Споведзь
Шрифт:
На літоўскай граніцы з Прусьсю мы вылезьлі. Тут ужо мы ад дэзынфэкцыі не адкупіліся. Прыйшлося ўсй аддаць у пражарку, і мае пражскія ўборы былі як пажованыя. Вокал было шмат фурманак, гэта ехалі коньмі расейцы ў Нямеччыну, сьвяціў на іх месяц. Пару кіламетраў ішлі мы пехатою да граніцы. Там ад нас патрабавалі паперы, але відно было, што мы эўрапейцы, ды прытым я захапіла ў Натальлі Арсеньневай крыху тытуню на ўсякі выпадак, якім і пачаставала пагранічнікаў. Цягнік нас нёс цераз Прусію. На адной станцыі мы ўбачылі сямейку сьвятара Лапіцкага, яны сядзелі на шматлікіх аб’ёмістых клунках. Мая сястронка зацеміла, што ля мяне ўсё мужчыны… Мне стала ўстыдно за яе ўзровень думак і разуменьня, і я была радая, што едзем мы далей у Інстэрбург. Яны ўсе напраўляліся ў Кэнігсбэрг
Вось мы і ў Інстэрбургу. Мой спадарожнік, які правёў мяне гэтымі ўсімі шляхамі, вяртаўся назад да сям’і. Яго цягнік адыходзіў зараз, а мой адыходзіў увечары. Я правяла яго да вагону, глянуў ён на мяне сумна й сказаў: «А можа, хоць пацалуеш мяне за ўсё…» Я падставіла яму парэпаную ад ветру шчаку й засьмяялася. Цягнік рушыў. Вечарам на сваім чамадане змучаная, адзінокая, сумная я ехала ў Прагу на Торунь.
Я ў Чэхах! Трэба перасядаць на цягнік, што на Прагу. Забылася, як называецца тая станцыя. Выходжу й бачу перад сабою Русака! Ну й дзіва! Як паехалі, так і прыедзем разам, але ён мала са мною хацеў гаварыць, важнічаў нейк… I вось я ў трамваі пад’яжджаю да свае хаты. Як добра ўдома. Нікога няма. Ляжаць Юрачкавы сшыткі, перабіраю іх мімаволі. Разглядаю сябе — рукі брудныя, твар страшэнна абветраны, а ногі спухлі мне як навоі. Нехта ля дзьвярэй — то вяртаецца муж, першае яго пытанвне, ці прывезла яму кніжкі з Зэлввы?.. Як я вярнулася жывая, як перажыла ўсе, як там Бацькаўшчына перад фронтам — аб гэтым ні слова… I тут я расплакалася… Мне ўспомніліся тыя, якія хацелі бараніць мяне да апошняга дыху, тыя, якія плакалі дзіўна па-мужчынску, пакідаючы Бацькаўшчыну. Я нагрэла ванну, памылася й заснула сном каменным. Назаўтра збудзіў мяне званок, я адчыніла. Расьсмяяна глянула на мяне пані Ружэнка, якой я пакінула Юрку, але твар яе раптам зьбялеў і злосная грымаса замяніла ўсьмешку… Яна сьмяротна спалохалася, зьдзівілася, што я вярнулася дамоў. Мне пайшоў мароз па скуры. Я й раней ня верыла гэтай жанчыне, якая сілай перлася ў нашую хату, і толькі шкадую сяньня, чаму я тады ня выгнала яе назусім з нашай хаты…
Я, выхаваная ля маці, ня ведала яшчэ, што людзі могуць быць няўдзячнымі за дабро й подлымі шпіёнамі ў сваіх знаёмых. Юрачка быў вясёлы, і адзіны ён рады з маяго прыезду. Цераз пару дзён запрасіла мяне прыйсьці да яе Відавіса Паўлаўна Ляцкая, жонка памершага прафэсара Ляцкага. Яна цікавілася, як выглядае Менск і якія там новасьці. Я паглядала на сьцены іх пакояў, увешаных вялікімі фотаздымкамі Меражкоўскага, Тэфі, Гіпіус, Блока і інш. Гэта ўсё былі іх сябры, якія парасьпісваліся ўсюды «собственнохвостно», бо ў іх быў нейкі жартоўны «Союз обезьян». Мы пілі каву, размаўлялі. Мяне зьдзівіла зацікаўленасьць Відавісы Паўлаўны маёю асобаю. Я ехала дамоў рада, што страшнае прамінула. Мне не хацелася варушыць думкамі мінулай паездкі, бо нажом у сэрца была думка аб Расьціславе, аб ягонай долі, аб старэнькіх мужавых бацькох… Мне быў патрэбны спакой, каб адужаць.
Удома мяне чакала неспадзеўка. Абодва менскія сьвятары з сем’ямі з Кэнігсбэрга прыехалі да нас у хату… Госьці ёсьць госьці, але тут не гасьціна, а трэба іх нейк ратаваць, прашсаць, прыстроіць і т. п. Прытым муж мой ня любіць ні сьвятароў, ні клопатаў з імі й наагул нэрвовы стаў, здаецца, і сам сябе ён ня любіць… Але ўсё нейк зрабілася. У айца Балая быў сын, як абраз прыгожы, і калі нехта да нас званіў, дык матушка хавала дзецюка ў туалет ці ў ванну, каб яго ня бачылі, не забралі. У Лапіцкіх было двое дзяцей — Лёля й Жоржык, якраз сябры для Юры. Ён імі й заняўся. Гэстапа не дазваляла іх прапісваць, і тады я сабе прыпомніла чэскае супружжа, з якім я пазнаёмілася, выяжджаючы ў Менск.
Што ж, я знайшла і ўрад, і таго чалавека, які быў шчыра рады, што бачыць мяне жывую. Ён завёў мяне да сваяго начальства. А начальніцай «сацыяльнай дапамогі для Чэхаў і Маравы» была фрау Нот. Гэта была высокая жанчына гадоў за сорак. Яна папыталася ў мяне аб падарожжы й сказала, што ля Менску была вялікая здрада. Мы гаварылі яшчэ, і так нейк выйшла, што я, усхваляваная тым, што бачыла, папыталася яе: як яна можа стрываць такія паводзіны сваіх землякоў на нашых землях?
Як мне расказалі чэхі, дык фрау Нот старалася заўсёды зьмякчыць, зьмяніць суровыя загады таго часу й вельмі актыўна памагала чэхам. Яна паклікала пры мне сваю сакратарку й загадала ёй пускаць мяне да яе ў любы час, калі я пажадаю. Памагла яна мне лёгка замэльдаваць [63] сьвятароў, яна проста загадвала гэстапа, і яе слухалі. Таго чэха мы запрасілі на пачастунак, на чарку. З фрау Нот мы шчыра пасябравалі, і я магла памагаць цяпер, каму мне толькі трэба. Вельмі міла частавала мяне яна ў сваей багатай арыгінальнай кватэры, расказвала пра сваяго жаніха, які працаваў ваенным хірургам. Кожны дзень яна пісала яму лісты.
63
Замэльдаваць (дыял.) — стаць на ўлік, прапісацца.
Хутка ўладкавала я сваіх гасьцей на кватэры. Для мяне не было немагчымасьцяў, і людзі радыя мне памагалі, чым толькі маглі. Не пасьпела сказаць Міціным, як яны ўжо адпусьцілі адзін пакой для сям’і айца Балая, а Лапіцкія пасяліліся ў Моджанах з пані Крэчэўскаю ў кватэры дзядзькі Васіля, за якую мы плацілі. Забылася яшчэ адну рэч: пакуль да фрау Нот, дык сьвятарам сказалі, што іх не прапішуць, бо яны ня маюць працы. Лапіцкі быў задуманы й нарэшце паказаў мне чарнавік, які напісаў яму Ермачэнка. Знача, сьвятар і там ужо быў…
Ермачэнка надыктаваў, што ён быў у Менску чалавекам веруючым, гуманным, памагаў удовам, сіротам, царкве і г.д.
Адна хлусьня, прытым несусьветная, якую Лапіцкі меўся падпісаць. Я адабрала ў яго гэтую пісульку й сама пайшла да праскіх сьвятароў, да айца Ісакія. Кажу яму: «Ратуйце нашых сьвятароў, грошы яны маюць, дык вы дайце ім толькі працу на вока, каб іх тут у ціхай больш-менш Празе затрымаць». Гэта мне яны зрабілі з радасьцю й загадалі, каб айцы ўвечары ўжо прыйшлі служыць вячэрню! Во яны зьдзівіліся, калі я ім сказала йсьці служыць, а калі яшчэ схадзілі мы да фрау Нот і ўсё без Ермачэнкі цудоўна ўладзілася, дык айцец Мікалай Лапіцкі й кажа: «Няма ў вас апартаментаў адпаведных, ні машыны, ні нават каракулевага пальта, і вы можаце зрабіць усе, што хочаце, у Празе, прытым чэснымі шляхамі…» А Ермачэнка недзе ўжо тую паперку гатовіў сабе для наіўных амэрыканцаў… Ну й ну… Загневаўся ён на мяне страшна. Пачаў пісаць і вымагаць ад мяне, каб здавала ў архіў усе, што датычыць Беларусі. Паслала я яго вон.
У Прагу прыехала й дачка Р. Астроўскага з зяцем, і гэтыя ўсясільныя людзі прыйшлі да мяне з просьбаю дапамагчы. Ім далі дазвол на пражываньне ў Празе, а вось працы мужу-лекару не давалі… Павяла я іх на Чэскі Град да доктара Піпэра. Сьмешна, у тым Чэрнінскім палацы [64] я як удома, быццам некалі там жыла, вось дзіва… Піпэр як Піпэр — прыняў мяне ласкава, даў Мінкевічу працу ў найлепшым праскім шпіталі на Булеўцы. Я яго пачаставала папяросамі, якія заўсёды насіла з сабою ў партсігары дзядзькі Васіля, каб не абразіць, закурыла й сама. Першы раз у жыцьці.
64
Палац у стылі барока ў Празе.
Памагалі мне ўсе: чэхі, немцы, эмігранты, камуністы й нацыяналісты, свае й чужыя. Я дзякавала Богу, што не пакідае нас адзінокіх у чужым народзе й сэрцы чужых людзей робіць для нас спрыяльнымі й адданымі, а сэрцы землякоў нашых — роднымі, кахаючымі імя й асобу маю, маяго сына й маяго мужа, і гэта ў часы, калі так страшна. У Прагу пачалі зьяжджацца ўцекачы з Беларусі, з Украіны. Да пані Косач-Шыманоўскай прыехалі яе сестры, абедзьве сядзелі ў савецкіх лагерох. Вельмі мілыя, у хустачках, скромныя, вучылі мяне розуму, і мне жаль сяньня, што я іх не паслухала.