Споведзь
Шрифт:
Тым часам прыйшоў час аддаваць нашага Юрку ў школу. Хлопец ужо ўмеў чытаць і ледзь не гаварыць прамовы аб каханьні да Беларусі. Але было яму яшчэ 6 гадоў, ды хлопчык вельмі хацеў у школу. Чужынцы не маглі аддаваць сваіх дзяцей у чэскую школу, было забаронена. Заставалася нам даць яго альбо ў нямецкую, альбо ў рускую, якую якраз пабудавалі яшчэ за Рэспублікі побач. Урачыста мы павялі ранічкай сваяго сына першы раз у школу. У кароценькіх сініх аксамітных нагавічках, у свэтэрочку й белых туфельках бег перад намі наш хлопчык і раптам згінуў! Прыйшлі мы да настаўніцы на другі паверх і самыя ня ведаем, што казаць, але за пару хвілін зьявіўся наш малец, ужо пасьпеўшы аббегаць і агледзець усе паверхі расейскай гімназіі, адзінай на ўсю сярэднюю Эўропу, пры якой была гэтая першапачатковая школа. Там мы яго й пакінулі. Хутка зрабіўся ён найлепшым вучнем і найгоршым выраблянцам у школе, прытым настала заваяваў любоў амаль усіх настаўнікаў, якія яго вучылі. Казалі, што вырабляўся таму, што ня меў чаго рабіць у класе, бо за тыдзень вывучыў усю гадавую праграму. Пісаў, праўда, жудасна, але настаўнік чэскай мовы пацешыў мяне, што ўсе вялікія людзі дрэнна пішуць і што: «Іжі е роштяк, але ростомілі» (Юрка выраблянец, але надта мілы). Мы ніколі не памагалі яму вучыцца, і толькі бацька не пасьпяваў купляць кніжак, як малец захоплена іх прачытваў.
А кніжак у нас наагул прыбывала, не
«Чаму да вас столькі людзей прыходзіла, — гарланіў на допытах ачумелы сьледавацель, — гэта як амэрыканскі шпіёнскі цэнтар!» — «Я паэтка!» — кажу яму. «Ну й што з гэтага, у нас нават да Шолахава столькі людзей ня ходзіць». Нічога я яму болей не паясьняла, бо ў дурную яго даўбавешку ніяк ня месьцілася паняцьце чалавечае дабраты… Ды ён і кампанія нямала недзе чаго перакамбінавалі, каб за адзіны той Камітэт, у якім, на жаль, нічога так і не зрабілася, і за маю кніжку «Ад родных ніў» даць мне ні больш — ні меней як 25 гадоў цяжкай лагернай працы на поўначы. Да таго яшчэ па гэтай маёй адной на дваіх справе правесьці яшчэ й маяго беднага мужа, якога добры Бог, акрамя горкай беларускай долі, надзяліў яшчэ неспакойнай, бунтарнаю жонкай на ўсё жыцьё, і яму падараваць той жа шчодры менска-савецкі дар — 25 гадоў нечалавечай няволі… Каб чалавек ведаў наперад свой лёс, ён ня выжыў бы.
А тым часам збываўся мой сон пры ад’езьдзе з бацькавай хаты: з прыгорка нашае сялібы я паднялася на крыльлі і паляцела, і прысяду часам на зямлю, і зноў уздымаюся, і лячу, гдзе толькі ўздумаю, па ўсім небе. Я лётала — гэта я пісала, гаварыла да сваіх братоў. Вельмі хораша лётаць хоць у сьне, прабівацца праз хмары вышэй і вышэй.
Дзядзька Васіль адносіўся да мяне з вялікай павагай. Калі мы разам бывалі на беларускіх сходах, дык заўсёды стараўся падкрэсьліць мае нейкае значэньне, нейкае маральнае першынство. Перасьцерагаў мяне перад гдзеякімі людзьмі, якіх не хачу называць, а калі была ў мяне апэрацыя апэндыцыту, дык забраў да сябе Юрачку й даглядаў хлопчыка як мог. Апэрацыю мне рабілі ў нямецкай клініцы, бо нідзе болей не было яшчэ зацямненьня. Вельмі хораша аднёсься да мяне малады лекар, які мяне апэраваў. Ён некалі практыкаваў з мужам разам у клініцы. Нават палажыў мяне ў асобную палату, гдзе ляжала толькі пару асоб. Назаўтра, калі паявілася тоўстая старшая сястра, ідэёвая й партыйная гітлераўка, дык на яе загад перавялі мяне ў агульную палату як славянку. Усе былі вельмі абураныя, што цягаюць мяне так пасьля апэрацыі, а найболей лекар, які мяне апэраваў. Ён перапрашаў нас за гэта. Старшая сястра была з пароды партыйных выдраў, на якіх, як было відно далей, апіралася ўся сыстэма.
Ермачэнка, які вельмі сэпараваўся ў прыватным жыцьці ад сваіх землякоў, аднойчы нас з мужам і сынам і дзядзьку Васіля запрасіў да сябе на сваю вілу. Зусім не частавалі нас смачным абедам, як гэта рабіла заўсёды я, а толькі танна нейкімі вінамі, кавай і чэскімі калачамі з кіслымі сьлівамі. Дзядзька гуляў у гольф, мы гутарылі, а Юры Ермачэнка падараваў дзіцячае аўто, абдзёртае й разьбітае. Ледзь я ад яго адмовілася, вельмі настойліва й ветліва, хоць трасло мяне ад абурэньня, бо гэта ня быў падарак, а нейкая панская падачка беднаму дзіцяці з разьлікам на вечную ўдзячнасьць яго бацькоў. Наагул гэтая паездка на многае мне адкрыла вочы. Першае тое, што я заўважыла, як я на нешта патрэбная гэтаму чалавеку… На што? Хутка гэта стала ясна. Нейк, калі муж быў на працы, пад’ехаў на сваей элегантнай машыне да нас сам Ермачэнка. Ужо тое, што ён меў машыну, калі ніхто яе ня меў, было «нясмачным». Я прыгатавала закуску й гарбату й чакала, што ж ён мне скажа. Да мяне 6н зьвярнуўся як да патрыеткі і як да хрысьціянкі, а менавіта, ці не хачу я з ім паехаць на Беларусь і працаваць для народу ў рамках Самапомачы — такой харытатыўнай, гуманнай Самапомачы, бо іншай дзейнасьці нам не дазволена праводзіць. Для мяне гэта было сьмешным. Я ўжо ведала, што значыць гэты лад і што нам яны не дадуць таго, чаго мы хочам, а быць іх халуямі я не хачу. Угавор працягваўся ўпарта, пераканаўча. Мая пазыцыя была непахіснай. Вельмі зьдзівіўся гэтай візыце мой муж, калі вярнуўся з працы. Відно было, што Ермачэнка нешта задумаў. Сільны з розных пазыцыяў Ермачэнка й мы без грамадзянства, на падзённай рабоце, яшчэ з падазронасьцю, што мы вельмі левыя… Гэта, пэўна, за маю дружбу з Аняй Кляўдэр і за кватэру, пакінутую нам яўрэямі.
Было трывожна, у паветры чулася проста няшчасьце. А тым часам мая новая знаемая фрау Піпэр не забывалася пра нас. Яна часта заходзіла да нас з дзецьмі й аднойчы запрасіла мяне на 5 гадзін. Я ахвотна пайшла да яе, гэта пакуль што была мая адзіная надзея на нейкую абарону, хоць я ня ведала, хто гэта фрау Піпэр. Я ніяк не магла знайсьці яе кватэры. Я ніколі ня думала, што прыгажая віла з гаражом і басэйнам для плаваньня яе дом. Я апранулася вельмі сьціпла й даволі танна, але ўбачыўшы багатыя апартаменты мае знаймай, крыху засаромелася, але толькі на хвілінку. Мой муж вельмі харошы чалавек, я думаю, што я таксама, дык сароміцца мне няма чаго. Я высака падняла галаву. Шукаючы кватэру, я крыху спазьнілася, і гэта не было прыгожа. Я папрасіла прабачэньня. Была перадкалядная пара. У кутку вялікага салона на круглым століку стаяў вяночак са сьвечкамі і ўсе для кавы. Было гэта скрамней, як у нас, але вельмі прыгожа падана. Пасьля прыйшоў гаспадар дому. Я ведала толькі, што ён лекар. Ён пачаў распытваць мяне, гдзе працуе мой муж, а пасьля зьвярнуўся да мяне: ці не таму я прыйшла, каб прасіць лепшую работу сваяму мужу. Тут мяне і ўскалыхнула, і я яму, як толькі ўмела, выпаліла па-нямецку, што мой муж не патрабуе ніякае працы, бо яе мае, і што я прыйшла да іх выключна таму, што яго жонка мне падабаецца. Я такі нагаварыла даволі. Прыйшла дамоў злосная, але адносіны нашыя з фрау Піпэр сталі яшчэ болей сяброўскімі. Толькі калі яна мне часам прапанавала памяранцы, якія давалі ў Празе немцам, я іх не ўзяла ні разу… Іначай мы вельмі ладзілі, дзяліліся часам нават сваімі скромнымі ваеннымі прадуктамі ці кавай. З імі жылі яе бацькі — опа і ома — бабка й дзед. Мы ўзаемна вельмі сябе палюбілі. Яны зусім не скрывалі свае нелюбові да фюрэра. У іх вісеў яго партрэт, але ж надта маленькі. Сьмешна малы. Нашыя дзеці разам гулялі, плавалі ў іх басэйне, з чаго Юра вынес цікавую спасьцярогу. што гэта праўда, што немцы іншая раса, бо Эвелін і Інгрыд зусім маюць нешта інакшае, чымсьці Сн. Яны купаліся голенькімі.
Я вельмі зьдзівілася, калі раз так з палудня Ермачэнка прыехаў з Аўчыньнікавым да нас і загадаў мне вязьці яго й знаёміць з Піпэрамі. Я спалохалася, зрабіць гэтага ніяк не магла. Але ён так крычаў, амаль пагражаў мне, што не было куды дзецца. Піпэры былі разумныя
Піпэры былі выдатнымі людзьмі. Памагалі ня толькі нам, але й чэхам, калі я да іх зьвярталася з просьбамі. Толькі я нічым не магла адудзячыць за ўсё харошае, за тое, як і колькі разоў яны мяне ратавалі. Гэта былі лепшыя людзі, якіх я сустрэла ў жыцьці. Опа і ома казалі мне нейк, што яны з Гановера родам і па паходжаньні хутчэй англічане.
Вось так павандраваў на ўсход Ермачэнка. А мы ўсе наглядалі жыцьце й падзеі на ўсходзе. У мяне там ужо нікога не было, большасьць з нашага роду ўжо выгубілі, а мама з братамі й сёстрамі дамярзала ў Казахстане. Мясцовыя «дзеячы» збурылі наш дом і нечаму перавезьлі яго ў Гудзевічы. А дом гэты сьніўся мне начамі, раззвонены галасамі нашай сям’і.
Зямля мая, якая ўзгадавала душу маю, атуліла мяне з дзяцінства вялікай любоўю бацькоў, сялян і кожнага дрэўца, поля каласістага, сяньня чакала мае ўдзячнасьці, мае любові. Зьняволеныя сыны яе чакалі мае спагады, маяго слова. А любоў мая да Айчыны рвалася на старонкі амаль ня нашай газэты, на балонках якой нейкім цудам друкаваліся амаль усе трывогі маяго сэрца. Мяне палюбілі. Калі аднойчы назьбіралася многа вершаў і не было як іх выдаць, бо газэта выходзіла за нашыя сродкі й тыраж яе быў агранічаны, дык рэдакцыя зьвярнулася да чытачоў, каб памаглі. Пасыпаліся грошы, пасыпаліся лісты ў рэдакцыю. Кажуць, гэта была такая любоў да нас, скромнай жменькі паэтаў за мяжою, што ўзварушвала патрыятызм найболей абыякавых. Наагул хвалілі мяне нашыя гдзе ім толькі было можна. Не было газэты, каб не ўспомнілі так ці іначай маё імя. Здавалася мне, што я зноў у сям’і, якой любоў так жа адданая. На Бацькаўшчыну я не пасылала сваіх вершаў, але яны іх часта перадрукоўвалі з «Раніцы». Ермачэнка меў сілу, дзя дзька Васіль мінуласьць, бо з немцамі ён нічога супольнага не хацеў мець, я ж мела папулярнасьць дзіўную нейкую, падпольную, чыста беларускую, незалежную ні ад каго й створаную болем маім, знаньнем народу нашага й адчайным каханьнем да мае Айчыны.
Я старалася не закранаць ворагаў нашых нядаўніх. Ляжачага ня б’юць — вучыў мяне тата. Мне іх было жаль, хоць многія з іх так і нічога не навучыліся й з гэтай бяды. Палякі на нашых землях як мага ўдавалі немцам нашых. Яны апанавалі ўсімі гаўляйтэрамі праз сваіх спрытных жанчын. Жудасна было глядзець на такое. Яны проста забыліся, што вайна й свае харошыя, няшчасныя людзі гінуць, як мухі. Літоўцы й латышы, наколькі мне ведама, таксама вельмі стараліся сабе «ачышчаць тэрыторыю на будучыню», гэта знача вынішчаць даволітакі пасыўных беларусаў. Як цяжка было ўсе гэта стрываць.
Веліч маяго каханьня, здавалася, утроіла мае сілы. Душа мая трапяталася ў маіх вершах, і ўсе да мяне прыслухаліся, нават чужыя. Палякі прыслалі з Варшавы чалавека, які сказаў мне, што каб так трымаць, што яны купляюць «Раніцу» толькі для маіх вершаў, а пасьля прыслалі па мае кніжкі. Чэх прафэсар Ціхі, ведамы славянафіл, напісаў мне, што зьнішчыць усё, што друкавалася эмігрантамі на працягу 25 гадоў, толькі мае вершы пакіне. Пераклады з іх ужо зрабіў… Што ж, прафэсар Ціхі быў слабы чалавек. Калі мяне выдавалі саветам, ён ахвотна кінуў у мяне каменем, каб пасьля выхаду ў сьвет «Невадам з Нёмана» [34] зноў мне выразіць сваё вялікае прызнаньне. Што ж, я ня гневаюся, бо ні адзін народ так ня зьдзекаваўся нада мною й над маёю сям’ёю, як беларускі… Ні адзін народ так не ўніжаў сваіх паэтаў, сваіх жанчын. Садыстычныя й вышуканыя мучзньні, якія адчуваю амаль штодзённа нават ад людзей, якія ўчора былі сябрамі… Кожны хацеў бы, каб я думала так, як ён, каб гэтак жа прадала сваю душу, сваю беларускасьць і тое найясьнейшае, што я выхавала ў душы са сваяго дзяцінства. Тады я толькі думаю пра маму і ў думках тулюся да яе рук, чую яе прарочыя словы аб тым, што за маю вялікую любоў цёмныя людзі дадуць мне яшчэ большыя мукі. Разумею колішні страх яе, і тады я плачу. Некалі, калі я бачыла свой уплыў на людзей, мне нецікава было выйсьці замуж за харошага чалавека, гэта проста. Мне цікава было выйсьці за злога чалавека й пасьля прабудзіць у ім усе тое вялікае, добрае, да чаго ўжо рознымі шляхамі прыйшлі людзі, і галоўнае — гэта любоў! Злыя людзі, мне здавалася, гэта тыя, якім ніхто яшчэ не пасьпеў давесьці, як соладка, як велічна, калі людзі адчуюць, што ты — іх непахісны сябра, іх брат. Як адыходзіць усе сьвятое ўбок, калі людзям паабяцаюць грошы, як танна яны прадаюць і сяброўства, і мову сваю, і сваю мінуласьць, і зямлю, і дзяцей сваіх, і самых сябе… Так думаю я сяньня, калі душу маю паранілі беларусы. Мне бачыцца дацэнт Воўк, які розна празывае мяне перад сотнямі беларускіх студэнтаў, Еўдакія Лось, як паліць у СБП [35] маю кніжку, зэльвенскае начальства, якое пасылае розных шпіенаў да нас, а мы іх кормім абычаем бацькоў нашых. Пасылае такіх, якія прабіраюцца ў хату бяз нас, трасуць драбніцы нашыя, мае словы. Настаўнікі зэльвенскія, якія зоймуць увесь аўтобус і ня ўступяць мне месца, і я падаю, калі аўтобус трасе на выбоінах, а яны хахочуць… Маіх землякоў, якія, прадаўшы ўвесь мой род, ганьбяць бяз довадаў бацькоў маіх, паганяць імя маё, толькі таму, што сяньня новыя паны яго паганяць… Ды ці апішаш усё, хоць бы пра ўсіх тых нізкіх тыпаў, якіх пасылаюць, каб мне гаварылі пра сваю любоў… Я ўжо ня думаю, каго можна купіць, я горка думаю, каго ж нельга купіць з беларусаў? Я гляджу вокал, бачу найстрашнейшых суседзяў сваіх, якія падслухоўваюць кожнае нашае слова, падглядаюць кожны мой крок і даносяць ужо яўна, а да мяне прыходзяць пазычыць ім што ці памагчы. Мне ў вачох Кузьняцоў — начальнік зэльвенскага іспалкома, як вечар з вокнаў музычнай школы, што насупраць нас, сочыць за намі, фатаграфуе нейкім апаратам праз фіранкі, калі мы, старыя, распранаемся нанач. Як ганяюць мужа з работы, як уніжаюць і яго, і мяне, як нацкоўваюць на нас роднага сына, і ён, вымучаны імі, споены й нацкаваны, глядзіць у нашыя вочы вачмі няшчаснымі й плача пасьля разам з намі… Я баюся чалавека ў хату, калі гэта савецкі чалавек, я баюся сваіх родзічаў, хоць іх у мяне тут пару далёкіх. Я баюся, калі нам нехта нясе падарак, пасьля такіх цукеркаў выратавалі мяне толькі кефір і лекі, а муж зжаўцеў, зьбялеў і ледзь выжыў з такога… Усё гэта распаўзаецца зьверху ў помсту за тое, што такога вось я чалавечнасьцю не назаву й з такімі мэтадамі, з такімі людзьмі мне не па дарозе…
34
Зборнік вершаў Л. Геніюш (Мінск, 1967).
35
Саюз пісьменнікаў Беларусі (СПБ).