Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Але ні замены ваяводаў ні царскія інспекцыі і застрашлівыя ўказы не маглі выратаваць Масковію ад паразы. Паводле Андрусаўскага міру 1667 года, царскія войскі пакінулі Полацк, жыхароў якога вялікі князь на чатыры гады вызваліў ад дзяржаўнага падатку і ўсіх павіннасцей.
Хоць і прыйшло вызваленне, язык не паварочваецца назваць вайну пераможнай. У выніку ваенных дзеянняў, голаду і хваробаў у 1654-1667 гадах Беларусь страціла палову свайго насельніцтва. Загінуў кожны другі, а ва ўсходняй Беларусі — кожныя 80 чалавек са 100. У Полацку ацалела 102 дамы з болей чым пятнаццаці сотняў, у Віцебску — 50 з 982. Полацкае ваяводства на пачатку вайны мела 19 580 гаспадарак, напрыканцы — 5840. За гэтымі вусцішнымі лічбамі — абарваныя чалавечыя лёсы, вынішчаныя пад корань роды, мільёны ненароджаных
Велізарнай незваротнаю стратай для Бацькаўшчыны былі не толькі палеглыя, але і жывыя — тыя сотні тысяч беларусаў, якіх вайна назаўсёды адарвала ад родных агменяў.
МУЖ ДАБРАВЕРНЫ, ЦАРКВЕ I ДЗЯРЖАВЕ ПАТРЭБНЫ
Незайздросная доля ў таго, хто сядзіць у турме — пазбаўлены сонца і неба, адарваны ад блізкіх людзей і ўлюбёных заняткаў. А калі звініш кайданамі, не ведаючы за сабой аніякай правіны, трываць пакуты шматкроць цяжэй. Тады агортвае роспач, і ў душы нараджаюцца вершы-малітвы:
Призри оком милости на мене скорбяща, От неправедна мужа клевету терпяща. Их же ум мой не мыслил, он на мя клевещет, А душа в невинности от страха трепещет. Крови моея хощет, пагубы желает…Радкі гэтыя напісаў Самуіл Гаўрылавіч Пятроўскі-Сітняновіч, што ўвайшоў у гісторыю як славуты беларускі і расійскі пісьменнік, асветнік і філосаф Сімяон Полацкі. Напісаў, калі яго па даносе кагосьці са зласліўцаў кінулі ў 1659 годзе ў вязніцу на Верхнім замку.
Вязень меў трыццаць гадоў. Бацькам яго быў заможны палачанін Сітняновіч, але потым хлопчыка выхоўваў айчым, які і даў яму другое прозвішча — Пятроўскі. Дакументы полацкай рэвізіі сярэдзіны XVI стагоддзя кажуць, што Пятроўскія здавён жылі недалёка ад Скарынаў і, пэўна, таксама належалі да купецкага стану.
Навуку малы Самойла пачаў з брацкай школкі полацкага Богаяўленскага манастыра. Тут выкладалі мовы — лацінскую, грэцкую і славянскую, арыфметыку, рыторыку, спевы. Побач ужо паўстагоддзя стаяў езуіцкі калегіум, куды прымалі і праваслаўных. Езуіты вучылі добра, прычым задарма. Ды Пятроўскія моцна трымаліся дзедаўскай веры і выправілі сына вучыцца ажно на Украіну, у Кіева-Магілянскую калегію, якую называлі кіеўскімі Афінамі. Там Самуіл вывучаў «сем вольных мастацтваў», багаслоўе, мовы (да школьнага пераліку дадалася яшчэ і польская). На занятках лацінай полацкі шкаляр быў выдатнікам, а вось старажытнагрэцкая паддавалася цяжкавата.
Рэктар калегіі прафесар Інакенці Гізэль, які здабываў асвету ў англійскіх універсітэтах, чытаў студэнтам курс натурфіласофіі. Ён здагадваўся пра закон захавання матэрыі і энергіі, што пазней сфармулююць Лавуазье і Ламаносаў. Самуіл Пятроўскі занатоўваў у канспекце, што «матэрыя існуе ў аднолькавай колькасці і аднаго віду ў целе дрэва, а потым у целе агню, які ўзнік з гэтага дрэва». Гізэль прытрымліваўся рэнесансавай думкі, што творца не адзін — іх тры: Бог, прырода і мастацтва.
Наш зямляк слухаў на лекцыях такія, напрыклад, крамольныя разважанні: «Шмат хто з філосафаў называе прычынаю руху зорак, а таксама марскіх прыліваў і адліваў дзеянні анёлаў. Так вырашаць праблему сапраўды лёгка, але філосафу — сорамна». Рызыкуючы наклікаць на сябе гнеў багасловаў рэктар нёс выхаванцам ідэі Каперніка: «Сонца — планета, якая знаходзіцца ў цэнтры іншых планет і як бы ўзвышаецца на каралеўскім троне, уліваючы сваю сілу ў зменлівую прыроду».
У
Як шмат хто з выпускнікоў «Афінаў», ён паступіў у Віленскі універсітэт. Маючы ахвоту, у Архіве старажытных актаў у Маскве можна пагартаць напісаныя на лаціне ўласнаручныя канспекты полацкага студэнта з розных навучальных курсаў: «Багаслоўскія разважанні», «Палемічнае багаслоўе», «Разважанні Тамаша Аквінскага». Рыторыку ва ўніверсітэце выкладаў тады вучоны з еўрапейскаю вядомасцю Жыгімонт Лаўксмін, курсы паэтыкі і антычнае культуры грунтаваліся на працах бліскучага новалацінскага паэта Мацея Казіміра Сарбеўскага, які некалі чытаў лекцыі і ў Полацкім калегіуме. На той час Самуіл, апрача роднай беларускай, ужо настолькі дасканала авалодаў лацінай, царкоўнаславянскай і польскай мовамі, што пісаў на ўсіх чатырох вершы.
Адукаваны палачанін зрабіўся прыхільнікам мірнага паяднання хрысціянскіх цэркваў. Гэта прывяло яго ў грэка-каталіцкі ордэн базылянаў.
Чуючы ў сабе магутныя сілы, ён марыў прысвяціць жыццё літаратурным і навуковым заняткам. Час не надта спрыяў. Вайна Рэчы Паспалітай з Масковіяй не дала давучыцца. Летам 1655 года Самуіл стаўся сведкам штурму Вільні войскамі царскага ваяводы Чаркаскага і казацкага атамана Залатарэнкі. Яны сотнямі выразалі бяззбройных — мужчын, кабет і дзяўчат. Царскія стральцы і казакі рабавалі храмы: здымалі званы, абдзіралі з абразоў каштоўныя аправы, нішчылі арганы. У кляштарах гвалцілі і забівалі манашак, выкідвалі з дамавінаў мерцвякоў. Касцёл святога Міхала ўбачыў разбурэнне магілы канцлера Льва Сапегі. Заадно спалілі і праваслаўную царкву за Вострай Брамай.
У раскошнай, абабітай чырвоным аксамітам французскай карэце па горадзе ехаў цар Аляксей Міхайлавіч. Фурманы былі ў высокіх каўпаках і вішнёва-жоўтых каптанах. Дарогу перад царом па-азіяцку засцялілі крывава-чырвонай тканінаю. Апроч войска цара ніхто не сустракаў. Палова віленцаў загінула, астатнія ратаваліся, хто дзе мог.
Самуіл падаўся ў Полацк.
Родны горад сустрэў нядаўнімі пажарышчамі і ліпучымі паглядамі маскоўскіх стральцоў. Падарожнік палічыў, што самы надзейны прыстанак у такі час — сцены Божай цвярдыні. Ігуменам Богаяўленскага манастыра над Дзвіною быў знаёмы яшчэ з Кіева прафесар вольных мастацтваў Ігнат Іяўлевіч. 3 яго прапановы Самуіл прыняў пострыг і стаў Сімяонам.
Выкладаў у брацкай школе (яе драўляны будынак знаходзіўся якраз на месцы сучаснага Музея беларускага кнігадрукавання), дзе некалі вучыўся, стварыў там тэатр, пісаў для яго п’есы. Але галоўным захапленнем настаўніка-дыдаскала была паэзія. У манастыры склаўся цэлы гурт таленавітых паэтаў. Сам ігумен, іераманах Філафей Утчыцкі, выхаванцы брацкай школы Васіль Яновіч і Сава Капусцін. Манаства вызваляла ад матэрыяльных клопатаў, а адначасна і ад абавязкаў перад сям’ёй і дзяржаваю. Наконт шкоды свецкага жыцця для паэта і вучонага Сімяон выказаўся так:
Ибо не будет мощно с книгами сидети, Удалит от них жена, удалят и дети… Препятствие мудрости женитву вещает, Ей неудобно книги довольно читати, И хотение жены в доме исполняти.Хутка надарылася магчымасць паказаць свой паэтычны дар самому цару. Дванаццаць вучняў маладога дыдаскала выступілі перад Аляксеем Міхайлавічам з чытаннем твора пад даўжэзнаю, сапраўды «мятроваю» назвай: «Метры на пришествие во град отчистый Полоцк пресветого благочестивого и христолюбивого государя царя и великого князя Алексия Михайловича, всея Великия и Малыя и Белыя России самодержцы и иных царств, и князств, и государств обладателя от отроков, знайдучыхся во училище при церкве святых богоявлених монастыря брацкого полоцкого мовеные при привитаню пресветлого его царского величества, а наготованные през господинов отцов и братию тоеиж святой обители в лето от создания мира 7164, а от воплощения Божьего Слова 1656 месяца июля, 5 дня».