Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Стамбульскі экспрэс

Грин Грэм

Шрифт:

— Можа, яно і так, але хто заплаціў за той спальны вагон? Вось што мне цікава ведаць.

Доктар Цынер прыціснуў патыліцу да акна і з нянавісцю прашаптаў:

— Буржуазія.

— Дзякуй вам, — сказала Корал Маскер і дадала, убачыўшы выраз прыкрасці на яго твары: — Вам патрэбна дапамога? Вы захварэлі?

— Не, не, — запярэчыў ён. — Аднак я нічым не дапамог вам. Я не здатны гаварыць прамовы. — Прыціснуўшыся спінай да акна, ён усміхнуўся ёй. — Вы зрабілі гэта лепей за мяне. Вы сказалі цудоўна.

— Чаму яны такія свінні? — спытала яна.

— Буржуазія заўсёда такая, — адказаў ён. — У пралетарыяту ёсць свае вартасці, арыстакрат часта бывае добры, справядлівы і смелы. Яму плацяць за карысныя справы — ён дырэктар, настаўнік, доктар ці жыве на ўтрыманні бацькоў. Можа, і не заслужана, але, атрымліваючы

гэтыя грошы, ён нікому не прыносіць шкоды. А буржуазія — яна купляе танна, а прадае дорага. Яна купляе ў рабочага і прадае рабочаму. Ад яе няма ніякай карысці.

На яе пытанне адказу не было. Не зразумеўшы ніводнага слова з таго, што ён нагаварыў, яна ўтаропілася ў яго, збянтэжаная патокам яго красамоўства і сілай яго перакананасці.

— Я ж ім нічога благога не зрабіла.

— Ну не, вы нанеслі ім вялікую шкоду. Як і я. Мы з вамі выйшлі з аднаго і таго ж класа, як і яны. Але мы зарабляем на пражытак сумленна, не робім ніякай шкоды, а, наадварот, робім нешта карыснае. Мы служым ім дакорам, а яны гэтага не любяць.

З усіх яго тлумачэнняў яна зразумела толькі адну фразу.

— А хіба вы не арыстакрат?

— Не, але я і не з буржуазіі.

Ледзь прыкметнае самахвальства, што прагучала ў яго голасе, было ёй незразумелае. З тых часоў, як яна пайшла з дому, у яе заўсёды было пыхлівае жаданне, каб яе прымалі за даму. З гэтай мэтай, нібыта славалюбны афіцэр, які рыхтуецца да паступлення ў вайсковую акадэмію, яна праходзіла курс пэўных навук — ён уключаў у сябе вывучэнне штомесячніка «Жанчына і прыгажосць» і штотыднёвіка «Парады для дома», у іх яна разглядвала фатаграфіі маладых зорак і дачок малавядомых лордаў, вывучала, якія яны носяць уборы і якой пудры аддаюць перавагу.

— Калі вы не можаце дазволіць сабе адпачынак, дык пазбягайце нервовых стрэсаў, — пачаў ён мякка даваць ёй парады. — Не трэба злавацца без дай прычыны…

— Яны абазвалі мяне патаскухай.

Яна бачыла, што слова гэтае нічога яму не гавораць. Яно ні на імгненне не парушыла плыні яго думак. Не гледзячы на яе, ён працягваў мякка гаварыць пра яе здароўе. «Думкі яго занятыя нечым іншым», — падумала яна і парывіста нахілілася над сакваяжам, збіраючыся пайсці. Ён затрымаў яе цэлым патокам фраз наконт заспакойлівых сродкаў, фруктовых сокаў і цёплай вопраткі. Яна інстынктыўна адчула, што настрой у яго змяніўся. Учора ён хацеў застацца адзін, а сёння выкарыстоўвае любую зачэпку, каб хоць ненадоўга пабыць з ёй.

— Што вы мелі на ўвазе, калі казалі пра сваю сапраўдную работу? — спытала яна.

— Калі я гэта казаў? — рэзка спытаў ён.

— Учора, калі я самлела.

— Я проста задумаўся. У мяне толькі адна работа. — Болей ён нічога не дадаў, і, крыху счакаўшы, яна ўзяла сакваяж і пайшла.

Усяго яе жыццёвага вопыту не хапіла б, каб зразумець, якую ён адчуў адзіноту, калі яна яго пакінула. «У мяне толькі адна работа». Гэтае прызнанне напалохала яго — бо так было не заўсёды. У маладыя гады ён не стаяў у баку ад жыцця, не настройваў сябе, што наперадзе ў яго толькі адно поле дзейнасці. Некалі ў яго жыцці было мноства абавязкаў. Калі б ён з самага дзяцінства не адчуў, нібыта жыве ў велізарным, запыленым, пустым пакоі, дзе шматкі шпалераў і шчыліны ў сценках сведчаць, што дом зруйнаваны, дык маральныя абавязкі яго, нібыта асобныя свечкі ў агромістым кандэлябры, занадта грувасткім, каб можна было асвятліць імі ў дастатковай ступені гэтае неўладкаванае жытло. Некалі ў яго было пачуццё доўгу перад бацькамі, якія галадалі дзеля таго, каб даць яму адукацыю. Ён памятае той дзень, калі яму ўручылі дыплом, памятае, як яны прыйшлі ў яго аднапакаёвую кватэру і ціха ўселіся ў куточку, пазіраючы на яго з павагай і нават з глыбокай пашанай, але без любові, — яны ж не маглі любіць яго цяпер, калі ён зрабіўся адукаваным чалавекам: неяк ён пачуў, як бацька, звяртаючыся да яго, назваў яго «сэр». Гэтыя свечы рана дагарэлі, ён проста не заўважыў, як згаслі гэтыя два агеньчыкі сярод мноства іншых. У яго яшчэ было пачуццё абавязку перад пацыентамі, пачуццё абавязку перад беднякамі Белграда і пачуццё абавязку, якое паступова разрасталася, перад людзьмі яго класа ў іншых краінах свету. Яго бацькі жылі ўпрогаладзь, каб ён мог вывучыцца на ўрача, і, толькі папрацаваўшы некалькі гадоў, ён усвядоміў, што няма ніякай карысці

ад яго ўмення лячыць людзей. Ён нічога не мог зрабіць свайму народу, ён не мог рэкамендаваць адпачынак тым, хто знясілеў, ці прапісаць інсулін дыябетыку — у іх не было грошай, каб заплаціць ці за тое, ці за другое.

Ён рухаўся па калідоры, ціха размаўляючы сам з сабою. Ізноў паваліў снег: нібыта пара, ён засціў вокны.

Некалі ў яго было пачуццё абавязку перад богам. Перад пэўным богам, паправіў ён сябе, перад богам, які спускаецца з нябёс у перапоўнены прыдзел храма, пад бліскучы, паедзены моллю балдахін, перад богам, памерам у манету, абрамленую залатым абадком. Гэта быў двудушны бог, боства, якое суцяшала і заспакойвала беднякоў у іх няшчасцях і бедах, калі яны ўзнімалі вочы ўгору, чакаючы яго з'яўлення паміж калонамі. І боства, якое пераконвала іх пераносіць пакуты ў імя няпэўнай будучыні, і яны схіляюць перад ім галовы, а тут з'яўляюцца пеўчыя, святары, прыхаджане і пяюць гімны. Усё знікла, як дым. Гэтую свечку ён пагасіў сам, сказаўшы сабе, што бог — фікцыя, выдуманая багатымі, каб трымаць беднякоў у паслушэнстве і пакорлівасці, ён задзьмуў яе дэманстратыўна, з забаўным старамодным пачуццём адвагі, і часам у яго міжвольна з'яўляецца пачуццё абурэння да тых, хто нараджаецца цяпер без усялякіх рэлігійных вераванняў і дазваляе сабе смяяцца з гераізму іканаборцаў дзевятнаццатага стагоддзя.

А сёння гэтае пустое жытло асвятляла толькі адзіная цьмяная свечка. «Я не сын, не ўрач і не веруючы, — разважаў ён. — Я — сацыяліст». Слова гэтае вымаўляюць палітыкі з незлічоных трыбун, яго друкуюць благім шрыфтам на дрэннай паперы безліч газет, і яно гучыць фальшыва. «Нават тут я пацярпеў няўдачу». Ён застаўся адзін, яго апошняя свечка аплывала. І ён быў рады кампаніі любога чалавека.

Ён узрадаваўся, калі, вярнуўшыся ў сваё купэ, убачыў там нейкага чалавека. Незнаёмы стаяў да яго спінай, але хутка павярнуўся на кароткіх, моцных нагах. Першае, што кінулася ў вочы доктару Цынеру, у незнаёмага быў срэбны крыжык на ланцужку для гадзінніка, потым убачыў: яго чамадан стаіць не на тым месцы, дзе ён яго пакінуў.

— Вы таксама рэпарцёр? — сумна спытаў ён.

— Ісh sрrесhе kеіn Еnglіsсh [23] .

Загарадзіўшы выхад на калідор, Цынер сказаў па-нямецку:

— Тайны агент паліцыі? Вы спазніліся.

Ён усё глядзеў на срэбны крыжык, які гойсаў туды-сюды ў такт рухам незнаёмага: гэта нагадвала крокі чалавека, і на імгненне доктару Цынеру здалося, нібыта ён прыціснуўся да сцяны на вуліцы, якая стромка ўздымалася ўгору, каб прапусціць узброеных салдат, дзіды, коней і змардаванага, знясіленага чалавека. Яго распялі, а беднякам ад гэтага не зрабілася лягчэй, ланцугі яшчэ шчыльней самкнуліся, запаветы яго сказілі.

23

Я не гавару па-ангельску (ням.).

— Я не тайны агент.

Доктар Цынер амаль не звяртаў увагі на незнаёмага. Ён прызнаваў, што, калі, магчыма, словы закатаванага чалавека і сказілі, усё адно некаторыя з іх маглі быць ісцінымі. Ён аспрэчваў сябе самога: сумненне звязана толькі з блізкасцю смерці, калі цяжар зробленых памылак — нясцерпны і чалавек шукае палёгкі, даючы самыя неверагодныя абяцанні. «Я дарую табе спакой». Але смерць не прыносіць спакою, бо спакой існуе толькі тады, калі ты сам яго ўсведамляеш.

— Вы мяне не так зразумелі, гер…

— Цынер.

Без ваганняў ён адкрыў незнаёмаму сваё сапраўднае прозвішча: час маскараду мінуў, і цяпер, калі надышоў час адкрытых дзеянняў, яму давялося адмовіцца не толькі ад чужога імя. Былі словы, у сэнс якіх ён глыбока ніколі не ўнікаў, звычайныя лозунгі, якія ён прымаў, бо яны дапамагалі справе: «Рэлігія — сябра багацеяў».

— Калі вы не тайны агент, тады хто ж вы? Што вы тут робіце?

— Мяне завуць… — і таўстун злёгку пакланіўся, круцячы пальцам ніжні гузік камізэлькі. Імя было кінута ў празрыстую, асветленую снегам цемру і патанула ў грукаце цягніка, у мільгаценні сталёвых фермаў моста: Дунай, нібыта срэбны вугор, праслізнуў з аднаго боку чыгуначнай лініі на другі. Незнаёмаму давялося паўтарыць сваё імя: — Ёзеф Грунліх. — Ён памаўчаў, потым сказаў: — Я шукаў грошы, гер Цынер.

Поделиться:
Популярные книги

Как я строил магическую империю 7

Зубов Константин
7. Как я строил магическую империю
Фантастика:
попаданцы
постапокалипсис
аниме
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Как я строил магическую империю 7

Жандарм

Семин Никита
1. Жандарм
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
4.11
рейтинг книги
Жандарм

Ученик

Первухин Андрей Евгеньевич
1. Ученик
Фантастика:
фэнтези
6.20
рейтинг книги
Ученик

Боярышня Евдокия 4

Меллер Юлия Викторовна
4. Боярышня
Фантастика:
альтернативная история
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Боярышня Евдокия 4

Хозяйка забытой усадьбы

Воронцова Александра
5. Королевская охота
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Хозяйка забытой усадьбы

Часовая башня

Щерба Наталья Васильевна
3. Часодеи
Фантастика:
фэнтези
9.43
рейтинг книги
Часовая башня

Черный Маг Императора 7 (CИ)

Герда Александр
7. Черный маг императора
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Черный Маг Императора 7 (CИ)

Новый Рал 8

Северный Лис
8. Рал!
Фантастика:
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Новый Рал 8

Попаданка в академии драконов 2

Свадьбина Любовь
2. Попаданка в академии драконов
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.95
рейтинг книги
Попаданка в академии драконов 2

Как я строил магическую империю 6

Зубов Константин
6. Как я строил магическую империю
Фантастика:
попаданцы
аниме
фантастика: прочее
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Как я строил магическую империю 6

Ученик. Второй пояс

Игнатов Михаил Павлович
9. Путь
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
5.67
рейтинг книги
Ученик. Второй пояс

Месть бывшему. Замуж за босса

Россиус Анна
3. Власть. Страсть. Любовь
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Месть бывшему. Замуж за босса

Сердце Дракона. Том 20. Часть 1

Клеванский Кирилл Сергеевич
20. Сердце дракона
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
городское фэнтези
5.00
рейтинг книги
Сердце Дракона. Том 20. Часть 1

Кодекс Крови. Книга V

Борзых М.
5. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга V