Споведзь
Шрифт:
Амаль усе землякі знаходзілі мяне, нашую хату. Гэта былі пераважна гарачыя патрыёты, якія з болем ад’яжджалі ў сьвет, і толькі таму, што беспэрспэктыўнасьць беларускай нацыянальнай працы пры саветах была ім ведамая даўно. Калі паўставала пытаньне: свабода ці Бацькаўшчына — людзі выбіралі свабоду. Ня ўсе да нас заяжджалі. Ехалі нейкія Аўдзеі й Баўдзеі, якія, казалі, вельмі нажыліся ў часы апошняй вайны, гандлюючы гарэлкаю й прадуктамі ў час голаду. Такія наведвалі Ермачэнку; з намі яны ня мелі б аб чым гаварыць. Астроўскі з сям’ей пакуль што спыніўся ў Русака, да нас зайшоў толькі аднойчы й то на малую хвіліну. Відно было, што яны ня любяць мяне. А вось усе няшчасныя, са сьвежым болем па пакінутай Бацькаўшчыне, былі ў нас сталымі гасьцямі. Разам мы бедавалі. Прыйшоў час маім землякам паглядзець на шырокі, зусім іншы ад нашага традыцыйнага, сьвет.
Юрачка шчыра апекаваўся ўцекачамі. Вучыўся ён надзіва добра.
Прыехалі ў Прагу паэт Сяднёў, дацэнт Жарскі, Русак. Гэта былі пераважна савецкія людзі, і той вялікай, амаль сьвятой любові й ахвярнасьці для Радзімы ў іх не было. Я з імі не знаходзіла супольнае мовы, часам іх адносіны выглядалі як правакацыя. Не пазнаць было, што мае для іх вартасьць у жыцьці і ў што яны вераць… Час быў нялёгкі, што чакала расьцярушаных па цэлым сьвеце, што чакала тых удома ў супольным суровым расейскім катле? Ці хоць яшчэ пару дзесяткаў год застануцца сабою?
Нам было найгорай, да ўсіх пакутаў таго часу мы яшчэ радзіліся «кулакамі»… Гэтае слова самое забівала нявінных, сіраціла дзяцей, гнала на высылкі, турмы, на несказаныя цярпеньні. Гэта былі, як яўрэі пры Гітлеру — усе амаль ужо гэтым адным словам асуджаныя на загубу. Гэтае слова, як выпалены агнем знак, відно на чале маім нават сяньня. Нясу яго, як пакуту й як нейкі церпкі гонар тых, якія пагінулі ў муках… Сяньня асабліва. Гэтых пячацяў «меней-цэннасьці» ў мяне болей, як у іншых, і ўсё я нясу гэта горда! Некалі ж было ўсё толькі для палякаў, пасля — «нур фюр дойчэ» [65] , а цяпер толькі для тых, хто ў партыі ці хто даносіць. У градацыі савецкай я на найніжэйшай перакладзінцы: 1 — беларуска, 2 — паэтка непаслухмяная, 3 — «кулацкое отродье», 4 — зэк!!! 5 — хрысьціянка, якая верыць і не баіцца! 6 — сын у Польшчы, 7 — сябры па цэлым сьвеце, 8 — сьмяротна вінаватая за тэстамэнт… Па ўсіх гэтых пунктах адзін жах. Хоць ты не жыві на сьвеце, а я яшчэ нейк жыву. Жыву й сама дзіўлюся гэтаму.
65
Нур фюр дойчэ (ням. nur für Deutsche) — толькі для немцаў.
У Празе памёр украінскі паэт Олэсь. Было вельмі многа людзей на пахаваньні. Аддалі яму сваю павагу й беларусы. Я вельмі любіла ўкраінскага журналіста Алега Лашчанку, гэта быў палкі й разумны патрыёт, своеасаблівы ў падыходзе да людзей, якіх ацэньваў нейк інстынктыўна на вартасных і паганых. Заўсёды ён ведаў нешта новае, добрае. Ненавідзеў немцаў настолькі, што аднойчы, калі я хацела пазнаёміць яго з фрау Піпэр, дык ледзь, вельмі ня хочучы, толькі падаў ёй руку. У мяне было шмат знаемых, нават сяброў між чэхаў, а ён прызнаваў толькі ўкраінцаў і то ня ўсіх. Затое калі ўжо паверыў некаму, дык назаўсёды. У людзях амаль не памыляўся.
Чэхі былі амаль стопрацэнтна супраць немцаў і прагна чакалі рускіх, вельмі ружова рысуючы сваю будучыню пры іх. У нас наконт гэтага ніякіх ілюзыяў не было, горкай практыкай лягла на маю сям’ю хваленая рознымі агентамі ўсходняя культура. Пэрспэктыва была нецікавай. А час ляцеў, і вясною пачалі людзі пакідаць Прагу. Цягнікі былі поўныя, людзі лезьлі вокнамі, ехалі пад амэрыканскія бомбы, а ўсе ж ехалі.
Старшыней Праскага камітэту самапомачы быў Аляксандр Русак. Камітэт знаходзіўся ў яго на кватэры, куды ён памясьціў і Абрамаву з сям’ёй, калі яна прыехала ў Прагу. Зрабіў гэта на маю просьбу, але хутка я пашкадавала свае даверлівасьці. Абрамава вельмі хутка напісала на Русака данос у гэстапа з тым, каб атрымаць ягоную кватэру. Мы вельмі расчароўваліся ў т. зв. савецкіх людзях-беларусах, яны йшлі ўсімі абманамі да сваіх шкурных мэтаў, ня ведаючы ніякае этыкі. Былі спрытнымі й хітрымі, іх мэтады былі часам страшныя. Гэта былі ваўкі. Ніякае дабрыні ці міласэрнасьці й ніякіх граніцаў для зла. Гутарка з імі не акрыляла, а настарожвала тым, што прыніжалі яны лепшае ў людзях і людзкасьці. Здавалася, што цяжкія варункі жыцьця даўно ўжо забілі ў іх розныя ідэалы,
Прыемным выняткам з гэтае масы былі Міціны з Кіева. Яны нейк спалучалі ў сабе шляхотнае й практычнае й заставаліся прытым вельмі харошымі, інтэлігентнымі людзьмі. Сябры прасілі мужа, каб выяжджаў з намі і ён. «Не, я сацыяліст, — цьвердзіў муж, — і я тут застануся». Тады яны прасілі, каб нас з Юраю пусьціў з імі выехаць, што нас не пакінуць, выратуюць, дагледзяць. «Не, — цьвердзіў муж, — сына ня дам, а калі жонка хоча, няхай едзе сама без дзіцяці». Я маўчала. Мяне калаціў ніколі яшчэ няведамы страх з таго, што чакала нас наперадзе. Мае найбольшае жаданьне было ехаць як найдалей з Прагі, каб пазьбегнуць лесу маіх бацькоў, які быў страшнай рэальнасьцю. Вялікай мужнасьцю было стрымаць сябе й не ўцячы, калі ўцякалі найразумнейшыя.
Я ніколі ня слухала мужа й вось паслухалася яго першы раз, і згасла для мяне сонца, і болей, здаецца, з той пары яно не засьвяціла мне на маім шляху. Тулілі мяне да сябе, ад’яжджаючы, Міціны, клікалі ехаць разам, плакалі. Апошняй прыйшла да мяне фрау Нот, каб ратаваць мяне й сына, і я не паехала. Доктар Янка Станкевіч угаворваў і клікаў мяне, Лашчанка бянтэжыўся з таго, гдзе я застаюся, а мой муж гатаваў нам цяжкую пакуту, глухі й сьляпы перад лёсам.
«Што робіце, пані Ларыса, — пераконваў Лашчанка, — ды ўрэшце я вас ужо не шкадую, я шкадую бальшавікоў, што ім рабіць з вамі? Дзьве магчымасьці: альбо даць вам высокае становішча, альбо забіць адразу — бедныя бальшавікі!» I каб давесьці, што ён ня меней адважны, сябра Алег застаўся ў Празе, як я. Яго схапілі, але, на шчасьце, удалося яму ўцячы ад іх на Захад. Шчасьлівы чалавек, што ж, ён быў нежанаты, і ніхто ня ставіў яму ультыматумаў, не казыраў дзецям… Захварэла фрау Піпэр, і яна прасіла, каб мы разам ехалі, каб я была пры ёй.
Перад гэтым яшчэ за паўгода прыйшоў да нас опа (бацька фрау Піпэр). Муж быў на працы. Ён пачаў мне паясьняць, што цяпер такі час, што лекары працуюць і з лапатамі й што яго зяць бясьсільны ў гэтым выпадку нам памагчы, што мужа маяго загадалі паслаць у лагер працоўных на Мараву, у Куціны, куды перанесьлі нейкую авіяфабрыку з Аўстрыі. Было відно, што паступіў зноў данос на Янку, Ермачэнка ня спаў. Якраз быў налёт на Прагу, і опа застаўся ў нас на абед. Сардэчна й хораша мы пагутарылі са старэнькім, калі ў хаце дачкі ён крыху стрымваўся, дык у нас крытыкаваў фюрэра з грунту. Было відно, што й немцы думалі, але страх за сем’і і за жыцьце скоўваў ім языкі й рукі.
I так зноў прыйшлося ехаць мужу недзе ў мараўскія лясы, гдзе ў цяжкіх варунках разьмяшчаліся тая фабрыка й рабочы лагер. Аднойчы я яго наведала, ледзь дабралася нейкай грузавой машынай. Жыў ён вельмі прымітыўна, але сталаваўся ў чэскай рабочай сям’і, і даглядалі яго добра. Пазнаёмілася я там і з Карлем Вотрубай, мужа фэльчарам. Гэта быў студэнт мэдыцыны, які, калі немцы закрылі чэскія унівэрсытэты, не пажадаў ехаць канчаць студыя ў Нямеччыну й лепей пайшоў на працу. Карлічак да апошняга часу застаўся нашым вялікім сябрам. Ён аднойчы сказаў мне, што хацеў бы ажаніцца з беларускай. Быў гэта выдатны чалавек і шчыры сябра.
Моцна трымаўся нашай сям’і Аляксандр Русак. Тут ужо было нешта няяснае, гавораць розна. У той час было многа розных людзей, і адзінай, разумнай рады, якую мне некалі даў Ермачэнка, каб не пускаць у хату чужых людзей, мы не паслухалі. Быў цяжкі час, і хацелася дапамагчы людзям, чым мы маглі. А яны паяўляліся зусюль!
Аднойчы пані Марыя Крэчэўская прыехала да нас са сваім шваграм доктарам Вукдэлічам. Быў гэта чарнагорац, высокі, прыстойны, з сынамі Бранкам і Драгам. Некалі ён студыяваў у Празе й закахаўся ў такой жа студэнтцы, прыгожай беларусачцы, і павёз яе ў дзікую Чарнагорыю, гдзе тады яшчэ жанчыны ўцякалі ў лясы, каб раджаць, і дамоў прыносілі сыноў у прыполе. Сястры пані Крэчэўскай гэтакае не гразіла, бо ўсё ж сям’я была асьвечанай. У багатым чарнагорскім народным строі яна выглядала цудоўна, і казалі на яе «краліца», г. зн. каралева. Ядвіга пасьля захварэла на астму. Мела двох сыноў і дзьвех дачок. I вось Вукдэліч з сынамі нечаму прабіраўся на захад далей, стараючыся пазьбягаць сустрэчы з немцамі. Драга цудоўна сьпяваў па-італьянску. I тут трэба было дапамагчы зямляцкай крывінцы нашай хоць нейкім адзеньнем, неабходным у цяжкую пору вайны й нястачаў. Я ніколі не была скупая й рада, чым магла, дзялілася з людзьмі. А памагаць трэба было многім. Часам было сьмешна, бо другія, якія незнаёмыя людзі слалі мне грошы. Адзін такі сябра напісаў, што хацеў сабе зрабіць радасьць і таму, праходзячы ля пошты, выслаў мне грошы, бо я-то ўжо буду ведаць, што з імі зрабіць. Другія, выходзячы з нашай хаты сілаю выпхнутыя, каб не разьлічваліся за драбніцы, пасьпявалі нейк яшчэ забегчы на пошту й выслаць тысячу карон. А колькі пасылак, хоць хлеба, хоць цыбулінку людзям…