У дрымучых лясах
Шрифт:
— Ісці спаць?
— А можа, нападуць…
— Не спаць?
— Таксама кепска.
Але хутка іх занепакоіла думка:
— А можа, гэта чары?
— А можа, гэта не грошы, а кавалкі шкла?
— А можа, чорт перакінуўся ў срэбраныя рублі?
На гэта ёсць сродак.
Дзядзька з сякерай на стале дачаў чытаць Псалтыр. Цётка з нажом у правай руцэ стала ля прыпечка і давай шаптаць:
Духі злыя, прэч адгэтуль! Злыя,Тры дні і тры ночы дзядзька і цётка займаліся гэтай справай. Дзядзька чытаў Псалтыр, а цётка выганяла злых духаў. Пасля такой трохдзённай вайны са злымі духамі яны дасталі гладыш з печы. Паглядзелі: серабро — серабром, рублі — рублямі. Яшчэ некалькі разоў пералічвалі — трыста рублёў — адзін у адзін!
Пакрысе дзядзька з цёткай супакоіліся, увайшлі ў звычайны стос жыцця. Дзядзька купіў некалькі кароў, каня, заарандаваў у пані гарод, сенакос і зажыў так прыстойна, як чалавеку прыстойнаму жыць трэба. На сваім кані дзядзька вазіў сыр і масла ў Пасадзец камісіянерам на Менск, зарабляў грошы — і не лыс.
За Мэндалькам нарадзілася дзяўчынка Міня. За дзяўчынкай Міняй — дзяўчынка Дуся, і жывы ланцужок расцягваўся даўжэй і даўжэй… Выгадавалі яны дзяцей, выпраўлялі іх па чарзе ў Амерыку — а ўсё з таго разбітага гладыша. Скарб у іх не выводзіўся. Засталіся яны адны — дзед з бабай. Дзеці ім пішуць з Амерыкі лісты. Цяпер у іх толькі адна карова і пяцьдзесят старых рублёў — са скарбу… Сваіх грошай хопіць ім і на пахаванне пасля смерці.
Так пратанцавалі яны ўсё сваё доўгае жыццё на гэтым гладышы, як акрабаты.
Аднак там, дзе ёсць мёд, бываюць і пчаліныя ўкусы. Дзядзьку і цётцы таксама жылося не заўсёды салодка. У чым справа? Яны вечна сварыліся. Сваркі началіся на трэці дзень пасля знаходкі скарбу. Іншыя людзі пры такой радасці толькі любуюцца і мілуюцца, жывуць у лагодзе і згодзе, а мае родныя — дзядзька з цёткай — пачалі між сабой вайну на ўсе шэсцьдзесят год абаюднага жыцця пасля вяселля. Прычынай быў той жа гладыш.
Дзядзька даводзіў, што гладыш ім падкінуў прарок Ілья, а цётка пераконвала яго, што гэта справа рук разбойніка Ціхана.
Дзядзька гаварыў:
— Прарок Ілья!
Цётка крычала:
— Разбойнік Ціхан!
Хто ж ведаў, у чым справа, думаў, што яны дражняць адзін аднаго:
— Прарок Ілья!
— Разбойнік Ціхан!
— Ілья-прарок!
— Ціхан-разбойнік!
Ад слоўнага турніра яны часта пераходзілі да зброі. Дзядзька бараніў гонар прарока Ільі цяжкім і цвёрдым Псалтыром. Цётка адстойвала рыцарства разбойніка Ціхана качаргой.
Заўсёды качарга пападала ў Псалтыр, а Псалтыр — у качаргу.
— Разбойнік Ціхан!
— Прарок Ілья!
— Ілья-прарок!
— Ціхан-разбойнік!
— Разбойнік Ілья!
— Прарок Ціхан!
Калі дзядзька
— Так мы і заканчваем жыццё сваё, — шаптала мне цётка Бейля, родная сястра маёй бабулі, і падала мне на вячэру печаную бульбу і жбаночак малака.
Я павячэраў і лёг спаць, забыўшыся пра сваю бяду з пісталетамі.
Тым часам дома мае бацькі ўзнялі трывогу. «Пісталетнік прапаў!» Гэта значыць — я… Пасля поўначы мяне разбудзіў бацька. Ён прыехаў сюды конна. Я хутка апрануўся, бацька пасадзіў мяне на каня перад сабой і прывёз дамоў.
Назаўтра мяне паклікаў да сябе ўраднік. Усе пісталеты майго вырабу ляжалі ў яго на стале. Ураднік пахваліў за добрую работу і напалохаў турмой, калі яшчэ буду майстраваць стрэльбачкі. За маю фабрыку зброі ўраднік дастаў ад дзеда хабару тры рублі.
Калі я вярнуўся дамоў ад урадніка, бацька сустрэў мяне ўрачыста — супоняй. Ён ужо замахнуўся на мяне супоняй ад хамута, але маці схапіла яго з плачам за руку:
— Ты ж яго скалечыш… Вока выб'еш…
У бацькі гарэлі вочы ад гневу. Неспадзявана для самога сябе загневаўся і я.
— Калі мяне толькі кранеш, я ад цябе ўцяку назаўсёды, — крыкнуў я не сваім голасам.
— Дык ты мяне яшчэ палохаеш?! — грымнуў бацька і так ударыў супоняй, ажно дзеці заплакалі.
Я ўжо быў на тым баку дзвярэй. Бацькаў удар папаў у сцяну. Я ўцякаў гародамі да возера. За мною з плачам гналася маці.
Калі я вярнуўся дамоў, бацька ўжо быў спакойны. Ён звярнуўся да мяне з мяккім дакорам:
— Ты ўжо не малы. Табе ўжо дванаццаць год, а ты глупствам займаешся. Што з цябе будзе, як вырасцеш?
Я маўчаў.
Пасля вялікага правалу фабрыкі зброі, я цэлы тыдзень быў збянтэжаны. Мне было шкада пацярпеўшага хлапчука і крыўдна за сваю няўдачу.
У хедэры я лічыў сябе дарослым. Калі рэбэ пробаваў узняць на мяне руку, я пагражаў сваёй. Біць мяне я не дазваляў. Я часта адлучаўся з хедэра на пару гадзін, а рэбэ маўчаў.
Я таксама знайшоў скарб — адвагу. Я пачаў бараніцца ад сваіх крыўдзіцеляў, і мяне перасталі крыўдзіць.
Возера
Сяброўства з пастушкамі я не парываў і зімой. Коўзаліся па возеры, каталіся на саначках і нават снежныя хаты ляпілі. Вясной пры ледаходзе мы каталіся па возеры на крыгах, як на пароме.
Аднаго разу ўлетку я пакінуў хедэр на пару месяцаў раней тэрміну. Бацька гаварыў аба мне:
— Ні да Бога, ні да людзей.
Некалькі месяцаў я быў вольны ад «навук». Глядзеў, як Лук'янскі рыбу ловіць. Прасіў яго прывучаць мяне да гэтай справы.
— Буду вучыць цябе так, як дзед твой вучыў мяне ў кузні. Дзед твой гаварыў, што кожны чалавек павінен займацца сваёй справай. Памятаеш?