Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Споведзь

Геніюш Ларыса Антонаўна

Шрифт:

I так нам 21/X 1935 г. радзіўся сын. Здавалася, што ўсе тыя непаладкі з ад’ездам, усе гэта толькі патое, каб шчасьліва, пры мужу нарадзіўся сын. А можа, яно так і было? Радзіўся ўдома ў нас, і роды былі вельмі цяжкія. Уся Зэльва з напружаньнем чакала, ці будзе сын, бо ж я сказала некалі, што раджу сына… Дзеці прыходзілі ў школу й апавяшчалі настаўнікам, што ў нас сын… Мы напісалі Маліцкім, як абяцалі, а за кума папрасілі харошага чалавека, маяго знаёмага яшчэ са школьных гадоў, ён, як і мы, беларус… А дзіцятка крычала, прагна ссала малако, варушыла энергічна ручкамі й нагамі, рвалася да жыцьця. Радзілася дробненькім — 2 кг 800 г, але хораша прыбывала. Я зьмянілася, мацярынства пранікла да глыбіні душы. Даць жыцьцё чалавеку раўнамерна цуду, перад якім моўкнуць усе іншыя справы. Нават мужчыны грубыя й бессардэчныя лагаднеюць і дабрэюць ля калыскі сваяго дзіцяці, такі ўжо мудры закон жыцьця.

Знаёмыя мяне адведвалі, але мы былі вельмі бедныя, і небагатаю была скромная выправа маяго сына. I вось паехаў тата на вакзал па гасьцей. Жонка інжынера Маліцкага была вельмі элегантнай дамай, і яе падаркі для хлопчыка вельмі прыгожымі й

вельмі багатымі. Мне было няёмка, але вечар прайшоў хораша, бацюшка, старэнькі сьвятар Ян-сон, хрысьціў нам дзецятка ўдома, мы з мужам стаялі й плакалі…

I вось мужу далі дазвол выехаць. Ня проста так. Ён зьвярнуўся з просьбаю да аднаго памешчыка, а той да сваяго знаёмага міністра, і так толькі атрымаўся дазвол. Муж адвез мяне з сынам да маіх бацькоў, пабыў дзянек з намі, і мы разьвіталіся. Было ўжо халадно. Мне было яшчэ халадней, калі я ўсьведаміла сабе, што мы цяпер з сынам такія самыя. Я запаліла лямпу, узяла сшытак і пачала пісаць вершы, стала лягчэй. Я іх пісала ўвесь час, але нікуды не пасылала. Мне здавалася, што ўжо ад Сафо Словэнскай [13] напісана так многа. Я пісала вершы для сябе й паказвала іх толькі сёстрам. Вершы мае ім падабаліся. Усе ў нашай хаце беглі да дзецятка. Мама з татам аддалі нам свой найцяплейшы пакой. Я спала, як птушка, — ледзь запішчала дзецятка, як я ўжо была на нагах. Я, здаецца, была як львіца, гатовая на страшнае ў абароне сваяго сына.

13

Сафо (Сапфо) — старажытнагрэчаская паэтка (канец VII ст. да н. э. — 1-я пал. VI ст. да н. э.)

Аднойчы ў суботу я ўбачыла на падворку чужую фурманку, з яе выходзіў мой муж! Я думала, што гэта нейкая зьява, але гэта быў ён. Ён вярнуўся з Варшавы. Палякі разьбілі чэскі кансулят [14] у Варшаве, і чэхі нікога пакуль што ў Прагу не пускалі. Загадалі прыехаць цераз пару тыдняў. I хоць грошай было вельмі мала, муж прыехаў да нас. Гэта было вельмі жадана, гэта было як сонца з-за хмар. Пару тыдняў пры калысцы сына мы былі вельмі шчасьлівыя, і гэты пражскі, эўрапейскі студэнт сказаў мне, што ня ведаў, як цікава можна жыць у глушы. I вось прыйшоў дзень, калі мы зноў разьвіталіся, і калі б я ведала, што гэта аж на два даўгія гады, я, напэўна, не змагла б стрываць гэтага. Сыночку было паўтара месяца. Цяжка было бяз мужа, яшчэ цяжэй было думаць, як там ён сам і бяз грошай і як яму там вучыцца ў такіх варунках, гэтаму цьвердаму маяму чалавеку, які першы з малой Зэльвы намагаўся напружаньнем усіх сіл стаць лекарам. Лекарам-беларусам з малой хаты сялянскай, з убогай лапінкі бацькавай зямлі. I ён дапяў свае мэты, хоць і галадаў, і працаваў на дарогах, на будоўлях, гдзе толькі змог. Ён стаў-такі лекарам, і гэта было як шчасьце.

14

Кансулят (польск. konsulat) — консульства.

А сыночак рос, быў гэта цудоўны, заўсёды чысьцюткі хлопчык, каханы ўсёй нашай сям’ёй. Найболей любілі яго малая Люсенька й мая мама. Хлопчык называў мяне «Ва-вацька» (Ларачка), а маму маю называў так, як усе мы — мамай. Прыехаў тата мужаў і цешыўся хлопчыкам, купіў мне й яму падаркі, пабыў крыху з намі. Муж пісаў часта, але вярнуцца ў Польшчу ня мог, яго тут ужо прасьледавалі й зусім не скрывалі, што пасадзілі б яго ў Картуз-Бярозу [15] . Я была ў бацькоў, далей памагала тату нейк утрымаць нашыя Жлобаўцы. Былі залеглыя вялікія падаткі й даўгі ў воўпянскіх купцоў, пераважна тыя, за якія мы ўжо заплацілі. Тата мой моцна засумаваў. Было б доўга апісваць усё маё змаганьне, напады сэквэстратараў [16] на нас і на сяло побач. Як валаклі каровы, цялушкі, палотны, дываны й лён. Як білі ботамі цяжарную жанчыну, аж скінула дзецятко на пятым месяцы, як раскрадалі дзявочыя скрыні, што маці наткалі ім за жыцьцё на пасаг… Ніхто не караў за крыўды, якія чынілі нашаму народу, чужым ад гэтага не балела сэрца. Гэта ж былі нелюдзі толькі, вось такія, якія й сяньня яшчэ бяскарна прасьледуюць і душаць астаткі жыцьця маяго й робяць з намі што хочуць. Нават ліст ад сына йдзе да нас два разы так доўга, як ходзіць звычайна, ну, альбо гэтых лістоў нам не аддаюць наагул… Здаецца часам, што жывем мы не сярод людзей…

15

Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, створаны ўрадам буржуазнай Польшчы ў мястэчку Бяроза-Картузская Палескага ваяводства, 1934–1939.

16

Сэквэстратар (польск. sekwestrator) — судовы выканаўца.

Нарэшце напісаў мне муж, каб я старалася выехаць да яго. Ён знайшоў недзе скромную працу, і час ужо яму ўбачыць сына. Паўгода цягнулася справа маяго выезду. Я ўжо жыла ў Зэльве, куды вярнулася й мама маяго мужа. Яна вельмі палюбіла сваяго ўнука й вучыла яго розным песенькам. Хлопчык сапраўды быў харошы, калі я часам плакала, дык браў мяне рукамі за шыю й казаў: «Апаць, Вавацька, апаць» — не плач, знача, і мне ўжо было лягчэй. Аднойчы пачаў крычаць на мяне мой тата, дык ён стаў супраць яго з дубцом і голасна заявіў яму: «Монё Вавацька кіцяць!» — няможна на Ларачку крычаць. Дзед вельмі засароміўся, а крычаў ён на мяне таму, што я заступілася за Расьціслава,

тата быў несправядлівы да яго часам. Мне загадвалі заўсёды за два тыдні прыехаць у староства, і зноў адказвалі даць дазвол, і зноў загадвалі за два тыдні прыехаць. Так цягнулася ўжо паўгода, але я езьдзіла, прасіла, не губляла надзеі.

Бацькі па-ранейшаму гаспадарылі, выкручваліся з даўгоў. Часам выклікалі мяне, калі было трудна. Гэта былі апошнія часы маяго прабываньня на Бацькаўшчыне. Быў канец 37-га года. З палёў цягнула халодным ветрам, і сонца нейк заходзіла болей крывава. Вечарамі, начамі луналі пажары частыя, як на бяду. Яшчэ раз выклікалі тату адносна выпіскі беларускіх газэтаў, прыгразілі штрафам (напрыклад, за сабак і т. п.) і непрыемнасьцямі, а тата ўжо прывык да іх. Яны пашыралі веды аб Беларусі, закраналі нашу гісторыю, ля іх групаваліся нашыя лепшыя літаратары. Уздымалі яны разумна, абгрунтавана, ня лозунгамі, а нязьбітымі довадамі на права нашай самастойнасьці, незалежнасьці, наш народ. Я крыху пісала, вершаў сваіх па-ранейшаму нікуды не пасылала, часам мужу:

Калі першая зорка на неба загляне, тады ўспомні, мілы, пра нас, душа мая выйдзе к табе, на спатканьне, па небе, на зорку якраз… і т. п.

Вершы загінулі. А народ стагнаў. Палякі яшчэ мелі нагласьць закідаць нам, што мы іх ня любім, ня ўдзячныя ім, бачыце, за путы… А пратэст супраць іх нарастаў. Я маўчала, але ўсё гэта асядала на сэрцы прагай змаганьня за лепшы сьвет.

Аднойчы сутоньнем я трымала Юрачку на руках, было вельмі ціха, нікога не было ў хаце. Я думала аб лёсе нашага народу й раптам адчула такую пэўнасьць, такі прыліў сілаў, штр ўсе стала мне ня страшным і я не баялася за далейшы мой шлях. Моцна прытуліла да сябе дзіця й аж замерла ад нейкага шчасьця. З той пары я йшла наперад упэўнена й толькі згодна з маім сумленьнем. У Зэльве парадзіла мне жонка тагачаснага войта, між іншым беларуса, каб я, калі зноў паеду ў староства па дазвол, сказала, што мая народнасьць польская. Я хутка туды паехала й сказала ім, што я беларуска, каб ведалі, што беларуска й ніколі свае народнасьці не зьмяню й цяпер знаю, што толькі таму яны мяне не пускаюць да мужа! Яны зьбянтэжыліся й сказалі, што ад часу, як я падала паперы на выезд, яны ўжо пусьцілі за граніцу 300 яўрэяў і што справа ня ў гэтым. Падышоў да мяне нейкі высокі ўраднік і сказаў, што ён беларус таксама, што пастараецца мне дапамагчы. За нейкі час мне сапраўды далі дазвол. Я паехала разьвітацца з бацькамі. Усе былі радыя, што мы едзем, а я так плакала, так плакала, як ніколі. Мне так цяжка было іх усіх пакідаць. Гэта зноў я сваімі нэрвамі, сваім завостраным адчуваньнем прадбачыла ўсю трагэдыю, якая чакала маю сям’ю. Горача я разьвіталася з татам мужа, узяла сына, крыху пасьцелі, абраз свой, якім мяне благаславілі, чамадан — і паехала. Да Ваўкавыска праваджалі мяне мама й Люсенька. Мама надта любіла Юру, калі я ад іх ад’яжджала, мама схапіла яго й аднесла ў поле, каб ніхто ня бачыў яе болю й сьлёзаў па каханым унуку. Вось і цяпер трудна было ёй адарваць хлопчыка ад грудзей. Я яшчэ купіла Люсеньцы маленькія падаруначкі, расцалавала маму, яе вочы й рукі, і ўскочыла ў цягнік. Мама пахіснулася, яе падтрымалі, цягнік рушыў.

3. Прага

У Варшаве сустрэлі мяне знаёмыя й назаўтра пасадзілі ў праскі цягнік. Нямодна апранутая, худая й сумная, я трымала на каленях цікавага хлопчыка, тоўсьценькага й чырванатварага. Людзі частавалі хлопчыка ў купэ хто чым меў, а ён шчабятаў ім па-беларуску.

Прайшлі мы польскі кантроль, яны былі няветлівыя. I вось прыходзяць амаль такія ж, але сардэчна вітаюць нас, сьмяюцца, і мне дзіва. Аказалася, што гэта ўжо чэхі, хоць гутарылі па-польску. Каля мяне сабраліся людзі, нехта ўзяў Юру на рукі й сказаў, што ён яго тата. Хлопчык запярэчыў, але сваяго тата ён пазнаў адразу, абняў яго за шыю, і так мы пайшлі да таксі.

Два гады зрабілі нейкую трэшчыну ў нашых адносінах, і гэта адчувалася. Муж быў на кватэры, з нейкім студэнтам наймаў пакойчык. Мы прыехалі ў апошнія дні 37-га года, мужа калега паехаў да сваіх бацькоў. Пару тыдняў мы пажылі разам, а пасьля завёз муж мяне й сваяго цікаўнага залішне хлопчыка, які ўжо пасьпеў яму паламаць стрэлкі на гадзіньніку (бо чаму яны круціліся?), у Моджаны. Гэта быў прыгарад Прагі, і там жыў дзядзька Васіль Захарка, якому нядаўна памерла дарагая жонка, і пані Марыя Крэчэўская. Вось там ён нас і пакінуў. Сам ён жыў і працаваў у Празе, да нас часам прыяжджаў, на нядзелю абавязкова.

Мяне сустрэлі тут як сваю, сардэчна й цёпла. Пані Крэчэўская была ўдавой па памершым Старшыні Беларускай Народнай Рэспублікі Пятру Антонавічу Крэчэўскім, была гэта старэйшая інтэлігентная й вельмі тактоўная дама. Жылі яны з дзядзькам Васілём у адным доме, але паасобку. У яе быў маленькі пакойчык, ледзь на адну асобу, а дзядзька меў два пакоі й кухню. Вось адзін пакой ён і адступіў нам.

Дзядзька быў намесьнікам П.Крэчэўскага, а некалі ва ўрадзе БНР міністрам фінансаў. Гэта быў вельмі паважны чалавек з думкамі толькі пра Беларусь. Ён вельмі цікавіўся ўсім, што рабілася на нашых землях. Ад мяне ён многа даведаўся. Палітычнай дзейнасьці ён ніякай не праводзіў, часам толькі пісаў пратэсты супраць бяспраўя над нашым народам у Лігу Нацыяў [17] , падтрымоўваў эміграцыю й меў цесную лучнасьць з эміграцыяй другіх народаў — украінскай, рускай. Быў ён беларускім эсэрам. У Бога ня верыў, але пасьля прасіў пахаваць яго па-хрысьціянску. У Прагу запрасілі іх чэхаславакі ўжо з Літвы, куды спачатку пераехаў урад БНР. Мелі яны невялікую дапамогу ад ураду, а за акупацыі ад чэскага Чырвонага Крыжа.

17

Міжнародная арганізацыя дзяржаў, створана на Парыжскай мірнай канферэнцыі, 1919–1964.

Поделиться:
Популярные книги

Бастард Императора. Том 10

Орлов Андрей Юрьевич
10. Бастард Императора
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Бастард Императора. Том 10

Невеста на откуп

Белецкая Наталья
2. Невеста на откуп
Фантастика:
фэнтези
5.83
рейтинг книги
Невеста на откуп

Мастер 7

Чащин Валерий
7. Мастер
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
попаданцы
технофэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Мастер 7

Темный Лекарь 6

Токсик Саша
6. Темный Лекарь
Фантастика:
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Темный Лекарь 6

Наследник жаждет титул

Тарс Элиан
4. Десять Принцев Российской Империи
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Наследник жаждет титул

Бастард Императора. Том 6

Орлов Андрей Юрьевич
6. Бастард Императора
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Бастард Императора. Том 6

Цеховик. Книга 1. Отрицание

Ромов Дмитрий
1. Цеховик
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.75
рейтинг книги
Цеховик. Книга 1. Отрицание

Измена. Право на сына

Арская Арина
4. Измены
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. Право на сына

Секретарша генерального

Зайцева Мария
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
короткие любовные романы
8.46
рейтинг книги
Секретарша генерального

Хозяйка Проклятой Пустоши. Книга 2

Белецкая Наталья
2. Хозяйка Проклятой Пустоши
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Хозяйка Проклятой Пустоши. Книга 2

Газлайтер. Том 2

Володин Григорий
2. История Телепата
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Газлайтер. Том 2

Последняя Арена 2

Греков Сергей
2. Последняя Арена
Фантастика:
рпг
постапокалипсис
6.00
рейтинг книги
Последняя Арена 2

Новый Рал 10

Северный Лис
10. Рал!
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Новый Рал 10

Рота Его Величества

Дроздов Анатолий Федорович
Новые герои
Фантастика:
боевая фантастика
8.55
рейтинг книги
Рота Его Величества