Трэцяя ракета
Шрифт:
— Эхма! Ну што крычыце?! Што вы разумееце ў высокіх матэрыях! — спакойна і крышку фанабэрыста кажа ён.
— Глядзі ты! — амаль крычыць камандзір. — Ён яшчэ нас дакарае! Ах ты нягоднік! А ну марш капаць! Я табе пакажу брындаць усю ноч! Вайна тут табе ці пагулянкі?
Задарожны, аднак, зусім не звяртае ўвагі на камандзіра, бы і не чуе яго.
— Усё ерунда, браткі! — нейкім разважным, уціхаміраным тонам аб'яўляе ён. — Капітуляцыя. Была Люська і кокнула! Законна!
Ад тых слоў з хлопцамі штосьці робіцца. Я адчуваю, як побач уздрыгвае Крывёнак, як насцярожваецца і пільна ўзіраецца ў Лёшку Лук'янаў, нават
— Капітуляцыя! — смяецца Задарожны, адзначыўшы наша здзіўленне. — Гітлер капут і так далей! А дзяўчынка першы сорт, свежанінка! От пабрыкалася!..
— Паганец! — сіпата кідае яму Жаўтых, і я мярцвею, толькі цяпер зразумеўшы сэнс усёй гэтай яго пахвальбы. Крыўда, злосць і нянавісць да яго скручваюць маю волю ў тугі, балючы вузел, сціскаюцца зубы, і душу раздзірае немы крык: «Паганец! Сволач! Гад!» Збянтэжаны і прыдушаны, я стаю з рыдлёўкай, не ведаючы, што і думаць, і толькі заўважаю, як гэтая вестка неяк нейтралізуе гнеў Жаўтыха і ён, здаецца, не ведае, што сказаць.
— Бяры рыдлёўку, і капаць! — паспакайнеўшы пасля прыпадку злосці, загадвае Жаўтых, і мяне абурае, што ён гэтак хутка адышоў ад свайго грознага гневу, — я ж прагну Задарожнаму кары. Але Задарожнаму хоць бы што. Ён не спяшаецца выконваць загад, а сядзіць на брустверы, лена раскінуўшы калені, і месяц цьмяна высвечвае яго круты лоб.
— От насовачка на памяць, глядзі! — бессаромна хваліцца ён. — Заўтра прыйдзе зноў. У адно месца. Хоць жаніся цяпер. Законна! Хе-хе.
Хлопцы капаюць сабе, роўна блішчыць у небе месяц, а ва мне раптам узгараецца нейкае сляпое шаленства. Чорная хваля гневу кідае мяне з яміны, я падскокваю да задаволена-ўціхаміранага Задарожнага і з усяго маху моцна б'ю яго кулаком у твар — раз, другі, трэці.
— Ух! — ускрыквае Лёшка і з дзівосным спрытам ускоквае на ногі. Прыгнуўшы па-бычы голаў, ён адразу рынаецца на мяне, б'е мне галавой у грудзі, збівае з ног і навальваецца ўсім сваім цяжкім здаравенным целам. У мяне запінае дыханне, але шаленства надае мне сілы, я як мага выкручваюся, стараюся вырвацца і яшчэ садануць у яго ненавісны ўкормлены твар.
— Стойце! Стой!!! — крычыць недзе Жаўтых. — Ашалелі, сабакі!
Я рвуся што ёсць моцы, ад Задарожнага патыхае лютаю сілай, ён шалее, заломвае мае рукі і б'е патыліцай аб зямлю. «Ух ты, сволач!» — крычу я ў думках, напружваюся, ускідваю нагамі, і мы абодва з бруствера рынаем у сховішча.
Тут я адрываюся ад яго, ён зараз жа кідаецца зноў, але тут сцяна, я ўстойваю на нагах і сустракаю яго кулакамі.
Нас, аднак, разнімаюць. Жаўтых, Папоў і Крывёнак хапаюць Задарожнага ззаду, адрываюць ад мяне, я выкручваюся ўбок, трошкі апамятваюся, — здаецца, я даў яму — хай помніць. Задыханы, выходжу на пляцоўку, прысланяюся да нашай гарматы і ледзьве стрымліваю сэрца ў грудзях.
— Сапляк! Сволач! Я табе морду ў біфштэкс перараблю! Біцца мне? — таксама задыханы, грыміць здаля Задарожны і тузаецца з рук хлопцаў.
— Лошка! Лошка! Не трэба! — угаворвае Папоў.
— Якога д'ябла! — са знарочыстай строгасцю ў голасе сіпіць Жаўтых, стоячы перад ім. — Ашалелі, дурні! Апомніцеся! Завошта?
Лук'янаў, прыціхлы і, здаецца, збянтэжаны, стаіць у кутку з рыдлёўкай у руках. У такіх схватках ён, вядома, не ўдзельнічае.
Я аддыхваюся і маўчу. Я не скажу завошта — хай здагадаецца ён, калі здольны
Доўга пасля гэтай сутычкі старшы сяржант усё бурчыць — абураецца на нас, а я стараюся працаваць, падбіраю з долу пясок і думаю, што ад Задарожнага чаго іншага і не выпадала чакаць. Але чорт з ім, з Задарожным, у маіх пачуццях пачынае расці-разрастацца гідлівая пагарда да той нашай «чараўніцы», да Люсі. Вядома, што ні ў чым яна не вінавата перад намі і вольная ў сваіх учынках, але я цвёрда перакананы, што ў адносінах да ўсіх нас яна зрабіла нешта злачыннае, за што варта вялікае ганьбы. Яна ашукала нешта светлае ў нас, збэсціла сабою ўвесь людскі род, я не хачу цяпер верыць нікому, я хачу крычаць у ноч брыдкія, паганыя словы ёй, я ненавіджу і яго, і яе — абое яны паўстаюць прада мной аднолькава мярзотныя, агідныя і нізкія.
8
Урэшце ўкрыцце гатова. Папоў таксама канчае сваю працу, мы выходзім на пляцоўку за гарматай, кідаем у кучу рыдлёўкі, Жаўтых дастае з кішэні трафейны швейцарскі гадзіннік, асцярожна зашпільвае на руцэ бранзалет і ўглядаецца ў зеленаватыя лічбы на чорным цыферблаце.
— Так… Лазняк, Лук'янаў, марш за сняданкам. І жыва! Хутка развіднее.
Лук'янаў паслухмяна збірае кацялкі, я вешаю на сябе аўтамат, і па вузенькай сцяжынцы ў траве мы ідзём ад нашай агнявой у маўклівую, трывожную цемру поля. Ноч, відаць, дабірае апошнюю гадзіну. Месяц, узлезшы ў паўнеба, пачынае ўжо ніжэць, блішчастая кісяя хмаркі, што ўсю ноч вісела ўгары, некуды сплывае з празрыстае сіні, зоркі блішчаць трохі вастрэй. Сіняваты змрок цяпер гусцее над варожымі пагоркамі, усходні небакрай хоць яшчэ цёмны, але ў параўнанні з заходнім святлее, здаецца, і зорак там менш, і відны адны толькі большыя. На зямлі блукаюць-варушацца няпэўныя цені; палосы, лапінкі, плямы месячнага святла санлява ляжаць на травяністым, падзёўбаным варонкамі полі.
У мяне яшчэ не мінула злосць на Лёшку, яна сваёю ўладарнаю сляпою сілай засланяе трывогу за ранак, у які чакаюць нас чарговыя выпрабаванні вайсковага лёсу. Але чорт з ім — з заўтрам, — я не люблю загадзя чакаць кепскага, мне заўжды лепш, калі яно грымне як нечакана, а так напакутуешся напярэдадні і, як гэта часта бывае, — дарэмна.
Я тупаю наперадзе па сцяжыне і апроч тае трывожнай няўпэўненасці адчуваю ў сабе пустотную лёгкасць ад чагось перажытага, страчанага, што ўжо адступіла, не хвалюе, толькі яшчэ халодным попелам ляжыць у душы. У мяне ўжо няма ні былое зайздрасці да Лёшкі, ні нястрымнага, пакутнага імкнення да Люсі, я нешта зразумеў, перажыў і, думаецца, нават пасталеў і паразумнеў за гэтую ноч.
Мы ідзём моўчкі, ціхенька парыпвае дужка на кацялку; Лук'янаў ззаду маўчыць — ён заўсёды такі задумёны і няўклюдны. Я прыпамінаю, як нядаўна Лёшка абразіў яго палонам, а ён змоўчаў, стрываў — перанёс усё ў сабе.
— Што вы яму па мордзе не далі тады? — пытаюся я, азірнуўшыся. — Варта было б.
Лук'янаў трохі маўчыць, уздыхае, затым разважна адказвае:
— А ці варта? Ці варта чапацца! Гэта глупства. Не ён першы, не ён апошні. Я ўжо прывык.
— Дарма. Так ён і будзе чапляцца, тыраніць. Калі здачы не даць. Ён такі.