Страчаная спадчына
Шрифт:
— тыпалагічная разнастайнасць узаемнага размяшчэння аб'ёмных элементаў і нацэленых на іх вуліц: «лабавая» накіраванасць на фасад альбо пад вуглом, у тым ліку пад вострым; арыентацыя на тарэц сцяны барочнага шчыта, які вышэй за асноўны аб'ём храма, і інш.
У кампазіцыі ансамбля было чатыры ўмоўныя вышынныя ўзроўні забудовы. Першы ўзровень утваралі аднапавярховыя будынкі вышынёй да верху даху 8–9 м, другі — двухпавярховая забудова вышынёй 13–16 м. Да трэцяга ўзроўню адносіліся асноўныя аб'ёмы культавых збудаванняў, вышыня якіх да вільчака даху складала 18–20 м. Чацвёрты ўзровень — вежавыя завяршэнні храмаў, а таксама званіца (у XIX ст.), што фармавалі гарадскі сілуэт. Вышыня вежы бернардзінскага касцёла да падножжа крыжа — каля 34 м, званіцы і купала над сяродкрыжжам
Асаблівасцю кампазіцыі ансамбля з'яўлялася некантрастная прапорцыя паміж вышынямі культавых дамінантаў і радавой забудовай. Для касцёла бернардзінак у суадносінах з аднапавярховай забудовай яна складала ў сярэднім каля 4: 1, з двухпавярховай — каля 2,4: 1. Для латэранскага касцёла ў XVIII ст. гэта прапорцыя была ў параўнанні з аднапавярховай забудовай у сярэднім 2,8: 1, а з двухпавярховай — толькі 1,7: 1 (напрыклад, як сказана вышэй, у ансамблі галоўнай плошчы Полацка гэтыя суадносіны для езуіцкага касцёла і двухпавярховай забудовы складалі 4:1, што тлумачылася, у першую чаргу, вялікімі матэрыяльнымі магчымасцямі ордэна і, адпаведна, памерамі храма).
У кампазіцыі плошчы ўвасоблены прынцып раўнавагі архітэктурных мас. У канцы XVIII ст. пераважную большасць забудовы складалі аднапавярховыя будынкі. Апрача культавых збудаванняў дамінантамі служылі буйнамаштабныя заходні і паўднёвы карпусы палаца, а таксама двухпавярховая ратуша. Сістэма гэтых рознахарактарных па аб'ёмах дамінантаў была кампазіцыйна ўраўнаважана: латэранскі касцёл і ратуша размяшчаліся на супрацьлеглых кароткіх баках плошчы, а пасярэдзіне доўгіх бакоў, таксама насупраць, знаходзіліся касцёл бернардзінак і палац. Такую раўнавагу магчыма азначыць як парную, паколькі кожнаму элементу аднаго боку адпавядаў акцэнтны элемент на процілеглым баку. Гандлёвыя рады служылі своеасаблівай аб'ёмнай воссю, якая падкрэслівала крыжападобны характар гэтых разумовых адносін.
Адным з праяўленняў сярэдневяковага характара ансамбля, што захоўваўся і на працягу XVI — пачатку XX ст., з'яўлялася адсутнасць галоўнага збудавання з бясспрэчна пераважнай роллю. Нягледзячы на розныя памеры ў плане, латэранскі і бернардзінскі храмы набліжаліся ў аб'ёмна-прасторавых адносінах. Такая ж сітуацыя назіралася і ў іншых ансамблях сярэдневяковага тыпу — забудове плошчаў Віцебска, Наваградка і інш. У іх выдзяленне вядучага ў функцыянальным і ідэйна-эстэтычным сэнсах будынка часта неадназначнае і залежыць ад прыдання большага ці меншага значэння месцазнаходажнню, вышыні, працягласці альбо дэкаратыўнай насычанасці аб'ёму. У адрозненне ад такога тыпу плошчы Новага часу — рэнесансныя, барочныя і класіцыстычныя — заўсёды мелі выяўленую дамінанту (Нясвіж, Полацак, Чачэрск і інш.).
Будаўніцтва палаца значна пашырыла візуальную прастору плошчы ў папярочным напрамку — адлегласць ад яго заходняга корпуса да кляштара бернардзінак склала больш за 100 м. Сістэма садоў, сажалак, паркавых збудаванняў і іншага добраўпарадкавання перад заходнім і паўднёвым фасадамі палаца, відавочна, аддзялялася ад грамадскай тэрыторыі плошчы агароджай. На плане 1796 г. паказаны два ўваходныя павільёны — з боку плошчы і вуліцы Брэжнай.
Аднак, болын верагодна, аб'екты ландшафтнай архітэктуры ўдзельнічалі ў кампазіцыйным рашэнні ўсёй зрокавай прасторы плошчы. Акрамя таго, моцнае паніжэнне рэльефу да канала Агінскага і адкрытая прастора перад паўднёвым корпусам палаца вызначалі яшчэ адну важную рысу ансамбля плошчы — візуальную сувязь з прыродным ландшафтам абалоны ракі Шчары.
На прыкладзе плошчы прасочваецца істотная асаблівасць сярэдневяковых структур. Яна заключаецца Ў тым, што ўнутраная прастора ансамбля складалася з некалькіх адносна самастойных зон бачнасці, кожная са сваёй дамінантай. Адзін такі ўчастак, дзе праводзіліся кірмашы, з'яўляўся сферай кампазіцыйнага ўплыву латэранскага касцёла і абкружаўся групай заезных дамоў, поштай, жылымі пабудовамі. Другі — зона зрокавай перавагі бернардзінскага касцёла, фармаваўся таксама заезнымі дамамі, гандлёвымі радамі, жыллём. Трэці, самы вялікі і адкрыты да поймы — зона ўплыву палаца, фіксаваўся, акрамя таго, ратушай, крамамі, жылымі будынкамі, аўстэрыяй
Разглядаючы ўнутраныя прасторы ансамбля, варта адзначыць, што да будаўніцтва палаца яны насілі «камерны», зацяснёны забудовай характар. Плошча як адкрытая прастора была слаба выяўлена, што з'яўлялася ўласцівасцю сярэдневяковай структуры.
Спецыфіку ансамблю надавала таксама яшчэ адна асаблівасць, арыгінальная ў параўнанні з іншымі плошчамі. Яна заключалася ў прыёме арганізацыі ўнутранай прасторы ансамбля культавымі дамінантамі, што арыентаваліся на плошчу апсідамі і кампазіцыйна былі нібы адхілены ад яе. Як упаміналася, больш верагодна, што гэта ўласцівасць вызначылася ў сувязі з канонам арыентацыі на ўсход апсід храмаў, якія ў XVI ст. з'яўляліся праваслаўнымі, а пазней былі пераўтвораны ў каталіцкія. Для плошчаў Новага часу і некаторых сярэдневяковых тыповае фармаванне прасторы галоўным фасадам храма, які традыцыйна канцэнтраваў па-мастацку выразныя элементы — вежы, найбольш багатыя пластыку і дэкор. Прастора ж плошчы ў Слоніме фармавалася лаканічнымі паўцыркульнымі аб'ёмамі апсід, а вертыкальныя элементы храмаў, зрокава аддаленыя ад перыметра плошчы, утваралі другі план ва ўспрыняцці ансамбля. З апсіднай сцяной бернардзінскага касцёла эфектна кантраставала высокая барочная брама з цікавым сілуэтам і насычанай пластыкай фасада, які выходзіў на плошчу.
Развіццё забудовы на працягу XIX — пачатку XX ст., з аднаго боку, уяўляла сабой працэс дэградацыі архітэктурнага асяроддзя, а з другога — характарызавалася назапашваннем новых, па-мастацку прыкметных кампанентаў.
У пачатку XIX ст. палац быў зруйнаваны. На плане Слоніма 1825 г. на яго месцы паказаны малазначныя пабудовы, а прылеглая да плошчы тэрыторыя занядбанага сада заставалася незабудаванай. Аднак план участка гарадскога цэнтра 1849 г. сведчыць аб існаванні галоўнага, паўднёвага корпуса палаца і наяўнасці адкрытай тэрыторыі паміж ім і плошчай. На працягу другой паловы XIX і пачатку XX ст. свабодны ўсходні бок плошчы зноў забудоўваецца. Тым самым, на новым гістарычным этапе спантанна аднавіўся старажытны характар прасторавага вырашэння плошчы.
Пераемным, ансамблевым падыходам вылучалася будаўніцтва ў канцы 1840-ых гг. новых гандлёвых радоў у стылі позняга класіцызму. Яны занялі месца драўляных радоў, якія згарэлі, і нязначна перавысілі іх па памерах. Па перыметру манументальны працяглы корпус меў каланаду дарычнага ордэра з шырокім рытмам апор; унутранае памяшканне падзялялася на 112 асобных крам. Прыкметнай рысай стала ўстройванне пасярэдзіне будынка крытага праезда, што пралягаў дакладна па восі апсіды касцёла бернардзінак. Тым самым, узніклі новыя эфектныя відавыя кропкі на храм: з-пад праёма адначасова былі відаць апсідная сцяна з высока размешчанай фігурнай ляпной рамай, а другім планам на той жа восі — вежа касцёла. Акрамя таго, з дапамогай гэтага праезду ўсходні і заходні праходы ўздоўж радоў функцыянальна і кампазіцыйна злучаліся паміж сабой. Выкарыстанне такога прыёму з'явілася заканамерным працягам распаўсюджанай традыцыі выдзялення накіраваных візуальных сувязей.
Да пачатку XX ст. забудова плошчы склалася як цэласны архітэктурны ансамбль, які ўключаў каля 30 будынкаў (з іх да цяперашняга часу захавалася толькі 5). Яго кампазіцыя ў гэты перыяд сінтэзавала ў якасці асноватворных уласцівасцей сярэдневяковую планіровачную аснову і аб'ёмна-прасторавыя барочныя элементы XVII–XVIII стст., а таксама ўключала больш познюю масавую забудову са сваімі спецыфічнымі рысамі. Мастацкае адзінства ансамбля было абумоўлена не фармаваннем па загадзя запланаванай горадабудаўнічай задуме, а паступовым пераемным развіццём, улікам пры будаўніцтве кожнага новага будынка гістарычнага асяроддзя. Такому адзінству спрыялі: узаемасувязь функцыянальных працэсаў на плошчы; агульнасць маштаба радавых пабудоў, выкліканая як блізкасцю памераў зямельных пляцаў, так і блізкасцю матэрыяльных магчымасцей забудоўшчыкаў; традыцыйнасць планіровачных, аб'ёмна-прасторавых і дэкаратыўных рашэнняў.