Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Таямніцы полацкай гісторыі

Орлов Владимир Алексеевич

Шрифт:

Завяршае гімназію клас рыторыкі. Мы цудоўна ведаем рымскую і грэцкую міфалогію і ніколі не пераблытаем Афіну з Афрадытай. Мы гаворым на лаціне не горш, чым на матчынай мове, — можам узнёсла прызнацца на ёй у каханні, можам скласці вясёлую эпіграму на аднакласніка або — таемна — на кагосьці з педагогаў. Шмат часу ў нас забірае штудыяванне Цыцэронавых трактатаў з тэорыі красамоўства. Мы ўжо даволі лёгка спраўляемся з тэкстамі філосафа-стоіка Сенекі, гісторыкаў Лівія і Тацыта. У арыгінале даступныя нам слынныя прамовы Дэмасфена і звонкая медзь «Іліяды».

Гімназія дала кожнаму ўменне гожа і дакладна выказваць думкі, упэўненае валоданне мастацкім словам і святой лацінаю. Цяпер можна вучыцца далей на трохгадовым курсе філасофіі. Існуе яшчэ разлічаны

на чатыры гады тэалагічны, аднак туды маюць права паступаць толькі сябры і кандыдаты ордэна. Падмурак філасофскага курса — трактаты Арыстоцеля, тэалагічнага — погляды Тамаша Аквінскага. Скончыўшы філасофію, вы можаце стаць выкладчыкам з навуковай ступенню магістра, пасля тэалогіі — атрымаць пасаду прафесара.

Апрача ўжо названых дысцыплін у Полацкім калегіуме вывучаюцца арыфметыка і геаметрыя, фізіка і астраномія, гісторыя і геаграфія, музыка і логіка.

Шмат хто з выпускнікоў вучыўся далей ва універсітэтах. Большасць выбірала блізкую Вільню, дзе ў 1579 годзе адчынілася акадэмія з усімі правамі альмаматэр. Неўзабаве яна ўжо паспяхова спаборнічала са сваёй старэйшай сястрою ў Кракаве.

Універсітэцкае жыццё ў нас наперадзе. Пакуль што мы пераходзім з класа ў клас. Урокі, гульні на паветры, самастойныя заняткі — кожны дзень педагогі рацыянальна размяркоўвалі літаральна да хвіліны. Штодзённае набажэнства, багаслоўскія дыспуты, y нядзелю — казанне. I ўсё ж парадкі ў нашай школе больш нагадваюць не кляштарныя, а свецкія. Манахі іншых ордэнаў выхоўваюць вучняў доўгімі пастамі і шматгадзіннымі малітвамі. Айцы-езуіты выконваюць наказы іх духоўнага бацькі Лаёлы, які лічыў, што Таварыству Ісуса трэба не аскеты, а здаровыя, моцныя людзі, і, парушаючы ўсе царкоўныя законы, загадваў у пост даваць хворым манахам мяса.

Нас, вучняў добра і смачна кормяць. Мы развучваем бальныя танцы і правілы паводзінаў сярод простага люду і ў найвышэйшым свеце. Мы займаемся плаваннем, верхавой яздой і фехтаваннем. У аўторак і ў чацвер — рэкрэацыі. Мы выпраўляемся з настаўнікамі ў лес ці на дзвінскі поплаў, гуляем з мячом, наладжваем дуэлі-двубоі на кіях.

Аднак на першым месцы, вядома, практыкаванні не фізічныя, а разумовыя.

Вучыцца нялёгка, ды надзвычай займальна, бо ўвесь час ідзе цудоўна наладжанае спаборніцтва паміж вучнямі і класамі. На пачатку навучальнага года прафесар дае класу складанае заданне. Двое тых, хто найлепей выканае яго, робяцца камандзірамі, або консуламі. Астатніх прафесар дзеліць па памылках прыкладна на роўныя пары, і з кожнае консулы выбіраюць аднаго ў сваю каманду. Потым дзве гэтыя паловы бяруць сабе назвы: «грэкі» і «македонцы», «рымляне» і «карфагеняне», «грэкі» і «рымляне».

Дапусцім, што наш клас падзяліўся на «грэкаў» і «рымлянаў». Кожны мае ў іншай камандзе асабістага спаборніка. Мы сядзім у аўдыторыі двума «станамі», на сцяне перад камандай — табель. Калі «рымлянін» не можа адказаць на пытанне, падымаецца роўны яму па здольнасцях «грэк», і так доўжыцца, пакуль прафесар не пачуе правільнага адказу. Нашы адзнакі зусім не такія, як у сучасных школьнікаў і больш нагадваюць балы ў спартовай гульні: 10 пахвал, 50 пахвал, 100 пахвал. Іх запісваюць у табель, і напрыканцы тыдня або месяца вызначаецца лепшая каманда, якая рассаджваецца на лаўках пераможцаў.

Асабістае спаборнідтва — рэч таксама захапляльная. У ім можна заваяваць не толькі медаль, кнігу ці абразок, але і нешта больш істотнае — ганаровае званне: імператара, аўдытара, цэнзара. Найвышэйшую прыступку гэтага п’едэстала займае дыктатар — той, хто адзін з усяго класа справіўся з цяжкай задачай.

Уладальнікі тытулаў маюць паважныя прывілеі. Імператары сядзяць у класе на першых лаўках, выступаюць ад калегіума на святах і ўрачыстасцях. Аўдытары перад урокам правяраюць у аднакласнікаў хатняе заданне. Цэнзараў не надта любяць: яны назіраюць за паводзінамі таварышаў і запісваюць правіны ў сшытак, які потым уважліва чытае прафесар або магістр.

Калі табе пашанцуе выбіцца ў дыктатары, атрымаеш асобную лаўку побач з настаўніцкай кафедрай, не будзеш залежаць

ад цэнзараў і аўдытараў а ў класным спаборніцтве зможаш аддаваць свае балы любой камандзе. Становішча ў дыктатара высокае, але разам з тым і надта адказнае. Раптам прафесар высветліць, што не ведаеш задання, і — канец усялякім прывілеям, ідзі, апусціўшы голаў пад кплівымі позіркамі, на «асліную» лаву.

На гэтай лаве, што зазвычай стаяла ў куце пры печы, прысаромлена сядзелі лайдакаватыя вучні. Зацятых гультаёў вянчалі саламянаю каронай. Самых нядбайных вадзілі па калегіуме ў аслінай шапцы са званочкамі і гучна абвяшчалі на лаціне: «Асёл з аслоў навекі вякоў!»

Час ад часу шкаляры зараблялі бярозавай кашы. Вінаватага каралі каля настаўніцкага стала, прычым самім педагогам біць вучняў забаранялася. Гэта рабіў запрошаны служка, узброены звычайнай розкаю або «дысцыплінай» — вераўчаным бізуном з канчурамі. Інструкцыя дазваляла прызначаць не болей за пятнаццаць удараў. Такая метода выхавання выкарыстоўвалася досыць рэдка. Калі ў яе знаходзіліся залішне заўзятыя прыхільнікі, езуіцкае начальства слала абежнік накшталт таго, што ў 1720 годзе атрымаў рэктар Віцебскага калегіума: «Вашы адносіны да выхаванцаў прымушаюць усю правінцыю чырванець ад сораму, паўсюль ужо праляцела чутка, якая шкодзіць імені ордэна, а саміх выхавальнікаў называюць не прафесарамі, а ліктарамі» [18] .

18

Ліктары — ганаровыя ахоўнікі ў Старажытным Рыме, узброеныя сякерамі і пучкамі розкаў.

Не заклікаючы сучасных настаўнікаў неадкладна запасацца «дысцыплінамі», распавяду яшчэ сёе-тое з педагагічнай практыкі айцоў-езуітаў.

У іх школах дзейнічаў прынцып канцэнтрацыі, што вымагаў ад выкладчыка засяродзіцца падчас уроку толькі на адной праблеме. У адзін дзень, напрыклад, праходзілі не больш аднаго граматычнага правіла. Прынцып практычнасці патрабаваў выкарыстання засвоеных ведаў у жыцці. Завяршыўшы тэму, вучні пісалі адпаведныя ёй лісты і вершы, выступалі з прамовамі і ставілі спектаклі. Перагружаць выхаванцаў забаранялася. Дзённая норма навучальнага матэрыялу ў другім класе складалася з аднаго правіла і чатырох сказаў антычнага пісьменніка. Гэтулькі ж прафесар задаваў на дом.

Педагогі кіраваліся таксама прынцыпамі індывідуальнага падыходу і паступовага ўскладнення заданняў. Вучні малодшых класаў пачыналі з дыктантаў, якія перакладалі на родную мову, а потым рабілі пераклад выпраўленага настаўнікам тэксту назад на лаціну. У класах паэтыкі і рыторыкі пісалі празаічныя і паэтычныя наследаванні старажытным аўтарам.

Глыбейшаму засваенню лаціны служыў метад заглыблення ў моўную стыхію, які цяпер выкарыстоўваюць на курсах паскоранага вывучэння замежных моваў. Яго сутнасць у забароне вучням старэйшых класаў гаварыць на ўроках і наогул паміж сабой па-свойму. Езуіцкія настаўнікі вынайшлі просты і надзейны спосаб кантролю за гэтым патрабаваннем. Аднаму з найлепшых у класе вучняў уручалі драўляны жэтон — знак мовы. Пачуўшы, што нехта загаварыў па-беларуску ці па-польску, гаспадар жэтона аддаваў яго вінаватаму. Той адразу настаўляў вушы, каб найхутчэй пазбыцца небяспечнай рэгаліі. Уранні і па абедзе прафесар пачынаў урок з пытання, у каго знак мовы. Няўдальца брыў на «асліную» лаву, а мог і пакаштаваць розкаў. Цяперашнія школьнікі часам «губляюць» дзённікі з двойкамі. Вучань, які спрабаваў «згубіць» знак мовы, нічога не выйграваў, бо настаўнік пытаўся, хто меў знак перадапошнім, і лёгка выкрываў любыя хітрыкі. Былі яшчэ жэтоны, якімі «ўзнагароджвалі» неахайнікаў ці парушальнікаў школьных інструкцый. Тым не менш шкаляры не вылучаліся ціхмянасцю. Убачыўшы наперадзе шумную гурму навучэнцаў калегіума, полацкі месціч на ўсякі выпадак зварочваў з дарогі куды-небудзь у завулак. Зняважаныя кімсьці студэнты лічылі справаю гонару расквітацца з крыўднікамі і няраз карысталіся прыёмамі, засвоенымі на ўроках фехтавання.

Поделиться:
Популярные книги

Идеальный мир для Лекаря 4

Сапфир Олег
4. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 4

Товарищ "Чума" 5

lanpirot
5. Товарищ "Чума"
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Товарищ Чума 5

Лютая

Шёпот Светлана Богдановна
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.40
рейтинг книги
Лютая

Газлайтер. Том 4

Володин Григорий
4. История Телепата
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Газлайтер. Том 4

Хозяйка дома в «Гиблых Пределах»

Нова Юлия
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.75
рейтинг книги
Хозяйка дома в «Гиблых Пределах»

Красноармеец

Поселягин Владимир Геннадьевич
1. Красноармеец
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
4.60
рейтинг книги
Красноармеец

Новый Рал 3

Северный Лис
3. Рал!
Фантастика:
попаданцы
5.88
рейтинг книги
Новый Рал 3

Неудержимый. Книга XIV

Боярский Андрей
14. Неудержимый
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга XIV

Три `Д` для миллиардера. Свадебный салон

Тоцка Тала
Любовные романы:
современные любовные романы
короткие любовные романы
7.14
рейтинг книги
Три `Д` для миллиардера. Свадебный салон

Наследник

Майерс Александр
3. Династия
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Наследник

Кодекс Крови. Книга II

Борзых М.
2. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга II

Гардемарин Ее Величества. Инкарнация

Уленгов Юрий
1. Гардемарин ее величества
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
альтернативная история
аниме
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Гардемарин Ее Величества. Инкарнация

(Не)свободные, или Фиктивная жена драконьего военачальника

Найт Алекс
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
(Не)свободные, или Фиктивная жена драконьего военачальника

Мифы Древней Греции

Грейвз Роберт Ранке
Большие книги
Старинная литература:
мифы. легенды. эпос
9.00
рейтинг книги
Мифы Древней Греции