Споведзь
Шрифт:
Я ніколі нічога не плянавала, пляны гэта домікі з карт, а ў сьвеце было такое ўсё нестабільнае, і вайна ў Гішпаніі кідала нецікавы цень на ўсю Эўропу. Я сабе думала: ну, што ўжо будзе, калі двое людзей ідуць з чыстым сэрцам і з верай у харошае, дык жыцьце ж іх не загубіць. Мне не давалі вялікай нейкай выправы, паводле слоў маяго мужа, гэта ўсё было лішнім, бо ж моды мяняліся, там, гдзе ён жыве, далі нам проста вэксалі на кусок зямлі й крыху грошай. Небагаты мой муж нейк ня вельмі аб гэтым усім клапаціўся, здавалася — будзем жыць з ветру. Ці проста быў ён мужчынам, які заўсёды ўпэўнены, што так ці іначай на сваю сям’ю кусок хлеба заробіць. I так ішлі мы ў жыцьце з ярым кляймом беларускасьці на чале. Ішлі насупраць, з чыстым, адданым Айчыне сэрцам, усіх тых ворагаў, для якіх адна назова нашай Зямлі была нямілай.
2. Зэльва
Утульная хата, маленькі кусочак зямлі, дваіх бацькоў і мы з мужам пакуль што, — але хутка ж яму трэба ехаць, канчаць мэдыцыну, — так, вось у Зэльве. Муж вельмі ласкавы, стараецца мяне пазнаёміць з беларускай літаратурай, якой амаль ня знаю. Ведаю М.Танка й вельмі захапляюся яго творчасьцю, гэта на ўзроўні, гэта тое, што трэба. Муж мне чытае Купалу, расказвае аб сабе, як, скончыўшы расейскую гімназію ў Горадні, ня мог паступіць на польскі унівэрсытэт. Гiмназія ня мела дзяржаўных правоў. У Ліцьве, у Коўне, спыніўся ўрад БНР [8] у дваццатых гадох, які пасьля запрасілі да сябе чэхі, адначасова прызначыўшы беларусам, як і іншым славянам, дзяржаўныя стыпэндыі для студэнтаў. Беларусы высылалі нелегальна сваіх сыноў, пераважна абсальвэнтаў беларускай гімназіі, на навуку ў Прагу. Гэта было несказана хораша, але ж як там дастацца?
8
Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), 9.03.1918–1925.
У Вільні была Беларуская Школьная Рада [9] , гдзе працавалі Тарашкевіч і Грыневіч, якія пэрспэктыўным студэнтам давалі посьвядку ад Школьнай Рады, якая была як пропуск у Чэхаславаччыну. Дзеячы благаслаўлялі моладзь на навуку й бралі ад кожнага забавязаньне, што, атрымаўшы асьвету, кожны беларус выдасьць кніжку на роднай мове па спэцыяльнасьці й дасьць за свой кошт вышэйшую асьвету аднаму сваяму суайчыньніку. Не было інтэлігенцыі, якую належала тварыць. Падпісаў гэта й муж. На дарогу благаславіў яго Браніслаў Тарашкевіч, а старэнькі Грыневіч толькі ва ўсіх пытаўся, якія ведаюць песьні народныя, каб засьпявалі. У Літву трэба было перайсьці тры добра вартаваныя зоны. Яначку Тарашкевіч направіў да нейкага Канчэўскага ў Дукштах, беларускага кааператара, які па ланцужку так перасылаў людзей. З Канчэўскім яны прагаварылі ноч напралёт, быў гэта ідэйны й вельмі разумны беларус, аднак ехаць старым шляхам было нельга, нехта ўжо данёс пра яго, і Канчэўскі направіў Янку «на вока» назад, але каб ён вылез на першай станцыі й направіўся да харошага літоўскага ксяндза, да якога даў сваяго ліста. Цягнік не затрымоўваўся, і Янка скочыў з яго, трапіўшы проста ў рукі паліцыі. Янка нейк выбраўся з іх рук і дабраўся да таго літоўскага ксяндза. Відавочна, нашыя й літоўскія ксяндзы сабе спрыялі, і той ксёндз паслаў мужа да сувязнога літоўца. Той сувязны й правёў дажджлівай ноччу, сагнуўшыся ля пагранічнай вартоўні, маладога беларуса на яго далейшы шлях. Яны расцалаваліся, абняліся. «Раблю вам гэта, як брату», — сказаў літовец, які рабіў гэта для беларусаў дарма. Так дастаўся муж за граніцу й сеў на цягнік у Каўнас. У цягніку правяралі пашпарты, і посьвядкі не хапіла. Ніякія посьвядкі тут значэньня ня мелі, мужа забралі ў паліцыю, але туды зьявіліся прадстаўнікі БНР В.Захарка й Дзьмітрыеў, якія хутка давялі літоўцам, што гэта не шпіён, і забралі Янку з сабою. Там муж сустрэўся з Гілярыем Дварчанінам, які таксама прайшоў падобны шлях. Ім далі вельмі прыгожыя беларускія пашпарты, але на іх не давалі візы. Тады далі ім нейкія літоўскія «люйдымас» [10] і на іх толькі далі візы ў Чэхаславаччыну. Ластоўскі даў ім з сабою крыху грошай, і так яны паехалі на Бэрлін, ледзь пераехаўшы польскі карыдор, гдзе палякі прычапіліся да іх, жадаючы транзітнай візы. Яны абяцалі паказаць ім візу, едучы назад. I так праз Бэрлін у жаданую чэскую Прагу. Мяшок на вяровачцы праз плечы, у рагох дзьве бульбіны, каб вяроўка ня коўзала, даўгія боты, кашуля хатняя — у такім выглядзе трапіў мой муж у Эўропу. Так прыйшлі туды і іншыя з нашай зямлі, каб магчы вучыцца. Многа іх памерла, — расказваў мне некалі адзін сябра, — прычынай было цяжкае, задымленае паветра Прагі, слабыя стыпэндыі, у выніку чаго сухоты, а другою прычынаю іх гібелі была любоў да сваяго народу й вера ў тых, каму верыць было нельга… Вярталіся на ўсход, гдзе будаваўся «беларускі дом», як ім казалі, і там вельмі хутка знаходзілі толькі магілу сабе… Вельмі хораша было з боку чэхаў даць нам хоць гэтыя магчымасьці, і я гэта запамятавала назаўсёды. А хлопцы сьпяшаліся ў Прагу, не былі гэта Францішкі Скарыны, але верылася, што сьлед іх жыцьця й навукі не міне бясьсьледна для дарагой нашай і пакутнай Айчыны. Адныя, расказвалі, купілі па дарозе ў Бэрліне круглы вялікі бохан хлеба, а так, як нашыя людзі любяць есьці паважна, вымыўшы рукі, так і яны зайшлі ў кафэ нейкае, каб за сталом пад’есьці. Парэзалі хлеб на скібы й лупянулі ўвесь бохан адразу. Немцы, гледзячы на такое, вырачылі вочы, здаецца, пайшлі аб залог: ці зьелі б яны яшчэ нешта, ды паслалі ім ад сябе вялікае блюда нямецкіх сэндвічаў. Хлопцы весела лупянулі і іх. Немцы іх падзіўлялі. Так ехалі нашыя ў вялікі сьвет. Шмат пазьней давялося мне чуць ад чэхаў, што беларусы ў Празе былі самымі чэснымі й працавітымі людзьмі, на іх не было ніколі ніякіх скаргаў урадам.
9
Культурна-асветніцкая арганізацыя, на аснове якой было створана Таварыства беларускай школы (ТБШ), 1921–1937.
10
Люйдымас (літ. liudijimas) — пасведчанне.
А пакуль што я ў Зэльве, гаворым з мужам, ходзім з ім на спацыр, ёсьць такая маленькая крамка, гдзе смачныя вельмі цукеркі. Свае скупыя грошы аддае мой Яначка на цукеркі жонцы, купіў мне вельмі харошы матэрыял на шляфрочак [11] і так раскідае бедныя тыя злотыя, зусім ня думаючы аб заўтрашнім дні, шчасьлівы толькі тым, што сяньня мы разам, яшчэ пакуль што разам… Гэта было так хораша, і радасьці той вялікай з яго ўвагі я не забылася й сяньня, на старасьці сваіх гадоў. Многа нажывалі мы яго працаю, усё мы гублялі, і мы зноў былі амаль нагія ў бядзе, але ніколі ня думалі аб тым, што будзем есьці заўтра. Бог нейк сьцярог нас, нашае жыцьце, і так мы жывем яшчэ сяньня.
11
Шляфрочак (ням. Schlafrock, польск. szlafrok) — дамашні халат.
Настаў час ехаць мужу ў Прагу, яшчэ нават два месяцы разам не пражылі. Завезьлі мы з татам яго на станцыю, разьвіталіся, ехаць яму было неабходна. Мы вярнуліся дамоў, у куце стаяла палачка мужа, была пустая хата, пустая пасьцель, і вось тады я расплакалася, зразумела сваю адзіноту. Адна я не была, я была ўжо цяжарнай, і гэта было несказана дзіўным, як дзіўным і таемным ёсьць паяўленьне новага жыцьця чалавека. А час ляцеў і нашыя лісты, узаемна поўныя любові, тугі й думаў нясьмелых яшчэ аб гэтым нашым ненароджаным дзецятку. Я памагала маме мужа, садзіла гароды, мыла бялізну, падлогу ў хаце й вельмі, вельмі тужыла па мужу, але й па сваіх Жлобаўцах — як жа там яны без мяне? У маі я паехала туды на пару дзён, але адчула крыху, што мой кусочак, як кажуць, там ужо адрэзаны. Па-ранейшаму сардэчнымі былі толькі мама, Люсенька й Славачка, у нас была нейкая адна, супольная душа… Вярнулася я з вялікім чамаданам, напакаваным вяндлінаю й рознымі дабротамі ад мамы. Муж прыслаў мне крыху цікавых журналаў і мілых лістоў, пачыналі зелянець нашыя сьцежкі… Фігура мая выразна псавалася, і нос пакрыўся дробным рабаціньнем. Мае сукенкі рабіліся малымі на мяне, і таму я апраналася пагана. Ніхто аб гэтым зусім не падумаў, а грошай у мяне не было ні капейкі. Але ці гэта так важна? Важна было тое, што ў Зэльве пачаліся вялікія арышты. На 1 мая ў школах, здаецца ў коннай, дзеці замалявалі сажай партрэты Пілсудскага й напісалі на дошках, што хочуць беларускай школы. Недзе зноў раскрылі камуністычныя ячэйкі. Днём бралі дарослых, а ранічкай вялі пастушкоў непаслушных, пакуль людзі яшчэ не паўставалі. Кажуць, што ўсіх моцна білі. Калі аднаго з іх выклікалі на чарговы допыт, ён папрасіў ножыка, каб крыху пад’есьці з перадачы, якую яму прынесьлі. Ён схапіў ножык, які падаў яму канваір, і на вачох сябе ім зарэзаў, устраміўшы яго ў горла. Сканаў хутка, і ўсе моцна аб гэтым загаварылі. Казалі, што абураліся нават палякі пад час ускрыцьця, бо ўсё цела ў гэтага хлапца было паадбіванае ад касьцей. Мяне гэта вельмі моцна ўсхвалявала, было так крыўдна за свой народ. Я напісала мужу ліста, гдзе відавочна крычала кожная літара, і панесла яго на пошту. Сустрэў мяне там адзін паляк, якога дзед быў яшчэ ў паўстаньні, нейкі пан Іжылоўскі, і сказаў, што будуць хаваць забітага сяньня: ці не хачу на яго паглядзець? Сяньня, прайшоўшы ўсе турмы, я разумею, што гэта была правакацыя, тады яшчэ мне ўсе здавалася праўдай… Я пайшла з ім.
У Зэльве, гдзе цяпер парк, тады быў чатырохкутнік крамаў — адзін будынак і дзьверы кругом. Там пад тымі дзьвярыма стаялі людзі,
Нарэшце прыехаў на канікулы муж. Ён не пазнаў мяне такую непрыгожую. Бацькі яму расказалі мае падзеі, і ён шчыра зазлаваў на гэта. Нельга мне было гэтак рабіць, яшчэ ня час, тым болей цяжарнай. Я доўга плакала, не хацела паясьняць нікому, што гэта сталася нейк паміма мае волі. Я толькі адчувала, што запратэстую цяпер супраць такога ўсюды, гдзе б яно ні тварылася супраць нас.
Мужава мама ад’ехала хутка ў Латвію да свае сястры, а я засталася гаспадарыць на нашай сялібе. Была карова, нават дзьве, парася, куры і ўсё, што ў гаспадарцы. Муж часта памагаў мне насіць зельле парасяці з гароду й наагул стараўся быць заўсёды разам. Я вельмі цаніла гэта. Толькі ў нас было поўнае безграшоўе… Паехаў муж да маіх бацькоў, але што нам мог даць наш тата? Збожжа ўжо не было аж да новага ўраджаю, а кароў жа нельга папрадаваць вясною. Муж задумаўся, Ён пастанавіў аддаць вэксалі ў пратэет. Проста ён, здаецца, думаў, што нішто тут доўга ўжо не ўтрымаецца. Бацькі мае ніяк не гадзіліся на тое, каб мой кусочак зямлі прадаць, гэта зусім ня ў псіхіцы сялян. Яны ўсімі спосабамі толькі дакупляюць зямлю, да гэтага чакаецца ж яшчэ дзіця. На тое, каб падаць вэксалі ў пратэст, патрэбны быў і мой подпіс, галоўнае — гэта мой. Я ведала са свае сумнае практыкі ўдома, што знача ўсё гэта. Гэта каморнікі, ліцытацыі [12] , дзівосныя аплаты за ўсё й сьлёзы, сьлёзы маіх бацькоў… «Не, — сказала я, — такога я не зраблю ніколі, лепш разыдуся з табою, мой муж…» Я казала гэта зусім паважна. Муж мой негадаваў, яго мама таксама. У мужа былі ў Чэхах даўгі, і трэба было тэрмінова іх заплаціць. Я лічыла вінаватымі сваіх бацькоў — урэшце зямля ж мая, але зрабіць ім прыкрасьць было не ў маіх сілах, і ніхто мяне да гэтага ня сьмеў змусіць… Нарэшце паклікаў мяне да сябе ў пакой мужаў тата. Я пайшла да яго, як на суд. «I што ж, Ларыса, не падпішаш вэксалёў супраць сваяго бацька?» — «Не, татачку, я іх не падпішу, я такога не магу ўчыніць…» Тады стары тата маяго мужа працягнуў рукі да мяне. абняў мяне й сказаў: «Я шчасьлівы, дзіця, што ты менавіта такая, калі ня можаш ты скрыўдзіць сваіх баць коў, дык ніколі ня скрыўдзіш маяго сына…» Я заплакала. А харошы стары Петр Станіслававіч Геніюш прадаў сваю другую кароўку й заплаціў сынаў доўг. Я ніколі яму гэтага не забылася, і калі мы былі ў Празе, дык тое толькі рабіла, што пасылала яму пасылачкі адна за адной… Бедныя нашыя бацькі, як жа яны мала мелі з нас радасьці, толькі хіба што з чалавечнасці нашай, з парадачнасьці… I памерлі яны ўсе, мае бацькі і Яначкіны, бяз нас, самотныя й пакінутыя ўсімі. I гэта ёсьць частка долі нашага народу, яго пакуты, пакуты дзяцей яго, якія нікому ніколі не прадаліся й ня выракліся народу сваяго й таго, што яму, як усім іншым народам на сьвеце, належыць!
12
Ліцытацыя (польск. licytacja) — аўкцыён.
Каб крыху зарабіць, я ўзяла на кватэру нейкіх людзей, так рабіла мужава мама, бо ў Зэльве не было ніякай гасьцініцы. Гэта былі купцы-яўрэі й польскія інжынеры, яны дастаўлялі ў Англію лес з нашае Белавежы, інжынеры яго прымалі. Купцы былі мільянеры, залежала ім, каб добра дагледзець інжынераў, каб тыя добра прынялі лес. На мне была вялікая адказнасьць, але пасьля першага абеду ўсе супакоіліся, ведалі, што ўсё будзе як трэба. Гатаваць я ўмела. Я навучылася гэта ўдома — у нас заўсёды было многа гасьцей… Бацькі вельмі любілі пагуляць з гасьцямі ў брыдж ці ў прэферанс. Бывала, позна ў ноч сядзяць за той нейкай прэферансавай пулькай, і гэта цікава ім. Гэта была іх адзіная разрыўка ў нас, на сяле. У такія вечары мама даручала мне прыгатаваньне вячэры. Часам я прышыкоўвала й харошыя сьвяточныя абеды, так я навучылася прымаць гасьцей. Я сваіх кватэрантаў частавала, як сваіх гасьцей. Інжынер Маліцкі, паважны высокі паляк, мучыўся ад мазалёў на нагах, але калі я йшла з вёдрамі па ваду, ён хапаў мае вёдры і, кульгаючы, прыносіў ваду. Прычынай такой увагі, як мы пасьля даведаліся, была пашана да нашае невясёлай долі, да мае працы, паводле меркаваньняў таго часу, крыху ўніжаючай будучую жонку лекара. Яму падабалася мая мужнасьць і духовая сіла ўсё перанесвді. На яго загад скупы мільянер вельмі добра мне заплаціў за маіх кватэрантаў, а інжынер Маліцкі папрасіў нас, ад’яжджаючы, каб мы паклікалі яго кумам для нашага дзіцятка, калі гэта будзе дзяўчынка, а калі хлопчык — каб ягоную жонку. Мы гэта харошаму чалавеку абяцалі. I так было крыху грошай хоць на папяросы й неабходнае ў хаце для нас.
Бліжыліся польскія выбары, гдзе кандыдатаў назначалі згары. Яшчэ рана вясною памёр Пілсудскі, палякі стараліся мацней трымаць свае меншасьці. Ужо не гаварылася — Беларусь, а «ўсходнія крэсы», а народнасьць проста пісалі: тутэйшая. А ці не разумней, ня лепей было б для іх і для нас быць людзьмі й дэмакратамі ў супольнай дзяржаве, але дарма тут было апэляваць да розуму. Беларусы байкатавалі выбары, не пайшлі на іх і мы.
Збліжаўся час ехаць мужу ў Прагу, я паехала да бацькоў прасіць грошай. Цяжка было бацькам, іх абманулі вельмі воўпскія купцы, забраўшы на слова жыта й не аддаўшы вэксалёў назад. Гэта было нешта нечалавечае, і толькі людзі часам ня хочуць зразумець свае віны й толькі свае, калі іх доля сурова карае… Трэба было сеяць, але малацілі, адсылалі збожжа ў Рось, і так далі мне аж тысячу злотаў. На той час было многа. Можна было ехаць у Прагу. Але якое было нашае зьдзіўленьне, калі мужу не дазволілі выехаць з Польшчы, тут нам прыпомнілі й тое, што не пайшлі мы на выбары… Засталося толькі пару экзаменаў, і вось усё рушыцца. Мы дагаварыліся з мужам, што будзем жыць так, каб нікому не даваць узятак і розных барышоў, што было шырока распаўсюджана ў Польшчы, будзем змагацца за справядлівасьць усюды. Усё цяпер гэта было сьмешным — трэба было ратавацца любым спосабам. Муж пайшоў да зэльвенскай дзяячкі пані Хаенцкай, жонкі мясцовага лекара. Яна ледзь выслухала яго й сказала, што беларусу неабавязкова быць лекарам, што ёсьць у бацькі 6 гэкт. і трэба гараць іх, і болей ніякай гутаркі… Ад такой нагласьці стала мужу страшна: дык вось чаго яны жадаюць для нас, чым не папярэднікі Гітлера?.. Ён пастанавіў выехаць! Нам парадзілі зьвярнуцца ў Ваўкавыск да старосты. Паехалі мы разам, я ўжо ў апошніх месяцах цяжарнасьці. Вялікая заля, на старосту чакае многа людзей. Нарэшце ён уваходзіць. Я сяджу, стаяць мне цяжкавата. I вось ляціць да мяне, як ашалелы, паліцыянт, груба тармосіць за плечы й крычыць: «Устаць!!!» Божа мой, і гэта ёсьць людзі? Муж белы як палатно, і што можа ён, бясьсільны супраць гэтага хамства? Гутару з ім сама, я спакойная. Не, нельга мужу маяму ехаць вучыцца, а гэта «зэ взгленду на добро паньства» — з увагі на дабро дзяржавы… Цікава… Нам шкодзіць многае, а й тое, што чэхі добра да мужа адносяцца. У гэты час пануе страшная нянавісьць між гэтымі двума народамі, і яны ўзаемна сябе зьневажаюць, і гэта адбіваецца на нашым лёсе. I так таюць нашыя грошы, і я зноў еду да маіх бацькоў.
Я ўсёй душой цяпер пры сваім дзіцятку, і муж вельмі хоча, каб гэта быў сын. Удома я сплю на сваім дзявочым ложку ў сваім пакоі. Ноччу ў сьне прыходзіць да мяне жанчына, перад якою я адчуваю сябе вельмі й вельмі дробненькім зернем. У яе на чале тры цёмныя кругі, сярэдні вышэйшы. Упорна глядзіць яна на мяне й кажа мне, што буду мець сына, але на мне ляжыць вялікая адказнасьць за яго долю, каб я гэта памятала… Я прачынаюся. Мне неспакойна, і вобраз жанчыны са сну мяне перасьледуе. Я веру, што ў нас будзе сын, і мы ўжо ненароджанага яго назвалі Юркам.