У дрымучых лясах
Шрифт:
— Мне вуха баліць. Кепска чую. Відаць, прастудзіўся… — сказаў бацька.
— А Божа ж мой! — спалохалася маці. — Вуха баліць, а ты маўчыш…
— Ці ж крычаць?
— На камфару, пакапай у вуха — памагае.
Маці падала бацьку бутэлечку з камфараю. Бацька пайшоў на двор, накапаў камфары ў гадзіннік. Гадзіннік стаў. Бацька спалохаўся і пачаў яго трасці, як чалавека, які страціў прытомнасць. Спачатку гэта памагала. Гадзіннік прыходзілася ўстрахваць кожныя пяць хвілін. Потым — кожныя тры хвіліны, потым — кожную хвіліну. Урэшце гадзіннік зусім страціў пульс.
Тады бацька ўзяў іголку
Так яно і было. Гадзіннік выпадаў у бацькі з рукі і зусім рассыпаўся. Бацька кінуў гадзіннік у рыбную сажалку Вышамірскага. Ланцужок ад гадзінніка ён ціха схаваў у камодзе. Вочы ў яго былі сумныя. Такія ж вочы былі ў яго, калі ён схаваў аброць ад паўшага каня на печы пад бэлькай.
З чаго цяпер жыць? Што мяняць?
Больш не было ў бацькі чаго мяняць. Толькі раз шапкамі абмяняўся з суседам і ўзяў дзесяць капеек прыдатку… Тады бацька пазычыў у карчмара на працэнты дзесяць рублёў, купляў на вёсцы то авечку, то цялушку і прыносіў на спіне дамоў. Мяса і скуру прадаваў камісіянерам на Менск, а сабе пакідаў ножкі, пячонку, галаву і лёгкія. Гэта лічылася заробкам. Часам яму заставалася яшчэ і некалькі залатовак.
У той час выйшаў закон аб манапольках для продажу гарэлкі. Карчмар пабудаваў манапольку. Сядзельцам быў немец Карл Рэйтар. Па-жыдоўску ён гаварыў не горш за жыда. Удзень ён прадаваў гарэлку, а па вечарах ён вучыў пасадзецкую моладзь гуляць у карты. Уцягнуўся ў гэту справу і мой бацька. Збіраліся ў нас. Цэлымі зімнімі начамі рэзаліся ў «дваццаць адно» і «шэсцьдзесят шэсць». Кожную ноч маці хвалявалася, каб хаця бацька выходзіў чыстым — без пройгрыша і без выйгрыша.
Я сядзеў позна і таксама назіраў за гульнёй. Сумаваў, калі бацька прайграваў, радаваўся, калі выйграваў. У кон ставілася заўсёды адна капейка. Аднак аднаго разу бацька прагуляў рубель наяўнымі, яшчэ астаўся вінаватым пару залатовак.
Я ўспомніў, што за такое багацце ўдава Марта прайшла босымі нагамі па гарачых цэглах. Яна страшным болем зарабіла на два пуды хлеба для сваіх малых сіротак…
Калі ўсе разышліся, маці заплакала:
— За гэтыя грошы можна было купіць два пуды жыта…
— Горшая бяда была з канём, і то выжыў, — сказаў бацька.
Маці не ўнімалася:
— Сваімі рукамі выкінуць гэтулькі грошай…
— А мо прыкажаш мне страляцца, як пан Багдановіч? Не бойся, тваіх маёнткаў я не прагуляю.
Якраз на той час адзін з тутэйшых памешчыкаў прагуляў у карты свае маёнткі, пасля чаго кончыў самагубствам.
Аднак пасля гэтай ночы кончыліся карты. Бацька прадаў матчыны залатыя навушніцы, што купілі ёй на вяселле, прадаў яшчэ сёе-тое з хаты і зноў купіў каня. Ездзіў часта ў фурманкі, дастаўляў камісіянерам мясныя прадукты, і жыццё ў нас крыху палепшылася.
Бацька скардзіўся толькі на адно: яму цяжка плаціць рэбэ, за маю «навуку» дваццаць рублёў на год. Пры гэтых скаргах я заўсёды радаваўся. Я думаў, што бацька перастане за мяне плаціць, і я звольнюся ад ганебнага ненавіснага
Гэтага не было. Аднаго разу бацька апошнюю карову прадаў, пакінуў сям'ю без малака і заплаціў за мяне праклятаму рэбэ дваццаць рублёў…
Сад
У мяне восеньскія канікулы. З усім імпэтам свайго сэрца імкнуўся я на волю з хедэра яшчэ за месяц да канікул.
Бацька пазычыў у карчмара на працэнты пяцьдзесят рублёў і за пяць кіламетраў ад Пасадца заарандаваў у пана Адольфа Мыслінскага сад. Бацька ўжо некалькі тыдняў жыве ў садзе.
Ён прыслаў па мяне фурманку. Я дапамагу яму вартаваць сад. На нашым кані вёз мяне стары дзед Мірон Сабалевіч. Гэта быў маленькі, як дзіцё, дзядок — з рэдзенькай бародкай, з чырвонымі ніткамі вакол паблеклых вачэй, чысценькі, у новых лапціках і падраным кажуронку.
Сын дзеда Мірона, пажылы селянін з чорнай, як сажа, барадой, служыў у пана парабкам. Яго звалі «чорнабародым Язэпам». Здружыўся я тады з сынам «чорнабародага» — з хлопчыкам маіх год — Тамашом. Ён быў пастушком.
Я — вартаўнік саду — даваў штодзень хлопчыку Тамашу яблыкі цішком ад бацькі, а ён, Тамаш, вучыў мяне па вечарах граць на жалейцы. Я вельмі захапіўся жалейкай, гэта была просценькая музыка лесу і поля, як бы чырліканне птушак, журблівы смех ручаінкі. Жалейка мяне вельмі расчульвала.
У сад заходзіў дзед Мірон — непісьменны летапісец ваколіцы, стары творца пагаворак і філасофскіх пасловіц. Тоненькім, пісклівым, як у птушкі, галаском ён апавядаў майму бацьку былі з часоў паншчыны. Я і Тамаш таксама пільна прыслухоўваліся да гутаркі дзеда.
Лепшая зямля ваколіцы належала старому пану Мыслінскаму. Лугі, пахата, лясы, вёскі, сяляне — усё-ўсё было панскай маёмасцю… І дзед Мірон належаў пану. Пасля смерці старога пана яго пяць сыноў падзялілі між сабой спадчыну. Кожнаму з іх выпадала па вялікаму маёнтку. Шмат хто з былых прыгонных засталіся «вольна» служыць у Мыслінскіх парабкамі.
Добра ведаю братоў Мыслінскіх: сярэдняга росту, шыракаплечыя, нізкалобыя, з маленькімі, мышынымі вочкамі. Па ўсёй нашай ваколіцы іх называлі «склютамі». У профіль яны нагадвалі сякеры. Вельмі скупыя і злыя паны Мыслінскія здзекаваліся са сваіх парабкаў, бадай, не менш, чымся іх бацька са сваіх прыгонных. Мельнік Барткевіч аб іх склаў вострую і трапную байку пад назваю «Пяць вужакаў».
З апавядання дзеда Мірона я даведаўся, што старая пані Мыслінская вельмі любіла катоў. Лепшыя пакоі ў панскім доме займалі каты. Сама пані ўбірала іх у шаўковыя банцікі. Яны спалі на аксамітных падушачках, і іх абслугоўваў цэлы штат прыгонных дзяўчат. Спецыяльная кухарка гатавала ім ежу «па-англіцку», — расказваў дзед Мірон.
Стары люты пан сваімі рукамі скалечыў нямала народу. Аднаго разу, калі пан паехаў у лес на паляванне і апынуўся адзін у цёмным гушчары, на яго ззаду нехта напаў, накінуў яму мяшок на галаву, паваліў і да таго біў кулакамі, пакуль пан перастаў дрыгаць нагамі. Але, на жаль, пан ачухаўся, ачуняў. Пан падазраваў, што гэта работа Тодара, роднага брата дзеда Мірона, бо дачку Тодара пан аддаў суседняму пану за сабаку, і пан загадаў аднаму з сваіх шчырых псароў — шляхтуну Сымону Найду — павесіць Тодара…