Страчаная спадчына
Шрифт:
Па перыметры сцен і падоўжных бэлек ішоў арнаментальна-дэкаратыўны фрыз з руж, аплеценых галінкамі, над якім у цэнтральным нефе ў квадратных рамах раней размяшчаліся сюжэтныя кампазіцыі хрысталагічнага цыклу. Плоскасці сцен былі размаляваны разнастайнымі раслінамі: на алтарнай сцяне — букеты руж і галінкі шыпшыны, на паўночнай, паўднёвай і заходняй сценах — магутныя дубы з жалудамі і яблыні са спелымі яблыкамі — сімвалы вечнасці, пладавітасці і дастатку. Цікавай тэмай сценавых роспісаў з'яўляліся вазоны розных форм і букеты з палявых кветак у прасценках паміж вокнамі. Вянкі і гірлянды з кветак упрыгожвалі амбон, хоры, парталы дзвярэй простай цяслярскай работы, надаючы ім святочную ўрачыстасць.
В. В. Церашчатава, якая даследавала роспісы цімкавіцкага касцёла, падкрэслівае, што «ўсе кветкі мясцовай флоры пададзены мастаком у рэалістычнай манеры як па форме, так і па колеры». Радасцю быцця звінела мажорная колеравая гама роспісаў. На фоне гладка абгабляваных, пакрытых пацінай даўніны, бронзавых
Апорныя «антычныя» калоны ў некалькі радоў апаясвалі зігзагападобныя лініі колераў вясёлкі.
І.Жыскар, складальнік вядомага даведніка па гісторыі нашых касцёлаў, адзначаў, што «цімкавіцкі касцёл багаццем фарбаў, эстэтычнай гармоніяй, жывой гульнёй паліхроміі стаў для Літвы і Белай Русі тым жа, чым стаў касцёл францысканцаў, аформлены Станіславам Выспяньскім, для Кракава». Так, ён стаў сапраўдным, магутным і радасным гімнам народнай творчасці.
Аднак у спецыяльных навуковых працах па гісторыі архітэктуры Беларусі касцёл у Цімкавічах не разглядаўся. Акрамя адзначаных вышэй даследаванняў ёсць яшчэ дзве навукова-папулярныя публікацыі, прысвечаныя пераважна цудоўным роспісам інтэр'ера храма. У 1976 і 1979 гг. гэты выдатны помнік архітэктуры і манументальнага мастацтва абследаваўся супрацоўнікамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі, зроблены яго абмеры і фотафіксацыя. Аднак у выданне «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» па Менскай вобласці цімкавіцкі касцёл не ўвайшоў, таму што ў 1986 г. ён быў знішчаны пажарам у выніку «нядбайнасці». Вінаватых няма… Але ці выпадковы гэты «няшчасны выпадак»? Ці будзе гэты помнік апошняй ахвярай нашага нядбайнага стаўлення да сваёй культурнай спадчыны ў цэлым?
Тамара Габрусь
Сядзібы. Па колішніх маёнтках
Беларускі архітэктурны краявід неад'емна звязаны з разлеглымі палацава- і сядзібна-паркавымі ансамблямі колішніх буйных магнатаў і заможнай шляхты. На працягу XVIII–XIX стст. краіна пакрылася густой сеткай манументальна-рэпрэзентацыйных панскіх рэзідэнцый, якія не толькі мелі значныя мастацка-эстэтычныя якасці, але часта з'яўляліся культурна-асветніцкімі асяродкамі. Аднак час і ліхалецці значна спустошылі скрыню нацыянальнага архітэктурна-мастацкага набытку народа.
Гэты раздзел кнігі — спроба стварыць своеасаблівы пантэон страчаных помнікаў палацава-сядзібнага дойлідства, збор звестак пра тыя архітэктурна-паркавыя каштоўнасці, што калісьці ўпрыгожвалі нашу зямлю, узбагачалі нацыянальную мастацкую і духоўную культуру.
У адрозненне ад замкаў і культавых збудаванняў, якія найбольш зазналі на гістарычным шляху глабальныя разбурэнні, творы палацава-сядзібнай архітэктуры па прычыне сваёй утылітарнасці, практычнай мэтазгоднасці, «апалітычнасці», пазарэлігійнасці падпалі ў асноўным пад знішчэнне толькі часам.
Але і войны не абміналі сваёй усёзнішчальнай хваляй гэтыя мірныя, утульныя і прывабныя куточкі краіны. Напалеонаўская навала 1812 г. знішчыла «беларускі Версаль» — палацава-паркавы ансамбль стылю ракако «Альба», загарадную рэзідэнцыю некаранаванага нясвіжскага караля Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі. Французамі знішчаны палацавы комплекс у Лахве (цяпер Лунінецкі р-н), спалены палац Бжастоўскіх у Міхалішках (Астравецкі р-н), сядзіба Тукалаў у Асцюковічах (Вілейскі р-н) і інш.
Секвестрацыя расейскім урадам мноства маёнткаў пасля паўстанняў 1830–1831 і 1863–1864 гг. не адбілася ракавым чынам на мастацкім стане парадна-рэпрэзентацыйных комплексаў. Але шэраг сядзіб, былыя ўладальнікі якіх нейкім чынам далучыліся да паўстанняў, значна пацярпелі. У 1831 г. быў секвестраваны абшырны сядзібна-паркавы комплекс графа Людвіка Паца ў Гарадзішчах (Баранавіцкі р-н), пасля чаго прыйшоў у заняпад і згінуў. Пры ліквідацыі паўстання 1863 г., адным з кіраўнікоў якога быў Свентаржэцкі — багацейшы землеўладальнік на Ігуменшчыне, яго палац у Багушэвічах (Бярэзінскі р-н) быў спалены па загаду самога Мураўёва. Згарэлі ў 1863 г. палацы Горватаў у Прылуках (Менскі р-н) і Каменьскіх у Міневічах (Мастоўскі р-н).
Катаклізмы XX стагоддзя, як ніякога іншага, нанеслі ўрон палацава-сядзібнай архітэктуры. Моцны разбуральны ўдар па гэтай адметнай галіне беларускага дойлідства прыпаў на першую сусветную вайну, якая пагібельным смерчам пранеслася па старасвецкіх маёнтках. Шматлікія панскія сядзібы пераўтвараліся ў казармы, палявыя штабы, шпіталі, часам і проста станавіліся мішэнямі для гарматаў. Маляўнічыя прысядзібныя паркі былі перарыты акопамі, знявечаны бліндажамі. У выніку ваенных дзеянняў у 1914 г. згарэў адзін з буйнейшых у Беларусі палацаў — рэзідэнцыя магнатаў Сапегаў у Ружанах (Пружанскі р-н). Разруха і спусташэнні панавалі паўсюдна. У заходняй частцы Беларусі, якая знаходзілася пад нямецкай акупацыяй, знішчалася ўсё, што толькі было магчыма знішчыць, астатняе вывозілася. На панскія сядзібы ляглі вярыгі кантрыбуцыі. Усходнія землі пад кантролем царскіх войскаў апусцелі як ад пагалоўнай мабілізаці, так і ад поўнага гаспадарчага
Не паспеўшы ачуцца ад ліхалецця імперыялістычнай вайны, дваранскія гнёзды нападкала наступная трагічная падзея: рэвалюцыя 1917 г. Працэс руйнавання панскіх сядзіб распаляўся яшчэ ў першую расейскую рэвалюцыю 1905 г. Мясцовыя памешчыкі з наваколля Краснаполля тэлеграфавалі міністру ўнутраных спраў: «Сяляне знішчаюць маёнткі, вінакурныя заводы, сякуць лес, збіраюцца на мітынгі, паліцыя бяссільная». Калі па Расеі была разгромлена кожная пятнаццатая памешчыцкая сядзіба, то каля Краснаполля — кожная другая. Летам 1906 г. сяляне спалілі сядзібу памешчыкаў Бекмана ў вёсцы Яноўка, Блюмгера ў Малюшыне і шэраг іншых. Лозунг «Мір хацінам, вайна — палацам» рэвалюцыйнай масай быў успрыняты літаральна. Заклік «Паразітам-памешчыкам смерць, усім паразітам-памешчыкам усяго свету!», натуральна, адносіўся і да іх маёмасці. Маёнткі памешчыка Скірмунта ў Пінскім павеце (Парэчча, Моладава і інш.) як старшыні створанага ў сакавіку 1917 г. контррэвалюцыйнага Беларускага нацыянальнага камітэта былі разгромлены сялянамі і салдатамі. Вялікія выпрабаванні выпалі на долю Гомельскага палаца — у час контррэвалюцыйнага мяцяжу ў сакавіку 1919 г. у ім узнік пажар, у выніку якога згарэла шмат памяшканняў.
Цудоўны барочны палац Бжастоўскіх у Мосары (Глыбоцкі р-н) разбураны бальшавікамі ў 1917 г.; паўстаўшымі сялянамі была спалена сядзіба Міхала Карыбута Дашкевіча ў Горках (Гарадзенскі р-н). Рэвалюцыйна-бальшавіцкая стыхія сцёрла з зямлі цудоўны палац графа Манузі ў Бяльмонтах (Браслаўскі р-н). У сакавіку 1918 г. быў спалены сядзібны дом Храпавіцкіх у Каханавічах (Верхнядзвінскі р-н); разам з ім знішчана ўсё яго абсталяванне і зборы твораў мастацтва. Уладальнік сядзібы ў Дзям'янках (Добрушскі р-н), адстаўны расейскі генерал-губернатар М. Герард, падчас рэвалюцыі эміграваў за мяжу, а рэвалюцыйныя масы непаправіма пашкодзілі палац. Разрабаванню панскіх сядзіб пасадзейнічала дэкларацыя Народнага сходу Заходняй Беларусі 1939 г. аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель.
У Другую сусветную вайну разам з мноствам вёсак з твару беларускай зямлі зніклі прыгожыя плацава- і сядзібна-паркавыя ансамблі. У 1943 г. у выніку ваенных дзеянняў зруйнаваны цудоўны помнік архітэктуры класіцызму — палац Пуслоўскіх у Старых Песках (Бярозаўскі р-н). Падчас вайны знішчаны буйны палацава-паркавы комплекс памешчыка Скірмунта ў Моладаве (Іванаўскі р-н), барочныя архітэктурна-паркавыя комплексы ў вёсках Дубай (Пінскі р-н) і Гародна (Воранаўскі р-н), палац губернатара ў Віцебску, сядзіба выдатнага мастака І.Рэпіна ў Здраўнёве (Віцебскі р-н), палац Лявона Ашторпа ў Дудзічах (Пухавіцкі р-н), часткова разбураны сядзібны дом памешчыка Лубінскага ў Межаве (Варшанскі р-н). Гітлераўскія варвары пры адыходзе з Горадні ў 1944 г. падпалілі шэдэўр архітэктуры ракако — Новы замак, ад якога засталіся толькі сцены. Вялікія страты прынесла вайна Гомельскаму палацу, па-варварску разбуранаму фашысцкімі акупантамі. Пад канец вайны адыходзячы нямецка-фашысцкія захопнікі ўзарвалі палац Чапскіх у Прылуках (Менскі р-н). У гады вайны парушана сіметрычна-восевая цэласнасць буйнога палацавага комплексу памешчыка Э. Булгака ў Жылічах (Кіраўскі р-н) — страчана паўднёвае крыло аранжарэі і вуглавы флігель. Тады ж быў цалкам зруйнаваны манументальны класіцыстычны палац Тышкевічаў у Лагойску — культурны асяродак Міншчыны. Пры глабальным разбурэнні Менска ў гады вайны знік і палац магната Сапегі, у якім бываў Петр I у 1706 г.