Страчаная спадчына
Шрифт:
Першая вядомая царква ў Дастоеве пабудавана была каля 1788 г., але хутка згарэла ў час навальніцы. Будаўніцтва царквы фундаваў у 1798 г. шляхціц Гедройц. Апісанне царквы, зробленае каля 1870 г., сведчыць, што яна «зданием деревянная, имеет вид прямоугольника, с двумя глухими куполами, гонтовою крышею, одною входною дверью и одним рядом окон, не снабженных железными решетками, снаружи не окрашена. Внутренняя площадь имеет вместимости около 25 кв. сажен; потолок подшит досками, пол деревянный; стены не покрашены… Ризница помещается в шкафу, в алтаре… Колокольня устроена на фронтоне церкви». Ужо ў гэты час пабудова была «очень ветха».
У час нашага абследавання, амаль праз 100 гадоў, помнік істотна адрозніваўся ад прыведзенага вышэй апісання. Да асноўнага зруба з паўночнага боку прымыкаў уваходны аб'ём (бабінец) з чацверыком званіцы на
Цікавай асаблівасцю архітэктурнага вырашэння Ільінскай царквы было даволі значнае звужэнне ўгору чацверыка і васьмерыка ў аснаванні галовак, што стварае ілюзію большай вытанчанасці і стромкасці вянчаючых мас збудавання. Тут мясцовымі дойлідамі ўжыты прыёмы аптычнай карэкціроўкі архітэктурных форм, што характэрна мастацтву барока. З той жа мэтай шыйка адной з галовак выканана ў выглядзе васьмерыка «сармацкага» тыпу, які стварае больш кантраснае размеркаванне святла і ценю ў параўнанні з традыцыйным васьмерыком. Узмацненню маляўнічага пачатку служыў таксама канструктыўна-дэкаратыўны прыём вертыкальнай ашалёўкі дошкамі з нашчыльнікамі, уласцівы драўлянаму культаваму дойлідству Беларусі XVII–XVIII стст. Зрубы рубіліся спосабам, агульным для ўсіх славянскіх земляў, - гарызантальнымі вянкамі з бярвенняў, акантаваных на дзве ці чатыры грані (брусоў), а пасля асадкі абшываліся вертыкальна пастаўленымі дошкамі. Шчыліны паміж дошкамі змяншаліся і закрываліся нашчыльнікамі, пры гэтым стваралася рэльефная паверхня фасадаў. У залежнасці ад часу асвятленне мяняла глыбіню рэльефа. Адвольны рух святла ствараў кантрасты паміж асветленымі і цёмнымі ўчасткамі сцяны ці выліваўся ў зіхаценні адных толькі светлых таноў. Дождж вертыкалей ашалёўкі прыгожа спалучаўся са срэбрам гонтавага пакрыцця даху. Такі характар ашалёўкі з'яўляўся адначасова канструкцыйным і выразным дэкаратыўным прыёмам.
Ільінская царква ў Дастоеве як архітэктурны помнік увабрала ў сябе творчыя дасягненні беларускага драўлянага дойлідства XVII–XVIII стст., эстэтычныя прынцыпы стылю барока, своеасабліва трактаваныя ў дрэве, гармонію з роднай прыродай. І таму, што храм са спадчыны Дастаеўскіх — гэта двайная ахвяра.
Цвяток радзімы
Аднойчы пасля лекцыі па гісторыі беларускай архітэктуры да мяне падышоў адзін з слухачоў і запытаў: «А вы ведаеце наш касцёл, у Цімкавічах?» І гонар, і захапленне былі ў яго пытанні. Так, я ведала гэты цудоўны помнік нацыянальнага драўлянага дойлідства. Тады, у канцы 1970-ых гг., ён быў яшчэ жывой плоццю і рэальнасцю нашага быцця. І я падзяляла захапленне гэтага чалавека.
Храм у мястэчку Цімкавічы, што знаходзіцца за 40 км на захад ад Слуцка ля сутокаў рэчак Можа і Морач (зараз вёска ў Капыльскім раёне Менскай вобласці), заснаваны ў 1560 г. князем Янам Сымонам, сынам Юрыя І Алелькі, уладальніка ўдзельнага Слуцкага княства. У 1580 г. адбылося асвячэнне храма па каталіцкаму абраду ў гонар Міхаіла Архангела біскупам віленскім Юрыем Радзівілам.
Пазней Цімкавічы перайшлі да вядомага магнацкага роду Сапегаў. Па фундацыі падканцлера літоўскага Казіміра Льва Сапегі ў 1647 г. на месцы старога касцёла быў узведзены новы. Ад першага будынка захаваліся, як лічаць, падмуркі і частка вонкавых сцен. Магчыма, дзякуючы сваім славутым фундатарам драўляны местачковы храм набыў даволі значныя памеры і незвычайную для драўлянага дойлідства тэктанічную структуру.
Аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя касцёла імітавала ў дрэве трохнефавую базіліку —
Лагічнае і тэхнічна-дасканалае канструкцыйнае вырашэнне, блізкае да антычнай ордэрнай сістэмы, адпавядала строгай гармоніі плана і вонкавых мас збудавання. Дапаможныя памяшканні (сакрысціі, хрысцільня, лесвіца на хоры) размяшчаліся па вуглах асноўнага аб'ёму і не выступалі за лінію фасадаў. Гэта дазволіла накрыць усе часткі храма адзіным двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром, што надавала аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі будынка цэласнасць і маналітнасць форм.
Галоўны заходні фасад уяўляў сабою плоскі аб'ём (нартэкс), які меў ярусную будову. Ярусы падзяляліся паміж сабою развітымі прафіляванымі карнізамі. Ніжні пояс карніза ішоў на ўзроўні вышыні бакавых нефаў. Другі ярус закрываў тарэц даху цэнтральнага нефа, быў накрыты вальмавым дахам з вільчакам, папярочным восі будынка, і завяршаўся своеасаблівай трохвежавай кампазіцыяй, выгляд якой вядомы з фотаздымкаў пачатку XX ст. Сіметрычныя чацверыковыя вежы па баках фасада мелі складанае завяршэнне ў выглядзе ўсечанага шатра і гранёнага конуса з заломам на васьміграннай шыйцы. Больш нізкая сярэдняя вежачка складалася з двух маленькіх чацверыкоў з шатровым пакрыццём. На фасадзе на ўзроўні хораў знаходзіўся балкончык для музыкаў з разьбяной агароджай. Сцены звонку былі ашаляваны, а вокны аздоблены прыгожымі ліштвамі.
За доўгі век будынак касцёла неаднаразова рамантавалі. Асабліва істотна яго перабудавалі на мяжы XIX–XX стст., што відавочна ва псеўдагатычным характары завяршэнняў вежаў, у гарызантальнай ашалёўцы фасадаў, якая першапачаткова была, верагодна, больш традыцыйнай — з вертыкальна пастаўленых дошак з нашчыльнікамі. Да галоўнага фасада, а таксама да паўночнай і паўднёвай сакрысцій прыбудавалі простакутныя ўваходныя аб'ёмы з двухсхільнымі дахамі. Пасля Другой сусветнай вайны касцёл Міхаіла Архангела прыстасавалі пад праваслаўную царкву і пераасвяцілі ў гонар Мікалая Цудатворцы. Пры гэтым зніклі вежы, балкончык і ліштвы, аднак гэтыя змены не парушылі істотна тэктоніку храма, а галоўнае — не закранулі арганізацыю і аздобу інтэр'ера.
У 1906–1908 гг. над аддзелкай інтэр'ера храма працаваў вядомы мастак з Піншчыны Францішак Бруздовіч. Паводле яго малюнкаў пазней былі зроблены вітражы ў менскім касцёле Сымона і Алены. У цімкавіцкім касцёле мастак адчуў рытм і логіку канструкцыі і ўдала падкрэсліў іх сваімі роспісамі.
Калі праз уваходныя дзверы, упрыгожаныя мастацкай акоўкай у выглядзе галінкі яблыні з пяціпялёсткавымі кветкамі, вы траплялі ўнутр храма — перад вачыма ўспыхвалі ўсе колеры вясёлкі. Столь, сцены, слупы, бэлькі — усе без выключэння драўляныя канструкцыі будынка — цалкам накрыты шматкаляровым квяцістым дываном. Матывы роспісаў нібыта ўзяты таленавітым майстрам з лугоў і садоў роднага краю, з рушнікоў і слуцкіх паясоў, з франтонаў і ліштваў сялянскіх хат.
Арнаментальна-дэкаратыўны характар роспісаў падпарадкаваны строгаму рытму канструкцыйных элементаў, але распрацоўка арнаментаў уражвае багаццем творчай фантазіі. Кожны апорны слуп, трактаваны як антычная ордэрная калона, меў асобную форму капітэлі (круглую, гранёную, фігурную) і адпаведную размалёўку рамонкамі, сланечнікамі, яблыневай квеценню і іншымі кветкамі, якія не паўтараліся. Апорная пліта (абака) над капітэллю была распісана бледна-ружовымі ружамі ў абрамленні галінак і жоўтых гарлачыкаў. Стужкі рознакаляровага расліннага арнаменту, у малюнку якога белыя рамонкі з жоўтымі сярэдзінкамі, сінія валошкі і незабудкі, белыя лілеі і чырвоныя вяргінні, рытмічна перапляталіся з сцяблінамі і зялёнымі лісцямі, пакрывалі бакавыя грані папярочных бэлек і пакладзеныя на іх дошкі столі. Ніжнія грані бэлек пакрываў геаметрычны арнамент, які складаўся з шматразова паўтораных ромбаў і меандравых стужак жоўтага і чырвонага колераў.