Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Споведзь

Геніюш Ларыса Антонаўна

Шрифт:

Я зноў на канапе. Ля стала ўсе сябры. На стале рэвальверы. Усе нэрвовыя. Прыйшлі яшчэ незнаёмыя. Відаць, і яны разгадалі Сьцяпанава, але маўчалі й паглядалі, што будзе. Адзін сябра ведае маю сям’ю, дзеда. Ён кажа: «Як жа вы, з такое багатай хаты, так ведаеце быт наш, душу нашага народу, скуль вы ўзяліся, такая харошая?» Я тут адна сярод іх. Амаль плачуць, што трэба ўцякаць са свае зямлі, гордыя хоць тым, што вельмі моцна выступалі сябры супраць немцаў на Кангрэсе. Не называю сяброў, няхай жывуць спакойна. На стале паявілася ежа, бутэлька. Пілі й плакалі, і былі ўсе як адзін, а мяне гатовыя бараніць сваім жыцьцём. А тут няпэўнасьць, а можа, не дажывем да заўтра?

Трывога, усе пахаваліся ў склепік, селі на бацюшкіну бульбу й кублы, але Езавітаў выцягауў мяне за руку, абняў і кажа: «Ня бойся, мой салавейка, яны ня будуць горад бамбіць».

Назаўтра ранічкай мы былі ўжо на вакзале. Посьвядкі аб дэзынфэкцыі мы з Езавітавым проста купілі. Занялі мы цэлае купэ. Яшчэ да нас прыселі

землякі, і цягнік на адыходзе. Тут я замерла, убачыла Сцяпанава, а з ім нямецкія салдаты, якія напалі на нашае купэ, з крыкам «раўс русішэ швайн» [60] усіх нас выкінулі! А цягнік адыходзіць! Даў мне з сабою Кушаль, каб перавезла яму даўгі кажух, а ў мяне яшчэ рэчы. Дала я кажух Сяднёву, паэту, бо ён нічога з сабою ня меў. Усе кінуліся да другіх вагонаў, хто куды. Цягнік рушыў. На дручку вісеў Кушалеў кажух, а ледзь жывы Сяднёў ехаў на буферах. Ну й ну… Вось штука, вось Сьцяпанаў…

60

Раўс русішэ швайн (ням. heraus russisches Schwein) — вон, руская свіння.

Немцы сядзелі адзін на адным. Набралі з сабою машынкаў, пакункаў, бурчаць на нас, ледзь не выпіхаюць з вагона. Сябры ўгаворваюць іх, а я прашу, каб не ўніжаліся, ужо што будзе, тое й будзе. Едзем дзесяць мінут, а пятнаццаць стаімо й сунемся ўсё так памаленысу. Немцы прыціхлі, усе на мяне паглядаюць, а я кармлю сваіх сяброў — кожны мне прынёс, што меў, і я дзялю ўсім беларусам і незнабмым, усім пароўну. Ехаў там нейкі наш лекар, ехалі іншыя, якіх мы зусім ня ведалі, але з якімі пароўну дзяліліся тым, што было. Немцы бурчэлі, пасьля голасна пачалі лаяцца. Для іх мы ўсе былі «русішэ швайн», і яны, седзячы на сваіх трафеях, скрыгіталі зубамі са злосьці, што іх пышны, наглы й ганаровы паход па калёніі закончыўся тым, чым і меў закончыцца — безгаловым уцёкам дамоў. Хлопцы трывожыліся, але я іх папрасіла, каб стрывалі ўсе рэплікі, маўчалі. Калі было найгорай, дык падняўся адзін старэйшы немец, які сказаў, што ведае нашую мову. Проста сказаў ім: «Вы мелі б вучыцца ад гэтай жанчыны, як быць людзьмі». I яшчэ нешта гаварыў ім. Усе пачалі да мяне прыглядацца, нейкі малады баранэт, якога ў цывільнай вопратцы пасылалі з фронту дамоў, уступіў мне месца, усе мы вальней уздыхнулі.

А цягнік поўз і два разы столькі стаяў, што поўз. На кожнай такой стаянцы прыходзілі да мяне сябры, якія трапілі ў другія вагоны. Кожны нешта мне нес: хто цукерку, хто кусочак бісквіту з хаты, Мірановіч, наш мастак, — вялікую срэбную латышскую манэту «лат», якія латышкі носяць як мэдальёны. А Найдзюк назьбіраў ля чыгункі на замінованым полі суніцаў чырвоных першых і прынёс іх мне. Пазіраюць на нас немцы, і ім няўцям такое. Адзін ня вытрымаў і пытаецца ў мяне: «Скажэце, мадам, няўжо ў вас столькі любоўнікаў?» Усе мы сумеліся: пра што пра што, але пра любоў у іх разуменьні мы тут начыста забыліся, гледзячы на параненую нашую зямлю. Адзін сябра кажа: «Гэта ж нашая паэтка». Немец не разумее гэтага, кажа, што і ў іх ёсьць паэткі, але ж пачуцьця такога да іх няма… I мы ніяк не вытлумачылі немцу нашую ўзаемную, глыбокую, як гора нашае Радзімы, любоў.

Далей ад Менску перапынкі рабіліся меней частымі, на адным з іх зьлез і немец, які задаў нам такое пытаньне. Быў кульгавы й памаленьку пайшоў ля вагонаў. Калі вярнуўся, дык прынёс і падаў мне букецік васількоў, нічога не сказаў пры гэтым, відно, што нас зразумеў. На адным такім перапынку выцягнулі мяне сябры з вагона. Была гэта нейкая станцыя. Здалёк бег хударлявы сьвятар, і каса толькі паддзыгала яму на шыі. Відно, спяшаўся, каб уцячы ад фронту. Мяне паклікалі ў вагон, гдзе я ледзь не абамлела: на лаўцы стаяла бутэлька гарэлкі, закусь, каля яе Ярэміч і жудасны Сьцяпанаў — разам выпівалі… 0, сябры мае наіўныя, беспрынцыповыя, недальназоркія…

А цягнік прысьпяшаў бег. Сябры апусташалі мой радзікюльчык, усе прасілі ў мяне сувэніраў, давалі свае. За вокнамі мільгалі сёлы, шэрыя яшчэ хаты й жанчыны ля іх, танклявыя, шэрыя, зажураныя. Зусім як на абразах Мірановіча. Мы стаялі з ім і спрачаліся. Я бачыла заўсёды нашую Беларусь гожай, квітнеючай, радаснай. Ён мне даводзіў, што памыляюся, а я яму казала, што бачу наперад. Па дарозе людзі вылазілі, і стала вальней. Па шляху раўналегла з цягніком ехала безьліч машынаў — ні канца, ні пачатку… Немцы ўжо асвоіліся з намі зусім, толькі мы на іх мала зьвярталі ўвагі. Паволі сядала сонца, разьвітальныя яго праменьні клаліся на высечаную ад дрэў паласу, на палі, на сёлы, а там было мае сэрца й мае вочы. Мне здавалася: бачу свой дом, цяжка ступае тата па сьцежцы, сьмяюцца сёстры, гамоняць браты й мама клапоціцца, як прыняць і чым пагасьціць мяне, дзіця, адарванае ад яе сэрца. Заўседы ўдома, калі заходзіла за хатаю сонца й апошнія яго праменьні нейк трагічна лізалі ўзгорак нашага панадворка, мне рабілася трывожна й сумна за заўтрашні дзень. Сэрца шчамілі прадчуцьці нядобрага, і я бегла дамоў, абвівала рукамі бацькаву шыю, стаўшы на цыпачкі, ці туліла голаў на маміны грудзі. Яна як бы крывілася крыху з маіх такіх

дарослых нечаканых пяшчотаў, але адчувалася, што шчасьлівая гэтым, бо замаўкала й выцірала вочы. У такія хвіліны я цалавала галованьку Люсі й раз сказала на сьвіньню нашую «сьвіначка-дзецятко», чым мяне пасьля доўга падрочвалі [61] . Я дзякую таму часу за любоў да мяне амаль усіх стварэньняў, дрэваў і самой зямлі. А можа, гэта я ўсё так кахала тады?

61

Падрочваць (дыял.) — дражніць.

Яшчэ маленькая я мела вялікае перажываньне. Мне расказалі пра рай і пекла, і я ўсё думала, як зрабіць, каб мае каханыя бацькі ня трапілі ў тое пекла, няхай ужо лепей я за іх адпакутую. Начамі ня спала я, часта плакала й вельмі хацела хутчэй памерці. Гэты жах непакоіў мяне вельмі доўга. Я была пабожнай з пялюшак, як з пялюшак ужо была вернай дачкою свае Беларусі. Худое, хворае, брыдкое дзіця, закаханае ў бацькоў сваіх і ў родную стыхію. Сьлёзы ліліся на рукі, а цягнік ляцеў. Пекла не мінавала бацькоў маіх, вораг разбурыў нашае гаяздо, а я вось бясьсільная, першы раз бясьсільная ў жыцьці й каб памагчы ім, каб іх ратаваць. Успомнілася, як бягом сьпяшалася дамоў з Ваўкавыска такая малая, вечна задуманая. «Кудэмі йшла, дачушка?» — пытаўся раз тата. «Бегла на Лазы, наўпрасткі», — адказваю. «Ах, дзіця мае, толькі што мы пагналі тудэмі трох ваўкоў, разарвалі цялушку…» Ага, цяпер разумею, чаму так раўлі каровы ля кустоў. Усё праносіцца ў памяці, і так хочацца бачыць маці й многае, многае ёй расказаць…

Я не пішу аб каханьні, не люблю выкладаць людзям таго, што часам моцна закранала сэрца. Усе гэта мінала, праходзіла, рабілася буднем, а любоў да братоў, да зямлі, да Бацькаўшчыны была заўсёды ясным, божым сьвятам у маёй душы, і за яе я пераносіла пакуты й не маргнуўшы вокам пайшла на мучэньні, несучы імя яе высока як сьвятасьць, імя маёй Беларусі…

Наступіў вечар. За Лідаю цягнік ужо не спыняўся амаль, а пёр што меў сілы. Відно, што там меней было партызанаў. Немцы пачалі сьпяваць пра «гаймат» [62] , як-ніяк яны былі радыя, што едуць дамоў. Мы пазлазілі ля Вільні й пайшлі да Ярэміча, які нас усіх запрасіў. Жонка яго, полька, і дачка ня вельмі былі радыя нашаму масаваму нашэсьцю, але нас частавалі, і хутка я адпрасілася спаць. Мужчыны яшчэ разважалі. Назаўтра я там адведала сваю куму пані Маліцкую. Яна вельмі чакала рускіх, бо паявіўся нейкі ксёндз, які іх запэўніў у бацькаўскай любові Сталіна да ўсіх каталікоў. Ксёндз той, ці прадажнае, ці наіўнае стварэньне, быў тады вельмі папулярным у Польшчы. Мы разьвіталіся рана з Ярэмічамі й паехалі ў Вільню прыгарадным цягніком. Твар мне абветрыў, папухлі ногі. Ішлі мы пад Востраю Брамай да Найдзюкоў. Езавітаў яшчэ купіў мне па дарозе ягадаў, Мірановіч нёс марожанае, як малой…

62

Гаймат (ням. Heimat) — радзіма.

Я з любоўю на іх паглядала й думала толькі, каб яны выратаваліся жывыя з гэтае ўсей бяды. У Найдзюка нас міла сустрэла яго дарагая сямейка, асабліва жонка. Нас вельмі шчодра пачаставалі. Езавітаў і Мірановіч сабраліся ў Рыгу, ім яшчэ трэба было ратаваць багатыя свае архівы. Мы разьвіталіся, як найраднейшыя. Болей у жыцьці мы не сустрэліся.

З Найдзюком і яшчэ з адным сябрам мы пайшлі паглядзець Вільню, гдзе я была першы раз. Зайшлі да ксяндза Адама Станкевіча, быў ён рады. Мой сябра папярэдзіў мяне, што з палітыкаю ксяндза ня згодны, але трымаўся ветліва. Ксёндз Адам адразу выклікаў да сябе мой давер, мы разглядалі яго кнігі. Якраз прыехаў з Прагі Клімовіч і расказаў аб беларускім духу нашае хаты на чужыне. Ксёндз быў узрушаны. Пасьля мы пайшлі на Лукішскі пляц, гдзе авеяла нас духам мужнасьці Кастусёвай і вялікай адказнасьці за лёс сваяго народу, мовы яго, культуры. Нам не зарысоўвалася нічога сьветлага, акрамя мураўёвых, як за Кастуся, але слабейшымі быць мы ня мелі права. За нашымі плячыма ўжо былі гэкатомбы ахвяраў за Беларусь. Ішлі мы рознымі напрамкамі, кожны змагаўся, як умеў, і калі змагаўся за свой народ шчыра, знача, і гэта залічыцца. Апошні ўздых Кастусёў ня дасьць нам спыніцца ў самым адчайным нашым змаганьні за лёс Бацькаўшчыны… Я адчувала гэта.

Вечарам доўга па-беларуску гаварыла радые, мы слухалі. Ноччу прыяжджалі ўцекачы з Беларусі сумныя, на адлёце далей. Назаўтра мы пайшлі на станцыю. Цягнікі ня йшлі. Мы доўга сядзелі. Найдзюк пацяшаў мяне, дзякаваў мне за ўсе, за дух маіх вершаў: «За тое, што ты такая…» Ішоў ваенны цягнік, а ў нас не было ні папераў, ні білетаў, дый гутарылі мы абое па-нямецку пагана. Што рабіць? Мы накуплялі нямецкіх часапісаў са свастыкаю ды з фюрэрам, як мае быць, і селі. Што ж, могуць нас расстраляць — тут без дазволу… Але страху ніякага! Увайшоў немец, а мой сябра паказвае на паліцу, гдзе ў чамадане паперы, а сам гартае «Сыгналы» (быў такі часапіс). Пранясло… Я крыху спацела.

Поделиться:
Популярные книги

Отверженный III: Вызов

Опсокополос Алексис
3. Отверженный
Фантастика:
фэнтези
альтернативная история
7.73
рейтинг книги
Отверженный III: Вызов

Мастер 5

Чащин Валерий
5. Мастер
Фантастика:
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Мастер 5

Княжна. Тихоня. Прачка

Красовская Марианна
5. Хозяюшки
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Княжна. Тихоня. Прачка

Крещение огнем

Сапковский Анджей
5. Ведьмак
Фантастика:
фэнтези
9.40
рейтинг книги
Крещение огнем

ЧОП "ЗАРЯ". Книга вторая

Гарцевич Евгений Александрович
2. ЧОП ’ЗАРЯ’
Фантастика:
фэнтези
городское фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
ЧОП ЗАРЯ. Книга вторая

Истинная со скидкой для дракона

Жарова Анита
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Истинная со скидкой для дракона

Два лика Ирэн

Ром Полина
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.08
рейтинг книги
Два лика Ирэн

Барон Дубов 3

Карелин Сергей Витальевич
3. Его Дубейшество
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
сказочная фантастика
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Барон Дубов 3

Дочь моего друга

Тоцка Тала
2. Айдаровы
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
5.00
рейтинг книги
Дочь моего друга

Бывшие. Война в академии магии

Берг Александра
2. Измены
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.00
рейтинг книги
Бывшие. Война в академии магии

Элита элит

Злотников Роман Валерьевич
1. Элита элит
Фантастика:
боевая фантастика
8.93
рейтинг книги
Элита элит

Предатель. Цена ошибки

Кучер Ая
Измена
Любовные романы:
современные любовные романы
5.75
рейтинг книги
Предатель. Цена ошибки

Внешники такие разные

Кожевников Павел
Вселенная S-T-I-K-S
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Внешники такие разные

Секретарша генерального

Зайцева Мария
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
короткие любовные романы
8.46
рейтинг книги
Секретарша генерального