Страчаная спадчына
Шрифт:
Планіроўка дома была анфіладнай. Уваходны вестыбюль, аформлены ў «паляўнічым» стылі, уражваў шматлікімі мядзведжымі і воўчымі скурамі, мэбляй, аздобленай рагамі жывёлін. Направа ад прыхожай размяшчаўся шэраг спальных пакояў; налева — малая сталоўка з дубовым панельным аздабленнем. Ідэнтычнае аздабленне мела наступная ў анфіладзе вялікая сталоўка. Пакоі ацяпляліся кафлянымі грубкамі, асвятляліся каванымі люстрамі і бронзавымі сяміражковымі кандэлябрамі. Левая анфілада замыкалася вялізным кабінетам. Побач з ім з тыльнага боку дома знаходзілася капліца, злучаная шырокімі ашклёнымі дзвярамі з вялізным квадратным салонам, мэбліраваным у стылі Людовіка XIV. Над алтаром капліцы вісеў вобраз Маці Боскай Вострабрамскай, выкананы ў Вільні ў XVIII ст. Памяшканне, адведзенае пад бібліятэку, поўнасцю было зашыта панелямі чорнага дуба. Кнігазбор налічваў каля 1200 тамоў. Фамільны архіў, дзе меліся дакументы з XVII ст., і каштоўныя ювелірныя вырабы, пакладзеныя ў пачатку XX
Перад домам цягнуўся вялікі травяны газон з кветнікамі і сонечным гадзіннікам. Злева ад газона стаяў драўляны аднапавярховы флігель з мансардавым гонтавым дахам, збудаваны ў XVIII ст. У ім знаходзіліся кухня, пякарня, пральня, жыллё дваровых. На адлегласці дзесятка метраў за домам стаяў свіран XVIII ст. у форме трох'яруснага шасцігранніка, накрытага гранёным ламаным гонтавым дахам. Заслугоўваў ўвагі будынак мураванай капліцы-пахавальні гетмана Юзафа Забелы, збудаванай у 1875 г. віленскім архітэктарам Віткоўскім. Яна стаяла на ўзгорку, за флігелем, на месцы старажытнай замкавай вежы. Мела трапецападобны план і гонтавы ламаны дах. Галоўны фасад завяршаў шчыт з гербавым картушам Забелаў. Інтэр'ер вызначаўся мармуровым аздабленнем.
Ва ўсходнім напрамку прасціраўся паркавы масіў, які абкружаў жылы дом і канцылярыю галоўнага ляснічага і адміністратара маёнтка. Далей у тым жа напрамку ішлі фальваркавыя будынкі: тартак, стайня, адрына, цагельня і кафляны завод, хата парубкаў. Па заходнім баку двара цягнуліся газоны з кветкавымі клумбамі, фруктовы сад. Парк плошчай каля 20 га быў спланаваны ў сярэдзіне XIX ст. Уладзіславам Марконі. З трох бакоў яго абмяжоўвалі старажытныя валы, з чацвёртага — рэчышча ракі. Пейзажны парк, раскінуты па паўночным баку жылога дома, даходзіў да маляўнічага возера з прыстанню. Сярод паркавых пасадак пераважалі бяроза, клён, ліпа, ясень, граб, бук, дуб, елка серабрыстая. На п'едэсталах стаяла некалькі беламармуровых скульптур, прывезеных з Італіі ў канцы XVIII- пачатку XIX ст., - Псіхея, Купідон, Апалон, Дыяна, Геркулес. З боку пад'язной дарогі, званай «напалеонаўскі тракт», да сядзібы вяла брама з выцесаных з каменя чатырохгранных слупоў, завершаных вазамі. У 1918 г. сядзіба была разрабавана і з часам поўнасцю знікла.
Асвейская сядзіба
Мястэчка Асвея (Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.), што ляжыць на паўднёвым беразе вялізнага возера з той жа назвай, калісьці з'яўлялася цэнтрам вялікіх магнацкіх уладанняў. Упершыню яно ўпамінаецца ў дагаворы шасцігадовага перамір'я паміж каралём Аляксандрам Ягелончыкам і вялікім князем Іванам, заключаным у Маскве ў 1503 г. У 1505 г. кароль аддаў Асвею полацкаму ваяводу Станіславу Глябовічу. Затым мястэчка пераходзіць да роду Кішкаў. Віцебскі ваявода Станіслаў Кішка ў 1606 г. прадае сядзібу Льву Сапегу, нашчадкі якога ўтрымлівалі ўладанне каля 150 гадоў. У 1749 г. ад каад'ютара віленскага Юзафа Сапегі Асвея дастаецца менскаму ваяводу Яну Аўгусту Гільзену, аўтару «Кронікі інфлянцкай», вядомаму дабрачынцу каталіцкага будаўніцтва ў краі. Наступным уладальнікам Асвеі становіцца мсціслаўскі ваявода Юзаф Гільзен, які памёр у Рыме бяздзетным і таму завяшчаў маёнтак сваяку жонкі графу Казіміру Канстанціну Плятэру. Аднак той, не здольны ўтрымліваць маёнтак у 13 000 душ, адпісаў яго сваяку Яну Шадурскаму. У руках Шадурскіх Асвея заставалася на працягу стагоддзя. Ад Яна Шадурскага гаспадарка перайшла да яго сына маршалка шляхты Віцебскай губерні Ігната, а потым да сястры Ігната Казіміры. Яна ўступіла маёнтак свайму стрыечнаму брату Мікалаю, пры сыне якога маёнтак і прыйшоў ў заняпад. Перад першай сусветнай вайной Асвея перайшла ў расейскае дзяржаўнае валоданне.
Гільзены, а потым і Шадурскія жылі ў Асвеі ў вялізным палацы, які вылучаўся са шматлікіх панскіх рэзідэнцый Рэчы Паспалітай таго часу. Манументальная палацава-паркавая рэзідэнцыя была ўзведзена Янам Аўгустам Гільзенам у 1782 г. у стылі строгага класіцызму пад уплывам італьянскіх паладзіянскіх віл эпохі Рэнесансу. Непадалёк пад яго ж кіраўніцтвам узведзены прыгожы барочны касцёл місіянераў. Мураваны палац, вядомы па двух малюнках Н. Орды і фотаздымку пачатку XX ст., складаўся з галоўнага корпуса, аб'яднанага акруглымі кароткімі галерэямі-аркадамі з двума простакутнымі ў плане флігелямі. Двухпавярховы галоўны корпус палаца з нізкім ніжнім жылым і значна ўзнятым верхнім парадным паверхамі меў на
Калі знешні выгляд палаца па-класічнаму строгі і аскетычны, дык інтэр'еры, наадварот, вылучаліся багатым дэкорам. У вялізным вестыбюлі, які займаў усю шырыню цэнтральнага рызаліта, знаходзілася парадная мармуровая двухмаршавая лесвіца. На другім паверсе размяшчалася абсталяваная ў стылі Людовіка XV люстраная бальная зала, якая блішчала адлюстраваннем соцень свечак, што звісалі з плафонаў.
Падлога залы і суседніх салонаў была пакрыта ўзорыстым паркетам, набраным з разнатонных парод дрэва. Акрамя бальнай і сталовай залаў, салонаў, кабінета і будуара ў верхнім паверсе мясцілася бібіятэка. У адным з крылаў быў створаны двухпавярховы зімовы сад, у якім раслі экзатычныя дрэвы і расліны: магнолія, пальмы, цытрусавыя і інш.
Перад палацам раскінуўся вялізны адкрыты газон і дзве выцягнутыя па папярочнай восі сажалкі з пад'ёмным мостам праз канал, што іх злучаў. З правага боку пры ўездзе стаяў барочны касцёл. Высаджаны за палацам вялізны пайзажны парк, арганічна злучаны з возерам, займаў плошчу больш за 30 га. Ён пераходзіў у лесапарк, які меў звярынец плошчай каля 10 га. Аснову паркавай кампазіцыі складалі маляўнічыя курціны на адкрытых палянах. Раўнінная мясцовасць абумовіла стварэнне тут двух насыпных узгоркаў з альтанкамі. Парк перакрыжоўвалі каналы і сажалкі з дэкаратыўнымі масткамі, штучнымі выспамі. Стваралася ўражанне астраўнога размяшчэння цэнтральнай часткі парка. Складаная водная сістэма насычалася ад возера праз галоўны канал. Раскоша палацава-паркавага ансамбля захоўвалася да 1914 г., калі з пачаткам першай сусветнай вайны ён быў разбураны. Зараз тут сярод парадзелага парка сіратліва ўзвышаюцца рэшткі сцен былога палаца.
Астраглядская сядзіба
Астрагляды (раней Астраглядавічы Брагінскага р-на Гомельскай вобл.) першапачаткова з'яўляліся ўласнасцю Вішнявецкіх, потым Чарлінскіх і Ракіцкіх. Тэкля Ракіцкая прыўнесла маёнтак каля 1810 г. як пасаг ва ўладанне свайго мужа Ўладзіміра Прозара з Хойнікаў. Такім чынам агульнае ўладанне Прозара ў першай палове XIX ст. займала плошчу каля 80 000 дзесяцін. Ад Уладзіслава Прозара маёнтак атрымаў у спадчыну яго сын Мечыслаў, а потым унук Канстанцін. Апошні, даведзены да галечы, прадаў маёнтак расейскім уладам. Аднак стварэнне ў доме лазні прывяло да пажару, які знішчыў увесь будынак. У 1912 г. па найвысачэйшаму дазволу Астрагляды, а дакладней голыя сцены, набыў Альгерд Гардзіалкоўскі з Друцку.
Прозары валодалі палацавай рэзідэнцыяй у Хойніках. Уладзімір Прозар, атрымаўшы ў спадчыну Астрагляды, узводзіць тут у 1810-1820-ых гг. яшчэ адзін палац у стылі ампір па праекту дойліда Генрыха Марконі. Аднапавярховы дом меў П-падобны ў абрысе падмурак: да бакоў галоўнага фасада далучаліся кароткія перпендыкулярныя крылы. У цэнтры выступаў рызаліт з каланадай, якая несла дарычны антаблемент і тэрасу перад мансардай. Пад порцікам знаходзіліся арачныя дзверы і вокны з трохкутнымі франтончыкамі. Дэкор аднапавярховых крылаў абмяжоўваўся паўкруглымі надаконнымі, аб'яднанымі гарызантальнай цягай броўкамі і шырокім дарычным фрызам з трыгліфамі ў завершы. Пасярэдзіне тыльнага фасада размяшчалася тэраса з бакавымі сходамі ў парк, а па баках вылучаліся рызаліты. Будынак у цэнтральнай частцы накрываў высокі чатырохсхільны дах з франтонам, над бакавымі крыламі — трохсхільны.
Палац меў двухрадную анфіладную планіроўку. З боку порціка змяшчаўся дэкарыраваны ў «паляўнічым» стылі вестыбюль з кафлянай печкай, вялізным камінам і вітымі сходамі на другі паверх. Дзверы, выкананыя з чырвонага дрэва з інкрустацыяй, вялі ў прасторную сталовую пад блакітным плафонам, упрыгожаным зоркамі і маладзіком. Са сталовай направа можна было трапіць у вялікую бальную залу, якая асвятлялася парамі вокнаў ад фронту і тылу. Далей знаходзіліся чатыры жылыя пакоі. Па левы бок вестыбюля размяшчалася гасціная, будуар гаспадыні і чатыры жылыя памяшканні. Вялізны пакой другога паверха прызначаўся пад бібліятэку, за якой знаходзіўся гардэроб гаспадыні Канстанцыі Прозар. Падлога парадных апартаментаў, выкладзеная ўзорыстым паркетам з ясеню, чорнага дубу, грушы і іншых драўляных гатункаў, удала спалучалася са сценавымі панелямі, дэкарыраванымі ў тэхніцы стука; кафляныя печы і мармуровыя каміны таксама з'яўляліся дэкаратыўнымі элементамі інтэр'еру.