Стамбульскі экспрэс
Шрифт:
— Мне здаецца, мэм, у вас нейкія непрыемнасці з гэтым чалавекам. Я быў бы рады, калі б змог вам дапамагчы.
Раз'юшаная міс Уорэн павярнулася да юнака.
— Яшчэ адзін на маю галаву, — сказала яна і рушыла да тэлефоннай будкі.
Амерыканец дапамог ёй пазбавіцца ад кранальных, сентыментальных успамінаў, засталіся толькі злосць і прага помсты. «Ён лічыць, што яму цяпер нічога не пагражае, ён ад мяне адчапіўся, і я нічога не магу з ім зрабіць, калі ён пацярпеў няўдачу», — думала яна. Але да таго часу, калі ў будцы зазваніў тэлефон, яна зноў супакоілася. Няхай Джанет фліртуе з Сейвары, а Корал
2
Корал Маскер збянтэжана разглядвала меню.
— Выберыце за мяне, — папрасіла яна і ўзрадавалася, калі ён заказаў віно. «Яно аблегчыць мне сённяшнюю ноч», — падумала яна. — Мне падабаецца ваш пярсцёнак.
Агні Вены пранесліся міма ў акне, знікаючы ў цемрадзі ночы, афіцыянт перагнуўся цераз столік і апусціў штору.
— Яно каштавала мне пяцьдзесят фунтаў, — сказаў Майет. Ён вярнуўся ў родную стыхію і пачуваў сябе ў ёй як дома, яго болей не бянтэжыла недарэчнасць паводзін людзей. Карта він у яго руцэ, складзеная сурвэтка на талерцы, мяккія крокі афіцыянтаў, якія сноўдалі міма яго крэсла, — усё гэтае надавала яму ўпэўненасці. Усміхнуўшыся, ён паварушыў рукой, і грані каменя зазіхацелі на столі і на келіхах. — А сапраўдная цана яго ўдвая большая.
— Раскажыце мне пра яе, — сказаў містэр К.С.Сейвары. — Дзіўная асоба. Выпівае?
— Яна так да мяне прывязалася.
— Нічога дзіўнага. — Нахіліўшыся наперад і разломваючы хлеб, ён асцярожна спытаў: — Не магу ніяк зразумець, чым такія жанчыны займаюцца?
— Не, не буду болей піць гэтага піва. Мой страўнік яго не прымае. Спытай, ці няма ў іх «Гінеса». З асалодай выпіла б зараз шклянку «Гінеса».
— Вядома, у вас у Германіі адраджаецца вялікі спорт, — казаў містэр Оўпі. — Выхоўваецца цудоўны тып маладых мужчын. Аднак гэта нельга параўнаць з крыкетам. Вазьміце, да прыкладу, Хобса і Саткліфа…
Цалуюцца. Яны ўвесь час цалуюцца.
Але ж я не ведаю іх тарабарскай мовы, Эймі.
— Кожны раз вы нагадваеце, колькі кожная рэч каштуе. Вам вядома, пэўна, колькі каштую я? — Ад разгубленасці і страху яна зрабілася з'едлівая. — Вядома ўжо дакладна. Дзесяць фунтаў за білет.
— Я ж усё ўжо растлумачыў наконт білета.
— А калі б на маім месцы была вунь тая дзяўчына?
Майет павярнуўся і паглядзеў на элегантную, стройную маладую жанчыну ў футры, яе мяккі прамяністы погляд на хвілінку затрымаўся на ім, ацаніў і адхіліў яго.
— Вы лепей, — вымавіў ён яўна няшчырым тонам, ізноў імкнучыся злавіць погляд той маладой жанчыны і прачытаць свой прыгавор. «Гэта праўда, — пераконваў ён сябе, — бо калі Корал у гуморы, яна вельмі цудоўная, а незнаёмай дзяўчыне цяжка нават і даць такое вызначэнне. З ёй я б і слова не сказаў, — думаў ён. — Не змог бы размаўляць гэтаксама лёгка, як з Корал, не ведаў бы, куды рукі падзець, увесь час памятаў бы пра сваю нацыянальнасць».
— Асабліва сёння ўначы.
— Чаму толькі сёння? Калі прыедзем у Канстанцінопаль, чаму б вам, чаму б нам… — ён завагаўся. Нешта ў ёй бянтэжыла яго: заставалася заўсёды нейкая нязведаная выспа ў акіяне іх сяброўскіх адносін.
— Жыць разам з вамі там?
— А чаму не?
Розум яе супраціўляўся яго прапанове, але яна так здзівіла яе, што ёй давялося засяродзіць усю сваю ўвагу на навакольным свеце: цягнік, які крыху гойдаўся, мужчыны, жанчыны — яны, здаецца, ядуць і пьюць, седзячы паміж апушчанымі шторамі, — абрыўкі чужых размоў.
— Так, вось і ўсё. Цалаваліся. Толькі цалаваліся.
— Хобс і Зудгліф?
Усе довады былі на карысць яго прапановы. Замест таго каб прамерзлай вяртацца на світанку ў бруднае жыллё мясцовай гаспадыні — тая нават не зможа зразумець яе просьбу даць ёй грэлку ці кубак гарбаты і пачне прапаноўваць нейкі невядомы заменнік аспірыну, каб не балела галава, якая расколваецца ад стомы, — замест усяго гэтага вяртацца ў раскошную кватэру, дзе бліскучыя краны і заўсёды ёсць гарачая вада, дзе мяккі ложак, пакрыты квяцістым шаўковым пакрывалам — за ўсе гэтыя выгоды варта перацярпець любы зубны боль, любыя непрыемнасці. «Аднак пра такое жыццё можна толькі марыць, — думала яна, — і сёння ўначы, калі ён даведаецца, якая я халодная, напалоханая і нязвыклая да ўсяго такога, ён мяне болей не захоча».
— Пачакайце яшчэ крышку. Можа, я вам болей не спатрэблюся.
— Не, вы мне заўсёды патрэбны.
— Пачакайце да снедання. Спытайце ў мяне за снеданнем. Ці наогул не пытайцеся болей ніколі.
— Не, не крыкет, не крыкет, — сказаў Ёзеф Грунліх, выціраючы вусы. — Мы ў Германіі вучымся бегаць.
Незвычайнасць такой заявы выклікала ў містэра Оўпі ўсмешку.
— А самі вы калі-небудзь бегалі?
— У маладосці я быў выдатны бягун. Ніхто не бегаў лепей за мяне. Ніхто не мог мяне злавіць.
— «Д'ябал».
— Не трэба лаяцца, Джым.
— Гэта зусім не лаянка. Гэта такая марка піва. У ім меней газаў. А тое, што ты раней піла, называецца «Дункель».
— Мне вельмі прыемна, што вам спадабалася.
— Гэтая маленькая служанка. Не магу ўспомніць яе імя, але яна проста цудоўная.
— Прыходзьце яшчэ. Пагаворым трохі пасля абеду.
— А вы не будзеце займацца глупствам, містэр Сейвары?
— Я абавязкова ў вас спытаюся.
— Не кідайцеся пустымі абяцанкамі. Не трэба. Пагаворым пра што-небудзь іншае. Раскажыце, чым вы будзеце займацца ў Канстанцінопалі?
— Толькі справамі. Складанымі. Калі наступны раз будзеце есці «пярэстага сабаку», успомніце пра мяне. Разынкі. Я — разынка, — дадаў ён з пацешнай гордасцю.
— Значыцца, я буду называць вас «пярэстым сабакам». Не магу ж я называць вас Карлтанам. Гучыць нібы мянушка.
— Ведаеце што, пачастуйцеся ягадкай. Я заўсёды нашу з сабой крыху разынак. Вазьміце адну. Смачная, праўда?