Сутарэнні Ромула
Шрифт:
Што гэта было?
Гэта вось тое самае, што прадказвала ёй маці на падлеткавае ныццё пра незапатрабаванасць у амурна-гіменейных справах: “Пачакай, прыйдзе твой час”? Чаму невядомая сіла кінула яе ў абдоймы ненавіснага чалавека, мужчыны, які старэй за яе на… ну, не так шмат, на дванаццаць гадоў? Што за стыхійная моц абудзілася ў заўсёды закамплексаванай дзеўцы, якая раней, цалуючыся, звычайна думала толькі пра тое, што ўсё робіць няправільна, што зараз над ёй пасмяюцца? А распрануцца… Як можна – з ейным няўклюдным целам, ды на вачах чужынца… Адкуль цяпер такі спакой, такая… паўната жыцця і абароненасць! З люстэрка глядзеў новы твар… Стамлёны і шчаслівы,
Ася нацягнула вышэй каўнер тонкага чорнага швэдара-гольфа, пазычанага ў Корб-Варановіча: далібог, даводзіцца, як школьніцы пасля вясковай дыскатэкі, хаваць чырвона-сінія плямы на шыі… Дадому ж так і не дабралася пераапрануцца. Добра, джынсы ейныя і бялізну Корб-Варановіч вымыў у пральнай машыне, устаўшы сярод ночы, пакуль Ася спала, а тады паклаў на электрасушылку…
Неўзабаве пасля таго, як Арсенія ажыццявіла параду старога паэта набыць досвед “мордай аб асфальт”, вядомы празаік, які рэдагаваў ейныя аповеды, пачаў наракаць, што ў іх усё занадта прыгожа.
– Крышталёвыя келіхі, клавесіны, вэлюмы… Што вы, бруду ў гэтым жыцці не бачыце? Болю? Урэшце, жывой плоці з пахамі поту і мачавіны? Уявіце, што вам трэба апісаць першую шлюбную ноч… Як вы справіцеся? Зноў – “Яны зліліся ў жарсным пацалунку, і сузор’і спусціліся з нябёсаў, і зямля сплыла з-пад ног”? Альбо сур’ёзную прозу пішыце, альбо займіцеся вышываннем.
Тады Ася вельмі перанялася. Яна ж сама толькі што перажыла “першую шлюбную ноч” з незнаёмым пэтэвушнікам. І што, апісваць, як ён крактаў над ёю, і не мог адразу патрапіць, куды належыць, і жаласным голасам папрасіў дапамагчы, а яна, ледзь не ванітуючы ад агіды, але поўная рашучасці давесці эксперымент да канца, дакранулася да ягонага… Цьху! Які мэсэдж для чытача яна гэтым пашле? Абудзіць юрлівасць? Падорыць вобразы для начных фантазій? Не для таго бралася за асадку, пардон, клавіятуру. Чаму кожны мастак-графік абавязкова мусіць быць Бердслеем? Дый той, паміраючы ад сухотаў, сумленнага каталіцкага прычасця запрасіў і свае ілюстрацыі да “Лісістраты”, з чэлесамі, загадаў знішчыць.
Арсенія прагартала процьму кніг у пошуках згаданага апісання першай шлюбнай ночы. У Караткевіча гэта выглядала так: “І яна даравала мне нават боль”, альбо вакол закаханых у адказны момант сапраўды нешта закруцілася, заззяла… “Я паміраў двойчы…” – “Я таксама…”.
У Івана Шамякіна ў “Шлюбнай ночы” дастаткова было, як яны прачнуліся, а ў дзяўчыны сцерхла рука, бо там ляжала галава каханага, але маладая баялася паварушыцца, каб не пабудзіць яго… Хапала, вядома, і тэкстаў, у якіх фігуравалі напружаныя чэлесы і набрынялыя похвы, клітары, аргазмы і фрыкцыі… І гэта чамусьці хвалявала куды меней.
Цікава, а як бы Арсенія апісала мінулую ноч з Корб-Варановічам? Як увогуле можна кранаць словамі тое, што мусіць застацца таямніцай між двума?
Але ад успамінаў закруцілася галава, аж млосць разабрала.
На стале ляжаў чарговы рукапіс, няўважна скрэслены Асяй, але што яна там крэсліла, калі трэба яго здаваць, ёй было, як да Бабілону… Неадменна тут пабываў чорцік Тытывіл, які ў сярэднявечных скрыпторыях штурхаў мніхаў-перапісчыкаў пад руку, каб крыва напісалася…
Ася зноў і зноў пракручвала ў галаве нядаўнія кадрыкі… Раніца
“І ёсць дзясяткі, з кім можна спаць,
Прачынацца – ніводнай няма...”
Сёння Ася прачнулася і нават нейкі час ляжала, ледзь не муркочучы, як котка, ад утульнага шчасця, якое тоненька пазвоньвала ў душы, як срэбныя званочкі… Хаця колькі там удалося паспаць? Гадзіны чатыры ад сілы…
– Ну што, паненка, калі прызначым вяселле?
Корб-Варановіч глядзеў на яе, падпершы галаву рукою, з насмешкай і прыхаванай пяшчотай. Ася правяла пальцам па ягоным твары, паўтараючы абрысы, гэтак падобныя да ейных… Высокі лоб, просты нос (толькі ў яе трошачкі прыўзняты), вусны з гэтай асаблівай, даткліва-даверлівай складкай, якія могуць рабіцца саркастычнымі і жорсткімі... А падбароддзе ў яго мужнае, з ямінкай…
Вяселле? Якое вяселле? Хіба між імі было сказана хоць паўслова пра каханне?
– Ты што, думаеш, гэта – ўсё? Я вось так цябе вазьму і адпушчу?
Мужчына змусіў яе адкінуцца на падушку, нахіліўся зверху. Яго вочы здаваліся цёмнымі, як восеньская вада, і нават пагрознымі.
– Зразумей, дурнічка, тое, што адбылося – не можа быць проста дзеля задавальнення. “Стануцца двое адною плоццю…” — думаеш, для прыгожага слоўца сказана? Я – хрысціянін. Кепскі, грэшны хрысціянін… Але я ведаю, да чаго трэба ставіцца сур’ёзна. Мы звязаныя назаўсёды. Я за цябе адказваю перад Богам і людзьмі…
Ася на хвілю забылася на ўсё, адказваючы на пацалунак, хаця вусны ўжо і так балюча гарэлі, а пасля адчула, як у яе едзе дах ад неверагоднай прапановы. Хрысціянін, пачуццё доўгу… Ну так, зразумела цяпер, чаму ён са сваёй спявачкай важдаецца…
– Ты што, кожнай жанчыне, якая бывае ў гэтым ложку, робіш такія ультыматумы?
Корб-Варановіч памаўчаў.
– Не, не кожнай…
Ася адвярнулася. Пацвердзіў, што тут бывала не адна да яе…
– Вось ён, вынік маскуліннага выхавання! Найвышэйшым дасягненнем для жанчыны лічыцца – пашлюбавацца… Злавіць свайго мужчыну… Займець уладара… А калі мне гэтага не трэба?
– А што табе трэба? – Даніла зусім не раззлаваўся, наадварот, паблажліва ўсміхаўся, гледзячы на яе, як на дзіцё, якое ўгневалася, што пясочны піражок нясмачны. – Што хочаш ад гэтага зямнога існавання ты сама, Арсенія?
– Ну, хаця б пачуць, як мяне кахаюць…
А Корб-Варановіч, вось паскуднік, замест таго, каб прызнавацца ў каханні, лена сеў, пацягнуўся па нагавіцы, пачаў апранаць. Калі Вячка нагадваў ваўка, дык гэта быў леў. З попельнай хвалістай грывай. А на бінтах жа ў яго зноў трошкі кроў праступіла… Ну, не дзіўна – уночы ён быў то неверагодна пяшчотны, то проста шалёны… Уй-й, як усё баліць – быццам чатыры ўрокі фізкультуры запар… Нават забылася пра здаравучы сіняк на назе, клапатліва змазаны Корб-Варановічам нейкай празрыстай адмысловай маззю.
– Усё вельмі проста. Уяві, што мы ніколі больш не сустрэнемся. Разыдземся – і зробім выгляд, што нічога не адбылося. Так, зацямненне свядомасці… Пожад… Ты згодная на такое?
Ён стаяў перад ёю і чакаў адказу, нібыта зусім спакойна, але грудзі ягоныя ўздымаліся амаль як учора, калі ён спрабаваў змагчы жарсць і адправіць нахабную Вяжэвічаўну дадому… І Ася таксама паднялася, і напляваць ёй было, што стаіць яна без адзежы перад мужчынам, і што зусім не так уяўляла свайго рамантычнага героя…