Страчаная спадчына
Шрифт:
У пасляваенныя гады панскія сядзібы хаця і не разбураліся мэтанакіравана, але прыходзілі ў заняпад ад бязлітаснай эксплуатацыі і нерацыянальнага выкарыстання. Напрыклад, цудоўны сядзібны дом у Радзівілімонтах (Клецкі р-н), які шмат дзесяцігоддзяў не толькі служыў вяскоўцам жыллём, але і выконваў ролю культурнага цэнтра, з пабудовай побач жалезабетоннага Дома культуры быў аддадзены забыццю і зараз мае варты жалю выгляд, знаходзіцца на мяжы поўнага разбурэння. З-за няшчаднай эксплуатацыі праіснавала толькі да 1953 г. сядзіба Замбрвіцкіх у Вязыні (Маладэчанскі р-н).
Мноства палацаў і сядзіб будавалася з дрэва — матэрыяла недоўгатрывалага, гаручага. Будынкі часта гарэлі, трухлелі ці замяняліся мураванымі. Так да нас не дайшлі палацы Кацярыны II у Мсціславе, Чартарыйскіх у Воўчыне (Камянецкі р-н), Радзівілаў у Чарнаўчыцах (Берасцейскі р-н), былога фаварыта Кацярыны II графа Зорыча ў Шклове
І толькі ў апошняе дзесяцігоддзе прымаюцца пэўныя намаганні па аднаўленню непаўторнай чароўнасці старасвецкіх маёнткаў — тых, што яшчэ захавалі сваю архітэктурна-планіровачную аснову. Але такіх засталося няшмат. Максімальнае захаванне сядзібна-паркавага асяроддзя, мэтанакіраванае культурна-масавае выкарыстанне гэтага тыпу архітэктурных помнікаў неабходна для захавання духоўнага здароўя грамадзяніна, для гарманічнага культурна-эстэтычнага развіцця асобы і народа наогул.
Каб атрымаць дакладнае ўяўленне аб страчаных магнацкіх палацах і шляхецкіх сядзібах, аднавіць іх сапраўдны вобраз, аўтару спатрэбілася здзейсніць шматлікія натуральныя даследаванні, правесці аналіз мноства літаратурна-архіўных крыніц. Асаблівую дапамогу ў гэтай справе аказала кніга Р. Афтаназі «Матэрыялы да гісторыі рэзідэнцый», з якой запазычана мноства гістарычных звестак, звязаных з лёсам памешчыцкіх маёнткаў, іх уладальнікамі. Візуальнае ўяўленне аб страчаных помніках дазваляюць скласці шматлікі іканаграфічны матэрыял, асабліва малюнкі мастака-краязнаўца XIX ст. Н. Орды, і архіўныя фотаздымкі.
Аляшэвіцкая сядзіба
Маёнтак Аляшэвічы (Шчучынскі р-н Гарадзенскай вобл.) у другой палове XVIII ст. з'яўляўся ўласнасцю рода Барановічаў. Яны заснавалі тут сядзібную рэзідэнцыю. Пасля маёнтак выкупіў Ян Незабытоўскі — фундатар фарнага касцёла ў Свіслачы (Гарадзенская вобл.). Ад яго ўладанне атрымаў у спадчыну сын Крыштаф — падкаморы наваградскі, а потым унук Канстанцін, чалавек багаты і адукаваны, які шанаваў мастацка-паэтычную эліту, заўзяты вандроўнік (наведаў Італію ў 1846–1848 гг.). Апошнім уладальнікам-мужчынам быў старэйшы з трох сыноў Канстанціна — Караль Станіслаў Незабытоўскі (1865–1952), вядомы грамадска-палітычны дзеяч, пасол у Расейскім дзяржаўным савеце, а потым міністр сельскай гаспадаркі і сенатар Польшчы. У 1920 г. у выніку фамільнага падзелу Аляшэвічы дасталіся малодшай дачцэ Караля Станіслава Ірыне (нар. 1907). Яна стала апошняй уладальніцай маёнтка, якім валодала да 1939 г. Пасля першай сусветнай вайны часткова разбураны і разрабаваны палац застаўся без дагляду. Да 1939 г. яго сцены яшчэ існавалі, але потым былі разабраны дашчэнту.
Першапачаткова старажытны палац Барановічаў нёс на сабе рысы позняга класіцызму. Пазбаўлены строгай і яснай кампазіцыі, ён адрозніваўся ўскладненай яруснасцю, шматпланавасцю. Дойлід шукаў новыя выразныя сродкі, адмаўляўся ад традыцыйных порцікаў і каланад, антаблементаў і франтонаў. Палац уяўляў сабой магутны мураваны будынак (таўшчыня сцен дасягала метра), падоўжна-простакутны ў плане, двухпавярховы ў цэнтры і аднапавярховы ў бакавых крылах. Скляпеністыя падвалы, у якіх размяшчаліся гаспадарчыя і службовыя памяшканні, выконвалі ролю высокага падмурка для верхняй часткі дома. Архітэктура будынка — моцныя плоскасныя сцены, расчлянёныя вокнамі з глыбокімі адхонамі, скляпенні падвалаў, сховішчы і патайныя праходы — сведчыць аб яго даволі старажытным паходжанні, магчыма з XVII ст.
У 1850–1855 гг. Канстанцін Незабытоўскі ажыццяўляе грунтоўную перабудову старасвецкай сядзібы па праекту архітэктара Адама Іджкоўскага. Кіраваў работамі вядомы на Гарадзеншчыне архітэктар Аляксандар Градзецкі, які пасля сканчэння ліцэя ў Крамянцы з 1832 па 1861 г. працаваў на Гарадзеншчыне. У выніку старажытны будынак барочнага стылю набыў выразныя рысы позняга класіцызму.
Яго воблік даносяць да нас дзве акварэлі Н. Орды, напісаныя ім паміж 1861 і 1877 гг. пры Канстанціне Незабытоўскім. Мастак-краязнавец паказвае рэзідэнцыю памешчыка з параднага ўязнога боку. Гэта двухпавярховы палац з цэнтральным рызалітам і тэрасай, якую падтрымлівае каланада. Франтальны фасад, рытмічна расчлянёны девяццю шырока пастаўленымі вокнамі, у цэнтральнай сваёй частцы вылучаецца невялікім трохвосевым рызалітам з порцікам на ганку. Чатыры сціплыя тасканскія калоны, якім на сцяне рызаліта адпавядаюць карынфскія пілястры, нясуць фрыз з разеткамі і метопамі і падтрымліваюць балкон. Адметнай асаблівасцю порціка з'яўляецца размяшчэнне прыступкаў ганка не знадворку, а ўнутры. Калоны тут не толькі адыгрываюць дэкаратыўную ролю, але служаць канструкцыйнымі элементамі — апорай
Паркавы тыльны фасад акцэнтаваны моцна высунутым пяцігранным эркерам у два паверхі, накрытым гранёным дахам і дэкарыраваным пілястрамі. На першым паверсе — дзверы, па аднаму акну ў бакавых гранях, на другім — тры акны па гранях і па аднаму на бакавых сценах. Паміж бакавымі двухаконнымі рызалітамі і эркерам створаны слуповыя лоджыі. Класіцыстычную архітэктуру фасада парушае простакутная ў плане аднапавярховая, поўнасцю зашклёная прыбудова да эркера зімовага сада, прыступкі якой вядуць да парка.
Абодва шасцівосевыя бакавыя фасады па цэнтру таксама мелі рызаліты. Вуглавыя рызаліты-алькежы спярша, трэба меркаваць, з фігурнымі барочнымі завершамі, у час перабудовы набылі простыя двухсхільныя дахі.
Першапачаткова рэгулярную сіметрычна-восевую двухрадную анфіладную планіроўку палаца, характэрную для палацава-сядзібнай архітэктуры барока, у XIX ст. грунтоўна змянілі. Шэраг парадных залаў перагарадзілі, павялічыўшы такім чынам колькасць жылых памяшканняў. Згодна з крыніцамі, датаванымі да 1939 г., у сярэднім рызаліце пры ўваходзе знаходзіўся вялізны вестыбюль з аднамаршавай лесвіцай ў тыльнай частцы. З правага боку мелася два пакоі, створаныя падзелам вялікай квадратнай залы. Левы бок застаўся нязменным і быў заняты «блакітным» салонам. Адпаведна ў тыльнан анфіладзе размяшчалася вялізная, выцягнутая па папярочнай восі бальная зала, якая выступала гранёным эркерам і першапачаткова займала два паверхі. З правага боку да яе далучалася бібліятэка, з левага — «ружовы» салон. Абодва асвятляліся трыма вокнамі, што выходзілі на лоджыі. «Блакітны» і «ружовы» салоны злучаліся паміж сабой папярочным акругленым праходам, дэкарыраваным арнаментальнай лепкай. Пакоі ў бакавых папярочных крылах прызначаліся для жылля. Найбольшы з іх — абедзенная зала — выступаў на галоўным фасадзе левым рызалітам. У яго можна было трапіць з абодвух салонаў. Гэтаму памяшканню, а таксама кабінету гаспадара з паркавага боку адпавядалі крэдэнс і гасціная. Правы рызаліт займала вялізная спальня і некалькі пакояў для абслугоўвага персаналу.
На другім паверсе пасярэдзіне палаца знаходзіліся лесвічная клетка і тры малыя вузкія пакойчыкі над вестыбюлем. Два бакавыя з іх — гасціныя, сярэдні з акном-дзвярамі з'яўляўся праходам ад лесвіцы на балкон. Лесвіца вяла таксама ў авальную капліцу над бальнай залай. Два вялізныя пакоі на верхнім паверсе правага і левага крылаў выконвалі ролю гасціных.
Пакоі палаца былі абабіты шпалерамі. Іх колерам, у прыватнасці, абумоўлены назвы двух парадных салонаў — «блакітнага» і «ружовага». Падлога парадных апартаментаў укладзена ўзорыстым паркетам, набраным з разнатонавага дуба — ад светлых да цёмных адценняў. Па кутах стаялі белакафляныя грубкі XIX ст. Шэраг парадных і жылых памяшканняў ацяпляўся мармуровымі камінамі з барэльефамі. Столевыя сафіты, упрыгожаныя лепкай з матывамі акантавага лісця і вінаграднай лазы, абапіраліся на фігурныя кранштэйны. З ляпных разетак звісалі бронзавыя люстры. Бальная зала асвятлялася яшчэ і насценнымі хрустальнымі бра.
Памяшканні былі абстаўлены мэбляй першай паловы XIX ст., абітай ў тон шпалер. Сярод яе вылучаліся некалькі старажытных столікаў чырвонага дрэва з рознакаляровым мармуровым маркетры, секрэтэраў і люстраў у разных рамах. Бронзавыя кандэлябры і гадзіннікі, дзве вазы на падстаўках, фігуркі саксонскага фарфора, два агромністыя персідскія дываны на падлозе салонаў дапаўнялі абсталяванне палацавых інтэр'ераў.
Асаблівую каштоўнасць уяўляла калекцыя жывапісу — больш за сто карцін пераважна італьянскіх майстроў, у тым ліку карціны рэлігійнага зместу ў капліцы. Сабраў яе ў асноўным Канстанцін Незабытоўскі ў час сваіх вандраванняў па Італіі. Уладальнік сядзібы быў не толькі аматарам мастацтва. Ён меў таксама багатую бібліятэку ў некалькі тысяч тамоў. На жаль, мэбля ў стылі ампір і мноства карцін, якія ўцалелі ў рэвалюцыйнае ліхалецце, у 1939 г. загінулі.