Страчаная спадчына
Шрифт:
Планіроўку Горадні канца XVIII ст. ілюструе фіксацыйны план 1795 г. Яе фармаванне на працягу стагоддзяў характарызавалася пераемнасцю асноўных асаблівасцей, якія склаліся на больш ранніх гістарычных этапах. Уздоўж асноўнай планіровачнай восі, якая праходзіць па водападзеле, сканцэнтраваўся шэраг вышынных збудаванняў — фарны, езуіцкі, брыгіцкі касцёлы. У мінулым уздоўж гэтай восі знаходзіліся таксама Малая Каложская царква і ратуша. Другую планіровачную вось — вуліцы Маставую і Віленскую адзначалі мужчынскі і жаночы бернардзінскія, кармеліцкія, фарны, дамініканскі і Святадухаўскі касцёлы. Як упаміналася, на скрыжаванні восяў размяшчалася галоўная гарадская плошча.
Другая палова XVIII і першая палова XIX ст. з'яўляюцца перыядам найвышэйшага развіцця кампазіцыйнай сістэмы
Найлепшым чынам дамінанты першай групы ўспрымаліся з перыферыйных і прыгарадных тэрыторый на левым беразе Нёмана і на захад ад Гараднічанкі. З унутраных гарадскіх прастораў, з вуліц і плошчаў збудаванні гэтай групы аглядаліся амаль усебакова.
Для вышынных збудаванняў другой групы (францысканскі, брыгіцкі, жаночы бернардзінскі, кармеліцкі, дамініканскі, базыльянскі кляштары) характэрны меншая вышыня і памеры храмаў у плане, 'маштаб жылых і падсобных пабудоў. Брыгіцкі і дамініканскі манастыры займалі радавое становішча ў забудове вуліц, базыльянскі — змяшчаўся ўнутры квартала. Візуальнае ўспрыняцце некаторых дамінантаў было больш абмежаванае ў параўнанні з комплексамі першай групы, хоць яны таксама актыўна фармавалі сілуэт горада пры аглядзе з розных напрамкаў.
Да вышынных будынкаў трэцяй групы адносіліся Барысаглебская царква, манастыры Святога Духа і баніфратараў, сінагога і кірха, пабудаваная на Гарадніцы ў другой палове XVIII ст. Гэтыя аб'екты, параўнальна невялікага маштабу, размяшчаліся ў розных горадабудаўнічых умовах — з магчымасцю кругавога агляду (Барысаглебская царква), у забудове вуліцы (манастыр Святога Духа), унутры квартала (сінагога, баніфратарскі касцёл), у завяршэнні перспектывы кароткай вуліцы (кірха).
Манастырскія комплексы XVII–XVIII стст. мелі агульныя, традыцыйныя рысы кампазіцыі. Культавы будынак — галоўнае збудаванне комплексу, заўсёды знаходзіўся на перыферыі займаемай ім тэрыторыі, выходзячы фасадамі на вуліцы альбо плошчу і набываючы тым самым максімальную для дадзенага месца і матэрыяльных магчымасцей манаскага ордэна ролю ў структуры горада. Прынцыпы размяшчэння жылых і гаспадарчых карпусоў можна падзяліць на замкнёны, калі будынкі фармавалі закрыты ўнутраны двор (простакутны, з выразнай прасторавай арганізацыяй альбо больш складаны з маляўнічай групоўкай прастораў) і паўзамкнёны, які вызначаўся адкрытым усярэдзіну квартала дваром і разнастайнай растаноўкай карпусоў.
Дамінанты фармавалі прыродныя прасторы далін рэк. Уздоўж правага берага Нёмана склаўся шэраг кампазіцыйна звязаных асноўных збудаванняў: Барысаглебская царква — Верхні замак — Ніжні замак — базыльянскі манастыр — кляштар бернардзінак — кармеліцкі кляштар — кляштар бернардзінцаў. Францысканскі кляштар на левым беразе і страчаныя да гэтага часу будынкі — стары кармеліцкі кляштар і царква
Святога Крыжа таксама падпарадкоўваліся гэтай заканамернасці. Адначасова Барысаглебская царква, Верхні замак і сінагога абрамлялі прыродную прастору даліны Гараднічанкі.
У XVIII ст. у параўнанні з папярэднім часам сілуэт Горадні ўзбагаціўся за кошт ускладнення архітэктурных аб'ёмаў, павелічэння колькасці вежаў і вышыні культавых збудаванняў, што вызначала «вертыкалізм» сілуэта. Для Горадні, як і многіх іншых гарадоў, у розныя перыяды была ўласцівая галоўная, найбольш высокая дамінанта. У XVI ст. ёю служыла ратуша, у XVII ст. — фарны касцёл. У XVIII ст. галоўнай вертыкаллю становіцца перабудаваная ў формах віленскага барока званіца бернардзінскага касцёла. Шмат'ярусная званіца спалучалася з выразным шчытом галоўнага фасада касцёла, правобразам якога з'яўлялася царква Іль Джэзу ў Рыме, пабудаваная
У сілуэце горада прасочваліся разнастайныя вышынныя ўзроўні забудовы. Апрача падзелу дамінантаў па вышыні на тры групы і наяўнасці галоўнай вертыкалі, існавалі таксама буйнамаштабныя манастырскія карпусы і гарадскія палацы, як правіла, у два паверхі з высокім дахам. Самы нізкі ўзровень складала асноўная маса жылой забудовы.
У 1760-1780-ых гг. па ініцыятыве міністра фінансаў А. Тызенгаўза на паўночнай ускраіне горада, на месцы вёскі Гарадніцы, ствараецца прамыслова-культурны цэнтр, што з'явілася буйнейшым горадабудаўнічым мерапрыемствам. Тут арганізаваліся шаўковая, суконная, адзежная, карэтная, ружэйная, фарбавальная і іншыя мануфактуры, дзе працавала каля 150 чалавек. У забудову ўвайшлі 85 будынкаў рознага прызначэння: палацы Тызенгаўза, адміністратара і віцэ-адміністратара, тэатр, музычная і медыцынская школы, гасцініцы, шынкі, манеж са стайнямі, жылыя дамы і іншыя пабудовы. Планіроўка раёна фармавалася з асобных рэгулярна спланаваных груп забудовы, аб'яднаных адзінай задумай. Да іх адносіліся: адміністрацыйна-гаспадарчая, якая прымыкала да плошчы перад палацам Тызенгаўза; вучэбна-навуковая з медыцынскай школай і батанічным садам; мануфактурна-вытворчая ў выглядзе кампактнага ўтварэння вакол квадратнай замкнёнай плошчы. Усе тры групы забудовы змяшчаліся ўздоўж вуліцы Раскоша, якая звязвала комплекс са старой часткай горада.
Батанічны сад на Гарадніцы меў простакутную планіроўку алей. Тут раслі каштоўныя пароды дрэў — бразільская сасна, воцатнае дрэва, манчжурскі і грэцкі арэхі. Ландшафт раёна ўзбагачаўся сажалкамі на рацэ Гараднічанцы.
Часткова захаваным да нашага часу ансамблем, важным элементам цэнтра горада з'яўляецца сістэма дзвюх плошчаў адміністрацыйна-гаспадарчай групы забудовы. Яна служыць адметным узорам горадабудаўнічага вырашэння пераходнага перыяду ад барока да класіцызму. Планіроўка ансамбля была задумана сіметрычнай адносна працяглай падоўжнай восі. Больш вялікая па памерах Палацавая плошча (сучасная пл. Леніна) мела складаную канфігурацыю з авальнымі бакамі і фармавалася галоўным элементам ансамбля — П-падобным у плане палацам Тызенгаўза, крывалінейным корпусам музычнай школы, так званай «Крывой афіцынай», простакутным у плане будынкам віцэ-адміністратара і аналагічным корпусам насупраць яго. Ансамбль не атрымаў закончанасці — музычная школа не была кампазіцыйна ўраўнаважана сіметрычнай крывалінейнай пабудовай.
Палацавая плошча злучалася мостам цераз Гараднічанку з простакутнай плошчай перад палацам адміністратара, карпусы якога фармавалі курданёр з галоўным будынкам па восі сіметрыі ансамбля. Такім чынам, працяглую відавую перспектыву з аднаго боку завяршаў палац Тызенгаўза з выразнай вежачкай па цэнтры фасада, з другога — галоўны корпус палаца адміністратара. Своеасаблівасць ансамблю надавала ўключэнне ландшафта Гараднічанкі ў адзіную кампазіцыю дзвюх плошчаў.
У 1795 г. Горадня ўвайшла ў склад Расейскай імперыі, з 1801 г. — стала цэнтрам губерні. У ёй не праводзілася рэгулярная перапланіроўка, што ў многім тлумачылася вялікай доляй капітальнай забудовы. Сярод асноўных пабудоў гэтага перыяду — арганічна ўключаныя ў ансамбль галоўнай плошчы гандлёвыя рады з ратушай, якія ўяўлялі сабой аднапавярховы простакутны ў плане будынак з унутраным дваром. Па цэнтры супрацьлеглых фасадаў размяшчаліся невялікія аб'ёмы ратушы, упрыгожаныя шасцікалоннымі порцікамі дарычнага ордэра.
У другой палове XIX і пачатку XX ст. у Горадні, як і іншых буйных гарадах, бурнае развіццё атрымала прамысловасць, пачала дзейнічаць чыгунка. Значна вырасла насельніцтва, павялічылася тэрыторыя забудовы.
Аднак планіровачныя мерапрыемствы гэтага перыяду не ўнеслі карэнных пераўтварэнняў. Пры захаванні былой вулічнай сеткі на вялікіх участках сфармавалася новая капітальная забудова, якая ў асноўным засталася да нашага часу і добра характарызуе горадабудаванне дадзенага перыяду. Атрымала развіццё гарадское азеляненне, створаны новыя і пашыраны старыя сады і скверы грамадскага карыстання з геаметрычна правільнай сістэмай алей.