Споведзь
Шрифт:
Зямля была для нас усім: калыскай, хлебам, песьняй, любоўю, магілай. Чым больш зямлі, тым болей надзейнае заўтра, ніякае надзеі больш на ратунак. Вось яшчэ служба ў паноў ці ў яўрэяў альбо ад’езд на цяжкія працы ў чужыну. Нацыянальная сьведамасьць пранікала паволі, цяжка. Хлопцы, актывісты «Грамады» [3] , альбо не вярнуліся зусім, альбо засталіся без здароўя, пабітыя, падбітыя дэфэнзывай, не жыхары ўжо на гэтай зямлі. Мне трапіў у рукі зборнік вершаў Міхася Васілька, але ён не зацікавіў мяне асабліва. Зьмест народнай паэзіі, песьні, абычаяў быў шмат глыбейшы, дікавейшы, часам несказана чароўны. Як жа вылавіць пэрлы з гэтага акіяну? Хто здолее гэта, хто зможа? Я ўбірала ў сябе ўсе гэтае багацьце, і ў гэтай стыхіі было мне найлепей. Цяжка было гэта сьцяміць маім бацькам і суседзям. Яны з жахам думалі: гдзе падзелася яе ўся навука? А навука адчыняла вочы на раскіданыя, чароўныя, несабраныя скарбы маяго Народу. Выдатна, у вачох маіх, аддзяляліся нашыя сяляне ад тых паўінтэлігентаў, у асяродзьдзі якіх мне давялося жыць. Сапраўды разумных людзей я тады яшчэ не сустрэла. Трагічна адна я йшла нейк вобмацкам, інтуіцыяй да сваіх праўд, а якія яны — я добра ведала з ідэалаў французскай рэвалюцыі, з вясны народаў, з канстытуцыі Амэрыкі. Рвала мне сэрца нацыянальная й сацыяльная нешравядлівасьць. Родзіцца жа аднолькава малое стварэньне, з усімі правамі на жыцьцё, і чаму жа так розная доля? А палякі й людзі ў іх на службе былі як сьляпыя, як жа яны знушчаліся над народам проста ўвачавідкі! Душылі падаткамі. ганьбілі мову, нават не прызнавалі нашай народнасьці, быццам ідэі дэмакрацыі й вольнасьці людзям зусім не кранулі іх сэрцаў і розумаў, у існаваньні якіх я сумнявалася нават… Побач з беларускай галечай высокія зарплаты найніжэйшых
3
Беларуская сялянска-рабочая грамада (БСРГ), рэвалюцыйна-дэмакратычная арганізацыя ў Заходняй Беларусі (1925–1927).
4
Каўцыя (польск. kaucja) — грашовы задатак.
Здаецца, людзі любілі мяне, хоць зразумець ім мяне было цяжка: кожны пхнецца вышэй, а я тут самохаць зьніжаюся да іх і яшчэ хвалю… Што ж, яны ня ведалі, якія вартасьці тояць у сабе, і, на жаль, пасьля вельмі хутка пазбыліся іх, калі надышло тое, новае… I так я не такая, як усе, але ці вінаваты хто за тое, якім ён родзіцца? А мне было добра, як у казцы! Дзіўна бывала — пашле мяне тата з назамі канюшыны ў Ваўкавыск, іду за вазамі сабе ноччу, бо коням цяжка, але каля лесу зграбна чарапкаюся па вяроўцы на воз, бо тут, казалі, пару дзён як памер чалавек, упаў нежывы. Вось ляжу нуртам [5] на жэрдцы, і добра мне, што я на возе. Раптам чую, што недзе лячу. Калі мяне ачуцілі нарэшце, падняўшы воз, які перакінуўся з насыпу, бачу, стаяць фурманкі й людзі, спыніліся, едучы на кірмаш, а Сроіл воўпянскі кажа: «Ну й вы ўпалі, паненачко, проста на тыя яловыя лапкі, гдзе той мёртвы ляжаў…»
5
Нуртам (дыял.) — ніц.
Нейкі хлопец з сяла каля Воўпы пасьвіў жывёлу й ляпіў з гліны рознае, убачыла гэта пані з Бялавіч і нейк аддала яго ў «Школу штук пенкных» у Кракаў, але гэта я даведалася пазьней. А цяпер той хлапец, студэнт, ладзіў на канікулах прадстаўленьне ў Воўпе з вясковай моладзьдзю, і што? «Дэмана»! Засталіся мы паглядзець пасьля цэрквы. Ён прывез харошыя касьцюмы з Кракава — пазычыў, і сам, як дэман, лётаў, выкручваўся і ўзнёсла дэклямаваў па-расейску з немагчыма беларускім акцэнтам. Пасьля знамянітага спэктаклю «дэман» кінуўся да мяне, зусім мяне ня знаючы, і сказаў мне, што вельмі хоча са мною ажаніцца. Калі скончу школу, каб чакала яго, і ён мяне знойдзе. Прайшлі гады, і малады мастак явіўся па маю руку, мама не згадзілася на гэты шлюб, а я падумала: гэта не мая доля. Доля зарысоўвалася рашуча, вельмі трагічна, але на шчасьце маім бацькам, якія вельмі паважалі мэдыцыну. Жыў і вучыўся недзе ў Чэхаславаччыне малады беларус, якога не зусім сьляпы лёс прызначыў мне другам і мужам. Я яго ведала. Я ведала і ягоную хату, і ўсе іх будынкі, са сну, безумоўна. Ведала нават, як выглядае Прага… Ягоны бацька, убачыўшы мяне ў нашых сваякоў, так захапіўся тоненькай і паважнай дзяўчынай, што не забыўся аб гэтым расказаць сваяму сыну: «Вось я, сын, на тваём месцы толькі яе ўзяў бы…» Пасьля я ўбачыла й сына, на мяне чакалі ў іх коні ехаць да дзядзькі ў Пятрэвічы. Была восень і дзень дажджлівы, халодны. У хаце ў Геніюшаў, сяброў маяго дзеда й сваякоў, было цёпла й міла. Высокі, прыгожы сэрцаед вельмі каля мяне закруціўся, яго маці міла мяне запрасіла на абед. Муж пасьля мне расказваў, што яму нешта сталася і ён пастанавіў не пускаць ужо мяне з хаты, але яму гэта не ўдалося. Я паехала да дзядзькоў у глухую вёску. Мужа маяго туды запрасіць не хацелі, баяліся яго, бо ўжо залішне ўсім падабаўся. Я аб ім ня думала, у мяне былі свае сумныя й глыбокія думкі, аб якіх я не любіла нікому казаць. Мяне сьледавацель назваў са злосьці адзіночкай у змаганьні, мусяць, гэта была адзіная праўда, якую той нехрыст сказаў. Лес мяне не акружаў сябрамі, з якімі лягчэй было б нясьці, нейкай сілай ускладзеную, ношу адказнасьці за лёс сваяго народу…
I так я ў Пятрэвічах у сваіх паўпанкаў сваякоў. Ля цэрквы ў Славатычах падыходзіць да мяне сялянская моладзь, члены камуністычных ячэйкаў, але гутараць яны па-беларуску, сьпяваюць мне «Жыў на сьвеце Лявон» і інш. Усе ў мяне ўлюбляюцца, і мне гэта дзіўна, гэта ня праца, па-мояму.
Адседзеўшы 8 гадоў, выйшаў з польскай вязьніцы нейкі Юлек Кароза, ён вывучыў марксізм назубок і кожны дзень прышлае мне цэлыя сшыткі, запісаныя класавай барацьбой. Усё гэта слабей за рэчаістасьць і нейк непраўдзіва, штучна й зусім не па-нашаму й далёка ад таго хараства, якое вабіць мяне ў нетрах народу нашага ў яго гісторыі, якую малады Геніюш мне прыслаў разам з іншымі кніжкамі. Да таго я яшчэ моцна веру ў Бога й толькі гэтай дарогаю магу йсьці й шукаць нейкай праўды, ратунку для маяго народу. Я трымаюся вельмі здалёк ад сваіх новых знаёмых, мне падабаецца толькі тое, што хоць нейкі пратэст паяўляецца ў сёлах. Вось ускалыхнуць бы тое вялікае, што тоіцца ў народзе, хто гэта зробіць? Які ж я змагар, гэта толькі ў маей уяве, на самай справе боль і любоў і ўздымаючая сэрца надзея.
«Дзевчына-люд», — гаворыць на мяне нейкі вялікі начальнік пан Нужыньскі, паляк, безумоўна, які раз убачыў мяне й адразу папрасіў у бацькоў мае рукі, а злосная сястра насадзіла бульбіну на палачку й паказвае мне здалёк, як прэзэнтуецца мой сват — худы, доўгі, з малой галавою… Гутарка тут на бацькох і спынілася, чалавек ня наш… I так я вясковая дзяўчына, якой многа дала добра пастаўленая гімназія ў Ваўкавыску і яшчэ болей кніжкі, розная класіка, якая няведама якімі шляхамі знаходзіць мяне ў нашых Жлобаўцах. Чытаю, думаю, кахаю, жыву! Ну а пакуль я ў Пятрэвічах. Адзін з маіх дзядзькоў, Сьцяпан Міклашэвіч, ідэйны камуніст! Далі яму за гэта палякі ўжо 3 гады, але ён не сунімаецца. Уцякаў у Саветы, скуль прывёз жонку, ня вельмі чэсны са слугамі й з людзьмі, але ж камуніст і марыць пра арцелі й калгасы, хоць у самога нешта да 40 гэкт. зямлі. Дзядзьку гэтага бачу наскрозь — ён з такіх людзей, да якіх не адношуся добра. Ён любіць жэсты, але праўды й дабрыні ў яго няма за грош… Мяне ён ня любіць, бо я гавару тое, што думаю. Жыве там побач дзядзькоў жанчына, якой муж уцёк у СССР. Яна вышывае камуністычныя сьцягі, агітуе. Я бываю ў яе, шкадую яе, але нічога няма ў ёй беларускага, таго дарагога й вечнага, а бяз гэтага ўсе для мяне чужое: калі ня будзе такіх сардэчных беларускіх людзей на вярхах, усе роўна на гэтай зямлі нашай ня будзе шчасьця, бо ня будзе паўнаты творчай беларускай стыхіі. Я так думаю.
Прыходзіць вясна, Вялікдзень якраз. Дэфэнзыва зрабіла жудасны налёт на сёлы, што ля Пятрэвіч, узялі й маяго дзядзьку Сьцяпана, а я была тады ў старшага Мікалая.
6
Паздзыгаць (дыял.) — пасаскокваць.
Якраз захварэла Грышкевічыха, жонка таго Грышкевіча, што ўцёк у Саветы, гдзе яго, між іншым, у 1937 годзе расстралялі… Нядоўга думаючы я прывезла ёй нейкага фэльчара са Славатыч, а калі пабачыла, што нікога ў яе няма, проста пасялілася ў іх у хаце й занялася лячэньнем хворай паводле радаў фэльчара, і дзяцьмі, і гаспадаркай. Хораша было, адно вельмі кусалі блохі. Паставіла я хворай банькі, зрабіла кампрэс (я адумыслова навучылася гэта ад мае мамы, якая лячыла нязгорш людзей). Рана я паліла ў печы, даіла, выганяла карову на пашу, а пасьля вадзіла на выган каня, хораша яго путала, і малы Коля, сын Грышкевічыхі (абое памерлі), яго даглядаў, а мы з малой Любусенькай (жыве цяпер у Пятрэвічах) ішлі рабіць нешта да хаты. Хто бачыў, каб паненка йшла тады ў сялянскую хату, ды яшчэ так працаваць? Можна здалёк спагадаць мужыком, але ўжо каб так ды сябе ўнізіць… Мае сваякі былі з гэтага ўсяго няшчасныя, і ўнеўзабаве прыслаў мой тата па мяне коні й паклікаў дамоў. Доўга прашчалася я з усімі, праваджалі мяне, а калі аглянулася, дык заплакала — на дарозе стаяў малы Коля й заліваўся сьлязьмі. Удома было так добра, тата мне дараваў мае ўсе прынцыповыя выбрыкі, прызнаў часткова сваю віну, і я была зноў як за плячыма ў Бога. З СССР Грышкевіч пісаў мне, дзякаваў за апеку над сям’ею й благаславіў гадзіну, «калі я пераступіла парог іхняй хаты…».
Час ляцеў, і зімою перад Новым годам мой дарагі будучы муж апавясьціў аб сваім прыезьдзе. Я ня вельмі ўсьцешылася, ня тое было ў галаве, хацела нат напісаць, каб ня ехаў, бо надта былі маразы, але паслалі ў Рось на станцыю добрыя коні, бурку цеплую, з якой шпарка выскачыў ля ганка стройны, худы, выгалены, элеганцкі Янка Геніюш, пражскі студэнт і амаль ужо доктар! Была гэта ня простая штука, гутарыў пераважна з мамаю, якую ачараваў, а мне абяцаў разам, да канца нашых дзён, змагацца за Беларусь… Дамоў ужо не паехаў, толькі па паперы — каб ажаніцца. Відно было, што чалавек моцна пастанавіў нешта, ня мог спакойна прайсьці ля мяне й лапаў усё, ня толькі за рукі, аж я зазлавалася. Вечарам запаліла лямпу й думаю: панясу яму — а быў ён у маім пакоі,— калі будзе няветлівы, дык я яму такога нагавару, што адразу заверне аглоблі, я яму пакажу вось цяпер, менавіта калі мы адзін на адзін! Уваходжу з лямпай, як каралева, падняўшы высака голаў. Мой будучы друг ветліва за яе дзякуе, цалуе мяне ў руку, і абое спакойна жадаем сабе добрае ночы… Такое джэнтэльмэнства мяне канчаткова паканала, да таго цудоўная гутарка беларуская шырокая нейкая, нескупая натура гэтага беднага студэнта — усё раптам зрабілася мне несказана дарагім, і я падзякавала Богу ў душы за тое, што Ён усякімі дзіўнымі дарогамі прывёў яго з далёкіх Чэхаў у нашую хату. Неўзабаве згулялі вясельле. Белыя коні ў лёганькіх санках чакаюць. Бацькі нас благаславяць абразамі, мы на каленях, пацалункі, разьдзіраючы плач мамы, у Славачкі капаюць сьлёзы, Люся плача ўздрыгам. Пад пятку ў мой белы пантофлік палажылі грошы, каб яны вяліся ў мяне, у рукі далі цукер. Трэба кідаць яго на коні, дык будзе жыцьце салодкае… Я ўсе выпаўняю. У цэркве поўна народу. Мне сказалі: ідучы кругом аўтара, наступаць мужу лёгка на нагу, гэта каб слухаўся… Перад вянчаньнем яшчэ падышоў дружбант і шапнуў мне, каб моцна трымала мужа пад руку ў царкве, каб ніхто між намі не прайшоў, што ён сам хацеў мне зрабіць гэта, але цяпер каецца… I так моцна трымаю сваяго сужанага, цалуемся, нас вітаюць. Мой «атэіст» толькі й рабіў, што хрысьціўся, калі нас вянчалі, знача, дзякую Богу… Удома чакаюць нас госьці, і далей усе як на вясельлі: падаркі, госьці давідна, муж мяне носіць на руках, нават без вялікае намогі, і адразу адвозіць мяне ў Зэльву. З намі едзе яго мама й Славачка, які ад нас паедзе ў Жыровічы ў школу…
Мне сумна, я многа тут пакідаю ў бацькаўскай сялібе, гэтым жыць буду вечна я й мае пяро. За сабою я пакідала ўлюбены прастор палёў, якія мяне ўзгадавалі, труднае жыцьце, нялёгкую працу ў полі й на вялікай гаспадарцы, тапалёвы гай ля хаты й лес, які сама садзіла. Ён так хораша рос і ўжо гадаваў масьлячкі, рыжыкі. Тую вёску, якая мне столькі падсказала з мінулага, замурзаную крыху мо, але з душою, бы тая раса, якую я так разумела. Песьні яе пайшлі сьледам за мною. I я пакідала сваю сям’ю й той пятачок зямлі на вялікай планэце, мае Жлобаўцы, гдзе я ніколі не сумавала й ня трэба мне было ніякага таварыства, калі было поле, наш дом і лес; і весела сярод алыныны як-раз праз нашыя лугі працякала любая рэчка Ваўпянка, поўная шчупакоў, плотак і багатая ракамі. Сумна мне будзе бяз таты, ён вельмі разумны, нейк усе бачыць, быццам адчувае наперад, толькі жаль мне, што Жлобаўцаў не разбудоўвае, не засаджвае болей садамі й лесам, жывецца там нейк з дня на дзень… Калі за нашай хатаю заходзіць сонца, дык робіцца аж страшна, быццам нехта адыходзіў назаўсёды. Халадок і ноч кладзецца на мае Жлобаўцы, як чорная небясьпека, як прадчуцьце таго, што пасьля прыйшло. Вось і тата мой прадчуваў гэта ўсе відавочна й не разбудоўваў свой кут на вякі. Гэта ўжо здалёк рысавалася на небасхілах вайна й тое, што ходзіць з ёю.
Калі мы ехалі з мамаю ў Ваўкавыск, гдзе меўся чакаць нас Яначка й разам з мамаю завесьці мяне да лекара, бо чулася я вельмі дрэнна, і мама не хацела мяне хворай выдаваць замуж, тата нейк доўга туліў мяне да грудзей, як ніколі. Лекар у мяне знайшоў язву дванаццаціперснай кішкі, што пацьвердзілі пасьля і ў Празе. Муж пераканаў тады маму, што ён жа лекар, дык будзе мяне лячыць, і калі мы схалі дамоў, дык прытуліў мяне й вёз, як дзіця. У мяне зрадзілася вялікая давера да яго, здавалася, што ён добры чалавек, і гэта было галоўнае. Пасьля я расчаравалася ў гэтым, але гэта пасьля. А тым часам выйшаў тата на ганак спатыкаць нас з дарогі й на руках занёс мяне ў хату, сваяго сына ў спадніцы, які стараўся хоць крыху аблегчыць яго клопаты, разважыць яго, даць харошую кніжку, якія ён так жа прагна чытаў, як і я. Яго трывожыла няпэўнасьць нейкая мае будучай долі. Муж мой быў толькі яшчэ абсальвент [7] мэдыцыны, належала яму яшчэ ў Чэхах здаваць дзяржаўныя экзамены, а гэта каштоўная й нялёгкая працэдура. Пасьля не дадуць жа яму палякі працы ў сябе, бо й дыплом чэскі, і муж беларус сьведамы, упарты, непахісны, такога ня купіш, не застрашыш, не перавыхаваеш болей на ніякі лад.
7
Абсальвент (польск. absolwent) — выпускнік навучальнай установы.