Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Споведзь

Геніюш Ларыса Антонаўна

Шрифт:

У Варшаве нешта прадавалі ля цягніка худзенькія хлопчыкі. Брадзілі людзі вынішчаныя й галодныя. На такім фоне ўпэўнена вырысоўваліся сытыя немцы ў ваенным і элегантныя іхнія фрау, якія, здавалася, ня бачылі вокал няшчасных ці вельмі ўжо лёгка згадзіліся з іх менейвартасьцю. Стала палякаў жаль. Цярпеў народ, а ён, затуманены, думаў некалі, што і ён пануючая нацыя над намі, цяпер сурова расчароўваўся. Па дарозе ў адным купэ з намі ехалі немцы з водпуску. Сярод іх быў нейкі швайцарац-чыгуначнік, які бязбоязна высказваўся аб тым, што ён разумее беларускіх партызанаў…

У Беластоку стаялі калоны яўрэяў з зоркамі на рукавах, яны мелі атупелыя твары, бы стаялі тут, а самыя адсутнічалі, вачмі недзе былі далёка. Было трагічна, што нішто іх ня можа выратаваць з гэтае прорвы, хоць немцаў, здаецца,

не было так многа, вось кінуліся б на іх, і хоць нехта ўцёк бы. Цягнік ляцеў па роднай зямлі, але была яна нейкая пустая. Вясна была яшчэ ранняя, у Празе толькі зацьвітаў бэз. На палёх стаяла дагары нагамі, розна ўздыблена многа танкаў, накіраваных на захад. Цяпер яны застылі, як жудасныя манумэнты трагічнай бездапаможнасьці. Ля цягніка, ля палатна дарог ляжала пару паравозаў і перакіненых вагонаў, ля іх шэрыя, болей чымсьці бедна апранутыя жанчыны пасьвілі каровы. Мужчыны, якія нешта рабілі на палёх, мелі нейкія ненатуральныя, імправізаваныя шапкі на галовах, як быццам вайна тут трывала вякі й пагінулі ўсе шапачнікі ў Беларусі. На станцыі ў Ваўкавыску насільшчыкі з рыкшамі перавезьлі нашыя рэчы на прыгарадны, мясцовы цягнік.

Нарэшце мы ў Зэльве. Ясна зьзяе папалуднёвае сонца й асьвячае надпіс на станцыі, на гэты раз па-нямецку. Божа, думаю, калі ж дачакаемся мы ўсё на зямлі нашай назваць сваім імем? Едуць нейкія фурманкі, яны ахвотна вязуць да Зэльвы нашыя чамаданы, а мы лёгка ступаем па роднай зямлі, а яна ўжо ад станцыі здаецца нейкай раненай, апустошанай і вельмі, вельмі сіратлівай. У самой Зэльве яшчэ страшней. Немаведама чаму ў руінах увесь цэнтр, усё разьбітае, спаленае. Пажар спыніўся на нашай хаце. Мужаў тата ўзлез на страху й паліваў яе вадою, так абараніў рэшту вуліцы. Хлеў побач згарэў, і відно ўжо стаяць кроквы новага хлява.

Выбеглі да нас бацькі, цалуюць унука, плачуць. Бацька сухі, чорны й босы, чыста жабрак, мама, акуратна апранутая, біла масла, быццам прачувала, што будуць госьці. Навокал страшна: попел і руіны. У нашай хаце жыве сям’я Архімовічаў. Гэта тыя, якія за тое, што ўзялі іх у хату, пасьля абкрадуць пасьмертна мужавага бацьку й зноў будуць старацца выдаць нас на мучэньні паўторна. Успамінаю з жахам аб іх, гэтых найболей пабожных каталіках Зэльвы…

Доўга ў ноч гутарым, і ўспамінам і крыўдам няма канца. Уся душа мая ў родных Жлобаўцах, але паехаць туды нельга, на гэта патрэбны асобы дазвол. Так хочацца пабачыць сьцежкі, гдзе яшчэ сьлед бацькоў, і што з імі няшчаснымі, і гдзе яны сяньня. Як страшна, калі бураць гнезды й забіваюць на зямлі жывое. А гняздо было старое, вялікае, птушак так шмат. Я адна са сваімі думкамі. Муж мой толькі сьведак, яму не баляць ні раны Бацькаўшчыны, нi трагэдыя маей сям’і. Ён мае сваё жыцьцё, слонімскія большыя й меншыя авантуры рознага характару ды спрэчкі з нейкім там камісарам Эрэнам, які, як пасьля аказалася, ня супраць яго расстраляць, каб ня Прата, ня доктар Піпэр у Празе. Назаўтра ад’яжджае муж, я яго праводжу. Яму не ў га лаве нейкая там БНР, ні сьмерць дзядзькі Васіля, ні яго, нi мае бацькі — усё гэта лічыць пяском у параўнаньні з важнасьцю свае пэрсоны. Я зусім не адчуваю, што ён ад’яжджае, мне нейк лягчэй. Сардэчна гутарым з яго бацькамі, а Юра бегае, лётае, у хату лазіць праз вакно й рвецца на поле з пастушкамі пасьвіць кароўку.

На другой палове хаты жыве Каця Вікторка з сынамі, мужа стрыечная сястра. Яна нечаму палохае мяне партызанамі, да іх ходзіць нейкі жудасны немец, і мне ўсе гэта дзіўна. Аднойчы яна паклікала мяне на вуліцу. Я ўбачыла жудаснае явішча: паўзло па вуліцы нешта падобнае да малога танка, а насупраць ляцеў на кані поўным галёпам мой шасьцігадовы сын! Я махнула рукою, што будзе, тое будзе, неўгамонны малы, патомак сялян дарваўся да свае стыхіі. Людзі яго падзіўлялі. Бацькавага каня забралі бальшавікі, дык ён даваў унуку поўны барэцік гаўса й ён бег да суседа, гдзе быў харошы конь. На ім якраз, трымаючыся за грыву, цяпер ляцеў, у жыцьці ніколі не сядзеўшы на кані. Ляцеў і хахатаў з радасьці.

На месца чатырохкутніка крамаў на зэльвенскім рынку нехта пасадзіў парк маладзенькі. Не было яўрэяў, ні іх шматлікіх крамаў, і тут прайшла тая ж, што ўсюды, трагэдыя. У чорнай нейкай хаце жыла ўдава па сьвятару Якабсону, была трагічна

счарнелая. Я адведала старушку. Мае знаёмыя паказвалі мне дзетак, якіх выратавалі ад вывазу, і яны цяпер як сіроты. Чаму ж ня выратавалі нам хоць Люсеньку? Па Зэльве хадзілі нямецкія салдаты, вельмі страшныя да насельніцтва не былі, шукалі самагон, яйкі, рабілі свой «аерканьяк» [51] — яечны лікёр.

51

Аерканьяк (польск. ajerkoniak, ням. Eierlikor).

Нашыя суседзі Байбусы, якім датла згарэла хата, ладзілі вечарынку. Панна Стася з панам Весялухай, сваім пазьнейшым мужам, зусім не адчувалі ні гора, ні страху, ні літасьці над тымі, што гінулі ў лагерах, на франтах, па лесе… Людзі, знача, адзічэлі, калі ў такі час маглі танцаваць, атупелі начыста. Кожны важны немец меў сабе любоўніцу ў Зэльве, і гэта было яшчэ страшней. Гэта былі полькі пераважна, якім здавалася, што занялі яны адпаведныя, «ключовыя пазыцыі» й зноў хоць такім чынам могуць рабіць супраць беларусаў польскую палітыку…

А на плоце вісела аб’ява, гдзе перачысьляліся расстраляныя заложнікі, я не дачытала іх да канца… Стагнала толькі раненая зямля, а людзі, як мурашкі, ціха краталіся, думалі аб жыцьці. Я папыталася ў адной знаёмай, як жа яна жыве з тым немцам, які, напэўна, забіваў людзей… «Ён няшмат забіў, — адказала, — можа, усяго кільканаццаць асоб, і то, калі забіваў іх, дык быў п’яны…» О, Божа, што робіцца з людзьмі, на гэтакага ж глянуць боязна.

Пачаў заглядаць нейкі фрыц і на наш ганак… Нічога я так у жыцьці не баялася, як гэтага чалавека: тоўсты карак быў з незажытымі скуламі, нахабны, сам так і паглядаў у мой бок, і была б сьмерць мне, каб ён мяне крануў, бо такога я ніяк не стрывала б… А ўсе зэльвенскія дамы лічылі такое за гонар…

Згінь ты, прападзі з такой пэрспэктывай! Немцы за мною шпіенілі, а нашая пані Каця ў гэтым памагала… Хто ж бачыў такую жудасьць? Нарэшце я пайшла да камісара папрасіць, каб дазволіў брату да нас прыехаць. Гэты ветліва прыняў мяне, даў дазвол і выразіў жаданьне, каб я засталася настала ў Зэльве.

Славачка прыехаў! Высокі, як дуб, прыгожы. Стаю, паглядаю й плачу. А ён абняў мяне й слова ня вымавіць… Ноч напралёт гаварылі мы з ім. Часам было чутно, як ляціць аэраплан, тады Славачка казаў мне, чый ён, арыентаваўся па гуку. Абгаварылі мы ўсе сямейныя, усе партызанскія справы. Расьціслаў вельмі хацеў, каб я прыехала ў Жлобаўцы, што партызаны радыя чакаюць мяне. Тым, хто забіў бацьку маяго й вынішчыў сям’ю, я ня верыла… У дзядзькі маяго была дачка, і я думала няблага, каб Расьціслаў з ёю ажаніўся. Ён заяжджаў да іх, але калі я папыталася, ці ён кахае яе, хлопец прызнаўся, што кахае іншую, але гэтую возьме, бо я так хачу… Я спалохалася й пачала прасіць яго, каб ажаніўся з той, якую кахае. З ніводнай не ажаніўся, перашкодзіла сьмерць. Ад’яжджаў мой брат пакуль што з мужавай мамай у Пятрэвічы.

У Зэльву прыехаў беларускі канцэрт. Артысты прыйшлі да нас запрасіць мяне на яго. Я вельмі хораша апраналася, адзеньне ў Празе шылася з густам, і таму на мяне ўсе зьвярнулі ўвагу й немцы. Я стаяла разам з іншымі жанчынамі, і мяне за руку стуль вывалаклі наперад. Артысты вельмі хацелі, каб і я нешта сваё сказала. Я шчыра паясьніла ім, што гэта не для мяне… Канцэрт быў вельмі добры, і мясцовы бацюшка запрасіў артыстаў да сябе. Там пры чарцы ім вельмі разьвязаліся языкі, амаль кожны тост быў за мяне. Паразьбіралі ўсе драбніцы з мае сумачкі сабе як сувеніры, а тоўсты немец пачаў пытацца, што я за такая важная пэрсона, няўжо нельга ўспомніць таксама і «Дойчлянд»? [52] У людзей выявілася ўся нейкая спрэсованая нянавісьць да ўсяго, што ня наша, было дзіўна.

52

Дойчлянд (ням. Deutschland) — Германія.

Поделиться:
Популярные книги

Толян и его команда

Иванов Дмитрий
6. Девяностые
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
7.17
рейтинг книги
Толян и его команда

Пистоль и шпага

Дроздов Анатолий Федорович
2. Штуцер и тесак
Фантастика:
альтернативная история
8.28
рейтинг книги
Пистоль и шпага

Самый богатый человек в Вавилоне

Клейсон Джордж
Документальная литература:
публицистика
9.29
рейтинг книги
Самый богатый человек в Вавилоне

Восхождение Примарха 5

Дубов Дмитрий
5. Восхождение Примарха
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Восхождение Примарха 5

Смертельно влюблён

Громова Лиза
Любовные романы:
современные любовные романы
4.67
рейтинг книги
Смертельно влюблён

Эволюционер из трущоб. Том 7

Панарин Антон
7. Эволюционер из трущоб
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Эволюционер из трущоб. Том 7

Держать удар

Иванов Дмитрий
11. Девяностые
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Держать удар

Пробуждение. Пятый пояс

Игнатов Михаил Павлович
15. Путь
Фантастика:
фэнтези
уся
5.00
рейтинг книги
Пробуждение. Пятый пояс

Отморозок 2

Поповский Андрей Владимирович
2. Отморозок
Фантастика:
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Отморозок 2

Сын Тишайшего 2

Яманов Александр
2. Царь Федя
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Сын Тишайшего 2

Доктора вызывали? или Трудовые будни попаданки

Марей Соня
Фантастика:
юмористическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Доктора вызывали? или Трудовые будни попаданки

Инженер Петра Великого 2

Гросов Виктор
2. Инженер Петра Великого
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Инженер Петра Великого 2

Идеальный мир для Лекаря 27

Сапфир Олег
27. Лекарь
Фантастика:
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 27

Журналист

Константинов Андрей Дмитриевич
3. Бандитский Петербург
Детективы:
боевики
8.41
рейтинг книги
Журналист