Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
А шостай гадзіне раніцы 18 кастрычніка расійскія войскі атакавалі непрыяцеля каля вёсак Юравічы і Белае. Бліжэй да паўдня бой пад нізкім восеньскім сонцам кіпеў ужо на ўсёй прасторы ад Палаты да возера. Французы раз за разам падымаліся ў контратакі. Калі на зямлю апусціўся прыцемак, поле было заваленае знявечанымі целамі, падбітымі лафетамі і мёртвымі конямі. Трава пацямнела ад застылай крыві. Без-Карніловіч сцвярджае, што расійцы мелі шмат клопату ад варожай батарэі, размешчанай у Еўфрасіннеўскім манастыры, а сцены Спасаўскага сабора былі да паловы разбураныя ядрамі.
Царскія палкі спыніліся каля Грамоў, французы ж адступілі пад абарону ўзведзеных на Ніжнім замку ўмацаванняў.
Назаўтра а пятай гадзіне вечара Вітгенштэйн загадаў атакаваць. Маршал Сен-Сір, падпаліўшы казармы, адышоў з Ніжняга замка ў горад. Абнесены дубальтовым палісадам і глыбокім ровам, ён быў добра прыстасаваны да абароны. Расійская артылерыя засыпала Полацк гранатамі і распаленымі ядрамі. У некалькіх месцах успыхнулі пажары. Загарэўся драўляны дамініканскі касцёл на пляцы перад калегіумам. Прагучала каманда: «На прыступ!» — і на фоне крывавае паланіцы пачаўся вусцішны спектакль са смерцю ў галоўнай ролі.
3 поўначы ў горад вёў адзіны драўляны мост праз Палату, які французы трымалі пад двух’ярусным агнём з батарэяў і акопаў. Высокія і стромкія берагі таксама спрыялі абаронцам. Першыя з сякерамі ў руках кінуліся на мост і ўзяліся пад кулямі секчы завал пецярбургскія апалчэнцы. Адначасова расійцы перайшлі ўброд Палату і палезлі на вал.
А трэцяй гадзіне ночы дружына пецярбуржцаў пад камандай палкоўніка Нікалаева ўварвалася ў горад. У той самы час абарона была прарваная і з боку віцебскага тракту. На вуліцах ішоў смяротны рукапашны бой, у якім удзельнічалі, між іншым, і жарцаўскія партызаны. Зноў даю слова відавочцу:
«Изломав штыки, французы оборонялись прикладами. Почерневшие от порохового дыма, они, медленно отступая по улицам к переправе, сражались с неизъяснимою храбростью, внушаемою отчаянием и страхом попасть в плен. Теснимые со всех сторон, успели однако ж переправиться за Двину и снять мосты: два понтонные, которые частью изрубили, и один плавучий из бревен на канатах».
Яшчэ да світання нядаўнюю кватэру Сен-Сіра заняў граф Вітгенштэйн. Тут ён нецярпліва разарваў атрыманы напярэдадні ад цара пакет з надпісам: «Распечатать по взятии Полоцка». У пакеце ляжаў указ пра ўзвядзенне графа ў «поўныя» генералы ад кавалерыі.
Цьмянае ад дыму сонца асвятліла жудаснае відовішча: безліч трупаў, разбураныя артылерыяй будынкі, бяздомныя людзі, што, быццам цені, блукалі сярод руінаў.
Калі падлічылі страты, выявілася, што абодва бакі ў баях за горад страцілі прыкладна па сем тысяч забітымі. Сорак пяць напалеонаўскіх штаб і обер-афіцэраў трапілі ў палон. У ліку трафеяў былі тры гарматы і правіянцкі магазін. Муры езуіцкага кляштара далі прытулак тром сотням параненых пераможцаў.
21 кастрычніка ў Сафійскім саборы адбылося падзячнае праваслаўнае набажэнства, а потым — паніхіда па палеглых воінах. Храм, паводле ўспамінаў расійскіх афіцэраў, зеўраў выбітымі вокнамі і дзвярыма, палохаў расколатымі абразамі. Гарматнае ядро трапіла ў самы вялікі гарадскі звон, і ён крыху псаваў сваімі брынклівымі ноткамі агульную мелодыю ажно да 1904 года, калі «ветэрана» пералілі і зноў паднялі на званіцу колішняга храма святога Стэфана, які ўжо быў праваслаўным Мікалаеўскім саборам.
Будзем памятаць, што французаў хавалі на Ніжнім замку,
Падняўшыся на вежу езуіцкага сабора, генерал Вітгенштэйн камандаваў абстрэлам праціўніка, што акопваўся ў Задзвінні (тое месца палачане дагэтуль называюць Батарэяй). 11 кастрычніка расійцы фарсіравалі раку і пачалі пераслед варожых аддзелаў. На маршы салдаты спявалі складзеную ў тыя дні песню:
Как из-за рвов, из-за окопов Сен-Сир лыжи навострил. Витгенштейн — второй Суворов, Полоцк — новый Измаил…За плячыма ў іх заставаўся абязлюднены і галодны горад. Перад вайною ён меў дванаццаць вуліц, восем вулачак, 29 завулкаў, 1300 дамоў і 9 тысяч жыхароў. Вайна перапланавала Полацк па-свойму і ў некалькі разоў скараціла яго насельніцтва. Ёсць звесткі, што падчас кампаніі 1812 года памерла ад голаду і хваробаў дзве тысячы полацкіх яўрэяў. Наведаўшы Полацк праз шэсць гадоў пасля вайны, лейб-гвардзеец Фінляндскага палка будучы дзекабрыст А. Розен яшчэ бачыў у прадмесцях глыбокія акопы і чалавечыя косці на месцы баёў.
Неўзабаве пасля вайны 1812 года праз Полацк ехаў ужо вядомы нам з папярэдняга раздзела расійскі навуковец і шпіён Аляксандр Башняк, які занатаваў такія ўражанні: «Горад даволі дрэнна збудаваны, вуліцы прамыя, крамы мураваныя, але ўвагі не вартыя, затое на чатырохвугольны пляц паглядзець прыемна: з аднаго боку ён упрыгожаны езуіцкім кляштарам і акадэміяй, з другога — дамініканскім, а з двух іншых — мураванымі скарбовымі і прыватнымі дамамі, крытымі бляхай або дахоўкаю… 3 іншых будынкаў заслугоўвае ўвагі грэка-рускі манастыр на беразе Дзвіны, мураваны, пад бляшаным дахам. Прадмесце за Дзвіной пабудаванае бедна, але аздобленае мураваным бернардзінскім кляштарам. Полацк вельмі пацярпеў ад вайны; шмат якія дамы пашкоджаныя ядрамі, а некаторыя і зусім зруйнаваныя або спаленыя… Пераехаўшы па драўляным мосце цераз Палату і абмінуўшы Пецярбургскі бок, статую абаронцы горада святога Яна, французскія ўмацаванні і батарэі, ехаў я далей праз бярозавыя лясы і гаі да мястэчка Белае, што складалася з аднаго мураванага касцёла і карчмы». У Клясціцах падарожнік не заўважыў ніякіх слядоў «адчайнай бітвы, ад якой залежаў магчыма, лёс Пецярбурга».
Даваенная колькасць жыхарства ў горадзе аднавілася толькі ў сярэдзіне XIX стагоддзя, але і тады насельнікаў у Полацку было не болей, чым за князем Усяславам Чарадзеем.
Падымаючыся з руінаў, горад значна змяніў свой твар. Замкі зусім страцілі абарончую значнасць, на Ніжнім палачане ўжо ставілі сялібы. Равы пакрысе заплылі зямлёю. Астрогі і вежы сталі даўнім успамінам.
Аб ваенным ліхалецці нагадвалі памяткі тых дзён. У калідорнай сцяне езуіцкага кляштара захрасла шасціфунтавае ядро, якое, згодна з паданнем, параніла маршала Удзіно. Пазней, калі ў старадаўніх мурах адчынілі кадэцкі корпус, над ядром выбілі на мядзянай пластцы дату здабыцця Полацка. Выява рэліквіі стане эмблемаю навучальнай установы, і з аздобленых ёю парцалянавых куфляў будуць у 1910 годзе піць «русский мед» удзельнікі святкавання 75-годдзя корпуса.