Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Як толькі ў кінафільме ці на старонках гістарычнага рамана з’яўляецца прадстаўнік гэтага ордэна, мы ўжо чакаем падкопаў і злачынстваў: падсыпанай у віно атруты, падасланай каханкі ці ўдару кінжалам у цёмных палацавых калідорах. У тым, што Таварыства Ісуса мусіць быць на вечным падазрэнні, пераконваюць і энцыклапедыі. Разгорнеш адну і чытаеш: «Езуіты ўнушалі народным масам ідэі пакорнасці, цярпення і падпарадкавання эксплуататарам». Другая страшыць яшчэ больш: «Сярод іх быў пашыраны шпіянаж, існавала разгалінаваная сетка даносчыкаў». Карацей, і ўначы не спалі, каб паболей нашкодзіць.
Зусім не збіраючыся адпускаць езуітам усіх грахоў зазначу, што яны зрабілі ў
Ордэн, бацькам якога быў выдатны чалавек сваёй эпохі, гішпанскі дваранін Лаёла, рымскі папа зацвердзіў у 1540 годзе. Адной з асноўных задач Таварыства Ісуса лічыла змаганне з ерасямі праз літаратурную і навуковую палеміку, тэалагічныя дыспуты, выхаванне і адукацыю моладзі.
У 1579-м манахі ордэна ўключылі ў сферу сваёй дзейнасці Полацк. Сярод першых езуітаў, што ўбачылі крыжы святой Сафіі, быў, між іншым, бліскучы матэматык Станіслаў Лянчынскі, а іх місію ўзначальваў першы рэктар Віленскай акадэміі знакаміты каталіцкі прапаведнік, пісьменнік і палеміст Пётр Скарга, што, дарэчы, добра валодаў беларускай мовай і напісаў на ёй шэраг твораў. З’яўленне езуітаў звязанае з зарокам Сцяпана Батуры: падчас цяжкай аблогі Полацка ён дакляраваў у выпадку перамогі зафундаваць у горадзе іх кляштар.
Гісторыкі ордэна сцвярджаюць, што пасля вызвалення Полацкага ваяводства ад войскаў Івана Жахлівага ў ім налічвалася не болей за дзесяць шляхцічаў каталіцкага веравызнання, а ў самім горадзе — яшчэ меней. Нядзіва, што езуіцкіх пасланцоў варожа сустрэў і паспаліты полацкі люд, і сам ваявода Мікалай Дарагастайскі, цвёрды прыхільнік кальвінізму, а для Таварыства Ісуса — небяспечны ерэтык. Прыязна прыняў гасцей хіба што адзін полацкі камендант Францішак Жук. Ён даў ім ахову ад «схізматыкаў» і пасяліў у Верхнім замку, на пляцы пад назваю Ваўкова вежа, дзе раней стаяў праваслаўны манастыр Пятра і Паўла.
Ваявода выкрываў манахаў ва ўсіх магчымых і немагчымых грахах, а тыя пад абаронаю каралеўскай граматы рабілі сваю справу: выбіралі месца пад кляштар і калегіум, рыхтавалі планы будучых будынкаў двароў і садоў.
Палачане сталі сведкамі ладжаных езуітамі багаслоўскіх дыспутаў, дзе спрактыкаваныя ў такіх справах манахі перамаглі спярша кальвіністаў, а потым арыянаў, якіх прадстаўляў Сымон Будны. (Своеасаблівым прызнаннем выдатнай здольнасці езуітаў пераканаць любога апанента з’яўляецца адзін з аповедаў беларускага Мюнхгаўзена — Караля Радзівіла па мянушцы «Пане Каханку». Паміж гісторыямі пра тое, як ён меў раман з русалкай, пасля чаго ў Балтыйскім моры пачалі весціся селядцы, і пра злоўленага ў Налібоцкай пушчы чорта, якога тры дні адмочвалі ў святой вадзе, гэты славуты манюка апавядаў, быццам у часе падарожжа па Міжземнамор’і ён праз вулкан Этну залез у пекла і бачыў там безліч езуітаў, якія сядзелі ў надзейна закаркаваных і запячатаных бутэльках. Госцю расказалі, што іначай айцы-езуіты перавярнулі б усіх рагатых ды хвастатых у каталіцтва.)
Батура падараваў ордэну маёмасць большасці полацкіх і навакольных манастыроў ды цэркваў, а таксама млын пад Верхнім замкам і перавоз цераз раку. У выніку абмену з горадам
У дадатак да манастырскіх зямлі і сялянаў велікакняжацкія камісары адабралі на карысць езуітаў шмат маёнткаў у мясцовай шляхты і мяшчан: Палюдавічы ў пана Каніцкага, Духаравічы ў Глінскага, Улазавічы і Міткевічы ў Георгія Бучынскага, Межышча ў Сялюты, Іванск Вялікі і Кунцавічы ў князёў Лукомскіх, Іванск Малы ў Кярсноўскага, Туроўлю і Іванскае ў Якуба Губы, Якаўлевічы, Глыбокае і Міхайлаўшчыну ў Рэўтаў, Начу і Кушлікі ў архіепіскапа полацкага Нафанаіла Сяліцкага, частку Обалі і Гушчына ў Гушчаў, Гарэплю і Бортнікі ў Сяляваў, Семянец і Вокараўшчыну ў мешчаніна Івана Місуны, Вяжышча, Гняздзілавічы, Учанавічы і Комлі ў Храпавіцкіх, Сляды і Сіверкава ў Гіжыцкіх. Ваяводу Мікалаю Дарагастайскаму непрыязнасць да ордэна каштавала маёнткаў Мосар, Кугоні і Некраж. Як вы здагадаліся, гэты падрабязны пералік адрасаваны аматарам генеалагічных росшукаў ды тым спадкаемцам старажытных полацкіх родаў, якія захочуць выставіць ордэну маёмасныя прэтэнзіі.
Трэба сказаць, што ў параўнанні з тутэйшымі панамі езуіты былі эксплуататары больш дасведчаныя і ўмелыя. Складзены ў 1623 годзе інвентар маёнткаў Полацкага езуіцкага калегіума налічвае 522 сялянскія гаспадаркі і 110 дамоў агароднікаў. Палова сялянаў мела валоку (20 дзесяцін, або 21 гектар) зямлі. На адну гаспадарку прыпадала ў сярэднім па два кані. Чынш (грашовы аброк) быў пяць злотых з валокі, паншчына — ад аднаго да чатырох тыдняў на год. 3 валокі быў вызначаны аброк прадуктамі: паўбочкі (дваццаць вёдзер, або каля 250 л) жыта, асьміна (восьмая частка бочкі) пшаніцы, дзве асьміны ячменю, адна курыца, дзесятак яек, рабец, а з кожных дзвюх валокаў — баран і заяц. Жыхары паблізных вёсак былі не супраць памяняцца месцамі з прыгоннымі езуітаў. Калі ў 1600 годзе Полаччыну напаткаў голад, ордэн карміў у сваім кляштары ад трох да чатырох сотняў сялян, што прыйшлі ў горад ратавацца ад смерці.
Спачатку айцы-езуіты меліся будавацца на дзвінскім востраве. Гарадскія ўлады адхілілі такі план: муры перашкаджалі б абароне замка ў выпадку аблогі і былі выдатным прыкрыццём непрыяцелю. Пад кляштар і касцёл манахі атрымалі месца паміж Верхнім замкам і Запалоццем. Свой першы, драўляны храм, прысвечаны нябеснаму апекуну Батуры святому Стэфану, езуіты паставілі ў Полацку праз колькі гадоў пасля іх з’яўлення. Вакол яго, як на дражджах, раслі кляштарныя будынкі.
Цяжкія выпрабаванні чакалі сяброў Таварыства Ісуса ў час захопніцкіх паходаў цара Аляксея Міхайлавіча. Пяцёра манахаў трапілі ў палон, дзе іх, далікатна кажучы, не вельмі шанавалі.
За сем гадоў з 1738 да 1745-га, езуіты рукамі полацкіх муляраў ўзвялі на месцы колішняга драўлянага мураваны сабор у гонар святога Стэфана. Полацк пабагацеў на новы выдатны твор архітэктуры. Пабудаваны ў стылі позняга барока храм узнёс дзве вежы параднага фасада на 60 метраў і запанаваў над горадам. Дойліды зрабілі перад саборам пляц, адкуль, якраз насупраць парадных дзвярэй храма, пачыналася галоўная гарадская вуліца — Віцебская. Адна з саборных вежаў мела гадзіннік з боем, які заводзілі на шэсць дзён з дапамогаю некалькіх пяціпудовых гіраў. Гадзіннік з датай свайго стварэння — 1745-ы — адбіваў чвэрці і хутка стаўся адной з полацкіх славутасцей.