Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Хлопчыкі старанна дэкламавалі:
Веселися, о царю пресветлый з востока, Россом светячий светом от Бозкаго ока…Гэтыя «Метры» Сімяон складаў, як сказалі б цяпер, у сааўтарстве з ігуменам і з Філафеем Утчыцкім, аднак на колькі дзён раней ён прымудрыўся з’ездзіць у Віцебск, дзе шкаляры чыталі цару яшчэ адны «Метры», яго ўласныя:
Витаем тя, православный царю, праведное солнце, Здавно бо век прагнули тебе души наши и сердце. ВитаемДля сяго-таго з сучасных гісторыкаў такія радочкі, вядома, знаходка. Аднак не будзем забывацца, што базылянін Сімяон жыў у часы крывавага патопу і цудоўна ведаў, як цар і яго войска вызвалялі «от нужды народ весь». А яшчэ адкрыю сакрэт: крыніцаю звернутых да маскоўскага валадара вершаў было не натхненне, а… выдадзеная на паўстагоддя раней «Прасфоніма», дзе такія самыя параўнанні адрасаваліся кіеўскаму мітрапаліту. Карацей кажучы, наш зямляк пісаў вітанні цару без творчага перанапружання, так, як вы перараблялі б дзеля знаёмай дзяўчыны, напрыклад, «Алесю» Аркадзя Куляшова.
Чаго ж тады Сімяон займаўся славаслоўем? Па-першае, трэба было спрыяць манастыру, што даў яму прытулак. Па-другое, — і гэта галоўнае — як чалавек разумны і праніклівы, ён шукаў мецэната, пад абаронаю якога ў тую жорсткую эпоху мог бы адносна спакойна служыць сваёй музе.
Видите меня, как я муж отраден, Возрастом велик и умом изряден. Ума излишком, аж негде девати, Купи, кто хочет, а я рад продати.Паэт празмерна сціплы. Ён разумеў: знайсці такога апекуна ў тагачаснай знясіленай вайною Рэчы Паспалітай амаль немагчыма, і спадзяваўся, што пакупцом будзе не «кто хочет», а расійскі цар. Тут наш суайчыннік быў паслядоўнікам славутага Макіявелі: мэта апраўдвае сродкі.
Надзея простага манаха Сімяона зрабіцца прыдворным паэтам можа здацца занадта смелай, але ён ведаў свайму таленту цану:
Кто ся со мною может поровнати, Разве из мертвых Голиафу встати?Аляксей Міхайлавіч атрымліваў з Полацка новыя і новыя творы, тым больш вялікіх намаганняў яны ад Сімяона не вымагалі. Толькі прайшоў почут, што цара могуць абраць вялікім князем літоўскім і каралём польскім, а ўжо гатовае віншаванне з абраннем.
3 такой самай лёгкасцю пісаліся «Стихи к осударыни царицы» і «Стихи к осударю царевичу».
Душу Сімяон адводзіў пішучы вершаваную калядную драму «Беседы пасия». Шчырасцю дыхаюць і радкі малітвы да святой Еўфрасінні Полацкай, якую паэт просіць хутчэй вярнуць вывезены ў Маскву цудадзейны абраз Багародзіцы.
Убо, о мати, припади за нами К Господу Богу твоими рабами, Да возвратит нам икону святую, Просвети землю белорусскую.А потым яго героямі зноў рабіліся то маскоўскі патрыярх Нікан, то пастаўлены ім у абход царкоўных законаў (беларускія землі былі пад эгідаю патрыярха канстанцінопальскага) епіскап полацкі і віцебскі Каліст.
Лобзаем тебе пастыру, нам об Бога даны, От царя праваславна на сей сан избраны. ТебеМожна абурацца з непераборлівасці Сімяонавай музы, але, учытаўшыся, успрымаеш верш як з’едлівую іронію. Асабліва калі ведаеш, што пазней паэт пісаў пра незаконнага ўладыку: «Гэты агіднік і п’яніда быў вялікі хабарнік, а не пастыр. Зато і пакараны: 15 лютаіа 1663 года ўначы, з нядзелі на панядзелак, сорамна павесіўся».
Пэўна, тую іронію адчуў і сам епіскап. А мо ён проста зайздросціў манаху Сімяону, як ва ўсе часы нікчэмнасць зайздросціць вольнаму таленту. Якраз «услаўлены» паэтам уладыка Каліст і прызначыў яму за нейкую правіну ганебнае пакаранне — працаваць у хляве, а потым, скарыстаўшыся з даносу, пасадзіў у турэмную камору. Нібы небяспечных злачынцаў паэта і яшчэ пяцярых настаўнікаў брацкай школы вяла на Верхні замак варта з пяцідзесяці царскіх стральцоў. У астрозе ногі ўсім зняволеным закавалі ў кайданы. Праз два тыдні Сімяон выйшаў на волю, але пякучая крыўда засталася навекі. Мо акурат тады ён і наважыўся ехаць у Маскву.
Зрэшты, да ад’езду падштурхоўвалі і іншыя падзеі. Іяўлевіч, настаўнік і заступнік, ужо не быў ігуменам. Раней ці пазней маскоўскія войскі пакінуць горад. Ніхто тады не будзе разбірацца, шчыра ці не, пісаў ён прывітальныя вершы цару і патрыярху. I яшчэ — няміласць праваслаўнага ўладыкі…
Увесну 1664 года Сімяон апошні раз глянуў з прыдарожнага пагорка на Полацк.
Что я стяжу в дому? Что изучуся? Лучше в странствии умом обогачуся.Разам з ім у Масковію ехалі маці і пляменнік. Таго самага года ён пісаў у лісце да сябра, што, як толькі дазволяць абставіны, вернецца на радзіму. Лёс, аднак, вырашыў па-свойму: паэт развітаўся з родным горадам назаўсёды.
Цар не забыўся на таго, хто калісьці лагодзіў яго слых мілагучнымі вершамі. Сімяон (у Маскве ён пачаў падпісвацца як Полацкі) атрымаў адказнае даручэнне: стварыць у Заіконаспасаўскім манастыры лацінскую школу для царскіх людзей з Прыказа таемных справаў. Выпускнікі школы паехалі з галавой Пасольскага прыказа баярынам Ардын-Нашчокіным з дыпламатычнай місіяй у Курляндыю. Так наш зямляк прыклаў руку і да развіцця расійскае разведкі.
Ён ахвотна карыстаўся запрашэннем з’яўляцца ў царскі палац з любога ўрачыстага выпадку. Калі нарадзіўся царэвіч Сімяон, паэт паднёс усцешанаму бацьку свайго аднайменніка нешта нябачанае дагэтуль ні царом, ні прыдворнымі: паэтычныя віншаванні мелі форму крыжа, васьміканцовае зоркі, ромбу, сэрца, стужкі серпанціну. Менавіта Сімяон Полацкі стаў у расійскай паэзіі пачынальнікам эксперыментаў з фігурнымі вершамі.
Частыя сустрэчы вучонага палачаніна з царом не прайшлі марна. На царкоўным саборы, што судзіў патрыярха Нікана і разглядаў пытанне пра раскольнікаў, Сімяон быў сакратаром і перакладчыкам двух усяленскіх патрыярхаў — александрыйскага і антыяхійскага. Выконваючы іх волю, ён напісаў трактат «Жезл правления», накіраваны супроць правадыроў царкоўнага расколу. 3 яго ідэйным натхняльнікам і правадыром пратапопам Авакумам Полацкі меў з просьбы цара гутарку. Гэта была сустрэча дзвюх выдатных асобаў і двух антыподаў, людзей з супрацьлеглымі поглядамі і жыццёвымі мэтамі.