Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Ясафат Кунцэвіч быў уладыка не праваслаўны і не каталіцкі, а уніяцкі. Уніятам ужо належала і святая Сафія, што ў 1620 годзе зноў прыняла вернікаў.
Хто ж такія уніяты?
Пасля дзяржаўнай уніі Кароны і Княства на беларускіх землях пачынае ўзмацняцца каталіцтва, што нясе з сабою пагрозу паланізацыі. У Масковіі тым часам з’яўляюцца свае патрыярхі, якія заадно з царамі глядзяць на Літву-Беларусь як на сваю вотчыну і дзеля яе захопу збіраюцца выкарыстаць праваслаўную веру нашых продкаў. Дапамагчы пазбавіцца ад прэтэнзій Варшавы і Масквы, а таксама ад небяспекі рэлігійнае варожасці ў самой краіне магла новая вера, якая паяднала б у
Такую веру магла даць рэлігійная Унія.
3 лаціны гэтае слова перакладаецца як адзінства, аб’яднанне.
Ідэя уніі ажыццявілася ў 1596 годзе на Берасцейскім саборы. Літоўскія-беларускія і русінскія-ўкраінскія праваслаўныя ўладыкі прызналі вяршэнства рымскага папы, але захавалі ўсе свае ранейшыя, «грэцкія» абрады. Вялікі князь Жыгімонт Ваза адразу выдаў прывілей пра зраўнаванне ў правах грэка-каталіцкага духавенства з рыма-каталіцкім і пра вечную падтрымку уніяцкай царквы ўладай.
Пад саборнай граматай аб уступленні ў унію стаіць і подпіс полацкага ўладыкі: «Григореи Герман, милостью Божою архиепископ Полоцкий, владыка Витебский и Мстиславский, рукою властною». Гэта ён 9 кастрычніка 1596 года ў берасцейскай царкве святога Міколы ўрачыста прачытаў напісаны на пергамене тэкст уніі, абвясціўшы гэтым самым пастанову сабора.
Кажучы пра гістарычны лёс беларусаў, некаторыя аўтары параўноўваюць унію з перамогаю пад Грунвальдам. Разгром тэўтонцаў адвёў пагрозу фізічнага вынішчэння продкаў, аб’яднанне цэркваў выратавала ад смерці духоўнай. Выратавала найперш дзякуючы жывой народнай мове, якая жыла ва уніяцкіх храмах і манастырах — у казаннях, у навучанні і царкоўных спевах. У грэка-каталіцкай царкве верніку не трэба было спяваць на незразумелай стараславяншчыне. (Упадзімір Караткевіч быў, магчыма, не надта далёкі ад праўды, калі пісаў, што нашы прабабкі замест «И супдам во гробех живот даровал» старанна выводзілі сваімі галасамі — даруй ім, Госпадзі! — «I сухі верабей заплот паламаў».)
Ва уніяцкім Сафійскім саборы палачане спявалі:
Ты стварыў, Ты адкупіў, Ты мяне, Божа, асвяціў. Няхай Табе, дзе ёсць людзі, Чэсць і хвала будзе. Цалуючы Твае раны, Збавіцелю наш каханы, Рукі, вочы к небу ўзносім, Адпушчэння грахоў просім. 0 Марыя! Маці Божа! Ты найчыста і прыгожа. Прычыніся к Богу за намі, Нягоднымі грэшнікамі!Новая царква стала адной з дзяржаўных рэлігій Рэчы Паспалітай і была падпарадкаваная непасрэдна папу. Яна паступова пераможа як сапраўды народная, таму што будзе аб’ядноўваць большасць хрысціянскага насельніцтва Літвы-Беларусі, найперш сялянаў, і шырока карыстацца мовай народа. Як народную яе разглядалі Кастусь Каліноўскі, Максім Багдановіч, Вацлаў Ластоўскі, а таксама, між іншым, і Фрыдрых Энгельс, які грунтоўна вывучаў гісторыю Рэчы Паспалітай.
У канцы XVIII стагоддзя грэка-католікамі былі тры чвэрткі ўсіх жыхароў Беларусі. Уніяты добра ведалі, што яны не палякі і не расійцы. Таму, як мы пазней убачым, так ненавідзелі унію маскоўскія цары ды іх верныя прыслужнікі ў рызах. Царскі сатрап М. Мураўёў, які атрымае пасля распраў з паўстанцамі Каліноўскага мянушку «вешальнік», цалкам слушна казаў, што уніяты замінаюць «пашыраць рускі дух на беларускіх землях».
Унія пачалася з палітыкі, а працягвалася як лёс народа. Адзін з сучасных яе даследчыкаў пісаў: «Два з паловаю стагоддзі праіснавала уніяцкая царква на Беларусі. Гэты час не быў літасцівы да нашае Бацькаўшчыны. Страта дзяржаўнасці, няўхільнае ўзмацненне нацыянальнага ўціску — спачатку паланізацыя, пасля русіфікацыя, выкіданне беларускае мовы з дзяржаўнага ўжытку, забарона беларускага слова ўвогуле, нечуваны духоўны гнёт — і ўсё гэта пасля велічы і славы, пасля ўзлёту нацыянальнае культуры й навукі ў азораныя вышыні чалавечага духу. I адзінае, чым трымалася ў тыя жахлівыя часы беларушчына, — гэта нацыянальная уніяцкая царква. Яна была дадзена Богам нашаму народу, каб выстаяў ён, не зламаўся пад варожымі бурамі, не знік
Можна, вядома, ставіцца да Уніі па-рознаму, але ў кожным разе будзем памятаць: гэта велізарная і неад’емная частка нашага гістарычнага быцця і нашае культуры. Гэта вера мільёнаў беларусаў, вера дзесяці пакаленняў нашых продкаў.
Усталяванне новае веры ішло напачатку няпроста. Гэта сімвалічна засведчыў жыццёвы шлях полацкага арцыбіскупа Ясафата Кунцэвіча.
Найвядомейшы з полацкіх царкоўных уладароў нарадзіўся ў 1580 годзе ва Уіадзіміры-Валынскім на Украіне ў сям’і перасяленцаў з Літвы-Беларусі. Пераняўшы ад бацькі-шаўца любасць да кніг, ён юнаком прыехаў у Вільню, каб стаць купцом, зрабіўся прыхаджанінам уніяцкай Святатраецкай царквы і спяваў там у хоры. Здольнага пабожнага хлапца заўважыў віленскі мітрапаліт Іпаці Пацей. Ён узяў Кунцэвіча ў кляштар паслушнікам і адправіў вучыцца ў Віленскую акадэмію. У 1604 годзе, калі Ясафат скончыў курс навук, мітрапаліт сам пастрыг яго ў манахі. Неўзабаве Кунцэвіч стаў іераманахам (манахам у чыне святара), а потым і архімандрытам (ігуменам) Святатраецкага кляштара.
Ясафатаваму ўзыходжанню па царкоўнай лесвіды паспрыяў выпадак. Паміж віленскімі вернікамі ўзнікла спрэчка за храмы. Праваслаўныя вырашылі забіць уніяцкага мітрапаліта. Сярод белага дня каля рынку на старога ўладыку кінуўся з аголенай шабляю мешчанін Іван Тупека. Залаты святарскі ланцуг уратаваў Пацея ад смерці, шабля адно адцяла яму два пальцы. На шчасце, побач апынуўся айцец Ясафат. Ён дапамог параненаму абараніцца, перавязаў яго і давёў да кляштарных муроў.
Пра іераманаха Ясафата гаварыла ўжо ўся Вільня. Будучы полацкі ўладыка вызначаўся выключным красамоўствам. Ён часта прапаведаваў проста на вуліцах і пляцах, смела заходзіў у хаціны да рамеснікаў і ў магнацкія палацы. Ворагі далі яму мянушку «душахват» — лавец душ. За заслугі перад уніяцкай царквою, у лона якой ён перавёў тысячы віленчукоў Кунцэвіч быў узведзены ў біскупскі чын.
У першы прыезд Полацк сустрэў яго святочным ходам з абразамі, царкоўнымі і цэхавымі харугвамі. Ад людзей з Вільні гараджане ведалі і пра біскупава ўменне пераканаць самага ўпартага, і пра тое, што гэты яшчэ малады, высокі і танклявы чалавек з вострым поглядам носіць пад адзеннем цяжкія вярыгі і выпрабоўвае свае дух і цела доўгімі пастамі і самабічаваннем.
Зрабіўшыся ў 1618 годзе полацкім арцыбіскупам, Ясафат атрымаў ад вялікага князя і мітрапаліта права на падначаленне сабе ўсіх праваслаўных манастыроў і храмаў у Полацку, Віцебску, Магілёве і Оршы.
У тым самым годзе велікакняжацкія камісары склалі для новага ўладыкі інвентар нерухомай маёмасці, дзе, у прыватнасці, чытаем: «Напервей: двор архиепископский, стоячий в замку Вышнем Полоцком, а мяновите: светлица столовая поземная, старая, в ней окон чотыре, оконницы на завесах, оболонки шкляные и двери одны на завесах з замком нутреным; печь старая побеленая; на противкутое светлице светелка вопокоевая… печь новая поливаная; в тыле тое светлицы другая светелка упокоевая… за тым упокойцом — двое схованье для сена и шопа до возов; подле тое шопы стайня; подле стайни ворота уезные до двора; а подле ворот свирен на подклете, за тым свирном знову ворота великие уезные, и фортка; подле тых ворот звоночок малый, што до столу звонят; подле тых ворот светелка з коморою, окна и двери на завесах… за тою светлицею пекарня; на противку пекарни светлица служная, двери и оконницы на завесах, оболон две шклянных; од тое светлицы спижаренка простая, то есть лазня; на противку светелка кухмистровская, в сенех кухня, в боку бровар, подле светелки пивница. Перед вороты уезными того двора церковь соборная Святое Софии…» (Вось так тады продкі гаварылі-іпісалі.)
Факты кажуць, што ўладыку Ясафату не заўсёды ставала талерантнасці. Не шкадуючы сябе, гэты чалавек не шкадаваў і іншых.
Кунцэвічу супроцьстаялі аб’яднаныя ў брацтвы праваслаўныя месцічы, якіх падтрымлівала яшчэ шматлікая праваслаўная шляхта. Шляхцічы скардзіліся сойму: «Той жа біскуп полацкі пяць гадоў трымае ў Оршы і ў Магілёве цэрквы запячатаныя. У Полацку і ў Віцебску няма ні царквы, ні дома, дзе дазволена ў месце набажэнства. Таму месцічы мусяць па нядзелях і на іншыя святы слухаць службу ў полі за местам, і то без святара, бо яму забаронена жыць у месце і паблізу…» Уладыка Ясафат быў сынам і ахвярай сваёй нялітасцівай эпохі. Але перш чым распавесці пра яго пакутніцкую смерць, згадаем яшчэ адну выдатную асобу таго часу.