Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
У 1657 годзе царскія казакі закатавалі на Палессі каталіцкага місіянера Андрэя Баболю, якога праз два стагоддзі папа рымскі абвесціць святым. (Мошчы Баболі будуць захоўвацца ў сутарэннях полацкага храма святога Стэфана, а пасля яго ператварэння ў XIX стагоддзі ў Мікалаеўскі праваслаўны сабор рэліквію перанясуць у бабінец дамініканскага касцёла.)
Полацкі епіскап Каліст, якога нельга было западозрыць у непрыязі да заваёўнікаў, у 1661 годзе пісаў «письмо увещательное» князю Івану Хаванскаму, што стаяў у Полацкім ваяводстве з ноўгарадскім і пскоўскім палкамі: «Вои твои вся пуста и нежительна сотвориша, вся в конец разориша царскими воинствующе оброки, яко ничего же во препитание сирым оставиша».
Чужынцы пачуваліся на нашай зямлі ўсё больш няўтульна. Паланёны ў Кушлікаўскай бітве, а потым адпушчаны ноўгарадскі стралец Сценька Андрэеў вярнуўся з Вільні ў Полацк з трывожнай навіною. У сталіцу Вялікага Княства таемна прыходзіў нейкі віцебскі мешчанін «а ростом толст и высок, с писмами для того, чтоб под Витебск и под Полоцк полские и литовские люди подошли, а они де, мещане великого государя ратных людей вырубят и города полским и литовским людем здадут». Ваяводы ведалі, што гэта не пустая пагроза. Жыхары Магілёва, не стрываўшы ўціску і здзекаў ужо выразалі за адну ноч трохтысячны царскі гарнізон, які ў свой час мірна пусцілі ў горад. Жывы застаўся адзін-аднюткі стралец, што быў у самаволцы, цешачыся на печы з каханкаю.
І гараджане, якіх цар пазбавіў магдэбургскіх вольнасцей, і шляхта, і сяляне — усё часцей бралі ў рукі зброю, ствараючы партызанскія аддзелы. Найбольш чынна народ змагаўся з ворагам на ўсходзе, дзе, даведзеныя рабункамі да страшнага голаду, людзі елі ў вёсках уласных дзяцей. Палітыка цара прывяла да таго, што праваслаўная шляхта пераходзіла ў каталіцтва, а сяляне рабіліся уніятамі.
Тактыка выпаленай зямлі ажыццяўлялася адначасова з прымусовым перасяленнем у Масковію. Аляксей Міхайлавіч і маскоўскі патрыярх Нікан пастанавілі вывесці ў палон трыста тысяч ліцьвінаў-беларусаў, і гэты «велічны план» паспяхова выконваўся. На астраханскіх нявольніцкіх рынках стральцы бойка гандлявалі палоннымі з-пад Полацка, Віцебска і Мсціслава, прадаючы іх персам і туркам у вечнае рабства па тры рублі за галаву. Дзесяткі тысяч ліцьвінаў-беларусаў сталі прыгоннымі памешчыкаў-маскавітаў. Тысячу палонных пасяліў у падмаскоўных маёнтках баярын Марозаў. Сотнямі выводзілі людзей у свае вотчыны баяры Куракін, Трубяцкой і Хітраво. Царскія дзякі пасылалі з захопленых земляў шыфраваныя «тарабарскія» граматкі з усё новымі і новымі паведамленнямі, што «холопи идут в Московскую сторону».
Вялікую частку палону цар загадаў сяліць у сваёй апусцелай пасля чумнага паморку 1654 года сталіцы. Праз дваццаць гадоў толькі ў маскоўскай Мяшчанскай слабадзе жыло 612 беларускіх сем’яў. Іх дзеці вучыліся ў школе, якую трымаў беларус Якуб Якаўлеў. Народжаны ў Полацку манах Варлаам з лістапада 1665 года навучаў маскоўскіх дзяцей польскай і лацінскай грамаце. Сучасныя расійскія гісторыкі здзіўлена пішуць, што ў цёмнай, амаль цалкам непісьменнай Маскве ледзь не палова жыхароў Мяшчанскай слабады ўмела чытаць і пісаць. Апрача гэтае слабады нашых суайчыннікаў рассялялі па ўсім горадзе. Кожны пяты жыхар Масквы быў тады беларусам. 3 тае пары Масква і пачала па-наску «акаць», хоць вакол яе дагэтуль «окаюць».
Вядома, самымі каштоўнымі палоннікамі былі людзі майстравітыя, абазнаныя ў розных навуках. Такія, як друкары з Аршанскага Куцеінскага манастыра, што воляю патрыярха Нікана паехалі на чужыну разам з друкарняю. (У Масковію вывезлі тады ўсе беларускія друкарні з кірылічным шрыфтам.) Такія, як полацкія кафляры-цаніннікі, якія і сёння захапляюць археолагаў сваімі кафлямі з выявамі скамарохаў і цмокаў з расліннымі і геральдычнымі арнаментамі. На ўсход гналі «взятых по государеву указу»
Гэта яны стваралі шэдэўры крамлёўскіх палатаў. Гэта яны аздаблялі Іверскі манастыр на Валдаі, саборы Новаерусалімскага манастыра на Істры, Круціцкі хорам і царскі палац у Каломенскім. Яны выштукавалі разьблёны іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра. Яны, беларусы з Мяшчанскае слабады, сталі акцёрамі першага ў Расіі прыдворнага тэатра… Нашых майстроў, якіх бралі працаваць пры царскім двары, абавязкова «прыводзілі да веры» і змушалі даваць царкоўную прысягу. Ніхто не зважаў, што добрую палову «литовских иноземцев» складалі праваслаўныя.
У 1662 годзе ў маскоўскай Срэбнай палаце служылі Аляксею Міхайлавічу болей за сорак беларускіх майстроў, пераважна з Віцебска і Полацка. Шмат нашых паднявольных суайчыннікаў прымнажалі царовы багацці ў Збройнай, Залатой і Майстроўнай палатах. Тут таксама было нямала палачанаў: шабельнік Рыгор Іванаў, чаканшчык Іван Андрэеў (ён зрабіў царэвічу Пятру Аляксеевічу пазалочаны срэбны «рукамый» з фініфцю), «скорых ковчежных дел мастер» Сымон Якаўлеў, сярэбранікі Сцяпан Астаф’еў, Васіль і Фяклістка Грыгор’евы, Мікіта Сямёнаў, Іван і Фёдар Палачанінавы… У Маскве працавалі таксама полацкія ювеліры Сцяпан Мандрыкін, Міхаіл Якаўлеў, Іван Пракоп’еў, ганчар Кузьма Савельеў, збройнікі Анісімка Мікалаеў і Грышка Стасюкоў.
Спіс гэты, безумоўна, далёка не поўны. 3 нашай зямлі перасялілі майстроў шасцідзесяці спецыяльнасцей. Некаторых з гэтых рамёстваў (вырабу каляровае кафлі, разьбы па дрэве з пазалотаю) у Масковіі датуль не ведалі. Але Аляксею Міхайлавічу Цішайшаму ўсё было мала, і ён пасылаў ігумену Богаяўленскага манастыра Іяўлевічу загад «призвать к нашей, великого государя милости воспевака Ивана Коклю, чтобы он ехал к нам, великому государю, к Москве, с женой и с детьми, а мы его за то пожалуем». Заканчваўся ліст традыцыйным крывадушным абяцаннем: «И буде он на Москве быть не похочет и мы, великий государь, велим его отпустить назад в Полотеск».
Палонны беларускі шляхціч Адам Каменскі-Длужык, родам з-пад Оршы, знаходзячыся з 1658-га блізу дзесяці гадоў за Уралам, напісаў успаміны пра сваё доўгае падарожжа праз усю Сібір, якія сталі першай крыніцаю звестак з этнаграфіі яе народаў. Дарэчы, недахоп у Сібіры царкоўнай маёмасці маскоўскія ўлады кампенсоўвалі яе вывазам з Вялікага Княства Літоўскага. Напрыклад, у царкоўных вопісах табольскіх храмаў неаднаразова сустракаюцца кнігі «печати литовской».
Яшчэ адна звязаная з той вайною цікавостка. Аднекуль з Прыдзвіння цар выслаў пад Уфу нядобранадзейных шляхцічаў са старадаўняга смаленска-полацкага роду Тураўскіх. 3 часам яны сталі звацца па-расійску — Туравы, а потым — Дуравы. Гены ваяўнічых продкаў праз паўтара стагоддзя загаварылі ў Надзеі Дуравай, што ў 1806 годзе пад прыдуманым імем запісалася ў Гарадзенскі ўланскі полк, стала першай у расійскай арміі жанчынай-афіцэрам, ваявала ў Беларусі ў 1812-м, дайшла з войскамі да Парыжа і зрабілася прататыпам гераіні фільма «Гусарская балада».
1664 год. Замест Вельямінава цар прысылае ў Полацк новага ваяводу Багдана Нашчокіна. Той зрабіў падрабязны вопіс полацкай вайсковай маёмасці, з якога мы даведваемся, напрыклад, што ў палку ў князя Івана Хаванскага было «2198 корабинов порчаных, 312 пар пистолей порчаных, 232 пары починеных; 630 стволов мушкетных, 37 стволов мушкетных раздутых, 14 пар литавр пробитых, 900 колчаданов, 400 кремнев, 60 шпаг ломаных, 740 мушкетов починеных, 1530 мушкетов порченых, 4 знамени без древок полотняных, 6 бердышов, 7 сабель с ножнами худых, 14 пуд свинцу». Полацкі гарнізон складаўся тады з 13 557 ратных людзей і 198 мяшчан. У замкавых вежах, брамах і на сценах стаялі 50 гармат і 59 затынных пішчалей.