Споведзь
Шрифт:
Адных праважаеш, другіх сустракаеш, а ў кішэнях пераважна пуста. Хораша так было! Толькі сьледавацелі мае такога не разумелі, тут бескарысна не дапамагаецца людзям, і нашую хату палічылі цэнтрам амэрыканскай разьведкі. А мы тых амэрыканцаў ня бачылі ў вочы, дый яны ня ведалі аб нашым існаваньні. Прыходзілі й чэхі па дапамогу, шукалі дарогі да харошага Піпэра, і ён ніколі не адмовіў. Бывала, хоць вітаміны выпіша зьняволеным на Панкрац (праская турма), а часам і дапаможа паважна.
Я была такой, якою мяне выхавалі ўдома, а Алег Лашчанка цьвердзіў: «Шчо б вас, Ларісо Антонівно, знав Гітлер, він бы нэ міг буты такім жостокім та крывавым». Ну, але той нехрыст ня ведаў беларускай натуры й шпарыў па-свояму, робячы навечны ўстыд старой нямецкай культуры, а на нас наганяючы страх бязглуздымі загадамі. Калі быў на яго атэнтат, дык не было чалавека, які не жадаў бы яму прадчаснай
Я зноў вельмі непакоілася за Янку. Нашае супружжа было як сон, як нерэальнасьць. Усё нас лёс разлучае: то пасьля вясельля на колькі месяцаў, то пасьля нарадзінаў Юры на два гады, то на Беларусь, то цяпер на Мараву.
На століку ля маяго ложка Евангельле, якое чытаю вечарам, а малы Юра прытуліцца да мяне й слухае, слухае. Яму заўсёды мала маяго таварыства: «Мама, няхай сяньня будзе мой дзень, і мы будзем толькі з табою, будзем маляваць, чытаць, расказваць». Як нам тады добра, мы, як два сябры, як аднагодкі, цешымся тым самым, і калі я яму чытаю ўрыўкі са свае «Рагнеды», яму здаецца, што ён малы Ізяслаў…
Ізноў парадкі чужыя, ламаньне на іншы манер ужо ломанага-пераломанага, замена багоў і адвечнае праўды людзей і зямлі, на якой гэтыя людзі жывуць з вякоў вечных. Так, не было болей сонца, яно прыходзіць з благаславенствам, а ня з грубаю сілаю, якая ўводзіць у душы людзкія законы недарэчных адзінак. Экспэрымэнт. Гэта тое, што нас чакала пасьля ўсіх жудасьцяў мінулай вайны. Мір не бальзам на душы, а мір, як новыя раны, якім не відно канца. Вайна ня скончана, яшчэ вярэдзяць душы, і караюць, і выклікаюць за вернасьць старому Богу… А Ён глядзіць з вышыні сваяго ўкрыжаваньня, дазваляе блудзіць і ў пошуках розных праўдаў вяртацца ў рэшце рэшт да адвечнае, мудрае: «Любі бліжняга сваяго, як самога сябе». Бо на гэтым толькі можа будавацца шчасьце й мір на зямлі. Ідэю любові да людзей Ісус з Назарэту прыпячатаў дабравольнай сьмерцю на крыжы. Не, Ён ня гнаў мільёнаў адборнай моладзі на загубу, каб сілаю ўмацаваць свае ідэі, а на сьмерць пайшоў Сам. Ускрашаў памершых, сцаляў хворых, загадваў кахаць сябе людзям узаемна, быць справядлівымі, ня прагнуць чужога, знача, і чужое зямлі. Навучаў. Дванаццаць апосталаў, простых людзей, умацавалі Яго праўду трывальней і мудрэй, чымсьці сяньня гэта робяць тысячы газэтаў, радыё й тэлебачаньне сьвету! Мудрасьць крылатая, яна, як насеньне дуба, ляціць і ўкараняецца ўжо на вечнасьць. Проста й мудра, велічна й вечна!
А пакуль што зьбіраюцца ў Празе няшчасныя ўласаўцы, якім лёс дазволіў яшчэ крыху пажыць, бо, падведзеныя Сталіным, адданыя на міласьць-няміласьць ворагу, яны ўжо даўно гнаілі б зямлю, каб не ратаваліся ў арміі РОА [66] . Хто канаў ад голаду й масавага зьдзеку над людзьмі, той іх асудзіць ня можа. Трагічны іх лёс выклікае сьлёзы. Зноў тут паняцьце двух тыраніяў і ніякае трэцяй магчымасьці, каб ратавацца. А калі б хоць капелька разуменьня людзей, жалю над імі! Самыя разумныя тут будуць гнаныя, як бараны на рэзьню, бо розум ні тым, ні другім непатрэбны. Сіла, тупая сіла, але багнэты [67] ніколі не зацьвітуць дрэвамі, танкі не ўзаруць пад хлеб зямлі, бомбы не забаўкі й аэрапланы ня птушкі…
66
Руская вызваленчая армія, вайсковыя фарміраванні, створаныя нямецкімі ўладамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны з ваеннапалонных Савецкай Арміі.
67
Багнэт (польск. bagnet) — штых.
Напэўна, і ў хрысьціянаў быў бы прагрэс, але ён меў бы гуманныя мэты.
Уцякаюць з Прагі масава немцы. Ня немцы бягуць у страшную Нямеччыну да недабіткаў у разбураныя гарады, у голад. «Там з кожным днём будзе лепей, — казала мне Ольга Пэтрыўна, сястра Лэсі Украінкі, — а там, гдзе вы хочаце застацца, ніколі добра ня будзе, ніколі…» Як часта я цяпер яе ўспамінаю, але ратунку няма. Мой «сацыяліст» быў шчасьлівы, што ўсе паехалі й мая асоба ў яго праўным, супружаскім распараджэньні, а рэшта ня мае значэньня. Толькі паэты, як птушкі, адчуваюць будучае й церпяць ужо авансам. Здаецца мне — ступаю па нажах і крывавяць мне ступні.
Нехта прынёс нам з чэхаў кусок
Мне прыпомнілася другая чэшка, жонка доктара Янкі Станкевіча, спэцыяліста па Ай-кітабах [68] . Яна з ім як найвярнейшы сябра. Цудоўна ведае нашую мову, і тры сыны яе — гэта тры палкія беларускія патрыёты. Ня кожная беларуска зраўняецца з ёю ў адданасьці ў служэньні нашай Бацькаўшчыне. Дай ёй Бог здароўе!
Назаўтра ў Вялікую Суботу йдзем з Юраю ў цэркву да споведзі велікоднай і да прычасьця. Трывожна… Мая споведзь болей падобная на палітычную размову з айцом Ісакіем, мы з ім сябе разумеем, зыходзімся на славянстве. Выходзім з сынам за руку з цэрквы. Сонейка, усюды сьцягі нацыянальныя амэрыканскія, англійскія, савецкія. На Гусавым пляцу народ. За малую хвіліну там будзе бой, і танкі разаб’юць старую памятную ратушу й слаўны чэскі Арлой, гадзіньнік з 12 апосталамі, якія выходзяць апавяшчаць гадзіны. Кажуць, у сярэднявеччы асьляпілі чэхі таго майстра, каб болей Арлоя нідзе не стварыў. Нехта казаў, што гэта быў яўрэй. Магчыма.
68
Рэлігійныя кнігі, напісаныя на беларускай мове арабскім пісьмом. Ствараліся татарамі, якія пасяліліся на Беларусі з XIV ст.
Яшчэ мінуту мы затрымаліся б і было б па нас. Нашае шчасьце. Чэхі ўжо недзе змагаюцца за радыёвысыланьне. Усюды сьцягі, сьцягі… Малады нямецкі ваяка выводзіць за руку з аўто дзяўчо ў вэлюме з букетам кветак. Як не ў пару… Ужо болей ніхто па вуліцах ня ходзіць, усюды робяцца барыкады, страляніна. Мужа ўзялі на мэдпункт у касьцёле. Я хаджу да яго, і бн замірае са страху, як вярнуся дамоў пад стрэламі. Толькі я адна не баюся, іду, і кулі мінаюць мяне. Людзі вырываюць каменьні з бруку, барыкады растуць, я стаю ў дзьвярох нашага дому, сорамна сяньня ня быць з людзьмі. Так некалькі дзён. Прыйшоў муж нарэшце. Рана гаворыць радые. Уласаўцы й чэхі дружна хочуць бараніць Прагу, то ізноў устрывожаным голасам немцы просяць уласаўцаў іх не пакідаць. Зьмяніліся адразу ролі. У нашай частцы Прагі яшчэ даволі спакойна. Рана я чую праз радые, што савецкія танкі на пэрыфэрыі Прагі! Мне жудасна, усё прачытанае пра іх, пачутае, перажытае родзічамі ўстае прад вачыма, здаецца, сьмерць выцягнула па мяне свае кастлявыя рукі і я цяпер у яе поўнай уладзе. Ах, Янка…
За пару гадзін танкі на нашай вуліцы. Сядзяць на іх маладыя запыленыя байцы, у іх вясёлыя міны пераможцаў. Афіцэры нешта камандуюць, яны важнічаюць, ледзь гавораць з людзьмі. А людзі вітаюць іх, на танкі сыплюцца кветкі, залазяць дзяўчаты ў народных убраньнях — май! Юра ўжо пазнаёміўся з нейкім афіцэрам, прывёў яго ў хату, ён мне не падабаецца. Нечаму ў нас затрымоўваецца нейкі малы штаб. У нас Вялікдзень, і я стаўлю, што маю, на стол, а яны прыносяць з кухні свае й гарэлку. Сьмяюцца з нашых чарачак, просяць шклянкі. Я чую, як маёр кажа салдатам, каб нічога не чапалі ў нас у хаце, што нельга!
Вонку чэхі лупяць немцаў малых і старых. Маёр кажа мне, каб я сказала ім, што такога рабіць нельга, пабітага, ляжачага ня б’юць. Я разумею, што гэта толькі словы, бо чаму ж гэта ён сам ім ня скажа, а ён паглядае толькі. На голых плячох немцаў рагі ад бізуноў, яны разьбіраюць барыкады. Вечарам наш малы штаб ад’яжджае. Назаўтра чэхі жэнуць [69] немцаў вуліцамі. Усім ім выпалілі смалой «гакэнкройцы» [70] на лобе. Між імі і жанчыны, і ад пачатку вайны ведамыя нам антыфашысты. Чэхі іх б’юць. Б’юць іх, галоўнае, калябаранты, тыя, якія супрацоўнічалі з імі. Лупяць неміласэрна…
69
Жэнаць (дыял.) — гнаць.
70
Гакэнкройц (ням. Hakenkreuz) — свастыка.