Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Цар Аляксей Міхайлавіч змацаваў сваёй чорнай на воску дзяржаўнай пячаткаю з двухгаловым арлом грамату «о внесении в царский титул наименований Полоцкого и Мстиславского помежду титулами Рязанский и Ростовский», а праз год палічыў што ўжо мае права менавацца вялікім князем Літвы.
Заваёўнікі зрабілі ў Полацку перапіс. Горад разам з Задзвіннем, Экіманню і Востравам меў усяго 839 жылых двароў і пяць тысяч жыхароў. Дзевяць сотняў двароў, чые гаспадары не захацелі трываць чужой улады, стаялі ўпусце.
Пра
Усцешаны лёгкай перамогаю цар спярша дазволіў палачанам бязмытна гандляваць, судзіцца ў ратушы сваім судом і на тры гады вызваліў іх ад падаткаў. Ухваліўшы спаленне стральцамі «шкодных лацінскіх кніг», Аляксей Міхайлавіч даў Богаяўленскаму манастыру ўсе вёскі, раней перададзеныя каралеўскаю ўладай католікам. «А что собирано в Полотеске в ратушу на короля, — загадвала яго царская вялікасць, — с торговых, с проезжих, и всяких людей, которые ездят мимо Полоцка со всякими товары водою, и сухим путем, и с Полочан, которые держат вино, и пиво, и мёд, пошлину с пустошей и с рыбных ловель, и со всяких угодий, и с мельниц обрыные деньги, и ныне те сборы указали есмя сбирать на ратушу попрежнему, на нас великого государя; а к тому сбору выбрати им меж себя целовальников, кому можно верить, и тех целовальников привести к вере…» Ашчаслівіў цар нашых продкаў і тым, што дазволіў «им Полочаном, посадским людем, видя к себе нашу государскую милость, жити в домах своих в Полотеске попрежнему, и во всем нам великому государю, нашему царскому величеству по вере по святому Евангелию служить, и всякого добра хотеть и искать прибыль».
Ніякай ахвоты шукаць цару прыбытку палачане не мелі, таму заваёўнікі шукалі самі. Першым чынам паводле даўняй завядзёнкі ўсё ў захопленым горадзе перапісалі і абвясцілі «исконно» сваім. Вопіс Сафіі пачынаўся так: «Соборная церковь Софеи Премудрости Божии, строение прежних государей и великих князей Московских…» (Вось жа не ведаў Усяслаў Чарадзей, што быў вялікім князем не полацкім, а маскоўскім!) Сярод перапісанага да меднае чары «в чом воск топят» царкоўнага багацця былі, між іншым, пяць куфраў з друкаванымі і рукапіснымі кнігамі і «со всякими литовскими письмами». Цару належала цяпер усё, нават дзверы — «на колокольнице два колокола больших, один в 100 пуд, а другой в 50 пуд, три колокола по 30 пуд, и у церкви и у паперти трои двери железные…»
Адрасаваныя цару чалабітныя малююць змрочныя, але каларытныя абразкі тагачаснага полацкага жыцця. Мешчанін Мішка, Карнілаў сын, Шнітка біў чалом у тым, што царскія людзі схапілі на дарозе яго зяця Рамана з таварам на сорак рублёў, прывезлі ў Полацк і, відаць, каб не дакучаў просьбамі вярнуць тавар, кінулі на 18 тыдняў у вязніцу. Пасля ні ў чым не вінаватага Рамана абмянялі ў Дзісну на палоннага маскоўскага стральца, прычым за гэта здзерлі з цесця сорак талераў і сем залатых чырвонцаў.
Вынаходлівасць акупантаў у рабунках не ведала межаў. У корчмах стральцы вымагалі «за так» паіць іх мёдам. Незадаволеных гэткай формай разліку білі бізунамі і катавалі агнём. Не баючыся Божае кары, стралец Асташка Іванаў «со товарищи» ўкраў у папа Івана з саборнай Сафійскай царквы срэбны пас і пару караляў — жамчужныя і «чырвоныя». Ва ўдавы Матронкі Есіпавай стральцы рэквізавалі «девять блюд цыновных, да стопу цыновую ж, да лихтар медной тройной, а цена блюдам, стопе и лихтарю 5 рублев».
Не грэбаваў рабункамі і сам пастаўлены царом ваявода Мікіта Вельямінаў. Полацкі лаўнік Васка, Міхайлаў сын, Свянціцкі біў чалом на ваяводу, што той «сторговал часы серебрены позолочены, а цена часам 20 ефимков и 3 ефимки и за те, государь, часы уплатил он мне только 5 ефимков, а 18 не отдает». Мешчанін Цітко Іванаў у ліхалецце закапаў на сваім падворку трыццаць рублёў, дзве срэбныя чаркі і сёе-тое яшчэ, а як пачаў выкопваць, быццам з-пад зямлі выраслі побач ваяводавы людзі і растлумачылі, што трэба дзяліцца, іначай ніякія грошы гаспадару ўжо ніколі
Вось яшчэ адна з полацкіх чалабітных таго часу: «Царю государю… бьет челом раба твоя полоцкая шляхтянка Гаврилова жанишка Гославского Маринка Григорьева дочь. В прошлом, государь, году пришол ко мне полоцкой приказной избы подьячей Иван Матфеев во дворишко мое, а я, раба твоя, в то число спала; и он, Иван, пришед, положил в избе образ на окно и сказал, бутто я, раба твоя, образами окно зачиняю, и за то меня, рабу твою, взяли в приказ и в приказе сажали в чоп двожды и от того, он, стольник Микита Ондреевич Вельяминов, взял у меня шубу рысью под сукном под красным с нашивкою золотою, и ожерелье было у той шубы рысье ж… Царь государь, смилуйся, пожалуй!»
На чалабітных захаваліся царовы, кажучы сучаснай моваю, рэзалюцыі. Выгнаныя са сваіх дамоў лепельскія «девицы законные католицкие шляхтянки честные» просяць дазволу жыць пры кляштарах і сваіх маёнтках. Рэзалюцыя вельмі падобная да сённяшніх — «Отказать». Галоўная ж рэзалюцыя Аляксея Міхайлавіча, немаведама за што празванага Цішайшым, была такая: «Царское величество николи Полоцкого воеводства никому не уступит».
У ліпені 1656 года цар заявіўся ў горад уласнай персонаю. У полі за Барысаглебаўскім манастыром яго сустракала праваслаўнае духавенства. Ігумен Богаяўленскага манастыра паэт і красамоўца Ігнат Іяўлевіч сказаў прывітальную прамову: «Долговременная и прискорбная наша желания благо нам мздовоздашася, егда напресветлаго лица твоего царского величества пренасветлейшия очи, страннаго нам, благодарного, во граде сем недостойнии ти рабы, благодарственно взираем, правоверия зельный рачителю, пресветлый, благоверный, Богом хранимый, и христолюбивый» і гэтак далей.
Прамова «пресветлому» спадабалася, і манастырская брація атрымала новыя дарункі. Цар паўдзельнічаў у асвячэнні назад у праваслаўе Спасаўскае царквы і Сафійскага сабора і, забраўшы адтуль цудатворны абраз Божае Маці, паехаў да свайго войска пад Рыгу. Абраз Цішайшаму дапамагаць не захацеў і ўвосень таго ж года, вяртаючыся ні з чым дадому, яго вялікасць зноў усцешыла палачанаў прыездам. «Блаженный град Полотеский пресветлаго твоего царского величества… — заліваўся салаўём хітрамудры ігумен Ігнат. — А по летах долгих да сподобишися венчан быти диадимою блаженства вечнаго, с Константином и Владимиром равноапостольными…»
Цара павадзілі па замках. Полацкі майстар Івашка Далёў з таварышамі ўжо адбудаваў Красную вежу. Яна была трохпавярховая, рубленая ў восем сценаў (васьмікутнікам), мела шатровае пакрыццё і падымалася на трыццаць вянцоў (блізу дзевяці метраў). Трохі ніжэйшыя былі вежы Усценская і Машна, якія будавалі палачане Івашка Андрэеў і Мацюшка Маркаў. Вялікі пасад палачане абкапалі ровам і абнеслі астрогам. Ваявода Вельямінаў лісліва зазіраючы гасудару ў вочы, дакладваў, што «Полоцку учинена великая крепость, мочно из тех башен весь город очищать и посады, и слободы». «Очищали» за адным разам і храмы з манастырамі. 3 царквы Параскевы Пятніцы ў Растоў было вывезенае Евангелле VI стагоддзя, замоўленае полацкім архіепіскапам Нафанаілам.
А на нашай зямлі доўжылася вайна. Вельмі хутка сапраўдныя намеры цара-бацюхны ўбачылі і тыя праваслаўныя, што паверылі абяцанкам вызваліць іх ад польскага ўціску. Загадам Аляксея Міхайлавіча стральцы спалілі Копысь, Чавусы, Бабруйск, Глуск, Свіслач… Яшчэ раней амаль цалкам было выразанае насельніцтва Мсціслава, які не захацеў здацца. Пасылаючы ў жніўні 1655 года ў Беларусь вялізнае войска ваяводы Трубяцкога, цар наказаў яму на сваім шляху ўсё разбураць і паліць, а каб болей панішчыць, «назад итти целыми жилыми местами». У сваіх допісах ваявода паведамляў: «Слуцкие посады и слободы велели мы все выжечь, а идучи дорогою до Слонима, села и деревни и хлеб и сено по обе стороны жгли и людей побивали и в полон имали, и разоряли совсем без остатку, а у Клецку у городе и на посаде литовских людей побили всех».