Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Сутарэнні Ромула

Рублевская Людмила

Шрифт:

— Аляксандр Антонавіч, але ў “Полымі” напісалі, што гэтая паэма Коласу не ўдалася, у ёй ён дапускае ідэалізм і містыку, і нават ужывае слова “бог”! Замест таго, каб паказваць барацьбу працоўных супраць эксплуататараў, малюе жабракоў, якія толькі стогнуць, плачуцца і знаходзяць ратаванне ў дурных фантазіях!

Суседка хлапца з грыўкай, гаваркая выдатніца Наста, дзьмухавец з бялявенькімі пушыстымі валасамі і блакітнымі вялізнымі вачыма, зараз толькі нізка апусціла галаву над сталом і сціснула тонкія пальцы, аж збялелі.

— Ды Колас увогуле замаскаваны вораг! – строга прамовіла чарнявая дзяўчына з такімі бялюткімі каўнерыкам і манжэтамі на брунатнай сукенцы, нібыта яны былі зробленыя з арктычнага снегу, асвечанага крокамі гераічных

чалюскінцаў. – У яго месяц таму вобыск быў, зброю шукалі…

— Ілжэш, Калінкіна! – абурана крыкнуў з апошняй парты руды хлопец, шчодра ўсыпаны рабацінкамі, так што здавалася, быццам вакол яго болей сонца. – Якуб Колас – рэвалюцыянер, ён у Пішчалаўскім замку сядзеў! Ён клікаў беларускі народ да свабоды!

Дзяўчына строга падціснула і без таго вузкія вусны.

— Можаш не верыць, Гаўрылкін, але мы жывем непадалёк ад Міцкевічаў, і маю маці запрашалі падчас вышуку за сведку. Яна ўсё бачыла: як ваш Колас моўчкі стаяў тварам да сцяны, рукі ўгару, зусім як сапраўдны шпіён, а супрацоўнікі НКУС усё ў хаце пераварочвалі. Думаеш, калі б нічога не было, з класікам так бы абыходзіліся?

Вяжэвіч адчуў, як цёмная гарачая хваля гневу ахоплівае яго, яшчэ трошкі – і ён ганебна сарвецца… Стоп! Дурня і ў касцёле б’юць. Ты не бязмозглы юнак, ты адказваеш за чужыя жыцці! І за… душы тых, хто перад табой. Каб ніхто з іх не ператварыўся ў… таксама ж камсамольцаў, якія дапытвалі Кузьму Чорнага і Міхася Зарэцкага, Валерыя Маракова і яго самога, Вяжэвіча, у Жоўтым доме, і каб не сталася нікому з іх улюбёнай забавай гарлаць абразы і пагрозы ў папяровы рупар, устаўлены ў вуха паддоследнага…

— Шмат хто з творчых людзей часам памыляецца, таму што творчасць – гэта няспынны пошук. Памятаеце, як у паэме Купалы гаворыцца – “Гуслям, княжа, не пішуць законаў”? У Пушкіна гэты матыў таксама гучыць – “Затем, что ветру, и орлу, и сердцу девы нет закона”… Паэт — Сымон-Музыка, ён жыве, нібыта скуру садралі, пакутуе за тое, што іншы б не заўважыў, прапускае праз сябе боль эпохі. Нямецкі паэт Гётэ сказаў: “Расколіна прайшла праз сэрца паэта”. І калі ў яго ёсць сапраўдны талент і любоў да народу, ён усё роўна выпрастуе на правільны шлях. І гэта галоўнае. Якуб Колас публічна, у газеце, прызнаў свае памылкі і адмежаваўся ад іх, і для нас адно мусіць быць важным – яго таленавітыя творы…

— А вы таксама прызналі свае памылкі, Аляксандр Антонавіч?

Хлопец з прылізанай грыўкай не насмешнічаў, ён быў нават вельмі сур’ёзны і сур’ёзна чакаў адказу.

Вяжэвіч адчуў, што вось-вось забудзецца на парады Януса.

Яго выратаваў званок. Лекцыя скончылася. Але не скончыўся дзень і час… Наперадзе чакаў чарговы сход выкладчыкаў і камсамольска-партыйнага актыву тэхнікума. Не ісці было нельга. А ісці – пакута невымоўная.

Яму дужа пашанцавала. Звычайна тых, хто пабываў пад следствам, нідзе не бралі на працу, знаёмыя перабягалі на другі бок вуліцы… Жонка сасланага Язэпа Лёсіка, Ванда Лявіцкая, дачка пісьменніка Ядвігіна Ш. і маці трох малалетніх дзяцей, так радавалася, калі ўзялі мыць посуд на адну з менскіх выстаў… А тады іх сям’ю і з кватэры сагналі, і пашпарта спадарыні Вандзе не далі, і давялося з’ехаць у Паволжжа… Але Вяжэвіч быў вызвалены дужа хутка, з працы яго нібыта і не звальнялі, і, на дзіва, начальства паставілася вельмі добра. Вакол ягонай кар’еры арыштанта хадзілі розныя чуткі. Вядома, некаторыя пазбягалі Алеся – а раптам “недавыкрыты” вораг народу! Іншыя ж, якія лічылі сябе асабліва здагадлівымі, у прысутнасці Вяжэвіча стараліся сказаць нешта ідэйна правільнае, падкрэсліць, як усёй душой падтрымліваюць працу нястомных органаў па выкрыцці нацыянал-фашыстаў… І ад няшчырага пафасу Алесю рабілася горш, чым ад спалоху іншых. А здаралася, да яго падыходзілі таемна, з просьбаю паспрыяць у вызваленні сваякоў альбо адвесці немінучую пагрозу ад сябе… І хіба хтосьці паверыў, што ён сапраўды не можа дапамагчы? Але самае горшае – поўныя пагарды позіркі тых, хто яшчэ заставаўся

на волі і не да канца зламаўся…

Толькі думкі пра сям’ю ратуюць. Ірынку абавязкова трэба аддаць у танцавальны гурток… Трэба ж, як прыгожа ў яе атрымліваецца – то паказвае, як таньчыць сняжынка, то ператвараецца ў пчолку, то ў ветрык… Нават Вераніка, калі глядзіць, проста расцвітае, усміхаецца, як калісьці – а яна нібыта развучылася шчыра, гарэзна ўсміхацца пасля ягонага арышту. Ходзіць, як цень… Некалькі разоў заставаў яе ў слязах – а пасля сустракаў такі вінаваты позірк, нібыта гэта яна яго катавала ў турме… Можа, справа ў жончынай новай працы – узялі сакратаркай у наркамат асветы. Як было адмовіцца ад такой выгоды? Занятая ўсяго да абеду, і тое не кожны дзень, праўда, здараюцца вячэрнія паседжанні. Затое паёк – проста акадэмічны, для дзяцей супрацоўнікаў – падарункі… Тканіну размяркоўваюць, абутак… Праўда, Вераніка чамусьці не любіць абновак, прынесла неяк панчохі – таненькія, як павуцінка, кінула ў шуфляду. Так і не ўздзела ні разу. Алесь неяк быў папрасіў – пафарсі хоць перад мужам… Адмовілася, як быццам прапанаваў дакрануцца да здохлай жабы. Можа, ёй варта вярнуцца выкладаць у школку?

На сходах Вяжэвіч змушаў сябе проста не слухаць, думаць пра сваё… Але на гэты раз саркафаг, у якім ён сябе замкнуў, не тое што даў трэшчыну – разляцеўся на друз… Бо абмяркоўвалі, што рана ці позна непазбежны перавод навучання ў тэхнікуме на расейскую мову. Пакуль яшчэ толькі некалькіх спецыяльных прадметаў. Гэта дасць выпускнікам магчымасць лягчэй асвойвацца ў вучэбных установах іншых рэспублік савецкай краіны, ды й час пазбавіцца штучных тэрмінаў, прыдуманых нацыянал-фашыстамі, што пісалі першыя беларускія падручнікі. У нас інтэрнацыянал, усім трэба вяртацца да мовы, на якой размаўляў Ленін…

У шыбы ўдарыў мокрай лапай вясновы дождж. Вяжэвіч ускочыў з месца, ноздры ягоныя раздзімаліся:

— Гэта будзе здрада свайму народу! Здрада тым, хто загінуў у царскіх турмах, дамагаючыся права беларусаў мець свае школы і інстытуты! Нагадваю, дэкрэт аб беларусізацыі прымаўся Усебеларускім з’ездам саветаў. Дзеці, якія навучаюцца на роднай мове, паказваюць найлепшыя вынікі у ведах… Ачомайцеся! Як можна адмаўляцца ад таго, што далося такой крывёю! Ды ўспомніце верш Янкі Купалы да вялікарускага шавініста:

Ён, гэты скінуты сатрап,

Не знае, што ў свабодзе жыць,

Яму дай вісельню, дый каб

На ёй “языкі” ўсе ўшчаміць.

Не па нутру, як смерць, яму,

Што беларускае дзіцё

Бяжыць у сцюжную зіму

У школку пазнаваць жыццё.

Спужаўся, што хлапчук ў лапцях

Напаўадзеты вёскі сын,

У роднай мове ўчыцца мог?

О стыдна, рускі гражданін!

Язык твой царскі ён табе

Не выража, спакойны будзь!

Цябе тваім жа у кляцьбе

Ён не забудзе памянуць.

Алесь не змог дачытаць апошнюю страфу –

“Былых не выклічаш вякоў,

І ты, Масквы кароннай гразь,

Парваных не скуеш акоў,

З якой брахнёю не вылазь!”.

Відаць, гэты верш ведаў не толькі ён, таму што з першых жа радкоў усчаўся такі вэрхал, такое абурэнне, змяшанае са страхам, нібыта ў пакой запусцілі жывога грыфона… Прарвала ўсіх – не таму, што праглі вяртання ва ўлонне расейшчыны, а таму, што кожны, хто не запярэчыць, мог патрапіць у саўдзельнікі. Нават калі нехта палічыў Алесеў выбрык правакацыяй органаў – яшчэ больш напінаўся… Сход паступова пераўтвараўся ў выкрыццё канкрэтнага ворага, выкладчыка беларускай мовы і літаратуры Вяжэвіча. Які дапускае на ўроках нацыяналістычныя і ідэалістычныя выказванні і скіроўвае вучняў убок ад генеральнай лініі, і насмешнічае над святымі для савецкага народу традыцыямі, і займаецца рэлігійнай прапагандай…

Поделиться:
Популярные книги

Как я строил магическую империю

Зубов Константин
1. Как я строил магическую империю
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Как я строил магическую империю

Наследник

Шимохин Дмитрий
1. Старицкий
Приключения:
исторические приключения
5.00
рейтинг книги
Наследник

Кротовский, может, хватит?

Парсиев Дмитрий
3. РОС: Изнанка Империи
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
7.50
рейтинг книги
Кротовский, может, хватит?

Надуй щеки! Том 6

Вишневский Сергей Викторович
6. Чеболь за партой
Фантастика:
попаданцы
дорама
5.00
рейтинг книги
Надуй щеки! Том 6

Дворянская кровь

Седой Василий
1. Дворянская кровь
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
7.00
рейтинг книги
Дворянская кровь

Взлет и падение третьего рейха (Том 1)

Ширер Уильям Лоуренс
Научно-образовательная:
история
5.50
рейтинг книги
Взлет и падение третьего рейха (Том 1)

Запечатанный во тьме. Том 1. Тысячи лет кача

NikL
1. Хроники Арнея
Фантастика:
уся
эпическая фантастика
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Запечатанный во тьме. Том 1. Тысячи лет кача

Кодекс Крови. Книга IV

Борзых М.
4. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга IV

Интернет-журнал "Домашняя лаборатория", 2007 №6

Журнал «Домашняя лаборатория»
Дом и Семья:
хобби и ремесла
сделай сам
5.00
рейтинг книги
Интернет-журнал Домашняя лаборатория, 2007 №6

В погоне за женой, или Как укротить попаданку

Орлова Алёна
Фантастика:
фэнтези
6.62
рейтинг книги
В погоне за женой, или Как укротить попаданку

Связанные Долгом

Рейли Кора
2. Рожденные в крови
Любовные романы:
современные любовные романы
остросюжетные любовные романы
эро литература
4.60
рейтинг книги
Связанные Долгом

Хозяйка собственного поместья

Шнейдер Наталья
1. Хозяйка
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Хозяйка собственного поместья

Город воров. Дороги Империи

Муравьёв Константин Николаевич
7. Пожиратель
Фантастика:
боевая фантастика
5.43
рейтинг книги
Город воров. Дороги Империи

Новый Рал 2

Северный Лис
2. Рал!
Фантастика:
фэнтези
7.62
рейтинг книги
Новый Рал 2