Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Шрифт:

– Вашаму «ўтварэнню» ўжо каля 9 тыдняў! – строга, нават чамусьці сярдзіта сказала доктарка.

Інга сядзела з апушчанай галавой, як сядзяць грэшніцы на карцінах эпохі Адраджэння, глядзела ўніз, рукі бязвольна ляжалі на кушэтцы. Апамяталася толькі тады, калі доктарка назвала яе па імені. Доктарка адразу папярэдзіла, што пакуль гармоны не панізяцца да бяспечнага ўзроўню, цяжарнасць пад вялікай рызыкай. Але Інзе было не да таго. Яна выйшла з кабінета, з паліклінікі іншым чалавекам. Усё ранейшае знікала, новае запаўняла яе. Яе самую ўразіла, як імгненна адваліліся ад яе ўсе справы, асабліва кінастудыйныя, і яна пераключылася толькі на асабістае, жыццёва-будзённае, памперсна-паўзунковае,

летуценна-бяздумнае калыханне дзіцячай каляскі.

Па вялікім рахунку трэба радавацца. Доўгачаканае дзіця, яно трэба было ёй кроў з носу, хаця б для таго, каб смела пазіраць у вочы залоўцы – аўстралійскай мужавай сястры, якая моцна дапякала Інгу тым, што ў брата няма спадчынніка. Аднак поруч з радасцю ішлі сум, трывога і нават страх. Не сумняваючыся, ад каго цяжарная, Інга абсалютна не ўяўляла, якімі павінны быць яе дзеянні адносна Лагуна. А да мужа? Неяк ці то жартам, ці ўсур’ёз ён сказаў: «Я заўсёды вызначу, калі мне здрадзіць жонка. Цяжарнасць – вось доказ, і не ўскосны, а самы што ні на ёсць прамы».

Варыянт пазбавіцца дзіцяці яна адразу адмяла. Не, яна не выпусціць гэты шанс. Значыць, цяжарнасць трэба было трымаць у тайне, хаваць не толькі ад мужа, але ад усіх; прынамсі, да таго часу, пакуль тайнае не стане яўным і не пачнуцца абгаворы і плёткі, якія, канечне ж, рана ці позна даляцяць да мужавых вушэй.

Быў яшчэ варыянт разводу. Але і гэтага яна не хацела. Губляць такія ўмовы, траціць такое становішча, пры якім яна – паважаная, забяспечаная, добрапрыстойная, незалежная дама; адмаўляцца ад такога мужа… І дзеля чаго? Іншая справа, калі, напрыклад, паўстане пытанне: развод ці пісталетная куля, дык, само сабою, развод. Проста яна ведала, што такога выбару ў яе не будзе. А што будзе, яна не магла нават уявіць. І, як ні дзіўна, менавіта гэта прыносіла палёгку, бо толькі слабасцю ўяўлення ратуюцца людзі.

“Ну не. Я не збіраюся паўтараць чужыя памылкі! Я не буду ставіць сябе ў становішча або-або!”

Галоўнае, што не было з кім параіцца. Яна не мела ні сяброў, ні сябровак. Акрамя Рыты. Ды і тая… Упершыню ў жыцці Інга пашкадавала, што ў яе такі характар, – інтравертны. Ёй заўсёды хапала самой сябе. Ды і не было ў яе ні такой ужо вялікай радасці, з якой хочацца падзяліцца, ні такога гора, якое можна было б на некага перакласці. Дзіўна, што яна не адразу ўспомніла родных бацькоў. А можа, якраз-такі заканамерна, бо яны былі зусім іншыя, чым яна. Яблык далекавата адкаціўся ад яблыні… але ж такі выпадак! І так часам хочацца пад матчына крыло!

29

Калі вяртаешся ў сваё дарагое, далёкае мінулае і бачыш усё тое самае: дворык, дзіцячую пляцоўку, клумбу, арэлі паміж бяроз, лавачку каля пад’езда – дык часта замест замілавання ахоплівае нейкая нават як бы крыўда: чаму яно адно і тое ж? чаму не мяняецца разам са мной? А калі яно яшчэ пазірае на цябе ў кожны твой прыезд з дакорам, нібы ты ў нечым вінаватая перад ім, мо за тое, што сама паехала, а гэта ўсё пакінула і забылася?

Не, былі, канечне, перамены. Напрыклад, дрэвы падраслі, а дворык, дом і пад’езд паменшалі. Але ў цэлым у Інгі заўсёды было пачуццё няёмкасці перад сваім з дзяцінства знаёмым наваколлем. Мо таму, што яно ў сваёй нязменнай пастаяннасці ведала, памятала яе зусім іншай: малой, бесклапотнай, чыстай. І толькі сёння Інга ўпершыню змагла зірнуць на гэта вакольнае спакойна і адкрыта, як на роўню. Яна прыехала іншая. Цяпер яна была гатовая сплаціць доўг, пусціць у свет іншага чалавека, які паўторыць кола і зробіць тое, што яна не паспела. Яна зайшла ў знаёмы маленькі пад’езд. Прыступкі, крокі. Дзверы, званок. Тыя самыя пахі. Цёплыя рукі маці абнялі яе за шыю. Маці,

такая ж, як заўсёды, круглатварая, румяная, пахла мукой і хлебам.

– Што здарылася? Ты без званка.

– Засумавала.

– Ох, Інга. Сказаць шчыра? Я б на тваім месцы не сумавала. Заходзь! Бацька на лецішчы. Я пазваню, прыедзе.

– Не трэба, не спяшайся.

Інга была позняе і адзінае дзіця. Яна нарадзілася, калі бацькам было за 30. Можа, таму яна не пайшла ў іх. Цяпер ім за 60, абое на пенсіі, маці ўвесь час дома, бацька – з тых ціхоняў, якім абы далей з вачэй, абы па-за домам; ён садавод-агароднік, рыбак-ягаднік; постсавецкая класіка. Абое па-правінцыйнаму шчырыя, па-свойму добрыя, у меру хітраватыя – жыццёвай сялянскай хітрасцю, у меру смяшлівыя – з своеасаблівым сялянскім грубаватым гумарам. І абое вельмі гаваркія. Яшчэ маці любіла рэзаць праўду ў вочы, часта не асабліва выбіраючы словы.

Пакуль маці “завіхалася” каля пліты на кухні, Інга сядзела перад тэлевізарам, глядзела серыял “З жыцця машын” і па-рэдактарску, машынальна, лавіла ляпы. Аварыя на вуліцы. «Ахвяры ёсць? – Прыедзе інспектар, будуць. Ха-ха-ха!» (садралі з “Каралевы бензакалонкі”). «Чаму твая машына з аўташколы стварыла затор? – Якая машына? – Зялёная, з калёсікамі! – Ха-ха-ха!» І, галоўнае, гарачацца, нешта даказваюць, увесь час на павышаных танах, што павінна перадаваць жывасць і зацікаўленасць, увесь час смяюцца, а вочы насцярожана бегаюць, а рукі жэстыкулююць і варушацца не ў такт са словамі, і музыка, музыка – сама па сабе, асобна ад дзеяння. Гледзячы, Інга адчувала проста фізічную моташнасць. Яна не магла ўзяць у толк, як яшчэ нядаўна гэта здавалася ёй звычайным, нейтральным, калі яно заўсёды было такім нікчэмным. Маці прыйшла і села побач, абняўшы дачку за плечы. Нейкі час глядзелі ўдвох. Пад’ехаў інспектар. «Здарова, Пецька! – Здарова, Чапаеў! – Ты, мабыць, думаеш, што машына без рамонту сама паедзе? – А ты, мабыць, думаеш, што, лежачы на канапе, рамонт сам пойдзе? – Ха-ха-ха!»

Маці таксама засмяялася і сказала:

– Харошы фільм. Вы такія здымаеце?

– Усялякія здымаем.

– Ты ўсё там жа? Не павысілі?

Інга з неўразуменнем уставілася на яе. Яна проста забыла, хто яна цяпер. Вылецела з галавы. Ды і сапраўды, якая розніца. Усё адно звальняцца. Не выбера ж яна замест дзіцяці вось гэта.

– Не павысілі. Пакуль усё там.

– Ох, Інга! – сказала маці і, нахіліўшыся, зашаптала горача: – Знайшла б ты палюбоўніка, вось што табе трэба. Але ты ж у нас святая. Маральная. І ў каго ўдалася? Часам мне здаецца, што ты не мая дачка.

Маці як бы пацвельвалаяе. Так было заўсёды, з маленства. Яна нібы здагадвалася пра нешта, але хацела, каб дачка сама расказала. Інгу заўсёды з малых гадоў бянтэжыла гэта… адчуванне, што яна іншая, ніколі не пакідала яе, і з роднымі яна заўсёды адчувала сябе як з чужымі: трэба было падыгрываць, смяяцца, ламаць сябе.

– Нашто ты мне кажаш гэта?

– Бо ты мне ўсё жыццё чытаеш натацыі. Дзеці больш маральныя за бацькоў – калі такое было? – сказала маці і пахвалілася раптам, прашаптала на вуха: – У мяне, у мае гады, і то кавалер аб’явіўся.

Яна пачала расказваць, як выставіла ў фэйсбуку стары здымак, чорна-белы, з іхняга даўняга школьнага паходу; падпісала год, ўказала мясціны…

– …І ўяўляеш, атрымала паведамленне ад нейкага дзівака!

Нібыта ён родам з той самай мясцовасці, быў тады хлопчыкам-падлеткам, помніць той паход, выпадкова перасекся з ім і нібыта пакрыўдзіў дзяўчынку з той вандроўкі, а потым усё жыццё мучыўся, насіў гэта ў сабе, і які шчаслівы цяпер, калі ўбачыў здымак.

– І вось пытае ў мяне, ці памятаю я яго? І ці можа ён, хоць і так запознена, выпрасіць дараванне?

Поделиться:
Популярные книги

Возвышение Меркурия. Книга 7

Кронос Александр
7. Меркурий
Фантастика:
героическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 7

Темный Лекарь 4

Токсик Саша
4. Темный Лекарь
Фантастика:
фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Темный Лекарь 4

Неправильный боец РККА Забабашкин 3

Арх Максим
3. Неправильный солдат Забабашкин
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Неправильный боец РККА Забабашкин 3

Краш-тест для майора

Рам Янка
3. Серьёзные мальчики в форме
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
6.25
рейтинг книги
Краш-тест для майора

Позывной "Князь"

Котляров Лев
1. Князь Эгерман
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Позывной Князь

Имя нам Легион. Том 5

Дорничев Дмитрий
5. Меж двух миров
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Имя нам Легион. Том 5

Убивать чтобы жить 9

Бор Жорж
9. УЧЖ
Фантастика:
героическая фантастика
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Убивать чтобы жить 9

Кодекс Крови. Книга IV

Борзых М.
4. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга IV

Запечатанный во тьме. Том 1. Тысячи лет кача

NikL
1. Хроники Арнея
Фантастика:
уся
эпическая фантастика
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Запечатанный во тьме. Том 1. Тысячи лет кача

Я снова граф. Книга XI

Дрейк Сириус
11. Дорогой барон!
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Я снова граф. Книга XI

Студиозус

Шмаков Алексей Семенович
3. Светлая Тьма
Фантастика:
юмористическое фэнтези
городское фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Студиозус

Часовое имя

Щерба Наталья Васильевна
4. Часодеи
Детские:
детская фантастика
9.56
рейтинг книги
Часовое имя

Пустоцвет

Зика Натаэль
Любовные романы:
современные любовные романы
7.73
рейтинг книги
Пустоцвет

Невеста напрокат

Завгородняя Анна Александровна
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.20
рейтинг книги
Невеста напрокат