуранае хмарамі неба.
Снег быў пругкі і хрусцеў задушаным стогнам пад кожным крокам, хоць Салавей стараўся ступаць асцярожна і нячутна.
У Салаўя было спачатку такое ўражанне, нібы нешта ўкраў у Зоські, украў самае лепшае і дарагое ў яе жыцці. Украў сваімі ўласнымі рукамі. Але ў цішыні як пачаў болей глыбока думаць аб гэтым, — як гэта выйшла і чаму так здарылася, што Зоська па яго пакрыўджанымі вачыма паглядае, — ён пачаў адчуваць, што ў гэтым сам мала вінават: панскія пакоі яго перарабілі. Ён сам сабе чужым стаў… Цяперашні Салавей зусім не той чалавек, што ранейшы Сымонка.
Чаму гэтак сталася, ён як бы не разумеў, але адчуваў, што разам з агідай да панскай няволі, да панскіх палацаў гэтыя палацы і вабілі да сябе; цягнула яго да іх, як матылька да агню.
Разам з агідай да паноў, да іхніх учынкаў і здзекаў над прыгоннымі ён не можа цяпер глядзець на сваіх ранейшых сяброў і нават на Зоську так, як глядзеў раней, — нечым ён ад іх адрозніўся і заўважаў у іх тое, непрыемнае для сябе, чаго раней не бачыў…
Салавей часта ўваходзіў і хутка выходзіў адтуль.
Зоська сядзела на лаве пры стале, і слёзы капалі з яе вачэй.
— Ты, Сымонка, не то пан, не то паўпанак, не то панскі слуга! — скардзілася Зоська.
Яна аглядала яго з ног да галавы, прабуючы пальцамі яго чыстую, добрую вопратку.
— Ды я такі самы, якім быў раней! — апраўдваўся Салавей з няпэўнасцю ў голасе.
— Ты чужы, чужы… — строга, праз слёзы гаварыла Зоська.
Салавей верыў больш яе словам, чымся сваім. Як ні стараўся ўгаварыць сябе, што не змяніўся — не памагло.
— Чужы, чужы…
У душы Салавей лаяў сам сябе за тое, што пайшоў сюды. Не думаў, што так прыкра будзе тут…
Зоська часта мяняла лучыну, папраўляла яе з
Салавей прыслухоўваўся да кожнага шолаха, да малейшага скрыпу. Яго трывожыла тое, што Зоськіна матка ляжыць на печы і, пэўна, не спіць.
Як бы ў адказ на яго думкі, з печы пачуўся кашаль і спынілася сапенне спячай кабеціны.
Мабыць, старая прыслухоўваецца да таго, што робіцца ў хаце.
І Зоська і Салавей змянілі тон гутаркі на звычайны. Гаварылі аб розных рэчах, толькі не аб саміх сабе. Ім абодвум прыкра было, што іхняя гутарка не абыходзіцца без сведак; хаця Салаўю як бы зрабілася лягчэй ад гэтага, бо лепш было гаварыць аб пабочных рэчах, чымся аб сваіх уласных.
Словы Зоські: «чужы, чужы…», сказаныя з балючай скаргай, увесь час звінелі ў яго вушах.
Гэтыя словы, адбіваючыся на розныя лады рэхамі ў сэрцы, псавалі яму настрой, труцілі кроў і набывалі той глыбокі трагічны сэнс, якога ён не зразумеў спачатку. Нешта падсвядомае, чаго ён не мог бы словамі сказаць, дыктавала яму, што ён зрабіўся чужым не толькі Зосьцы, але і самому сабе. Яго нянавісць да ўсяго панскага была цяпер мацней, чымся раней, аднак, нягледзячы на гэта, яго цягнула назад да панскіх палацаў, да іх роскашы з тым самым імпэтам, з якім ён некалькі гадзін таму назад, крадучыся адтуль, пайшоў, праклінаючы паноў і ўсё панскае.
Яго цягнула да палацаў, як часам цягне чалавека ў глыбокі вір.
Салавей стараўся рассейваць сваю ўвагу на ўсякія вакольныя рэчы ў хаце: то заглядаўся на сіняватыя аганёчкі лучыны, на горкі дым, што віўся над ёю, то кідаў вачыма ў кут, дзе ў загародцы на саломе ляжала цялушка, скручаная ў абаранак.
Цялушка стрыгла вушамі, утаропіўшы круглыя, нібы задумённыя, вочы на агонь лучыны. Белы круглячок на лобе цялушкі блішчэў, як снег, і выглядаў прышытай латачкай з белага кужалю.
Салавей пацягнуў носам пах горкага дыму, цяжкі пах цялушкі, кур з падпечку і, не хочучы, зморшчыўся.
А Зоська наглядала за ім і ўгадвала ўсе яго думкі і адчуванні.
— Нашто плот гарадзіць, Сымонка! Ідзі ўжо да «сваіх» палацаў. Табе тут цяжка ў нас… Ідзі сабе на генеральныя рэпетыцыі!
— А што? — усхапіўся Салавей.
Зоська расказала яму пра тое, як не пусцілі са студыі Марыльку да паміраючай маці, як Каспара, бацьку Марылькі, забралі ў двор на кару.
У Салаўя загарэліся вочы. Ён стукнуў кулаком аб стол.
— Няхай прападзе панскі маёнтак! Жыць не буду, калі не адпомшчу за здзекі! Не вярнуся ў тэатр!
Старая прачнулася і зірнула з печы спалоханымі вачыма.
Зоська абняла Салаўя.
— Вось цяпер ты не чужы… — шаптала яна. — Цяпер ты мой, наш…
Не чулі яны, як дзверы адчыніліся.
Некалькі гайдукоў глядзелі на іх. Гайдукі схапілі Салаўя і пачалі вязаць вяроўкамі.
8. Згон на панскі баль
У маёнтку пана Вашамірскага твары ва ўсіх урачыстыя і заклапочаныя.
Уся чэлядзь, па загаду самога пана, апранута ў святочную вопратку, спецыяльна сшытую к гэтаму святу-балю. На дварэ вялікая суматоха: з'язджаюцца паны з розных маёнткаў, запрошаныя паглядзець тэатральнае відовішча.